Pa prostu / Па-просту

  • Płacz zwanoŭ

    19.Szalony kamandant z Sannikoŭ

    Pośle taho, jak letam 1944 r. Krasnaja Armia prahnała ad nas hitleraŭcaŭ, z zaniatych viosak na front brali maładych mużczyn. Tak mabilizavali miż inszym Kola K. z Sannikoŭ – apuściełaj cipier vioski pad Krynkami, pamiż Kruszynianami i Szaciłami. Jon naradziŭso ŭ 1916 r. Za polskim…ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Po pudlaśki / По-пудляські

RSS і Facebook

Мінск – Варшава і беларусы ў Польшчы

З 11 па 14 лютага з чатырохдзённым візітам у Польшчы пабываў старшыня Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Міхаіл Мясніковіч. Гэта быў першы ад ажно 90-х гадоў візіт так высокага рангу прадстаўніка беларускай дзяржавы ў польскай краіне. Мясніковіч, які ў 2010-2014 гг. быў прэм’ер-міністрам, гэта цяпер афіцыйна правая рука прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі. Яго лютаўскі візіт у Польшчы гэта вынік новага разделу ў палітычных адносінах на лініі Варшава – Мінск, які запачаткаваў урад Права і Справядлівасці. Трэба напомніць, што апошнім часам Беларусь наведвалі папярэдні міністр замежных спраў Вітольд Вашчыкоўсі і маршал Сената Станіслаў Карчэўскі. Рэвізіт Мясніковіча планаваўся яшчэ восенню мінулага года, але па невядомых прычынах быў адкліканы.

 

Сімвалічным пунктам праграмы візіту было наведанне Залешанаў (Фота Радыё Рацыя)
Сімвалічным пунктам праграмы візіту было наведанне Залешанаў
(Фота Радыё Рацыя)

Польскі бок дамагаўся м.інш. уладкавання дзейнасці нелігітымнага цяпер Саюзу палякаў у Беларусі. Другі бок падымаў пытанне фінансавання Варшавай беларускай апазіцыі, тэлеканалу Белсат ды накіраваных на ўсход радыёвяшчанняў.

Дэкларацыя пра садзейнічанне беларускай дзяржавы захаванню тоеснасцi беларусаў у Польшчы была б больш надзейная, каб сама Беларусь была больш беларускай.

 

Старшыня Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у Варшаве сустрэўся з усімі вышэйшымі прадстаўнікамі польскай улады – прэзідэнтам, прэм’ер-міністрам, маршалкамі Сейма і Сената і міністрам замежных спраў. У размовах абмяркоўваліся галоўным чынам пытанні двухбаковага супрацоўніцтва ды сітуацыя польскай нацыянальнай меншасці ў Беларусі. Мясніковіч заахвочваў, каб польскі бізнес намнога больш інвеставаў у Беларусі чым цяпер. Дамагаўся таксама фінансавання ў галіне міждзяржаўнай бяспекі з фонадаў Еўразвязу і паглыблення еўрапейска-беларускага супрацоўніцтва ў рамках Усходняга партнёрства. Польскі бок найбольш дамагаўся ўладкавання дзейнасці нелігітымнага цяпер Саюзу палякаў у Беларусі ды адмены абмежавання для душпастырскай працы святароў з Польшчы ў беларускіх каталіцкіх парафіях.

Мясніковіч у адказ заступаўся за беларусамі ў Польшчы – так за нашай меншасцю, як і пражываючымі тут грамадзянамі Беларусі, дамагаючыся, каб за такую працу як палякі атрымоўвалі не меншыя за іх зарплаты. Неафіцыйна вядома, што разглядаючы адмен усё яшчэ жорсткіх палітычных адносін паміж Польшчай і Беларуссю, падымалася таксама пытанне фінансавання Варшавай беларускай апазіцыі, тэлеканалу Белсат ды накіраваных на ўсход радыёвяшчанняў. Польшча, мабыць, пайшла на нейкія ўступкі, бо якраз у час візіту стала вядома, што апазіцыйнаму парталу Хартыя 97, які пяць гадоў таму пераехаў у Варшаву, мае быць спыненае ажно ў пяць разоў фінансаванне з бюджэта поьскага МЗСу (за пасрэдніцтвам польскай Фундацыі міжнароднай салідарнасці, якая фінансуе яшчэ шмат іншых беларускіх апазіцыйных праектаў).

Характэрнае аднак тое, польскія сродкі масавай інфармацыі гэтаму візіту не прысвяцілі шмат увагі. У час пасяджэння Сената, на якое прыбыў Мясніковіч, прадстаўнікі апазіцыйнай Грамадзянскай платформы дэманстратыўна выйшлі з залы. „Нашай прысутнасцю не будзем легітымізаваць гэтага высокага прадстаўніка рэжыму Аляксандра Лукашэнкі” – так рашэнне патлумачыў сенатар Багдан Кліх.

Міхаіл Мясніковіч адзначыў падзякамі і дыпломамі шэраг асоб з беларускага асяроддзя Падляшша. Уручыў таксама народныя касцюмы калектывам з белліцэяў у Бельску і Гайнаўцы ды музею ў Студзіводах  (Фота Міры Лукшы)
Міхаіл Мясніковіч адзначыў падзякамі і дыпломамі шэраг асоб з беларускага асяроддзя Падляшша. Уручыў таксама народныя касцюмы калектывам з белліцэяў у Бельску і Гайнаўцы ды музею ў Студзіводах
(Фота Міры Лукшы)

Пасля Варшавы старшыня Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Міхаіл Мясніковіч наведаў нашае Падляшша. У Беластоку сустрэўся з маршалкам ваяводства Артурам Касіцкім і ваяводам Багданам Пашкоўскім. Падчас гэтых размоў абмярокоўваліся перадусім патанні памежнага супрацоўніцтва.

Сымбалічным пунктам праграмы візіту было наведанне Залешанаў, дзе Міхаіл Мясніковіч стаў на калена і пакланіўся перад крыжам, усталяваным у памяць ахвяр „Бурага”, памардавных узімку 1946 г. – „Бурага” ў ніякім выпадку нельга лічыць героем, яго салдаты – бандыты, – сказаў падчас сустрэчы з беларускай дэлегацыяй, якую арганізаваў бургамістр Кляшчэляў.

Міхаіл Мясніковіч стаў на калена і пакланіўся перад крыжам, усталяваным у памяць ахвяр „Бурага” (Фота Радыё Рацыя)
Міхаіл Мясніковіч стаў на калена і пакланіўся перад крыжам, усталяваным у памяць ахвяр „Бурага” (Фота Радыё Рацыя)

Апошнім пунктам праграмы быў „Беларускі вечар” у Падляшскай оперы і філармоніі ў Беластоку, дзе высокапастаўлены госць з Беларусі сустрэўся з прадстаўнікамі польскіх беларусаў. Пасольствам Беларусі ў Польшчы было запрошаных каля 200 чалавек. Міхаіл Мясніковіч выступаючы перад імі заявіў, што „супрацоўніцтва з беларусамі замежжа ў Польшчы атрымала новы імпульс” і абяцаў падтрымку Рэспублікі Беларусь у розных галінах. Што беларуская дзяржава будзе дапамагаць беларусам у Польшчы ў захаванні нацыянальнай тоеснасці, беларускай культуры і мовы.

Міхаіл Мясніковіч адзначыў падзякамі і дыпломамі шэраг асоб з беларускага асяроддзя Падляшша. Дыпломы (выпісаны міністрам інфармацыі яшчэ ў кастрычніку мінулага года) атрымалі м. інш. арганізацыя БГКТ, яе старшыня Ян Сычэўскі, намеснік Васіль Сегень, сакратар Валянціна Ласкевіч, дырэктар Бельскага дома культуры Альжбета Фіёнік, старшыня Рады Гайнаўскага павета, былы дырэктар Гайнаўскага белліцэя Яўген Сачко, галоўны рэдактар штомесячніка „Przegląd Prawosławny” Яўген Чыквін, старшыня Фонда імя князя Канстанціна Астрожскага Анна Радзюкевіч, старшыня беларускага літаб’яднання „Белавежа” Ян Чыквін.

Высокапастаўлены беларускі госць уручыў таксама падарункі. Беларускім ліцэям у Бельску і Гайнаўцы былі перададзены касцюмы для школьных калектываў. Народныя жаночыя і мужчынскія касцюмы атрымаў таксама Музей малой Айчыны ў Студзіводах.

У праграме сустрэчы не было размовы і пытанняў. Толькі рэпарцёры Радыё Рацыя у журналіскай размове закранулі пытанне акрэдытацый, якія ім забаронены. Міхаіл Мясніковіч быў гэтым здзіўлены, не ведаў, што такое пытанне наогул існуе. Параіў звярнуцца да яго з афіцыйным пісьмом, абяцаючы, што яго разгляне.

Міхаіл Мясніковіч заявіў, што супрацоўніцтва з беларусамі замежжа ў Польшчы атрымала новы імпульс і абяцаў падтрымку Рэспублікі Беларусь у розных галінах (Фота Міры Лукшы)
Міхаіл Мясніковіч заявіў, што супрацоўніцтва з беларусамі замежжа ў Польшчы атрымала новы імпульс і абяцаў падтрымку Рэспублікі Беларусь у розных галінах
(Фота Міры Лукшы)

Лютаўскі жэст высокапастаўленага прадстаўніка афіцыйнага Мінска да нас, беларусаў у Польшчы, безумоўна, быў важны. Намеснік старшыні БГКТ Васіль Сегень журналістам сказаў, што гэта „важны голас падтрымкі ў цяжкі для нас час”. Што канкрэтна меў на ўвазе віцэ-старшыня, невядома. Праблемы і клопаты беларускай меншасці ў Польшчы падчас сустрэчы амаль не падымаліся. Шкада, бо прысутныя прадстаўнікі польскай улады ў Беластоку лепш зразумелі б нашы цяжкасці і патрэбы.

Некаторыя ўдзельнікі сустрэчы з Міхаілам Мясніковічам заўважылі, што яго дэкларацыя пра садзейнічанне беларускай дзяржавы захаванню тоеснасцi беларусаў у Польшчы была б больш надзейная, каб сама Беларусь была больш беларускай. Бо, як сказаў дырэктар бельскага белліцэя Андрэй Сцепанюк, „мы не чакаем нейкай матэрыяльнай падтрымкі, больш духоўнай”.

Юрка Хмялеўскі

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.

Календарыюм

Гадоў таму

  • у верасні

    1040 – У 983 г. вялікі князь Уладзімір на чале дружын, аснову якіх складалі дрыгавіцкія і крывіцкія воі, рушыў супраць яцьвягаў. Армія перайшла па землях сёньняшняй Беласточчыны і паводле „Повести временных лет” як напісана „Въ лето 6491 иде Володимир на …ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Календарыюм / Kalendarium

Сёньня

  • (368) – 26 верасьня 1655 г. аблога й спаленьне расійскімі войскамі горада Пінска.
  • (50) – 26.09.1973 г. памёр у Канадзе Тарас Сайка, пастар баптыстаў. Нар. у 1906 г. у в. Ліпск на Піншчыне, дзе ў палове 30-ых гадоў узначаліў баптысцкую царкву. З 1950 жыў у ЗША ў Мінэаполіс. Ініцыятар перакладу Бібліі на беларускую мову.

Новы нумар / Novy numer

Папярэднія нумары

Copyright © 2023 Czasopis