Pa prostu / Па-просту

Po pudlaśki / По-пудляські

  • Waśkowa spowed’ (1)

    Nadworie Styczeń sioho roku buw tepły i niemorozny. W Ryhoruwciach uże po tradycji bołoto, zemla rozmerzła. W miastowych czerewykach rozmemłeny kaluży preskokowaty treba, kob bołotom botiki ne barzo pobrudyty. Abo wody w ich ne nabraty. Peredom ide mużczyna pożyły, zhorbiany, pałkoju podperajetsia i ide czerez… ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

RSS, Facebook i Telegram

Дзённік рэдактара

Пра прыемныя сустрэчы з кнігай «Вершалін 2.0» у Саколцы і Рыбалах

10 сакавіка 2026 г.
Пасля лютаўскай прэм’еры ў Беластоку далейшы тур са сваёй кніжкай „Wierszalin 2.0” пачаў я з Саколкі. Інакш быць не магло. Мне вельмі хацелася, каб другая сустрэча адбылася менавіта на радзіме героя кнігі і маёй. Тым больш, што яшчэ летам мінулага года атрымаў я такое запрашэнне сакольскай Гарадской бібліятэкі імя Віславы Шымборскай. Скантактавалася са мною яе працаўніца, якая ўчула, што пішу незвычайны аповед пра славутага „прарока” Ілью і яго Вершалін. 

Перад усім я быў пад вялікім уражаннем прыгожа адноўленага будынку, у якім ад нядаўна знаходзіцца сакольская бібліятэка. Прыйшлося мне быць там упершыню. Такога камфортнага і шыкоўнага месца можа пазайздросціць не адна бібліятэка нават у вялікіх гарадах. Ну і супрацоўнікі, аказалася, што вельмі сімпатычныя людзі. Да таго з адкрытым сэрцам да чытачоў і гасцей. Мяне з Анэтай Прымакай (таксама родам згэтуль) прынялі яны надта ветліва, а цёпла і сардэчна прывітала нас сама спадарыня дырэктар. 

У такой прыемнай атмасферы прайшла і наша сустрэча. Людзей прыйшло шмат, трэба было нават даносіць крэслы. Усім было цікава паслухаць, як распавядаў я пра сваю доўгую і нялёгкую працу над кнігай і што такое на працягу некалькі гадоў удалося мне нанова ўстанавіць, перад усім скласці біяграфію Ільяша Клімовіча і сапраўдны ход незвычайных падзей амаль стагадовай а то і больш даўнасці ў Грыбоўшчыне ды Вершаліне, што недалёка ад майго Вострава пад Крынкамі. Размову Анэта павяла змястоўна і кампетэнтна. Прадалося шмат кніг, купіў кожны другі прысутны на сустрэчы.

Як я і чакаў, падчас дыскусіі і асабліва, калі на канец падпісваў кнігі, даведаўся пару новых рэчаў пра апісаныя мною здарэнні. Збіраю іх з думкай пра другое, дапоўненае выданне прынамсі ў электронным выглядзе.

На сустрэчы ў Саколцы вялікае зацікаўленне выклікала прэзентацыя фотаздымкаў Biblioteka Publiczna im. W. Szymborskiej w Sokółce
На сустрэчы ў Саколцы вялікае зацікаўленне выклікала прэзентацыя фотаздымкаў
Biblioteka Publiczna im. W. Szymborskiej w Sokółce

Падчас сустрэчы ў Сакоўцы адзін з удзельнікаў сказаў мне, што яго дзед на пачатку 1930-х гадоў быў солтысам вёскі Саратыншчына (афіцыйна Хлоднэ Влукі) каля Крынак. Недзе там у лесе ў 1931 г. быў знойдзены невядомы забіты кімсьці мужык. Паліцыянты, якіх пазвалі на месца злачынства, загадалі таму солтысу пад стражай усю ноч пільнаваць трупа, пакуль з Саколкі даехалі следчыя. Падазрэнне пала на „прарока”. Яго тады арыштавалі і пасадзілі ў турму ў Саколцы. Неўзабаве аднак выпусцілі. Пасля людзі казалі, што дзякуючы хабару, які бытта даў ён самому павятоваму старасту. Пра гэта было мне вядома і апісваю тое ў кніжцы. А вось тая warta ля трупа гэта нешта новае, але пацвярджае, што злачынства здарылася менавіта па дарозе з Грыбоўшчыны ў Крынкі, як і дарэчы пра гэта раней пісалі і распавядалі іншыя.

Асабліва прыемна было мне сустрэць Пятра Савіцкага, які ў Кнышэвічах у Шудзялаўскай гміне вядзе агратурызм, а сваю вясковую гасцініцу назваў „Беларуская хата”. Калі яму падпісваў я кніжку – па-беларуску вядома – ён сказаў, што мае „Царкоўны вестнік” з 1934 г., у якім апісаны канфлікт Ільяша Клімовіча з архірэем у Гродне. Абяцаў мне даслаць копію гэтага артыкула, пра якога я дагэтуль не ведаў і наогул раней ніхто пра яго не згадваў.

Падчас чарговых аўтарскіх сустрэчаў мне хочацца расказаць заўсёды пра нешта іншае і больш увагі прысвяціць падзеям з маёй кніжкі, якія звязаныя з месцам яе прэзентацыі. У выпадку Саколкі і тутэйшага павету было іх настолькі шмат, што проста не хапіла часу, каб пра ўсё згануць. Напрыклад, як „прарок” з Грыбоўшчыны дабіраўся туды прымітыўнай фурманкай і казалі, што аднойчы згубіў па дарозе конскі мяшок з грашыма. Не паспеў я таксама прачытаць падчас сустрэчы фрагментаў допісаў у „Ніве” з Сакольшчыны з шасцідзясятых гадоў, калі часта прыязджаў сюды Уладзімір Паўлючук як журналіст гэтага беларускага тыднёвіка і распытваў пра Ілью – „прарока”. Але ці то ён, ці хто іншы пісаў таксама пра сучаснае тут жыццё. Хаця б пра сакольскую гасподу:

(…) Аб гасподах у большасці пішам крытычныя інфармацыі. Бо неахайна, бо многа тут п’юць, мала смачнай ежы. З прыемнасцю сцвярджаем, што гэтага нельга сказаць аб Сакольскай гасподзе. (…) Чысціна тут утрымоўваецца. Абслуга акуратна апранутая, ветлівая і найважнейшае, што не змушае доўга чакаць заказанай ежы.

З допісу „Хваляць гасподу” можна даведацца, што ў той час працавала ў ёй 29 асоб, з чаго „толькі 3 у адміністрацыі”.

 

15 сакавіка 2026 г.

Надзвычай паспяховай была таксама трэцяя сустрэча з маёй кніжкай „Wierszalin 2.0”, якая прайшла ў Вясковым доме культуры ў Рыбалах. Зноў з’явілася шмат людзей, каб паслухаць новай – больш сапраўднай – версіі гісторыі, што дасюль выклікае ў гэтым старонні вялікае зацікаўленне, асабліва сярод нашчадкаў паклоннікаў „прарока з Грыбова”. А іх тут было чамусьці надта шмат у параўнанні з іншымі месцамі на даваеннай Гродзеншчыне, Віленшчыне і нават Палессі, адкуль натоўпы паломнікаў прыходзілі да Ільяша Клімовіча, у пабудаваную ім царкву, каб не толькі памаліцца, але найчасцей з надзеяй перамагчы хваробу і каб супакоіць душу ў той цяжкі час паўсюднай сялянскай галечы.

Чаму якраз сярод жыхароў Рыбалаў, Войшкаў, Паўлаў, Целушок, Пухлаў ды іншых тутэйшых вёсак над Нарвай ўзнікла ажно такое захапленне, задумоўваўся я яшчэ пішучы кніжку. Але так і не знайшоў дакладнага адказу, адкуль узяўся той феномен. Бо прычыны, безумоўна, былі. Крыху разлічваў на тое, што знайсці адказ дапаможа мне сустрэча якраз у Рыбалах. На жаль не атрымалася. Трэба далейшых даследаванняў.

Але самая атмасфера сустрэчы была проста цудоўнай. Была нагода пазнаёміцца нават з унучкай Фёклы (Тэклі Якаўчук), што спявала ў хоры і вяла дом Ільі, які пабудаваў ён сябе непадалёк царквы і яшчэ другі для бацюшкі.

Пачатак сустрэчы ў Рыбалах. Прывітальнае слова ад Альжбеты Баніфацюк – гаспадыні, кіраўніка тутэйшага філіяла Гарадской бібліятэкі ў Заблудаве і Анатоля Вапа – дырэктара Цэнтра беларускай культуры ў Беластоку (суарганізатара). Miejska Biblioteka Publiczna w Zabłudowie
Пачатак сустрэчы ў Рыбалах. Прывітальнае слова ад Альжбеты Баніфацюк – гаспадыні, кіраўніка тутэйшага філіяла Гарадской бібліятэкі ў Заблудаве і Анатоля Вапа – дырэктара Цэнтра беларускай культуры ў Беластоку (суарганізатара).
Miejska Biblioteka Publiczna w Zabłudowie

З Плюцічаў прыехала жанчына, якой бабуля таксама хадзіла ў Грыбоўшчыну. Унучка ёсць пераканана, што існавала там секта, калі ў кніжцы гэтаму запярэчваю. Таму жанчыне яшчэ раз растлумачыў, адкуль такі міф узяўся. Распавёў таксама пра дзіўны новы рэлігійны рух, які ўзнік у 1936 г. у Целушках і наваколлі. Але і гэта цяжка назваць сектай, паколькі той рух не зрадзіў ніякай новай рэлігіі. Усе яны былі надалей праваслаўныя, толькі аддзяліліся ад прыходу і настаяцеля. Тыя „аўторнікі” (апрача нядзелі маліліся яшчэ ў аўторак), праўда, спявалі новыя рэлігійныя песні, якія складаў былы псаломшчык Павел Бельскі з Пянькоў пад Міхаловам і чамусьці нават называў сябе „апосталам Паўлам”. Айцец Ілья аднак з імі ўвогуле не ідэнтыфікаваўся, хаця таксама на канец не прызнаваў бацюшкоў.

Шкада толькі, што ніхто не спытаў мяне пра прафесара Уладзіміра Паўлючука, які пад канец траўня мінулага года спачыў на могілках у родных Рыбалах. Ён жа дзеля навуковай кар’еры склаў міф Вершаліна ды з жыцця і дзейнасці Ільі Клімовіча зрабіў неверагодную гісторыю, якая стала шырока вядомай на Падляшшы, у Польшчы і нават у свеце. Але будзе, думаю, яшчэ нагода і падыскутаваць таксама пра феномен самога Паўлючука.

Бо перада мною чарговыя сустрэчы. Ужо 18 красавіка на кніжным кірмашы ў Беластоку, у траўні ў Гарадку, пасля ў Варшаве…

Юрка Хмялеўскі, Галоўны рэдактар

Календарыюм

Гадоў таму

  • у лістападзе

    685 – у 1341 г. войскі Вялікага Княства Літоўскага акружылі крыжацкую цьвердзь Баербург і прыступілі да яе здабыцьця. Падчас атакі загінуў вялікі князь Гедымін. 210 – 4.11.1816 г. у мястэчку Кублічы каля Лепеля нар. Арцём Вярыга-Дарэўскі (пам. у ссылцы ў Сібіры …ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Новы нумар / Novy numer

Папярэднія нумары / Poprzednie numery

Усе правы абаронены; 2026 Czasopis
Social Media Auto Publish Powered By : XYZScripts.com