Pa prostu / Па-просту

  • Płacz zwanoŭ

    21. Samaabarona i śmierć Żyda Berszki (2)

    Savieckaje vojsko i pahraniczniki spaczatku ŭsich ludziej z hetych troch viosak vyvieźli za Śvisłacz na zborny punkt u Nieparożnicach. Zahadali im usio z saboju zabrać, szto tolko mahli ŭziać na furmanku. Pośle saviety mieli ich parassyłać dalej u Biełaruś. Raptam pryjszoŭ zahad, szto kali chto…ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Po pudlaśki / По-пудляські

  • Kinoman

    8. Kuneć sielanki

    Nocami z pod ramion krzyżów na rozdrogach sypie się gwiazd błękitne próchno chmurki siedzą przed progiem w murawie to kule białego puchu dmuchawiec Księżyc idzie srebrne chusty prać świerszczyki świergocą w stogach czegóż się bać (Józef Czechowicz, „Na wsi”, 1927) Jak mniê diś dumajetsie, dekada… ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

RSS і Facebook

Нататкі карэспандэнта

Мае незабыўныя гады

У мяне незабыўны ўспамін пра дзейнасць гуртка Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Старым Ляўкове Гайнаўскага павета звыш 60 гадоў таму. Маю гадавікі „Нівы” і таму мае ўспаміны пра актыўных членаў гуртка і пра самадзейнікаў, якія шмат часу прысвячалі на культурна-асветную дзейнасць, будуць замацаваны зместам маіх артыкулаў і допісаў, надрукаваных на старонках беларускага штотыднёвіка ў канцы 1962 года і на працягу 1963 года.

Новае Ляўкова сёння Фота Янкі Целушэцкага
Новае Ляўкова сёння
Фота Янкі Целушэцкага

Падвечар аднаго з лістападаўскіх дзён у 1962 годзе пайшоў я ў святліцу ў Старым Ляўкове, дзе збіралася моладзь з Новага Ляўкова, Лешукоў, Ахрымоў, Падляўкова, Сушчага Барка і Капітаншчыны. Жыў я тады ў бацькоўскім доме ў Новым Ляўкове. Напісаў артыкул „Каму блізкае і дарагое…” („Ніва”, № 48, ад 2 снежня 1962 года):

„(…) Кіраўнік мясцовай школы Васіль Целушэцкі нечым вельмі заклапочаны, ён сёння мае выступаць на вечарыне, але мы разгаварыліся. Мяне цікавіла, што ён раскажа мне аб сваёй настаўніцкай працы сярод аднавяскоўцаў.

– Працую тут ужо трэці год, але ўжо вельмі палюбіў школу і зжыўся з насельніцтвам не толькі сваёй вёскі, – гаворыць кіраўнік, прагна зацягваючыся моцнай папяросай.

– Гэта няпраўда, што ў вёсцы няма сёння культуры, што гэта народ, які нічога не разумее і не ўмее ацаніць! – працягвае далей і на хвіліну аб нечым задумваецца. – Дзіўнымі здаюцца словы сяброў-настаўнікаў, што ў вёсцы нібы „няма дзе падзецца”, – прыгадвае педагог. – Вёска мае цікавую культуру. На прыкладзе сваёй вёскі заўважыў тое, чаго мо’ не заўважаюць другія. Летнімі святочнымі вечарамі не раз пачуеш у нас радасныя і сумныя гукі песні, якія кранаюць за душу, а іх спяваюць дзяўчаты і хлопцы, якіх гэтаму ніхто не вучыў.

У першыя гады маёй працы ў сваім асяроддзі мяне моцна хвалявала гэтае народнае самадзейнае майстэрства. І я падумаў дапамагчы моладзі. Я пачаў марыць і нават уяўляць сабе, як пачну працаваць з моладдзю, як пачну кіраваць ёю… І вось першы сход моладзі, да якога я так прыбіраўся. Калі сабралася моладзь, па-таварыску абмеркавалі першы крок нашай, можна назваць, мастацкай самадзейнасці. Распачалі ад вывучэння народных песень, ад танцаў. Ахвотнай моладзі сабралася шмат. Так пачалася наша супольная праца. Рэпетыцыі адбываліся даволі часта, а пераважна ў суботнія ці святочныя вечары, а потым некалькі разоў у тыдзень, а калі ўжо набліжаўся час нашага выступлення, то і часцей. Выступалі на ўрачыстасці ёлкі ў школе. Дзень гэты быў для нас самым вялікім і найбольш хвалюючым. Адбывалася нашае першае выступленне. Усе моцна хваляваліся, але… усё пайшло добра. Вынікі нашай працы належна ацаніла насельніцтва нашай вёскі і аколіцы. Гэта заахвоціла нас да далейшай працы. Міналі гады… І вось мы можам паспяхова ставіць беларускія п’есы, інтэрмедыі, выступаць з песнямі. На сваім ліку маем многа выступленняў у суседніх вёсках. Маем сваю святліцу, акардэон – узнагароду БГКТ з Беластока, касцюмы, а цяпер… у асенні час многа часу на працу над новым рэпертуарам, – расказаў кіраўнік ляўкоўскай школы.

– Цяпер апрацоўваем беларускія танцы, некалькі новых песень, да таго п’есу. Так выглядае наша жыццё. Але колькі радасці прыносіць настаўніку гэтая праца можа ведаць толькі той, каму яна блізкая і дарагая”.

А так прайшла адна з многіх вечарын, якія адбываліся ў вясковай святліцы ў Старым Ляўкове. 17 лютага 1962 года сабралася старэйшая моладзь і вучні старэйшых класаў пачатковай школы ў адзін з вечароў. Карэспандэнт „Нівы” напісаў такую заметку: „ (…) Была гэта першая забава, якую сарганізавалі вучні вечаровай сельскагаспадарчай школы. Перад пачаткам забавы старэйшых весялілі сваімі вершамі, песнямі і гумарэскамі вучні сямікласнай і вечаровай школы.

(…) Ды вось наш гарманіст, П. Кананюк, зайграў – паплылі гукі гармоніка. І вецер прыціх, заслухаўся: не спаборнічаць жа яму з такім майстрам. Зварушылася і моладзь. Пачаліся спевы. Гучныя галасы адбіваліся ад столі, запоўнілі залу. Сярод моладзі вылучаюцца галасы нашых самадзейнікаў. Яны прыгожыя і моцныя. Спяваюць песні і старэйшыя. Закружыліся пары.

Ужо позна. Вёска даўно патанула ў цішыні. Толькі з акон святліцы падае святло. Далёка ў завею ўрываюцца меладычныя гукі гармоніка. Маладыя сэрцы ў Старым Ляўкове не паддаюцца халодным подыхам зімовага ветру. Перамагае маладосць і песня!” („Ніва” № 10 ад 11 сакавіка 1962 года.)

3 лютага 1963 года ў „Ніве” (№ 5) быў артыкул „Дзейнасць гурткоў БГКТ на Гайнаўшчыне”. У ім адзначалася, між іншым, што:

„ (… ) У пачатку мінулага года на Гайнаўшчыне дзейнічала 21 аматарскіх мастацкіх калектываў. Некаторыя з іх праяўлялі сваю актыўнасць на працягу ўсяго года. Да гэтых калектываў належаць маладыя са Скупава, Старога Ляўкова, Чыжоў, Курашава і Койлаў. Калектывы з гэтых вёсак наладзілі па 12 – 16 выступленняў у аколіцы (…)”.

Мастацкія калектывы паспяхова дзейнічалі там, дзе ім дапамагалі перш-наперш настаўнікі. Прыгадваю мой чарговы допіс у „Ніву” – „Настаўнікі і моладзь” („Ніва” № 23 ад 9 чэрвеня 1963 года):

„Цяжка пераацаніць ролю мастацкай самадзейнасці на вёсцы. Яна дае магчымасць арганізаваць культурны адпачынак моладзі, садзейнічае згуртаванню калектыву, развівае пачуццё прыгожага. У Ляўкове з’яўляецца яна добрым стымулам у вучобе, бо ў нас больш 20 членаў мастацкай самадзейнасці, якія пасля 7-мі класаў пачалі працаваць на гаспадарцы, ходзяць на курсы сельскагаспадарчай падрыхтоўкі і ў хуткім часе будуць прымаць экзамены.

Настаўнікі Васіль Целушэцкі – кіраўнік школы ў Старым Ляўкове і Міхал Івацік – мясцовы педагог шмат дапамагаюць моладзі падняць мастацкую самадзейнасць на вышэйшы ўзровень. У маі г.г. моладзь уступіла ў гурток Беларускага грамадска-культурнага таварыства (БГКТ). Старшынёй з’яўляецца

Анатоль Несцярук. Ён патрапіў арганізаваць 23-асабовы гурток самадзейнікаў. У гурток уступіла моладзь Ляўкова і яго акалічных вёсак: Падляўкова, Ахрымоў і Капітаншчыны. Моладзь хоча працаваць і прыцягнуць яшчэ да сябе юнакоў і дзяўчат з Лешукоў.

На адным са сваіх сходаў моладзь выбрала для выступленняў камедыю „Міхалка”, падабрала ролі, паўтарыла словы і мелодыі прыгожых беларускіх і рускіх песень. Найбольш актыўнымі з’яўляюцца: Ірына Адамюк, Нюра Бачынская і Вася Ахрымюк з Ахрымоў, Ніна Халаловіч, Шура Адамюк і Лёня Харкевіч са Старога Ляўкова ды Лёня Максімюк з Новага Ляўкова. І так гурток ажыццяўляе сваю дзейнасць. Доўга на вечарах у святочныя дні плывуць у перапоўненым пахам чаромхі і бэзу паветры непаўторна мілагучныя парыўныя мелодыі песняў, задорныя гукі гармоніка і частушкі, журботныя мелодыі мандаліны ў руках Міхала Іваціка і жартоўныя прыпеўкі дзяўчат.

Часта моладзь пачала арганізаваць кароценькія супольныя патанцоўкі. Забыла пра нуду на вёсцы. Яна паспяхова прадаўжае далейшы этап развіцця мастацкай самадзейнасці”.

„13 жніўня 1963 года ляўкоўскія самадзейнікі выехалі надвечар у в. Масева (Гайнаўскага павета) з п’есай „Міхалка”, сваімі ўлюбёнымі песнямі на беларускай, польскай і рускай мовах, гумарэскамі і скетчамі –  гэтак пачынаў свой артыкул пад загалоўкам „Сяброўскі вечар” („Ніва” № 36 ад 8 верасня 1963 года) ніўскі карэспандэнт.

Самаход імчаў па шашы. Было весела і неяк хацелася спяваць. Не дзіва, што ўвесь час плылі адна за другой песні.

Масева сустракала зыркімі агнямі, што ліліся з вузкіх шыбін акон. Мілагучныя пералівы гармоніка плылі з-пад пальцаў акардэаніста Аляксандра Ляўчука і яны сцягнулі ў святліцу шмат людзей. Прыйшлі, не зважаючы на позні вечар, усе: старэйшыя, моладзь, дзеці. Зал быў запоўнены гледачамі, якія купілі білеты па 5 і 3 зл. Пачалося выступленне. Усім спадабаліся беларускія песні, якімі ляўкоўскія спевакі патрапілі падбіць сэрцы масяўчан. Трэба прыгадаць такія галасы, як Валі Саевіч і Марыі Рэент. Песні ў іх выкананні суправаджаліся заўсёды бурнымі апладысментамі.

Сярод моладзі ёсць многа талентаў, як Вера Рэент, у выкананні якой „Чорнае мора” і „Ручнік” зачароўваюць гледачоў. У дуэце выступаюць дзве сястрычкі: Марыся і Люба Адамюк. У іх выкананні перадусім рускія песні. Хор налічвае 25 асоб, і ўсё гэта дзяўчаты і юнакі з Ляўкова, Ахрымоў і Лешукоў.

П’еса ўсім спадабалася і тут нельга забыць аб новых талентах і добрай ігры перад усім Шуры Адамюка, Ірыны Адамюк і Анатоля Несцерука. Выступленне мастацкага гуртка працягвалася больш дзвюх гадзін. Затым адбылася супольная маладзёжная патанцоўка. Моладзь Масева і яго акалічных вёсак супольна гулялі да позніх гадзін ночы. Наладзіліся знаёмствы, размовы аб працы гуртка, аб новых выступленнях з гэтай вясёлай жыццярадаснай моладдзю”.

Вось такія мае ўспаміны пра мінулы час і цудоўную яго атмасферу. Той час і праз паўстагоддзя незабыўны.

Янка Целушэцкі

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.

Календарыюм

Гадоў таму

  • ў красавіку

    980 – у 1044 г. пачаў княжаньне ў Полацку Усяслаў Брачыслававіч, званы Чарадзеем. Яго славутая дзейнасьць была апісана ў паэме „Слова аб паходзе Ігаравым”. 920 – у 1104 г. адбыўся вялікі паход кааліцыі князёў Кіеўскай Русі, арганізаваны Уладзімірам Манамахам на …ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Календарыюм / Kalendarium

Сёньня

  • (161) – 26.04.1863 г. у Славенску каля Валожына ў сям’і праваслаўнага сьвятара нар. Яўстафій Арлоўскі, краязнавец, гісторык, пэдагог. Закончыў Пецярбурскі гісторыка-філялягічны інстытут (1885) і выкладаў гісторыю ў Гродзенскай гімназіі; дасьледаваў гісторыю Гродна і даказаў тоеснасьць яго з летапісным Городенем. Памёр 15.12.1913 г.
  • (141) – 26.04.1883 г. памёр Напалеон Орда, мастак і кампазытар (нар. 11.02.1807 г. у Варацэвічах на Піншчыне). Вучыўся ў студыі П. Жэрара ў Парыжы і ў Віленскім унівэрсытэце, удзельнічаў у паўстаньні 1830-1831 гг. Потым на эміграцыі ў Парыжы, з 1856 г. – у Варацэвічах, Гродне, на Валыні. Пакінуў па сабе архітэктурныя замалёўкі вёсак, маёнткаў, замкаў, палацаў, гарадоў Беларусі.
  • (38) – 26.04.1986 г. катастрофа на Чарнобыльскай Атамнай Электрастанцыі. Большасьць радыяцыі апала на тэрыторыі Беларусі – дзякуючы загаду савецкіх уладаў, самалёты савецкай арміі асадзілі хмары з атамным праменяваньням над беларускімі землямі.
  • (38) – 26.04.1986 г. наступіла трагічная катастрофа на Чарнобыльскай Атамнай Электрастанцыі, якая забрудзіля значную частку Беларусі.
  • (28) – 26.04.1996 г. у Менску адбылася масавая акцыя „Чарнобыльскі Шлях”, брутальна разагнаная АМОНам.

Новы нумар / Novy numer

Папярэднія нумары

Усе правы абаронены; 2024 Czasopis