Сёння скончылася ў Польшчы кіраванне партыяй „Права і справядлівасць”. Хаця 15 кастрычніка ў парламенцкіх выбарах гэтая групоўка перамагла, то не набрала дастатковай колькасці галасоў, каб мець большасць у Сейме. Таму адразу было вядома, што ўладу ў дзяржаве перойме Грамадзянская кааліцыя разам з Трэцяй дарогай і Новай левіцай. Аднак трэба было пачакаць на гэта яшчэ больш як два месяцы, бо прэзідэнт Анджэй Дуда сфармаваць новы ўрад даручыў прэм’р-міністру Матэвушу Маравецкаму. Ад пачатку вядома было, што гэта безнадзейная справа, бо Сейм і так яго не адобрыць.
Гэта сёння толькі пацвердзілася. На пост прэм’р-міністра ўрэшце быў абраны Дональд Туск. Я меў нават нагоду з ім асабіста сустрэцца і паразмаўляць. Гэта было даўно, больш як дваццаць гадоў таму ў доме Сакрата Яновіча ў Крынках. Туск, а разам з ім некалькі палітыкаў, прыехаў як лідэр новай партыі „Грамадзянская платформа” і віцэмаршалак Сейму. Было гэта ў верасні 2003 г. перад давыбарамі ў Сенат. Прысутны быў таксама тадышні радны падляшскага сейміка Славамір Згжыва, як кандыдат выстаўлены партыяй Туска. Дзеячы наведалі Сакрата Яновіча разлічваючы на яго падтрымку як найбольш вядомага тады польскага беларуса. Сустрэчу арганізаваў дэпутат Сейма Роберт Тышкевіч. Ён планаваў маленькі мітынг. Прасіў пісьменніка, каб той запрасіў на сустрэчу суседзяў і kilku chłopów z okolicy. Яновіч аднак у гэта не ангажаваўся, тады наогул ад палітыкі ўжо адхіліўся і займаўся толькі пісьменніцкай ды культурнай дзейнасцю, амаль выключна беларускімі справамі. Патэлефанаваў толькі тадышняму войту, але той запрашэнне праігнараваў, бо тады ўжо быў дзеячам „Права і справядлівасці”.
Тая сустрэча папраўдзе не мела аніякага палітычнага значэння, як задумаў гэта Тышкевіч. У Крынках ніхто апрача войта нават пра яе не ведаў бы, каб неўзабаве не надрукаваў я справаздачы з яе ў мясцовым штомесячніку, які тады саматужна рэдагаваў і выдаваў.
Помню, што Дональд Туск акцэнтаваў тады, што ён – кашуб. Распавядаў пра сваю дзейнасць у кашубскім асяроддзі на Памор’i, хваліўся сваймі артыкуламі на кашубскай мове ў штомесячніку „Памэранія” і ангажаванасцю ў выданне лемантара для кашубскіх дзяцей. Цікавіўся таксама дзейнасцю Вілы Сакратас, у рукі браў „Annus Albaruthenicus – Год Беларускі”, „Часопіс”, кніжкі… Быў здзіўлены, што Яновічу ўдаецца за невялікія грошы весці шырокую дзейнасць. Пісьменнік патлумачыў:
– Panowie szlachta, widzicie jak mało trzeba dla tak wielkiej sprawy. To smutne jednak, że o te pieniądze „na landrynki” musimy rozpaczliwie błagać w urzędach i fundacjach.
А ў давыбарах у Сенат кандыдат Згжыва атрымаў тады ў Крынках толькі два галасы. Дакладна вядома чые – Сакрата Яновіча і яго жонкі. Перамог Кшыштаф Юргель ад „Права і справядлівасці”, атрымаўшы 149 галасоў.
Сёння перад тым як Сейм назначыў Дональда Туска на пост прэм’ер-міністра, я ажно тры гадзіны прысвяціў прафесарцы Варшаўскага ўніверсітэта Малгажаце Будыце-Бужынскай. Працуе яна ў Асяродку даследаванняў міграцыяў. Сваю доктарскую дысертацыю прысвяціла м.інш. нашай меншасці. Яе кніжка „Нацыянальныя меншасці – багацце ці праблема” выйшла ў 2003 г. Аналіз тадышняй сітуацыі нас, беларусаў, зрабіла на аснове размоваў, якія правяла на Падляшшы ў канцы дзевяностых і на пачатку двухтысячных гадоў. Нібыта і са мною размаўляла, але я гэтага не помню.
Д-р Будыта-Бужынская пасля зрабіла габілітацыю. У 2010 г. абараніла яна дысертацыю пра навейшую польскую эканамічную эміграцыю ў Ісландыі.
Прафесарка, пакуль са мною цяпер сустрэлася, два тыдні раней паразмаўляла з некалькімі прадстаўнікамі беларускіх арганізацый у Беластоку. Між іншым пабывала ў БГКТ, Беларускім гістарычным таварыстве і ў рэдакцыі „Нівы”. Мяне цікавіла, які вобраз нашай меншасці вынесла пасля гэтых размоваў. На жаль аказалася, што даволі цьмяны. Таму некаторыя беларускія справы, асабліва бягучыя праблемы (прычыны асіміляцыі, крызіс школьніцтва, палітычныя схільнасці) прыйшлося тлумачыць ад пачатку.
Яна прыехала цяпер у Беласток, каб даведацца, што змянілася ў жыцці беларускай меншасці пасля 20-ці гадоў яе непрысутнасці на Падляшшы. Пачала з таго, што паводле яе палякі ў Варшаве і ды наогул па-за нашым ваяводствам надалей не ведаюць, што такая меншасць пражывае ў іх краіне. Беларусы для іх гэта выключна грамадзяне Рэспублікі Беларусь. Тыя, што там жывуць, ці тыя, што з’ехалі ў Польшчу.
Такое меркаванне – навукоўца жа! – мне крыху здзівіла. Усё-такі ў Польшчы ёсць свядомасць, што жывуць у краіне беларусы не з Беларусі. І нават у школьных падручніках пра гэта пішуць. І штораз больш турыстаў, якія наведваюць Падляшша, пра нас даведваюцца.
Прафесарка хацела, каб я ёй растлумачыў, чаму ў перапісах насельніцтва ў нашым рэгіёне толькі частка праваслаўных заяўляе беларускую нацыянальнасць. Я адаслаў яе да шматлікіх артыкулаў пра гэта ў „Часопісе”. Расказаў таксама пра адмоўную роль шматгадовага – яшчэ з часоў Народнай Польшчы – праваслаўнага прадстаўніка ў Сейме, Яўгена Чыквіна. Бо ў дзевяностых і нават у двухтысячных гадах адкрыта запярэчваў ён, што праваслаўныя на Падляшшы – гэта стопрацэнтныя беларусы. Нават падняў ініцыятыву, каб да афіцыйнага спіску нацыянальных меншасцей у Польшчы дабавіць яшчэ… праваслаўную. Дзеля гэтага замовіў быў нават навуковыя экспертызы. Вядома, нічога сэнсоўнага з гэтага не атрымалася.
Прафесарка была перакананая, што беларусы, якія апошнім часам шматлюдна прыехалі ў Польшчу з-за ўсходняй мяжы, узмоцнілі або з часам узмоцняць карэнных беларусаў. Тут таксама студзіў я такія спадзяванні. Каб як належыць растлумачыць ёй гэтае пытанне, я пакрыстаўся нядаўняй дыскусіяй у Фейсбуку, якую выклікаў наш літаратар і радыёжурналіст Міхась Андрасюк. Напісаў ён так:
„Беларуская дыяспара (уцекачы з РБ, дзясяткі тысяч) і беларуская меншасць (аўтахтоны ў РП, дзясяткі тысяч) – сцежкі і справы амаль што не перасякаюцца. Чаму? Не ведаю”.
Я адказаў як адзін з першых:
„У нашай супольнай кніжцы „Nasze tysiąc lat” я і Сакрат Яновіч такое пытанне разглядалі ўжо чвэрць стагоддзя таму. І былі згодныя – мы і яны гэта з часам будуць дзве асобныя беларускія нацыі. Той час хіба ўжо настаў. Хаця пэўныя выключэнні (перасячэнні) былі, ёсць і будуць. Але толькі ў інтэлектуальных колах. Мяне цікавіць іншае пытанне. У чый бок будзе асімілявацца дыяспара, калі тут застанецца? Бо асімілявацца напэўна будзе. Хаця пытанне хіба рытарычнае…”.
Адказаў мне сябра Юрка Каліна, які як супрацоўнік Белсату добра ў гэтым арыентуецца:
„Мы тут ператрывалі тысячу гадоў, захавалі мову, веру, традыцыі. Дзякуючы таму, што жывем на сваёй зямлі і сярод сваіх. Не засталося нас праўда многа, але яшчэ адно пакаленне ператрываем. Аграмадная большасць эмігрантаў асімілюецца да польскасці на працягу 10-15 гадоў”.
Было яшчэ 120 каментароў і амаль усе ад дыяспары. У дыскусію асабліва нічога новага яны аднак не ўнеслі. Значыць, так пэўна з імі і з намі будзе.
Не ведаю толькі, ці гэта пераканае тую прафесарку. Усё ж такі такое меркаванне пярэчыць яе тэзісу. Але гэта ўжо не мая праблема.
Юрка Хмялеўскі