Pa prostu / Па-просту

  • Płacz zwanoŭ

    Na dopyt uziaty byŭ miż inszym Ramuald Rajs „Bury”

    Pra toje, dzie buduć padłożany miny, kromie manciora wiedaŭ jaszcze jaho spolnik, jaki byŭ felczaram (sanitariuszam) u szpitali ŭ Staroj Wilejcy. Tolko ŭ listapadzie 1948 r. mancioru ŭdałoso zwiazacca z dochtaram Marozam. Ad peŭnaj kabiety, jakaja pryjechała da Biełagardu z Biełastoka, dawiedaŭso, szto leczyć jon…ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Po pudlaśki / По-пудляські

  • Hapčyna vnučka

    Siête stałosie v marciovi.

    Porankami šče trochi moroziło, ale dniom sonečko dobre hrêło, sniêh davno rozstav napreč. Posliêdnich para dion pohoda była vže vesnianaja.Agata šparko išła z dočkoju na prystanok, vony vybralisie do Biłostoku do dochtora. Marjola raz-po-raz pudbihała, starajučysie pospiêti za materoju, a siête ne było takoje proste…. ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

RSS і Facebook

In memoriam

Памерла „амбасадарка” Галіна Матэйчук

«Няма ўжо нашай амбасадаркі – чулі?» – у бусе з Гарадка ў Беласток паведаміла мне старэйшая жанчына. Так, пра сьмерць Галіны Матэйчук даведалася я ад мае сяброўкі Гражыны Саньчык, родам з Коматаўцаў, вечарам 15 лістапада – тога самага дня, калі янампамерла. Яна прачытала гэтую сумную навіну ў фэйсбуку.

Адразу ўсплыў успамін пра апошнюю сустрэчу 13 жніўня, калі па дарозе з Гданьска ў Ярылаўку Алесь Юзэфовіч вырашыў адведаць Галіну Матэйчук. Заехалі да яе стомленыя начной дарогай перад абедам. Пані Галінка – як мы да яе звярталіся – прывітала як заўсёды радасна. «Я Вас не бачу добра, але пазнаю па голасе» – сказала вітаючы нечаканых гасьцей у сваёй хаце ў цэнтры Гарадка. Ляжала ў сваім ложку. Хуценька села на свой электрычны возік і пераехала да нас у кухню.

Галіна Матэйчук (1933-2020). Фота з 2015 г. Фота Дароты Сульжык
Галіна Матэйчук (1933-2020). Фота з 2015 г.
Фота Дароты Сульжык

Так склалася, што першы раз я таксама была ў пані Галінкі з Алесем Юзэфовічам 7 мая 2016 г. Тады я была ў Ярылаўцы і Алесь прыехаў па мяне, кажучы, што паедзем да Галіны Матэйчук, бо абяцаў ёй, што прывязе мяне да яе. Не магла я падвесьці Алеся. Тады ён прыехаўшы з Прушча Гданьскага ў Валілы, адведаў таксама Галіну Матэйчук.

З 2015 г. стала яна вядомай асобай не толькі ў Гарадку за справай сваёй аўтабіяграфічнай кнігі «Byłam konsulem Polskiej Rzeczypospolitej Ludowej», якая выйшла друкам у 2015 г. у Беластоку. Хаця на пенсію перайшла ў 1988 г. і фактычна тады вярнулася ў Гарадок, не была так вядомай асобай. Доўга не магла заакліматызавацца ў сваім родным мястэчку. Шмат часу трэба было, каб дасьпець да апісаньня свайго жыцьця. Намовіла яе да гэтага Вера Тарасэвіч, быўшая дырэктарка Пачатковай школы ў Гарадку. Аня Радзюкевіч з «Przeglądu Prawosławnego» адрэдагавала ўспаміны. Атрымалася вельмі цікавая кніга, дзякуючы якой Галіна Матэйчук здабыла сабе славу як аўтар. Кніга аказалася вельмі цікавай, не менш чым яе аўтар.

Адбылася прэзэнтацыя ў Гмінным Цэнтры Культуры ў Гарадку. Для мяне было сэнсацыяй, што ў Гарадку жыве быўшая пані консул, якая да таго напісала кнігу сваіх успамінаў. Папрасіла Дароту Сульжык, каб яе купіла, бо на жаль у продажы ў кнігарнях яе не было. Прачытала яе на адным дыханьні. Мала зараз такіх кніг, ад якіх чытаючы не можаш адарвацца. Кніга ўразіла сваёй абсалютна недыпламатычнай шчырасьцю. У сваіх успамінах Галіна Матэйчук паказала даваенную рэчаіснасьць Гарадка, перыяд вайны і пасьляваенны грамадзкі аванс беднай беларускай моладзі ў Польшчы, які дазволіў шмат каму выбіцца ў людзі. Паню Галіну давёў ён да дыпламатычнай пасады консула ў Марсыліі, Ліёне, Ліль, Маскве, Капэнгагене, Кёльне.

Нарадзіўшыся 20 сакавіка 1933 г. у Гарадку ў рабочай сям’і Язэпа Матэйчука, у 16 год, дзякуючы будучаму мітрапаліту Васілію, выехала ў «вялікі сьвет» – спярша ў Люблін, затым у Варшаву, каб пасьля апынуцца ў Францыі. Пераадольвала ўсе цяжкасьці, асабліва звязаныя са сваім інвалідзтвам, набытым падчас вайны. Пісала: «W czasie mojego długiego życia nieraz byłam w trudnej sytuacji, ale widocznie każdy człowiek ma swój los i musi go przeżyć» (с. 27).

Тады 7 мая 2016 г., завітаўшы да пані Галіны, пачула я найбольшы камплімэнт у жыцьці: «я ніколі не думала, што ў сваёй хаце буду гасьціць прафэсар Глагоўскую». Не скажу, але мне таксама было прыемна сустрэцца з быўшым польскім дыпламатам і да таго пагутарыць з ёй па-беларуску. Паколькі свае кнігі пані Галіна мела ў сябе, закупіла я тады ў яе маім розным знаёмым і папрасіла яе падпісаць, між іншым Ганне Сабэцкай і Гражыне Саньчык. На працягу чатырох гадоў некалькі разоў адведвала яе пры нагодзе пабыўкі ў Гарадку. Заўсёды было пра што пагаварыць, а то пра яе дзядзьку Міколу Матэйчука, які закончыў Віленскую беларускую гімназію і студыяваў на мэдычным факультэце Віленскага ўнівэрсытэта, дзейнічаючы ў Беларускім студэнцкім саюзе, а пры саветах і немцах быў дырэктарам і настаўнікам беларускай школы ў Гарадку. Абяцала пра яго нешта напісаць, але відаць стан здароўя ёй на тое не дазволіў. Іншым разам распавядала пра даваенны Гарадок.

Гадамі я шукала звестак пра мастака Сяргея Кішыцкага, народжанага 17 жніўня 1931 г. у Валілах-Станцыі, вучня Ежы Навасельскага і Адама Сталёны-Дабжанскага, графіка «Нівы» ў  1959-1962 гг., кіраўніка мастацкай майстэрні пра Музычным Тэатры ў Гдыні ў 1969-1994 гг. Не знайшлі тых вестак таксама гарадоцкія краязнаўцы Дарота Сульжык і Алесь Карпюк – ад іх пачула: «сям’і Кішыцкіх тут ужо няма здаўна». Гартаючы кнігу пані Галіны маю ўвагу звярнуў адзін здымак (с. 39), на якім прадстаўленыя вучні трэцяга класа пачатковай школы ў Гарадку ў 1946 г. Зацікавіла мяне, што за дзеці на ім. Калі пані Галіна пералічвала мне ўсіх па чарзе, я аж ахнула, калі пачула, што ў апошнім радзе стаіць Сярожа Кішыцкі. Пані Галіна не ведала пра яго зашмат, але паабяцала яго адшукаць. Не прыйшлося доўга чакаць – 85 дзень нараджэньня Сяргея Кішыцкага я сьвяткавала з ім у яго кватэры ў Гдыні! Дзякуючы пані Галіне ўдалося напісаць пра Сяргея Кішыцкага ў «Ніве» (№ 8, 19.02.2017 г., с. 8) і ў «Zeszytach Gdyńskich» (2017, nr 12, c. 231-238).

Час ад часу званіла я  пані Галіне, каб пачуць пра яе здароўе, якое няўмольна здавалася. Аднойчы пакуль я прадставілася, сказаўшы «Добры дзень», пачула пытаньне: «Аня, гэта ты?» Тады я даведалася, што найчасьцей да пані Галіны званіла рэдактар Аня Радзюкевіч, якая не толькі адрэдагавала яе кнігу, але таксама бескарысна дапамагла ёй дабіцца электрычнага возіка, «дайсьці» да розных лекараў у Беластоку і стала яе сяброўкай.

Падсумоўваючы сваё жыцьцё Галіна Матэйчук напісала: «muszę stwierdzić, że było w nim dużo bólu i fizycznego cierpienia i nie tylko, ale było też dużo radości, szczęścia, satysfakcji z wykonywanej pracy. (…) Moja końcowa konkluzja? Miałam szczęście żyć w Polskiej Rzeczypospolitej Ludowej» (c. 183). Пані Галіна спачыла на вечна на праваслаўных Гарадоцкіх могілках. Хацелася б, каб памяць пра яе асталася ў Гарадку назаўсёды. Яе імем можна назваць вуліцу, а на доме, у якім жыла , табліцу ў яе гонар. Вечная Вам памяць, Галінка, а душы Вашай неба!

Лена Глагоўская

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.

Календарыюм

Гадоў таму

  • у траўні

    – у 1085 г. дружыны Полацкага княства на чале з князем Усяславам Чарадзеем абаранілі беларускія землі ад захопніцкага нашэсьця князя кіеўскага Усяслава Манамаха. Захопнікі зьнішчылі Менск. Як пісаў кіеўскі летапісец „Не засталося ні чалавека, ні жывёлы”. – напады крыжакоў у …ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Календарыюм / Kalendarium

Сёньня

  • (228) – 10(21).05.1797 г. нар. Дамінік Стэфановіч, музыкант, настаўнік Станіслава Манюшкі, у 1820 – 1837 гг. – кіраўнік Мінскага гарадзкога аркестра, у 1848-1865 гг. выкладаў музыку і харавыя сьпевы ў Менскай гімназіі і прыватным жаночым пансыёне. Памёр каля 1870 г.
  • (161) – 10.05.1864 г. у Магілёве расстраляны Міхал Аскерка (нар. у 1836 г. у Менску), лекар, камісар Менскай губерні ў студзеньскім паўстаньні. Арыштаваны 4.11.1864 г.
  • (142) – 10.05.1883 г. у Лібаве нар. Янка Маўр (сапр. Іван Фёдараў, пам. 3.08.1971 г. у Менску), пісьменьнік. Друкаваўся з 1923 г. Аўтар апавяданьняў, аповесьцяў й раманаў для дзяцей і моладзі. Пахаваны на Усходніх могілках у Менску.
  • (41) – 10.05.1984 г. у Глівіцах пам. Антон Васілеўскі (Антось з Лепля, Дзядзька з Лепля – нар. 18.08.1891 г. у Косьцінцы каля Лепеля), рэдактар і выдавец сатырычнага часопіса „Авадзень” (1924 – 1933), літаратар (яго апавяданьні публікаваліся м. ін. у

Новы нумар / Novy numer

Папярэднія нумары

Усе правы абаронены; 2025 Czasopis
Social Media Auto Publish Powered By : XYZScripts.com