Працягваем серыю гістарычна-дэтэктыўных расследаванняў пра нашых выдатных дзеячаў, чые лёсы былі звязаныя з Польшчай. На аснове ўнікальных архіўных матэрыялаў раскрыем таямніцы, пра якія маўчаць падручнікі, і пакажам класікаў з нечаканага, часам небяспечнага боку. Наш герой – Браніслаў Тарашкевіч выходзіць з турэмнага зняволення напярэдадні магчымага тэрарыстычнага акту ў той час, як польская паліцыя шукае таямнічага тэрарыста.
26 красавіка 1930 года, прыкладна а 14:30, Вінцэнты Качыньскі, дворнік суседняга з паўпрэдствам дома на вуліцы Пазнаньскай, 17, заўважыў на даху гэтага самага будынка звязаны провадам гадзіннікавы механізм. Ад яго провад цягнуўся на дах савецкага паўпрэдства. На гэтай жа вуліцы, па адрасе Пазнаньская, 13, знаходзіўся XI камісарыят Дзяржаўнай паліцыі, куды пан Вінцэнты адразу ж і накіраваўся, каб паведаміць пра ўбачанае. А 15:00 паліцыянты падняліся па трывозе. Яны звярнуліся да паўпрэдства з просьбай дазволіць зайсці на савецкую тэрыторыю. А 16:00 у савецкае паўпрэдства прыйшоў начальнік Усходняга аддзела МЗС Тадэвуш Галуўка ў суправаджэнні афіцэра-сапёра, які адразу прыступіў да агляду коміна.
З’яўленне пана Галуўкі было невыпадковым. Савецкае паўпрэдства, як вядома, мела статус экстэрытарыяльнасці. Польская паліцыя не мела права проста так зайсці туды без дазволу савецкага боку. Галуўка прыехаў як афіцыйны прадстаўнік польскай улады, каб урэгуляваць гэтае далікатнае пытанне з савецкім паўпрэдам. Акрамя таго, ён павінен быў асабіста кантраляваць сітуацыю, каб паказаць: польскія ўлады робяць усё магчымае для выратавання савецкіх дыпламатаў. Ну і да таго ж Тадэвуш Галуўка быў галоўным спецыялістам Пілсудскага па «ўсходніх справах» (СССР, Беларусь, Украіна). Ён вельмі добра ведаў, як працуюць савецкія спецслужбы, і павінен быў на месцы ацаніць: гэта рэальны замах антысавецкіх арганізацый ці правакацыя ДПУ.
У прысутнасці начальніка Усходняга аддзела і пракурора вайсковыя адмыслоўцы выявілі, што провад быў злучаны са снарадам, які на тоўстым электрычным кабелі апусцілі ў комін на даху савецкага прадстаўніцтва. Выцягнуць снарад адразу не ўдалося – давялося разабраць капітальную сцяну ў сутарэнні паўпрэдства. Толькі пасля гэтага, з вялікімі намаганнямі, каля 19-й гадзіны вечара снарад дасталі. Яго дыяметр складаў 12 сантыметраў, а даўжыня – каля 34 сантыметраў. Некаторыя выданні паведамлялі, што па форме бомба нагадвала жалезную трубу. Праўда, у газеце «Słowo» прыводзіліся крыху іншыя памеры – 70×18 см і вага каля 30 кг. Было ўстаноўлена, што яна зараджана сумессю выключна моцных выбуховых рэчываў. Бомбу можна было б падарваць пры дапамозе электрычнай іскры і гадзіннікавага механізма, які аўтаматычна дзейнічаў на даху суседняга дома. Сіла выбуху была б велізарнай – будынак паўпрэдства мог быць знішчаны дашчэнту. Снарад апусцілі з разлікам, каб галоўная сіла ўдару прыпала на другі паверх, дзе жыла сям’я паўпрэда. Дарэчы, у суседнім з паўпрэдствам 17-м доме, з даху якога быў праведзены провад да бомбы, у той час месціўся клуб польскіх манархістаў.

Калі гэтая дэталь стала вядомая газетам, савецкі паўпрэд Уладзімір Антонаў-Аўсеенка адразу заявіў, што замах – гэта «змова польскіх манархістаў і белагвардзейцаў», якіх пакрывае польская дзяржава. А ў дзень выхаду Тарашкевіча з турмы, 28 красавіка 1930 года, таварыш Антонаў-Аўсеенка накіраваў афіцыйную ноту пратэсту міністру замежных спраў Польшчы Аўгусту Залескаму з патрабаваннем тэрмінова расследаваць гэты тэрарыстычны акт.

Паліцыя ж не спяшалася з высновамі, спакойна праводзіла следства і абяцала за выкрыццё вінаватых неблагія грошы – 5 000 злотых. Сярэдні рабочы зарабляў такі капітал за два гады. Гэтай сумы хапіла б, каб аплаціць больш за палову цаны новенькага аўтамабіля «Шэўрале» альбо купіць сядзібу ў Заходняй Беларусі.
Цікава, што падобны эпізод з выбуховымі прыстасаваннямі не быў адзінкавым. Напрыклад, за дзень да таго, як варшаўскі дворнік заўважыў бомбу, 25 красавіка ў Львове была прадухілена яшчэ адна спроба ўзарваць савецкае консульства і забіць консула Юрыя Лапчынскага.
У савецкай прэсе з новай сілай разганяліся чуткі, нібыта Польшча рыхтуецца да вайны з Савецкім Саюзам. Але некаторыя тагачасныя публіцысты меркавалі, што падобная тэрарыстычная актыўнасць выгадная выключна самому савецкаму боку.
У красавіку 1931 года быў знойдзены тэрарыст – Ян Паланьскі. Пра яго было вядома, што ён служыў у Чырвонай арміі, быў адданым камуністам, а затым, чамусьці расчараваўшыся ў ленінска-сталінскіх ідэях, вырашыў змагацца з Савецкім Саюзам усімі даступнымі спосабамі. Калі на судовым працэсе (красавік – травень 1931 г.) адкрылася ранейшая сувязь Паланьскага з камуністамі, а таксама тое, што ў закладзенай бомбе ён наўмысна абрэзаў некаторыя правады, каб выбух і сапраўды не адбыўся, то большасць пачала схіляцца да думкі, што за падобнымі правакацыямі стаіць савецкая ўлада. На судзе эксперты пацвердзілі: электрычныя драты былі перарэзаны яшчэ да таго, як прыладу скінулі ў комін. Калі прылада фізічна не магла спрацаваць, значыць, яе мэтай быў не выбух, а выключна гучны палітычны эфект.
Хваля «замахаў» (25 красавіка ў Львове і 26 красавіка ў Варшаве) адбылася ў вельмі патрэбны для Масквы момант. Гэта было класічнае пераключэнне ўвагі: у 1930 годзе ў СССР пачалася жорсткая і крывавая калектывізацыя, адбываліся масавыя арышты, што выклікала абурэнне ў свеце. Савецкай прапагандзе тэрмінова трэба было пераключыць увагу міжнароднай супольнасці і паказаць сябе ахвярай «белагвардзейскага і буржуазнага тэрору». Таксама Масква выкарыстала гэтыя інцыдэнты, каб абвінаваціць Польшчу ў парушэнні Рыжскай мірнай дамовы і патрабаваць зачыніць усе антысавецкія і эмігранцкія арганізацыі ў Варшаве і Вільні. Біяграфія ж Паланьскага вельмі падобная на партрэт падвойнага агента. Яго «рэзкае ператварэнне» ў заўзятага антыкамуніста магло быць легендай, створанай ДПУ, каб укараніць яго ў асяроддзе рускай эміграцыі і рукамі «фанатыка» зладзіць кантраляваны замах. Тое, што польскі суд даў яму за спробу тэракту супраць савецкага прадстаўніцтва ўсяго 4 гады, ускосна паказвае: польскія ўлады і суддзя таксама разумелі, што перад імі не рэальны тэрарыст, а фігура ў чужой шпіёнскай гульні.
Словам, вызваліўся Тарашкевіч у вельмі гарачую пару. І, шчыра кажучы, выйшаўшы з-за кратаў, відаць, таксама адчуваў сябе фігурай у чужой гульні.
Яму прысудзілі 12 гадоў (пазней знізілі да 8), але адпусцілі датэрмінова, ён не адседзеў і паловы. Нагадаю, што Тарашкевіч разам са сваімі палітычнымі паплечнікамі-грамадоўцамі Сымонам Рак-Міхайлоўскім, Пятром Мятлой, Паўлам Валошыным былі абвінавачаны паводле 102 артыкула Крымінальнага Кодэксу Расійскай Імперыі (а ў Другой Рэчы Паспалітай да 1932 года дзейнічаў менавіта такі кодэкс) „…у падрыхтоўцы ўзброенага паўстання з мэтай адарваць ад Польскай Рэспублікі Заходнюю Беларусь (Беластоцкае, Палескае, Віленскае і Навагрудскае ваяводствы), каб далучыць гэтыя землі да БССР”. За падобнае пагражала 12 гадоў.
Хто дапамог з датэрміновым выхадам на волю? Вядома, што з 1925-га года Тарашкевіч быў звязаны з Камуністычнай партыяй Заходняй Беларусі. Мо неяк яны паспрыялі? Нанялі добрых адвакатаў? Зусім не. Камуністы тут былі ні пры чым. За кулісамі гэтага вызвалення стаяла сіла, куды больш уплывовая за камуністычнае падполле. Справу вырашыла… масонскае братэрства. У 1920-ыя гады Браніслаў Тарашкевіч належаў да знакамітай віленскай масонскай ложы «Праўда». Таму, калі ён апынуўся за кратамі, яго ўплывовыя «браты па ордэне» пачалі дзейнічаць па сваіх таемных кабінетных каналах. За яго хадайнічалі віленскі сенатар і адвакат Вітольд Абрамовіч, былы пасланнік Польшчы ў Маскве Раман Кноль і інжынер Юзаф Зябіцкі.

Менавіта пан інжынер выкарыстаў асабістыя сувязі і прыватна сустрэўся з міністрам Аляксандрам Прыстарам, які калісьці таксама належаў да гэтага ж масонскага кола. Гэта быў той самы Юзаф Зябіцкі, у чыіх дзяцей Тарашкевіч быў рэпетытарам па польскай мове і літаратуры ў 1910-я гады ў Пецярбургу. Яны былі, як кажуць, сябры з даўняй пары. Ну, а кропку ў справе вызвалення паставіў яшчэ адзін уплывовы масон – міністр зямельных рэформаў, будучы рэктар універсітэта імя Стэфана Баторыя ў Вільні Вітольд Станевіч. Ён пайшоў наўпрост да маршалка Пілсудскага, каб выратаваць таленавітага лінгвіста. Вось гэтая элітная салідарнасць і вырвала Тарашкевіча з турмы.
Узнікае лагічнае пытанне: нашто гэта было патрэбна Пілсудскаму? Паводле даследчыцы Аляксандры Бергман: „…вызваленне было вынікам асабістай ініцыятывы Пілсудскага. Не выключана, што гэты ход быў добра прадуманым спрытным палітычным ходам, дэманстрацыяй таго, што адносіны да беларусаў у Польшчы больш ліберальныя, чым у БССР, дзе ў 1930-м годзе пракацілася хваля арыштаў многіх беларускіх дзеячаў, абвінавачаных у нацыянал-дэмакратызме. Можна сказаць, што гэта была спроба пасеяць у органах ДПУ недавер у адносінах да вызваленых, сумненне ў іх шчырасці і іх сапраўднай пазіцыі, стаўка на тое, што за гэтае вызваленне яны дорага заплацяць”. Наперад забягаючы скажам, што так яно і спраўдзілася.
Калі верыць газеце „Звязда”, яшчэ 27-га студзеня 1930-га, фактычна за тры месяцы да выхаду Тарашкевіча на волю, у Вільні адбыліся масавыя дэманстрацыі ў сувязі са слуханнем справы Тарашкевіча. Паліцыя два разы разганяла дэманстрантаў, але яны збіраліся зноў. Падчас дэманстрацыі выступалі з прамовамі дэпутаты беларускага рабоча-сялянскага блоку Дварчанін і Гaрэцкі. Калі дэманстранты падышлі да турмы Лукішкі, паліцыя адціснула названых дэпутатаў ад народа. Выкарыстаўшы гэты момант, невядомыя хуліганы збілі абодвух дэпутатаў.
Тарашкевіч быў не вельмі задаволены падобнай датэрміновай свабодай і заяўляў пратэст. Яшчэ седзячы ў турме (канец студзеня, 1930-га) ён праз польскі левы друк пісаў, што адмаўляецца ад заступніцтва і спробаў яго вызваліць. А ў газеце „Звязда” за 29-га красавіка 1930-га чытаем: „Высвятляецца, што часовае вызваленне з турмы аднаго з правадыроў Беларускай Грамады Тарашкевіча адбылося ПАМІМА ЯГО ВОЛІ. У канцэлярыі турмы Тарашкевіч зрабіў пісьмовую заяву аб тым, што ён не прасіў памілавання, не падаваў ніякіх заяў і ня выйдзе з турмы, калі адначасова ня будуць вызвалены другія асобы, прыгавораныя па справе Грамады. Варта падкрэсліць, што Тарашкевіч вызвалены наперакор яго жаданню, пры яго пратэсце, пры яго адмаўленні выйсці з турмы без таварышаў. Толькі гнюснай правакацыяй можна назваць гэтую спробу шляхам вызвалення Тарашкевіча дабіцца паслабленьня рэвалюцыйнага руху”.
Значна пазней, пад час чарговага затрымання польскімі ўладамі, на адным з допытаў (9-га лютага, 1931 года) Тарашкевіч казаў, што не ведае чаму яго раней часу выпусцілі, што ён аб гэтым не казаў ні ўладам, ні прыватным асобам, і наадварот – прасіў пра пакіданне яго ў турме з мэтай адбыцця кары, вызначанай яму.
Тарашкевіч пратэставаў, адмаўляўся пакідаць камеру, але адмаўляйся не адмаўляйся, калі цябе вызваляюць, то зрабі ласку, пакінь турму ды ідзі на волю.
Цікава, чаму ж ён так хацеў застацца ў турме? Што яго палохала на волі?
Але пра гэта ў наступным нумары.
(Працяг будзе)
Васіль Дранько-Майсюк




















