Pa prostu / Па-просту

  • Płacz zwanoŭ

    21. Samaabarona i śmierć Żyda Berszki (2)

    Savieckaje vojsko i pahraniczniki spaczatku ŭsich ludziej z hetych troch viosak vyvieźli za Śvisłacz na zborny punkt u Nieparożnicach. Zahadali im usio z saboju zabrać, szto tolko mahli ŭziać na furmanku. Pośle saviety mieli ich parassyłać dalej u Biełaruś. Raptam pryjszoŭ zahad, szto kali chto…ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Po pudlaśki / По-пудляські

  • Kinoman

    8. Kuneć sielanki

    Nocami z pod ramion krzyżów na rozdrogach sypie się gwiazd błękitne próchno chmurki siedzą przed progiem w murawie to kule białego puchu dmuchawiec Księżyc idzie srebrne chusty prać świerszczyki świergocą w stogach czegóż się bać (Józef Czechowicz, „Na wsi”, 1927) Jak mniê diś dumajetsie, dekada… ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

RSS і Facebook

Мой летні дзённік

Фундаменты недакончанай Іллём Клімовічам царкоўкі і „экуменічны міш-маш” там цяпер opencaching.pl, na-koncu-flesza.blogspot.com
Фундаменты недакончанай Іллём Клімовічам царкоўкі і „экуменічны міш-маш” там цяпер
opencaching.pl, na-koncu-flesza.blogspot.com

На пачатку летa патэлефанаваў Чэслаў Грыка, з якім пазнаёміўся я калісь падчас юбілею 70-годдзя агульнаадукацыйнага ліцэя ў Міхалове як намеснік тады бургомістра горада. Ён выдатны выпускнік гэтай школы – прафесар Галоўнай школы Сельскай гаспадаркі (SGGW) у Варшаве. Аказваецца, чытае Часопіс і сочыць за маімі даследаваннямі мінуўшчыны Вострава і рэгіёну. Рэкамендаваў мяне як эксперта і „адзінага стоража сапраўднай гісторыі родных ваколіц” свайму сябру Кшыштафу Вайцяхоўскаму. Гэта рэжысёр дакументальных пераважна фільмаў, цяпер ужо на пенсіі (яму ўжо 82 гады). У 1997 г. зняў амаль гадзінную „Гісторыю пра прарока Ілью з Вершаліна”. Цяпер з кінааператарам Пётрам Марэцкім на пару дзён прыехаў на Беласточчыну, каб павандраваць слядамі герояў і месцаў з гэтага фільму. Быў вельмі ашарашаны, калі на ўзгорку ў лесе каля Лішчаной на фундаментах недакончанай Іллём Клімовічам царкоўкі ўгледзеў „экуменічны міш-маш”. Патрабаваў, каб хтосьці паясніў яму, хто і чаму на гэтым намоленым праваслаўнымі месцы ўчыніў такую яго прафанацыю.

Па рэкамендацыі сябра прафесара Вайцяхоўскі патэлефанаваў мне, каб сустрэцца. Вельмі хацеў ён таксама пачуць выказванне Уладзіміра Паўлючука, які супрацоўнічаў з ім пры рэалізацыі таго фільма. Экуменічны перформанс на фундаментах пад Ілляшову царкву гэта запярэчанне мараў і планаў „прарока”, пра якія яму тады ён расказваў і што было выкарыстана ў сцэнарыі напісаным Мар’янам Пілётам.

З Вайцяхоўскім нашы дарогі аднак неяк размінуліся. Паспелі мы толькі некалькі разоў пагутарыць з сабою па тэлефоне. Я сказаў, што не здзіўляе мяне абурэнне рэжысёра. Я таксама (і не толькі я) рашуча не пагаджаюся, што былы крынскі надлесны – чалавек прыезджы – звыш дзесяці гадоў таму стварыў у Вершаліне. Насцягваў агромністых валуноў, на якіх вырылі праваслаўны ды каталіцкі крыжы, мусульманскі паўмесяц ды яўрэйскую зорку Давіда. Такая „монатэістычная святыня свету” гэта вялікае непаразуменне, не мае нічога супольнага з задумай Ільлі Клімовіча. А яшчэ з мастацкага пункту гледжання гэта проста „кіч”.

Прафесар Уладзімір Паўлючук як першы даследчык руху „прарока Ільлі” пэўна таксама не пагаджаецца з такой дзівоснай новай з’явай ў Вершаліне, але Вайцяхоўскаму так і не ўдалося з ім скантактавацца. Праўда, я перадаў нумар тэлефону, аднак папярэдзіў, што наўрад ці нешта з гэтага атрымаецца. Бо Паўлючуку ўжо 87 гадоў, з увагі на стан здароўя даўно ўжо са сваёй кватэры ў цэнтры Беластока нават не выходзіць, з нікім не кантактуецца, застаецца пад пастаяннай апекай дачкі.

На жаль, „монатэістычны храм свету” ў Вершаліне, хаця не мае нічога супольнага з гістарычнай праўдай, застанецца там пэўна ўжо на вякі. Мой аднавясковец, які працаваў пры яе „пабудове” расказваў мне, што тыя валуны ледзь на ўзгорак тады звалаклі. Агромністы трактар з надлясніцтва з Пачапка пад вялікім цяжарам заграз у багне і некалькі гадзін з стуль яго выцягалі. Прывярнуць папярэдні стан фундаментаў царкоўкі будзе ўжо немагчыма. Астаецца толькі пра гэта пісаць і прыпамінаць – найперш турыстам – што сапраўды на гэтым месцы было і мела быць. Нанова трэба і напісаць усю тую гісторыю „прарока”. Прафесар Паўлючук, які як першы ўзяўся за гэту тэму, зрабіў гэта на аснове перадусім аповедаў сваіх аднавяскоўцаў з Рыбалаў і жыхароў суседніх Канюкоў і Целушок. Там менавіта перад вайною найбольш было паклоннікаў Ільлі з Грыбоўшчыны, якія старылі нават філіял „секты”,  а насамрэч асобны яе адлам. Таму ў гэтых аповедах не ўся праўда, а шмат міфаў і перайначанняў. Паўлючук зрабіў з гэтага сенсацыю. Пасля тэму падхапілі яшчэ іншыя, пераважна з далёкага свету, якія з несамавітай гісторыі зрабілі проста насмешку.

Ну што ж, прыйдзецца самому напісаць сапраўдную гісторыю „прарока” Ільлі. Я пэўна ўжо адзіны, які ў змозе адчуць рэаліі тамтых часоў і вэрхал, што разгарнуўся ледзь дзве вярсты ад майго роднага дому ў Востраве. Праз гады накапіў надта шмат матэрыялаў, нашу ў сабе таксама аповеды пачутыя ад бацькоў і жыхароў наваколля. Здаўна маю ўнутраную патрэбу спісаць усё як было. Урэшце прыйшоў час за гэта ўзяцца. Каб толькі хапіла сіл і здароўя.

На пачатку ліпеня

Ізноў нечаканы тэлефон. На гэты раз пазваніла новая чытачка Часопіса. Аказалася, што яна мая зямлячка – з калёніі Слойка ў Шудзялаўскай гміне. Хтосьці перадаў ёй апошнія нумары Часопіса з маім аповедам – па-просту – пра Казіміра Казьмяровіча, „акоўца” з Казловага Луга. У ім згадваецца таксама асоба дзядзькі мужа чытачкі, Станіслава Кундзіча. Ён быў у той жа групоўцы што і Казьмяровіч, якая пасля вайны змагалася нібыта з камуністамі, але пры нагодзе ноччу абкрадала з усякага дабра сялян у навакольных вёсках. Пасля нападу на пастарунак міліцыі ў Шудзялаве УБоўцы яго злавілі. Атрымаў смяротнае пакаранне, быў расстраляны ў турме ў Вронках на Познаньшчыне.

За гэтым ужо правам чытачка з мужам дабіліся скасавання тамтога прыгавору дзядзькі. Аднак згоды на перапахаванне на шудзялаўскіх могілках так і не атрымалі.

Чытачка правяла са мною амаль гадзінную размову. Я зразумеў, што патрэбныя ёй новыя факты з падпольнай дзейнасці дзядзькі, каб перад судом поўнасцю ачысціць яго з абвінавачанняў. Чытачка спадзявалася, што такія маю. Была ўпэўнена, што ў мае рукі трапілі чыесьці ўспаміны, паколькі паводле яе надта скрупулёзна апісаў я гэтую гісторыю. Мой артыкул палічыла як палец божы, паколькі прачытала яго ў Зялёныя свёнткі, у дзень Паслання Святога Духа. Не магла паверыць, што напісаў я яго выключна на падставе матэрыялаў з ІПН, якія і яна пераглядала.

На канец размовы я звярнуў увагу, што мой артыкул быў на простай мове, а не па-польску. – Ale nam to wcale nie przeszkadza, my wszystko rozumiemy – сказала. Гэты артыкул, як аказалася, прачытала ўся сям’я, нават нейкі іхні сваяк у Лодзі…

28 ліпеня

На Уладзімера на могілках у Востраве. На свяце ў гонар князя, што хрысціў Русь з 988 г., а званне якога як праваслаўнага святога прысвоена тутэйшай царкоўцы, пабудаванай у 1907 г., сабралася даволі шмат народу. Пасля няпоўных двух месяцаў ад велікодных Провадаў бацюшкі зноў свянцілі магілы і разам з вернікамі маліліся за душы памерлых. Такі ў нас звычай.

Стаяла гарачае летняе надвор’е. Была нагода і сустрэцца са сваякамі і знаёмымі. З году ў год тут штораз менш вядомых мне твараў. Толькі за апошні час у маім Паўднёвым Востраве памерла звыш дзесяці чалавек. Іх хаты стаяць пустыя, шмат паселішчаў мае ўжо новых уласнікаў. Гэта пераважна прыезджыя – з Беластока, Варшавы… Цягам вякоў тут пераважалі праваслаўныя, якіх было тры чвэрці насялення. Яшчэ пасля вайны, за маёй ужо памяці, было ў нас пад сотню сяліб, з чаго каля васьмідзесяці праваслаўных. Цяпер дамоў, у якіх пастаянна яшчэ хтосьці жыве – 13 праваслаўных і 15 каталіцкіх.

На Уладзімера апрача мяне рэдка хто загаварыў па-просту. Але імёны ў кніжачках і на картачках „за упокой” людзі надалей часта пішуць па-руску. Вылоўлівае іх на здымках Адам Матышчык, які не прапускае амаль ніводнага царкоўнага свята на Сакольшчыне і свае рэпартажы змяшчае ў Інтэрнэце, між іншым на папулярным у павеце парталу iSokolka.eu.

– Адкуль Матышчыкі? – пытаю сімпатычнага хлопца, калі падыходзіць да маёй сямейнай магілы.

– З Сідэркі каля Дубровы-Беластоцкай, – адказвае.

З Адамам я крыху знаёмы. Магістра зрабіў ён па нейкай беларускай тэме. Калі абараніўся, неяк пятнаццаць гадоў таму, прыйшоў у рэдакцыю Часопіса, каб паказаць сваю працу. Размаўлялі мы, помню, па-польску. А вось цяпер з яго вуснаў пачуў я прыгожую крынічную простую мову. Крыху з сабою мы пагутарылі. Было вельмі прыемна.

Падышоў да мяне таксама Янак Казейка, родам з суседняга Вострава-Новага. Так як і я цікавіцца ён мінулым сваёй вёскі. Перадаў мне папку з ксеракопіямі гістарычнага нарысу між іншым пра нашы землі, а таксама картачку з невядомымі мне інфармацыямі пра героя кніжкі „Echa ostoi utraconej”. Ён дакладна яе прачытаў, успамінаючы тое што і сам пачуў ад бацькоў і дзядоў пра мінулае.

Гэтая кніжка, якую я выпусціў вясною, стала сярод маіх землякоў вельмі папулярнай, шмат каго зацікавіла. Паколькі апісаныя там асобы маюць зменены прозвішчы, атрымліваю просьбы, каб іх удакладніць. Напярэдадні Уладзіміера звярнуўся з гэтым у імэйлі да мяне акадэмічны выкладчык з Варшавы. Яго карані, вядома, згэтуль і цікавіцца сваім радаводам.

Хаця цяжка мне будзе ўдакладніць усе тыя прозвішчы герояў (не ведаю, ці дазволіў бы на тое, каб жыў, аўтар успамінаў), трэба будзе гэтым заняцца. На час лета з увагі на іншыя справы спыніў я крыху працу пры сайце Vostravo.pl, але ўжо з верасня пачну інтэнсіўна публікаваць там новыя матэрыялы. Планую між іншым і вандроўку слядамі герояў з кніжкі „Echa ostoi utraconej”.

6 жніўня

У Гарадку на новым беларускім фестывалі. Пачаўся дзень раней, у дажджлівае на жаль надвор’е. Таму і спярша на паляне ў Барыку сабралася няшмат людзей. Я слухаў трансляцыю на Радыё Рацыя. Запамяталася выступленне Паўла Латушкі і з яго вуснаў: „Верым, можам, пераможам!”.

На другі дзень крыху распагадзілася і дождж ужо не ішоў. У Барык прыехаў я, калі змяркалася. Адразу кінулася ў вочы, што публіка не надта вялікая і іншая чымсьці на Басовішчах. Ці бадай не палова гэта былі эмігранты з Беларусі, прысутнічала надта мала асоб з нашага асяроддзя на Беласточчыне і не было амаль нікога з Гарадка і наваколля. Прытым няшмат моладзі.

Праграма фестывалю Тутака была даволі насычаная і амбітная. Арганізатары на чале з Паўлам Станкевічам сапраўды напрацаваліся. Я толькі няўпэўнены, ці дыскусіі на сур’ёзныя – канферэнцыйныя – тэмы, напрыклад пра беларускія шанцы і пагрозы, у летнім пленэровым месцы гэта добрая думка. На шчасце была трансляцыя ў Інтэрнэце і многія маглі паслухаць выступленняў у хатнім зацішшы.

Першы выпуск Тутака (над прамоцыяй гэтага слова як маркі, пакуль мала гучнай, прыйдзецца добра папрацаваць, каб дараўняла назову Басовішча, якую ідэальна прыдумаў мой рэдакцыйны сябра Весек Харужы) паказаў, што фестываль мае быць не так для нас на Падляшшы, як для людзей з пакутнай цяпер Беларусі. Павел Станкевіч выказаўся недзе, што яго фундацыя мае намер яднаць духова нашу мяншыню з беларусамі за мяжою, будаваць пачуццю прыналежнасці да аднаго і таго ж народу. Ідэя вядома слушная і патрэбная, паколькі беларусы на Падляшшы не надта атаясамліваюцца з грамадзянамі Беларусі. І наадварот. Гэта відаць таксама сярод эмігрантаў, якія з намі мала нават кантактуюцца. Калі на гады зацягнецца іх жыццё ў Польшчы, наўрад ці захаваюць яны сваю аўтэнтычную беларускасць. І нават не таму, што ў большасці яны рускамоўныя, бо і мы ўжо двухмоўныя а то і цалкам польскамоўныя. Яны ўліюцца не ў беларускую з намі меншасць, але ў польскі народ. Вось з верасня іхнія дзеткі пойдуць у польскія школы і не чую, каб сярод іх узнікла ініцыятыва ствараць свае школкі, хаця б нядзельныя. Безумоўна, больш яны для свайго народа зрабілі б, каб засталіся ў сябе. Але і таму менавіта Лукашэнка выпхнуў іх з Беларусі.

У Барыку прысеўся я да Лёніка Тарасэвіча. Побач яго сядзела Анэта Прымака-Онішк, мая зямлячка з Кнышэвіч і яшчэ дзве дзеўкі – адна з-пад Гарадка, другая з Крынак. У пэўны момант узнікла дыскусія пра розніцы ў абедзвюх гмінах у культуры, сяганні да беларускасці. Крынчанка жалілася, што ў яе мястэчку няма такіх беларускіх імпрэзаў як на Гарадоччыне. Паводле яе прычынай ёсць розны менталітэт насельніцтва там і тут. Хаця гэта ж суседзі, то ўзаемна лічаць сябе крыху чужынцамі. Дзеўка тлумачыць тое мяжою, якая нібыта вякамі іх раздзяляла ў часах Вялікага княства Літоўскага. Я адразу вывеў яе з гэтай абсурднай памылкі. Бо тут усюды была Літва аж па Беласток. Паміж Крынкамі і Гарадком, праўда, калісь пралягала мяжа. Устанавілі яе пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай ў 1795 г. Трывала гэта аднак толькі дванаццаць гадоў – за коратка, каб сёння гаварыць пра паслядоўнасці гэтага ў жыцці грамадства, якое заўсёды найбольш яднала аднолькавая няпольская простая мова.

Тое, што цяпер людзі ў Крынках і Гарадку крыху розныя і мала з сабою ўжо кантактуюцца, гэта сапраўды віна межаў, але адміністрацыйных. Надта доўгі час, калі жывуць у розных гмінах, а нават паветах, сваё зрабіў. І яшчэ ў Крынках склад насельніцтва памяняўся ў выніку прыезджых. Спярша хлынулі сюды рэпатрыянты з Парэчча, а пасля ў васьмідзесятыя гады сотні рабочых з глыбіні Польшчы, якіх прыцягнулі пэгеэроўскія блёкі. Калі камуна ляснула, Крынкі пачалі маланкава абязлюджвацца і гэта трывае па сёння. Гарадок астаўся больш жывым, што мае сваё пералажэнне, вядома, і ў галіне культуры. Мяне найбольш баліць, што Крынкі папраўдзе гэта цяпер інтэлектуальная пустэча.

Лёнік, калі гэта пачуў, абурыўся. Факт, ёсць жа тут нават мастацкая галерэя, якую ён заснаваў у былым жыдоўскім доме. Ну і раз у год адбываецца славуты Трыялог, арганізаваны Фондам Віла Сакратас, якую ўзначальвае.

Але я меў на ўвазе тое, што мала хто з крынчан праяўляе наогул зацікаўленне культурай. Не бачу, каб хтосьці складаў вершы ці пісаў прозу. А пра інтэлектуала Сакрата Яновіча з Сакольскай вуліцы ўжо амаль усе тут забылі.

На Гарадоччыне, на жаль, таксама рэдка ўжо хто праяўляе пісьменную творчасць. А яшчэ дзесяць гадоў таму, калі быў я дырэктарам тамашняга дому культуру, існавала пры ім нават літаратурная група Каласы. Баліць мяне, што і там, як і ў маіх Крынках, вяне кіпячая некалі культура і традыцыя продкаў.

У канцы жніўня

Лукашысты ёсць і сярод нас. У мяне было шмат знаёмых, таксама ў сям’і, захопленых Беларуссю пад кіраўніцтвам Лукашэнкі. Але большасць з часам працірала вочы, глядзеўшы што сапраўды там адбываецца. І вось цяпер ізноў сустрэў я на Падляшшы паклоннікаў Аляксандра Рыгоравіча.

З некалькі сябрамі вырашылі мы правесці два дні ў прыгожай агра-сялібе пад Белавежай. Сужэнства ўласнікаў – так як мы, яны свядомыя беларусы – прыняло нас вельмі сардэчна. Правялі з намі вячэру перад нашым ад’ездам. За чаркай аднак замест сяброўскай бяседы зааранжавалі доўгую палітычную дыскусію. А на самай справе быў гэта маналог. Сужэнства, найбольш муж, выкарысталі нагоду, каб выкінуць з сябе эмоцыі і навязаць нам свае часам хворыя погляды на Беларусь і беларусаў на Падляшшы, таксама гмінны самаўрад, а нават польскую і еўрапейскую палітыку. Некалькі гадзін, да позняй ночы, пры стале безупынна даказвалі, які з Лукашэнкі супер-гаспадар, а ў Беларусі ўсюды парадак. Што ў Польшчы ў гмінах радныя лішнія, а ўрад у Варшаве найлепш разагнаць, а Еўрапейскі Саюз ліквідаваць. Ну, поўнае ашаломства. Погляды з Часопіса ім проста варожыя. Але яны, як мне падалося, наогул нічога не чытаюць, надта падатныя толькі на вулічныя плёткі ды папулісцкую прапаганду ў Беларусі, з захапленнем аглядаюць тэлеканалы з Мінска.

Нам не давалі нават дайсці да слова. Сваімі эмоцыямі высмоктвалі з нас энергію, бо так гэта дзейнічае. Раніцай ўсталі мы моцна расстроеныя.

Ну і вось, замест адпачыць у такім прыгожым месцы на ўскраю Белавежскай пушчы, я вярнуўся адтуль больш стомлены чымсьці пасля доўгага дня цяжкой фізічнай працы ў Востраве…

Юрка Хмялеўскі

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.

Календарыюм

Гадоў таму

  • ў красавіку

    980 – у 1044 г. пачаў княжаньне ў Полацку Усяслаў Брачыслававіч, званы Чарадзеем. Яго славутая дзейнасьць была апісана ў паэме „Слова аб паходзе Ігаравым”. 920 – у 1104 г. адбыўся вялікі паход кааліцыі князёў Кіеўскай Русі, арганізаваны Уладзімірам Манамахам на …ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Новы нумар / Novy numer

Папярэднія нумары

Усе правы абаронены; 2024 Czasopis