Pa prostu / Па-просту

  • Płacz zwanoŭ

    23. Zabytaja tragedia kala Krynak (3)

    Na UB u Sakołcy i pośle ŭ sudzie ŭ Biełastoku abvinavaczanych i śviedkaŭ asablivo szczacielno raspytvali pra sąd doraźny, jaki Niemcy pierad rasstrełam zrabili ŭ vadzianym mlinie ŭ Nietupie. Hety dzieravianny budynak staić i dziś nad reczkaj pry szasie da Kruszynianaŭ nidaloko vioski Biełahorcy. Daŭno…ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Po pudlaśki / По-пудляські

  • „Ja choču byti bliźka ludiam”

    Rozhovôr Jana i Haliny Maksimjukov z poetkoju Zojoj Sačko

    Jan: Čy pomniš, koli v tebe zjavivsie impuls, kob napisati peršy viêrš? I na jakôj movi tobiê napisałosie? Zoja: O, ja dumała, što ty tak i načneš… Ja učyłaś u školi v Parcievi, de była prykładnoju učenicieju. Pan od pôlśkoji movy skazav prynesti viêršyki pud… ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

RSS і Facebook

Праўдзівае здарэнне ад Пятра Ластаўкі

Пятро Ластаўка і Віктар Швед

Даўно пара сабраць пад адну вокладку мастацкія і гісторыка-краязнаўчыя ўспаміны беларускага грамадска-культурнага дзеяча і публіцыста Пятра Ластаўкі (1907-1968). Ён у свой час актыўна друкаваўся на старонках заходнебеларускага друку, тыднёвіка „Ніва” і „Беларускага календара”, быў сябрам БГКТ.

Беларускімі справамі Пятро Ластаўка захапіўся яшчэ тады, калі яму было толькі 14 гадоў, распаўсюджваючы нелегальныя адозвы, кніжкі, газеты. Ён нарадзіўся 16 лютага 1907 года на Дзісненшчыне ў беднай беларускай сялянскай сям’і. Вельмі рана застаўся без бацькоў, таму яшчэ хлопчыкам зведаў нялёгкую фізічную працу парабка і пастуха. Калі яму споўнілася 19 гадоў, уступіў у рады Беларускай сялянска-работніцкай Грамады і стаў самым актыўным яе сябрам на Дзісненшчыне. За гэтую дзейнасць маладога Ластаўку польскія ўлады арыштоўвалі і сажалі за краты ў Глыбокім, а пасля ў Вільню. Потым зноў выпускалі і за ім сачыла паліцыя.

У канцы 1920-х гадоў Пятра Ластаўку забіраюць у польскае войска. Адбыўшы вайсковую павіннасць, ён зноў вяртаецца ў родную вёску і працягвае беларускія справы. Але паліцыя ад яго не адставала. Тады юнак вырашае пакінуць родныя мясціны і едзе ў Варшаву, дзе яго чакалі новыя праблемы і выпрабаванні.

Найважнейшым выпрабаваннем у вялікім горадзе быў пошук працы. Але з цягам часу праца знайшлася і дабавіліся грамадская дзейнасць. Пятро Ластаўка знаёміцца з многімі беларусамі Варшавы, а пасля арганізуе асветнае таварыства беларусаў у Варшаве. Вакол гэтага таварыства ён аб’ядноўвае беларусаў, якія жылі ў польскай сталіцы. Гэтае таварыства дзейнічала да пачатку вайны, а Пятро Ластаўка быў яго самаахвярным кіраўніком, які аддаваў усе свае сілы і веды таварыству і сябрам.

Калі пачалася Другая сусветная вайна, Пятро Ластаўка пакінуў Варшаву і пераехаў жыць у Забалацце Белападляскай гміны, але сувязі з сябрамі-беларусамі не губляў. Ды і там ён праводзіў розныя цікавыя імпрэзы, сустрэчы.

Пасля вайны Пятро Ластаўка вяртаецца ў Варшаву і жыве ў Мілянуўку. Ён па-ранейшаму не пакідае беларускіх спраў, а наадварот, яшчэ актыўней уключаецца ў працу Варшаўскага аддзела БГКТ. Доўгі час з’яўляецца сябрам яго праўлення, а пазней і сябрам Прэзідыума ГП БГКТ. А калі БГКТ мела права займацца гаспадарчай дзейнасцю, то спадар Ластаўка становіцца дырэктарам прамысловага прадпрыемства „Бэтэска” і кіруе гэтым прадпрыемствам ажно пяць гадоў.

Пятро Ластаўка быў сярод заснавальнікаў Беларускага літаб’яд­нання „Белавежа”.

Пятро Ластаўка быў яшчэ заядлым калекцыянерам, кнігалюбам, займаўся публіцыстыкай і літаратурай. Юры Туронак згадвае, што пасля смерці Ластаўкі, у 1968 годзе яму пашанцавала купіць усю яго калекцыю – блізу 20 беларускіх кніг, выдадзеных у ваенны час у Берліне, Варшаве і Менску.

Пры жыцці Пятро Ластаўка вельмі цікавіўся лёсам варшаўскіх беларусаў. Мне прыемна згадваць сёння гэтага чалавека і таму, што ён добра ведаў і шчыра сябраваў у Варшаве з маім земляком Гальяшом Леўчыкам. Асабліва спадара Ластаўку цікавіў лёс паэта пасля 1944 года. Ён праводзіў розныя пошукі сярод жыхароў Варшавы і пытаўся: ці хто ведаў і бачыў Гальяша Леўчыка. І, дарэчы, шмат цікавых фактаў знайшоў. 10 лютага 1967 года Пятро Ластаўка звярнуўся нават у ЗША да Яна Пятроўскага з просьбаю напісаць успаміны пра духоўнае жыццё Леўчыка. Ластаўка пісаў Пятроўскаму: „Пішу ўспаміны пра Гальяша Ляўковіча. І дзеля гэтага хацеў бы прыгадаць варшаўскі час такім, якім ён быў у сапраўднасці. Хіба вы не ведаеце, што Леўчык ужо не жыве. Ён памёр у верасні 1944 года на атаку печані ў цяжкіх абставінах, бо не было ніадкуль ніякае помачы… У наступным лісце перашлю Вам болей звестак пра апошні час жыцця і смерць Ляўковіча” (Ян Пятроўскі. Мэмуары. Слуцак – Гэйнсвіль. 1988. С.161). Далей у пісьме Яну Пятроўскаму Ластаўка пісаў, што ён ужо два гады як цяжка хварэе. „У маім далейшым лісце да Ластаўкі, – згадваў далей у сваіх „Мэмуарах” Ян Пятроўскі, – ад 24 чэрвеня 1968 года я пытаўся, як ён маецца і яшчэ раз прасіў падаць мне звесткі, якія адносяцца да апошніх дзён Ляўковіча. Але на гэты мой ліст я ніколі ўжо не атрымаў адказу”.

Ян Пятроўскі звяртаўся з просьбаю і да сына Пятра Ластаўкі, але адказу больш ад сям’і Ластаўкаў ніколі не атрымаў. Відаць, яго дзяцей беларускія справы і лёсы беларусаў ужо не цікавілі. Тым больш, што 19 верасня 1968 года беларускага дзеяча ў Варшаве не стала.

Артыкулы Пятра Ластаўкі на самыя розны тэмы раскіданы па газетах і часопісах мінулага стагоддзя. Адно праўдзівае здарэнне „Трое сяброў” прапаную „Czasopisu”. Яно публікавалася ў месячным рэлігійным часопісе „Zlucennie” ў лістападаўскім нумары за 1938 год.

 Сяргей Чыгрын

Трое сяброў

Праўдзівае здарэнне

Пасля сусветнай вайны Сцяпан паступіў на фабрыку. Не любіць горада, але недахоп зямлі ў дома і брак заработку, змусілі яго да гэтага жыцця.

Як толькі атрымаў водпуск, нечакаючы доўга, купіў білет, сеў, як кажуць, на „шалёну кабылу” і паехаў у родную вёску.

Вечарам зірнула апошняя станцыя. Сэрца яго забіла нейкая радасць. Усё знаёмае, блізкае… Шыбка мінаў вузенькія, гразныя вулічкі добра ведамага яму мястэчка. Хутка дайшоў да поля, поля сваёй ужо вёскі.

– Здароў, брат, – пачуў за сабою голас Лявона. Быў то сябра з дзіцячых гадоў.

– А нішто, як ты? Я, як бачыш, трымаюся. Што чуваць у нашым родным кутку? – спытаў Сцяпан.

– Гарачыня ў нас, бачыш. Днём дык і не паказвайся ў полі… Вось, што схваціш раненька з расой ці вечарам – то і наша. Бачыш і цяпер вяртаюся з касой. Некаторыя дык нават ноччу косяць.

– Як трэба дык трэба. А як мы парымся круглы год у душнай фабрыцы.

– Вось і мая хата, – сказаў Лявон, затрымаўшыся перад вёскай, – мо зайдзеш адпачыць?

– Дзякуй. Пайду да брата. Недалёка.

– Мо ў нядзелю прыйдзеш?

– Добра, пастараюся, – сказаў Сцяпан і пайшоў далей.

Перад хатай спаткаў Сцяпана брат: „Чаму ж не папярэдзіў? Конь свой, запрог бы і пад’ехаў”.

– А, што там. З прыемнасцю прайшоў гэтыя два кіламетры.

– Пячы, жонка, яешню, маем госця, – звярнуўся брат Сцяпана да жонкі, калі ўвайшлі ў хату.

– Няхай братавая не клапоціцца. Які я там госць, – бараніўся Сцяпан, – свой. Заўтра касу на плечы і да работы пайду… А ведаеце, – змяніў тэму Сцяпан, – ідучы, спаткаў Лявона канцавога, як жа ён пастарэў.

– Старэе, – пацвердзіў брат, – але і дзіўны зрабіўся пасля вайны. Ні да людзей, ні да Бога, – нідзе яго не спаткаеш: ні ў царкве, ні на вёсцы. Замкнуты ў сабе.

– Прасіў, каб заглянуў да яго.Гэта ж мой найлепшы сябра з прад вайны.

Селі вячэраць.

– Ну, раскажы, што ў свеце новага? – звярнуўся брат да Сцяпана.

– А, сённяшні свет не варт гэтага слова. Гэта не свет, а нейкі кацёл, у якім усё кіпіць і кіпіць, і што з гэтага будзе, ніхто не ведае.

Пасля вячэры Сцяпан пайшоў на свежае сена. Зарыўся з прыемнасцю ў ім і, неўпарадкаваўшы часу думак, заснуў. Калі прачнуўся, сонца ўжо было высока. Выйшаў за гумно, кінуў вачыма ў шырокае поле і ўдыхнуў з жаднасцю свежага паветра.

– Шчасце, – падумаў, – гэта мець свой кавалачак зямелькі і працаваць на ім…

Дзень за днём шыбка мінаў. Надышла нядзеля. Паснедаўшы, пайшоў Сцяпан у царкву. Памаліўся за свой народ. Пасля набажэнства спаткаў шмат знаёмых. Пагутарыў крыху то з тым то з іншым. Калі вяртаўся дахаты, зайшоў да Лявона.

– Думаў, што будзеш у царкве і разам прыйдзем, – сказаў Сцяпан, калі ўвайшоў у хату.

– Не сабраўся ніяк, – адказаў той, убіўшы вочы ў зямлю.

– А, мой ты суседзька, думаеце, што ён ходзіць у царкву? – падхапіла жонка.

– Ужо пачынаеш, – перарваў яе Лявон, – дайце лепш супакой гэтай гутарцы. Падавай на стол, – звярнуўся ён да жонкі.

– Што гэта знача? Пра царкву не гавару. Чаму? – пытаў сябе ў думцы Сцяпан. – Перад вайной гэтакі быў рэлігійны, гэтак гарнуўся да малітвы і царквы, а цяпер?.. І абразоў нат няма, – кінуў на сцяну, – хоць ты бяры шапку і ўцякай з гэтай нары. Але не, – падумаў, – трэба аб гэтым пагаварыць.

Выпілі па чарцы. Крыху павесялеў Лявон.

– Як бачу, то ў цябе і абразоў няма? Што з табой? – пачаў Сцяпан.

– Браток, каб ты ведаў гісторыю майго жыцця, то не дзівіўся б, – адказаў Лявон.

– Мо раскажаш?

– Усё гэта вайна, – уздыхнуў Лявон. – Сколькі ж яна нарабіла крыўд людзям. Сколькі ж згубіла душ…

– І тваю пэўна, – падхапіў Сцяпан.

– Каб ты ведаў.

– Кажы ад пачатку. Слухаю.

– Цяжка пра гэта гаварыць, але табе і ў дабавак пры чарцы, адважуся.

– Кепска, што адвагу маеш пры чарцы, – стыдзіў Сцяпан.

– Пачалася вайна. Ідзе чалавек з вёскі і гораду. Знаходзіцца ў моры натоўпу людзей. Моладзь і моладзь. А ведаем, што найбольш моладзь адварочваецца ад Бога. Моладзь, моладзь, чуючы сябе сільнай фізічна, думае, што жыццё яе ёсць вечнае і дзеля таго перастае верыць. І калі чалавек знаходзіцца сярод гэтых масаў, хутка асімілюецца, становіцца бязбожнікам – так і са мной сталася… Пачаткава быў я ў расейскай арміі, пасля рэвалюцыі перайшоў у польскае войска. Усюды бязбожнасць, нявера…, – цяжка уздыхнуў Лявон, узяў люльку, закурыў і распавядаў далей. – Было нас трох сяброў: адзін жыдок, другі палячок-камуніст і я. Адной ноччу, пасля наступлення на бальшавікоў, ляжалі мы за ўзгоркам. То там то сям чуваць былі стрэлы. Перад намі на пагорачку стаяў крыж. Не гледзячы, што два дні трывала барацьба на адным месцы, крыж і фігура Хрыста былі не зачэплены. І не ведаю, які чорт падсунуў мне думку, кажу да іх: „Хто ж з нас лепшы стралок і пападзе ў фігуру… І, доўга не думаючы, пацэліў і стрэліў. Не папаў, закрануў толькі дрэва крыжа. Тады жыдок кажа: „Ты не стралец, вось я дык пападу”. І праўда, злажыўся і папаў у самую галаву фігуры, паміж вачэй. Трэці стрэліў і таксама папаў у левы бок, ніжэй сэрца. Калі ўглядаліся мы, убачылі, як пацякла кроў з ран. Перамяніліся мы позіркамі між сабой, нічога не кажучы. Толькі жыдок прамовіў: „Е, галюцынацыя”.

Назаўтра з самай раніцы зноў наступленне. Пачалі гнаць бальшавікоў. Мы заўсёды разам. У пэўнай хвіліне, здаецца. і стрэлаў не было, жыдок крыкнуў і паваліўся. Мы да яго… І мароз прайшоў па скуры. Куля трапіла як раз у гэта самае месца ў якое ён Хрыста стрэліў. Глянулі мы на сябе, усталі і бяжым далей. За хвіліну і палячок дагары нагамі паляцеў. Спалохаўся я, углядаюся, нідзе нічога, а ўжо ён і не жыве. Разарваў я адзенне, а яму куля прайшла ніжэй сэрца. Вось я і задрыжаў… Божанька, – кажу, – не карай мяне смерцю, я ж толькі дрэва закрануў… Не паспеў устаць, а тут з заду бальшавікі… Ну і забралі мяне ў палон… І што ты на гэта ўсё скажаш? – спытаў Лявон і змоўк.

– Панеслі адпаведную кару за свае ўчынкі перад Богам, – сказаў Сцяпан.

– Добра, яны не жывуць і не мучацца, а мяне ўвесь час ад гэтага грызе сумленне.

– Яны згубленыя, а ты можаш яшчэ ўратаваць сваю душу. Бог ёсць міласэрны, толькі трэба ўпакорыцца, памаліцца, можа пашкадаваць за свае грахі, а тады адыдзе ад цябе жуда, сумленне тваё ачысціцца і будзеш шчаслівы.Чаму гэтага не зробіш? – пытаў Сцяпан з выкідам. – У царкву ходзіш?

– Не магу. Пайшоў раз, то ў маіх вачах здалося, што ўсе святыя пачалі мяне стыдзіць і казаць, што я нягодны там прыхадзіч. І праўда, калі падумаю, што я столькі брахаў як сабака проці Бога і Веры святой, то і сапраўды я нягодны, стыдаюся людзей і баюся Бога, папросту, што ты жывы ў сырую зямельку ўцякай…

– Неспадзяваўся я, што ты такі нясведамы, – сказаў Сцяпан. – Зрабі, што я табе параджу, не страціш гэтым нічога. Кінь усю работу і пайдзі заўтра з сямі раніцы да споведзі. Памаліся шчыра. Кайся сваіх праступкаў, і пабачыш, як шчаслівы прыйдзеш дахаты. Ведай тое, што Бог ёсць так добры, як бацька свайго дзіцяці, каторае, яшчэ яно нядобрае, а ўсё ж і памагае яму ў чым толькі зможа – таксама і Бог за шчырую малітву і каянне прыгарне да свайго сэрца кожнага чалавека… Ну, але я загаварыўся як баба, там чакаюць.

– Мо і праўду кажаш. Нікога я не спаткаў, каб мне дарадзіў, а жыццё маё цяжкае, цёмнае… жуда і сум агарняюць маю душу.

– Тады будзе сонечнае і вясёлае, пабачыш… Ну бывай, а заўтра ведаеш, што трэба зрабіць, – паціснуў руку Лявона і выйшаў.

Прайшло пару дзён. Трэба было ўжо вяртацца Сцяпану ў горад. Калі меў ад’ехаць, прыйшоў Лявон, каб адвесці на станцыю. У дарозе не закрануў гэтай тэмы. Толькі на станцыі Лявон крэпка абняў Сцяпана і сказаў: „Ведаеш, браток, паслухаў цябе. Цяпер чуюся іншым. Жыццё перад сабой бачу пекнае, яснае… Вельмі цешуся, што Ўсемагутны Бог прыслаў да мяне найдаражэйшага мне з дзіцячых гадоў сябра, а цяпер правадніка, які паказаў мне дарогу да збаўлення душы. Бывай. Буду памятаць цябе заўсёды і прашу, не мінай маёй хаты ніколі.

Сцяпан ад’ехаў, глыбока задуманы жыццём свайго сябра, а Лявон вярнуўся да хаты шчаслівы і вясёлы.

Пятро Ластаўка

1938 г.

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.

Календарыюм

Гадоў таму

  • ў кастрычніку

    1005 – 1019 г. першая згадка ў летапісах пра Бярэсьце. 710 – 1314 г. князь Давыд Гарадзенскі разбіў вялікі паход крыжакоў на Наваградак. 625 – 1399 г. паражэньне ад татараў арміі Вялікага Княства Літоўскага на чале зь князём Вітаўтам на …ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Календарыюм / Kalendarium

Сёньня

  • (592) – 15.10.1432 г. князь Вялікага Княства Літоўскага Жыгімонт (малодшы брат Вітаўта) аднавіў унію з Польшчай, але пасьля перамогі над Сьвідрыгайлам зноў вырашыў вызваліцца ад саюза з Польшчай.
  • (307) – У 1717 г. нар. Кароль Вырвіч (пам. у 1793 г.), пэдагог, філёзаф. Паходзіў зь сям’і незаможнага беларускага шляхціца з Браслаўшчыны. Выкладчык Collegium Nobilium. Аўтар падручнікаў „Паходжаньне сучасных дзяржаў і народаў”, „Кароткае сыстэматычнае выкладаньне ўсеагульнай гісторыі”, „Сучасная геаграфія”, „Усеагульная геаграфія”.
  • (207) – 15.10.1817 г. у Золотурне ў Швайцарыі пам. Андрэй Тадэвуш Банавэнтура Касьцюшка (нар. 30.11.1745 г. у фальварку Сяхновічы на Берасьцейшчыне ў сям’і  беларускага шляхціца) – вядомы палітычны дзеяч Рэчы Паспалітай.
  • (191) – 15.10.1833 г. у Флярэнцыі пам. Міхал Клеофас Агінскі (нар. 25.09.1765 г. у Гузаве пад Варшавай), дзяржаўны дзеяч, кампазітар, аўтар слыннага паланэза „Развітаньне з радзімай”.
  • (146) – 15.10.1878 г. памёр Ігнацы Касовіч (нар. у 1808 г. на Віцебшчыне), філолаг. Закончыў Галоўную духоўную сэмінарыю Віленскага унівэрсытэта. З 1833 г. прафэсар грэцкай мовы і царкоўнага красамоўства ў грэка-каталіцкай сэмінарыі ў Жыровічах. З 1835 г. выкладаў у Кромскай, Смаленскай, Маскоўскай гімназыях. З 1870 г. працаваў прафэсарам грэцкай мовы ў Варшаўскім унівэрсытэце. Разам з братам Каятанам склаў „Грэчэска-рускі слоўнік” (1847). 
  • (79) – 15.10.1945 г. пачала свой першы год працы Беларуская гімназія ў ДП-лягеры ў Ватэнштаце (Нямеччына). Дырэктарам школы быў Вацлаў Пануцэвіч (Папуцэвіч).
  • (74) – 15.10.1950 г. у Саўт-Рывэры (ЗША) а. Мікалаем Лапіцкім і Сьвятаславам Коўшам было заснавана Аб’яднаньне праваслаўных беларусаў.
  • (35) – 15.10.1989 г. у Менску памерла Вера Пола, актрыса. Нар. у Менску 7.02.1901 г., у 1922-1977 гг. працавала ў тэатры імя Янкі Купалы. Найбольш значныя ролі: Агата ў „Паўлінцы” Я. Купалы, Маланьня ў „Кар’еры таварыша Брызгаліна” Е. Міровіча, Карміліца ў „Рамэо і Джульета” Уільяма Шэкспіра.

Новы нумар / Novy numer

Папярэднія нумары

Усе правы абаронены; 2024 Czasopis