Мінска-магілёўскі архіепіскап Тадэвуш Кандрусевіч, які як мітрапаліт узначальвае каталіцкую Царкву ў Беларусі, у канцы жніўня быў вымушаны астацца ў Польшчы. Беларускія памежнікі не прапусцілі яго, калі праз Кузніцу – Брузгі вяртаўся з Варшавы ў Мінск. Раней як грамадзяніну Беларусі ўлады яму ўняважнілі пашпарт. Сталася так таму, што каталіцкая Царква ў Беларусі падтрымала пратэстуючых пасля сфальшаваных жнівеньскіх прэзідэнцкіх выбараў.
Мітрапаліт Кандрусевіч прытулак знайшоў на адной з каталіцкіх парафій у Бельску. 9 верасня сустрэўся ён з бурмістрам горада Яраславам Бароўскім, на яго запрашэнне. Бурмістр выказаў маральную падтрымку беларускаму грамадству, якое мірна змагаецца за праўду і справядлівасць у сваёй краіне. Госць расказаў пра сённяшнюю складаную сітуацыю ў сваёй краіне, выяўляючы некаторыя інфармацыі, пра якія пакуль медыі маўчаць.
17 верасня мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч маліўся – па-беларуску – за Беларусь у Орлі. Там католікаў няшмат і яны палякі, бо большасць жыхароў гэта праваслаўныя беларусы. У гэтай гміне, як адзінай у Польшчы, стаяць дарожныя знакі з польска-беларускімі надпісамі. У Орлі няма каталіцкага касцёла, вернікі моляцца ў прыстасаванай на гэта былой школе. Спецыяльна да імшы, якую ўзначаліў мітрапаліт з Беларусі, падрыхтавалі яны чытанне Евангелля і спеў на беларускай мове.