Pa prostu / Па-просту

Po pudlaśki / По-пудляські

  • Waśkowa spowed’ (1)

    Nadworie Styczeń sioho roku buw tepły i niemorozny. W Ryhoruwciach uże po tradycji bołoto, zemla rozmerzła. W miastowych czerewykach rozmemłeny kaluży preskokowaty treba, kob bołotom botiki ne barzo pobrudyty. Abo wody w ich ne nabraty. Peredom ide mużczyna pożyły, zhorbiany, pałkoju podperajetsia i ide czerez… ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

RSS, Facebook i Telegram

Зорка соцрэалізіму

Мастак, якога не з’еў таталітарызм

У 1919-м, пачатку 1920-х гадоў многія расійскія культурніцкія дзеячы ўцякалі ад голаду і бальшавіцкага тэрору ў больш спакойную Беларусь. Некаторыя з іх, як напрыклад тэатральны рэжысёр і драматург Еўсцігней Міровіч, вывучылі беларускую мову і пакінулі значны след у жыцці нашай краіны. 

Гэта быў той унікальны і дастаткова кароткі перыяд, калі расіяне прыязджалі да нас не як „старэйшыя браты”, што з пагардай глядзелі на нашую культуру, а самі імкнуліся ўзбагачаць сваёй дзейнасцю беларускае мастацтва, тэатр, кіно, літаратуру.

Адным з такіх выбітных дзеячаў быў жывапісец Валянцін Волкаў, якому нядаўна ў красавіку было 145 гадоў са дня нараджэння.

У савецкія часы быў культавым, папулярным творцам. Сёння ягонае імя забытае, але ён варты таго, каб пра яго пісалі і вывучалі.

Да 39 гадоў ён быў малапрыкметным паслядоўнікам мастакоў-перасоўнікаў (вучыўся ў Пензскай мастацкай вучэльні пад кіраўніцтвам вядомага перасоўніка Кастуся Савіцкага, а затым у Пецярбургскай акадэміі мастацтваў – у знакамітага Паўла Чысцякова). Да рэвалюцыі ён сціплы рэаліст. Ад Савіцкага ў яго любоў да каларыстычна сціплых шматфігурных кампазіцыяў. Ад Чысцякова – выдатны, дакладны малюнак. Волкаў цудоўны прафесіянал, але без уласнага голасу. Крытыкі яго не заўважаюць. Праўда, ужо пасля бальшавіцкага перавароту, ён займаецца святочным аздабленнем Петраграда, займаецца адпаведнымі манументальнымі роспісамі, дзе мускулістыя матросы і рабочыя збіраюцца штурмаваць Зімні палац, але гэтая пачэсная праца не дадала вядомасці і нейкай творчай радасці. У горадзе было голадна, бальшавікі арыштоўвалі і расстрэльвалі не толькі ідэйных апанентаў, але і выпадковых мінакоў. Хацелася вырвацца з гэтага інфернальнага места. 

Усё памянялася ў 1919-м, калі аднагрупнік па Пецярбургскай акадэміі мастацтваў Міхась Эндэ запрашае Волкава ў беларускае мястэчка Веліж, дзе была адкрытая мастацкая школа, у якой Волкаў і пачаў працаваць выкладчыкам. 

Пачынаецца зусім іншае, больш стабільнае, сытнае жыццё. 

Мастак з ахвотай выкладае, піша маляўнічыя краявіды Веліжа, і, здаецца, так ціха спакойна ў яго і будзе працягвацца да канца дзён гэтае жыццё, але наступае 1923 год. 

Ізноў жа разам з Эндэ ды іншымі калегамі па Веліжскай мастацкай школе (сярод якіх вылучаўся легендарны скульптар Міхась Керзін, таксама выпускнік Пецярбургскай акадэміі мастацтваў) наш герой пераязджае ў Віцебск, дзе разам са сваімі сябрамі будзе выкладаць у Віцебскім мастацкім тэхнікуме. 

Гэты час супадае з палітыкай беларусізацыі, якая з найбольшай актыўнасцю пачынае заяўляць пра сябе ў Віцебску ў 1924-25 гадах.

Валянцін Волкаў разумее, што новая для яго, пакуль малавядомая беларусізацыя – гэта шанец творча праявіцца і ярка пра сябе заявіць.

Цяпер свае палотны і графічныя лісты ён падпісвае не „Волков”, а „Волкаў”, вучыць беларускую мову, знаёміцца з нашай літаратурай і гісторыяй, прымае ўдзел у шматлікіх краязнаўчых экспедыцыях; становіцца адной з зорак Першай усебеларускай мастацкай выставы (1925 г.).

Вось з гэтага моманту пачынаецца зорны час Валяніцна Волкава.

Калі ў Расійскай Імперыі ці ў бальшавіцкай Расеі ён быў мастаком другога ці нават трэцяга плана, то ў Беларусі ён стане творцам, які многае тут зробіць упершыню, апярэдзіўшы беларускіх жывапісцаў і графікаў.

Менавіта расеец Валянцін Волкаў першым у савецкай Беларусі напіша гістарычную кампазіцыю, прысвечаную Кастусю Каліноўскаму (у 1925 г.); быў першым, хто стварыў партрэт Максіма Багдановіча (1927 г.); прыняў удзел у конкурсе на лепшы дзяржаўны герб БССР і выйграў яго; быў першым, хто праілюстраваў кнігу Якуба Коласа „Савось-распуснік” (1936 г.); быў аўтарам першага жывапісна-манументальнага твора, прысвечана ўваходу савецкіх войск у Мінск, у ліпені, 1944 года („Мінск, 3-га ліпеня, 1944 г.”).

Ён здзіўляе сваёй фенаменальнай працавітасцю і жанравай разнастайнасцю. 

У Волкава аднолькава добра атрымліваліся партрэты (асаблівa файныя „Партрэт жонкі” (1929 г.), „Партрэт Якуба Коласа” (1936 г.), „Партрэт настаўніка беларускай мовы і літаратуры Міхася Малочкі” (1964 г.); ілюстрацыі да дзіцячых казак; краявіды (мастацтвазнаўца Мікола Шчакаціхін асабліва захапляўся ягонымі віцебскімі пейзажамі сярэдзіны 1920-х гг.).

Прыехаўшы ў Віцебск, Волкаў пачаў прыглядацца да ўсяго новага і актуальнага, і калі бачыў, што ў горадзе з’яўляецца філія першай беларускай літаратурнай суполкі „Маладняк”, то стварае „Партрэт Маладнякоўца”. Калі вясной-летам 1925-га ў Віцебск з гастролямі прыязджае БДТ-1 (пад кіраўніцтвам Еўсцігнея Міровіча), то, натхніўшыся спектаклем „Кастусь Каліноўскі”, піша згаданую ўжо намі карціну, а для лідара паўстання яму пазіруе выканаўца галоўнай ролі Уладзімір Крыловіч.

Калі ў 1929-м годзе Волкаў пераязджае ў Менск (гэта супадае з першай хваляй рэпрэсій, якія распачаў нядаўна прыйшоўшы да ўлады Язэп Сталін), то становіцца адным з яркіх прадстаўніком соцрэалізму, ствараючы ідэалагічна правільныя партрэты партыйных правадыроў (дарэчы, яшчэ ў 1926 годзе напісаў адзін з першых у БССР партрэтаў Леніна), займаецца манументальнымі роспісамі, дзе ўслаўляецца „Калектывізацыя” і „Індустрыялізацыя” (так былі названы панно Волкава, якія ён стварыў для памежнай станцыі Негарэлае ў 1930 г.).

Але, разам з тым, у адрозненні ад многіх іншых калегаў-соцрэалістаў (напрыклад, калі прыгадаць Яўгена Зайцава) Волкаў не раствараўся цалкам у хваласпеўных выявах „шчаслівай савецкай рэальнасці”. 

Яшчэ ў 1933 годзе ён малюе для маскоўскага выдання „Выбраных твораў” (1934 г.) Янкі Купалы падкрэслена трагічны, нечаканы для Волкава экспрэсіяністычны партрэт аўтара „Тутэйшых”. Гэтак жа трагічна-вострым, псіхалагічна-напружаным атрымаўся графічны партрэт Якуба Коласа, створаны ў 1936-м (час, калі пачыналася трэцяя хваля рэпрэсій).

Волкаву ўдавалася балансаваць паміж сапраўднай творчасцю і пафасам соцрэалізму. 

Ён бачыў як улада распраўляецца з тымі мастакамі, якія не хочуць падладжвацца пад савецкую рэальнасць. 

У 1937-м быў расстраляны віцебскі графік Яфім Мінін, знішчаны мастак Раман Семашкевіч, а Юдэль Пэн загінуў у сваёй майстэрні пры загадкавых умовах. Іншыя свабодалюбівыя творцы (як напрыклад, Міхась Філіповіч) былі вымушаны, ратуючыся ад рэпрэсій, з’ехаць з Беларусі. 

Пасля таго, як краіна была акупавана нацыстамі, Валянцін Волкаў не здолеў эвакуіравацца і быў вымушаны ізноў падладжавацца пад новыя рэаліі, малюючы партрэты нямецкіх афіцэраў.

Калі ў ліпені 1944-га вярнулася савецкая ўлада, то ўзнікла сапраўдная небяспека арышту, але тагачаснаму кіраўніку БССР Панцеляймону Панамарэнку былі патрэбныя жывапісцы, якія маглі б стварыць эпічныя палотны, дзе праслаўлялася перамога. Волкаў выдатна для гэтага падыходзіў. 

Каля адзінаццаці гадоў ён працаваў над адной з самых знакавых сацрэалістычных палотнаў пасляваеннага часу „Мінск. 3-га ліпеня. 1944 г.” 

Карціна Валянціна Волкава „Мінск. 3-га ліпеня. 1944 г.” (2,75 м на 5,265 м)
Карціна Валянціна Волкава „Мінск. 3-га ліпеня. 1944 г.” (2,75 м на 5,265 м)

Гэтая аграмадністая карціна (2,75 м на 5,265 м) напісана падкрэслена тэатральна і патэтычна. Тут было галоўнае не арыгінальная кампазіцыя ці нечаканае спалучэнне фарбаў, а – паказаць вялікае яднанне простага народа і мужнай савецкай, непераможнай арміяй.

За гэтую карціну Волкаў атрымаў 150.000 рублёў, званне Народнага мастака і ўсесаюзную папулярнасць. Гэтае палатно займела асобную залу ў Беларускім дзяржаўным мастацкім музеі, да яе вадзілі экскурсіі, рэпрадукцыі ўпрыгожвалі школьныя падручнікі.

Але зноў жа, нягледзячы на ўвесь гэты пафас, Волкаў не згубіў сваю творчую існасць. Да апошніх дзён з вялікай любоўю пісаў партрэты Якуба Коласа, Вітольда Бялыніцкага-Бірулі, Глеба Глебава, Янкі Купалы, Аскара Марыкса.

Па творах Валянціна Волкава можна вывучаць гісторыю і культуру Беларусі, яго ілюстрацыі да беларускіх казак захаплялі яшчэ зусім юнага Уладзіміра Караткевіча. Так, Волкаў умеў падладжвацца пад самыя розныя аўтарытарныя і таталітарныя сістэмы, працаваў пры Мікалаі ІІ, Леніне, Сталіне, Хрушчове, Брэжневе, але здолеў захавацца не толькі фізічна, але і творча.

У 1928 годзе ён стварае адзін з лепшых сваіх жывапісных твораў „Плытагоны”. Карціна дынамічная па кампазіцыі, кінематаграфічна-выразная, героі яе смелыя, вынаходлівыя, якія, кіруючы плытамі, не баяцца рызыкаваць, вытрымліваюць любыя выпрабаванні і робяць усё каб не загінуць, а пераадолець нечаканыя вірутныя павароты жыцця.

Такім быў і Валяніцн Волкаў.

Васіль Дранько-Майсюк

Календарыюм

Гадоў таму

  • у лістападзе

    685 – у 1341 г. войскі Вялікага Княства Літоўскага акружылі крыжацкую цьвердзь Баербург і прыступілі да яе здабыцьця. Падчас атакі загінуў вялікі князь Гедымін. 210 – 4.11.1816 г. у мястэчку Кублічы каля Лепеля нар. Арцём Вярыга-Дарэўскі (пам. у ссылцы ў Сібіры …ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Новы нумар / Novy numer

Папярэднія нумары / Poprzednie numery

Усе правы абаронены; 2026 Czasopis
Social Media Auto Publish Powered By : XYZScripts.com