Pa prostu / Па-просту

Po pudlaśki / По-пудляські

  • Waśkowa spowed’ (1)

    Nadworie Styczeń sioho roku buw tepły i niemorozny. W Ryhoruwciach uże po tradycji bołoto, zemla rozmerzła. W miastowych czerewykach rozmemłeny kaluży preskokowaty treba, kob bołotom botiki ne barzo pobrudyty. Abo wody w ich ne nabraty. Peredom ide mużczyna pożyły, zhorbiany, pałkoju podperajetsia i ide czerez… ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

RSS, Facebook i Telegram

Эпісталярый

Лісты Пятра Ластаўкі да Зоські Верас

Беларуская пісьменніца, мемуарысткі, публіцыстка, лексікограф, перакладчыца, асветніца, грамадская-культурная дзяячка і выдавец Зоська Верас (Людвіка Сівіцкая, 1892-1991) пражыла доўгае, хоць і не лёгкае жыццё. Яна сустракалася, сябравала і бачыла самых вялікіх асоб Беларусі ХХ стагоддзя. Свой першы твор пісьменніца апублікавала ажно ў 1907 годзе – усяго за два гады пазней за Янку Купалу, а аўтарам „Нашай нівы” стала ў 1911 годзе. Яна была знаёмая з Максімам Багдановічам, прымала ўдзел у арганізацыі Гарадзенскага гуртка беларускай моладзі ў 1909 годзе, яна выдавала часопісы для дзяцей „Заранка” і „Пралескі”, а для дарослых – месячнік „Беларуская борць”, які чыталі пчаляры ва ўсёй Заходняй Беларусі.

Гэта яна, Зоська Верас, у 1924 годзе выдала знакаміты свой „Беларуска-польска-расейска-лацінскі батанічны слоўнік”. І хоць будучая пісьменніца нарадзілася ў Падольскай губерні Украіны, бацька яе паходзіў з Гародні, а маці Эмілія Садоўская з Сакольшчыны, дзе ў асноўным і праходзілі яе дзіцячыя гады. „Ад наймалодшых гадоў кожнае лета я з маткай праводзіла ў Сакольшчыне, наведваючы часта і дзядоў у Гродне. Хоць удома гаварылі па-польску, бацька мой палякам сябе не лічыў. Лічыў сябе літвінам, у тым значэнні, як Адам Міцкевіч лічыў сваю бацькаўшчыну Літвой”, – пісала Зоська Верас у сваёй „Аўтабіяграфіі”.

Зоська Верас
Зоська Верас

Больш паўстагоддзя Зоська Верас пражыла ў сваёй гістарычнай хатцы ў Панарскім лесе каля Вільні. Мне пашанцавала у верасні 1987 года яе адведаць, пагутарыць, сфатаграфавацца на памяць. Карціны славутых мастакоў, фотаздымкі, кнігі, старая мэбля – усё там, здавалася, дыхала нашым родным, беларускім. Зосьцы Верас тады было 95 гадоў. Там, у лясной хатцы, пісьменніца нават падаравала мне сваю кніжачку „Каласкі” і падпісала: „Паважанаму Сяргею Чыгрыну на памятку сустрэчы. Вільня. 24.09.1987. Зоська Верас”. На вялікі жаль, у 1990 годзе (ці не знарок?) нехта спаліў яе лясную хатку, а праз год не стала і яе гаспадыні. Праўда, апошнія гады жыцця яна жыла ўжо ў сваёй дачкі Галіны ў Вільні. 

Зоська Верас усё жыццё ліставалася са сваімі знаёмымі і блізкімі сябрамі. Дзякуючы Міхасю Скоблу з друку выйшла яе эпісталярная спадчына ў дзвюх кнігах „Я помню ўсё” (Гародня-Уроцлаў, 2013) і „Пакуль рука пяро трымае” (Мінск, 2015). У гэтыя кнігі ўвайшлі лісты пісьменніцы да Дануты Бічэль, Адама Мальдзіса, Аляксея Пяткевіча, Міколы Таранды, Уладзіміра Ягоўдзіка, Ларысы Геніюш, Вячкі Целеша, Янкі Саламевіча, Алеся Белакоза, Валянціна Стэха, Сяргея Панізьніка, Аляксея Каўкі і іншых вядомых людзей Беларусі. Але тысячы яе і да яе лістоў яшчэ захоўваюцца ў розных архівах.

Пятро Ластаўка
Пятро Ластаўка

Ліставалася Зоська Верас і з беларусамі Польшчы. У Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва ў Мінску ў ф.218, воп.1, спр.84 адшукаў лісты беларускага грамадска-культурнага дзеяча з-пад Варшавы Пятра Ластаўкі (1907-1968), адрасаваныя Зосьцы Верас. Лісты былі напісаны ім у 1960-х гадах. Прапаную іх чытачам „Czasopisa”. Сёння яны друкуюцца ўпершыню.

Сяргей Чыгрын

3 кастрычніка 1966 года

Паважаная Грамадзянка!

У гэтых днях атрымаў ад грамадзяніна Шведа з аддзела Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Варшаве Ваша пісьмо ў якім цікавіліся адвакатам Адамам Бычкоўскім. Вось жа з беларускай калоніі міжваеннага перыяду з тых, якія ведалі Бычкоўскага на беларускім тут грунце, застаўся, паколькі мне ведама, толькі я адзін. Не ведаю, ці Вас зацікавіць дакладная дата яго смерці ці папросту напісаць некалькі слоў пра яго тут жыццё і грамадскую працу ў Варшаве?

Незалежна ад гэтага маю яго здымак недзе з тых жа гадоў, некралог ягонай смерці і рукапіс сцэнічнага твора пад загалоўкам „У сваты”, напісаны ў Гродне ў 1910 годзе.

Будзьце ласкавы падаць, што трэба, а я, адваротна, пастараюся гэта заладзіць.

З пашанай Пятро Ластаўка.

 

Мілянувак, 9 студзеня 1967 года

Паважаная Грамадзянка Л. Войцікава!

Даруйце, што так позна адказваю на ўсе Вашы пісьмы, але вось цяжка хварэў і прыйшлося зноў тры месяцы праляжаць у ложку. Калі ўжо мог гэта зрабіць неадкладна, што ведаю перасылаю, можа нешта выкарыстаеце.

Сямейнае жыццё Адама Бычкоўскага было добрае, толькі жонка яго была шавіністкай, таксама і дачку выхавала так, што ўсе сустрэчы з ім адбываліся па-за домам – у яго бюро ці ў горадзе. Таму пра яго смерць нікому з беларусаў не паведамілі і замкнулі ў сабе ўсе весткі.

Перадайце, калі ласка, шчырае прывітанне інжынеру Адольфу Клімовічу. Цешуся, што ён у Вільні і працуе над манаграфіяй беларускіх дзеячаў. Парайце яму, каб далучыў і варшаўскіх, такіх як Рамуальд Зямкевіч, Гальяш Леўчык – паэт, які памёр у 1944 годзе, а не застрэлены, як дзесь там было напісана, Язэп Гапановіч, Станіслаў Казура… Усе ужо не жывуць, а шмат працы ўлажылі дзеля развіцця беларускай культуры. Тут жылі, працавалі і памерлі, і весткі будуць найбольш праўдзівыя. 

На маю думку, варта было б можа паказаць і негатывы такіх асобаў, як Фабіян Акінчыц і Сяргей Сарока, якія былі падчас акупацыі на гэтым грунце і загінулі паводле іх заслуг.

Мяне, магчыма, прыпамінаеце з міжваеннага перыяду з прэсы. Я Ваша прозвішча там таксама неаднаразова сустракаў. Калі што патрэбна, то пішыце, у меру магчымасці адкажу і пастараюся хутка. Калі б пісалі да мяне, то будзьце ласкавы браць такі канверт, на які трэба наклеіць марку, а гэта дзеля таго, што я ў часе сваёй хваробы па прапанове лекара, каб супакоіць свае нервы, захапіўся філатэлістыкай. І вось няшчасце, цяпер гэта ў мяне ўвайшло ў прывычку. А калі маеце, то выражце з карэспандэнцый і пакладзіце ў канверт разам з пісьмом. Буду вельмі Вам удзячны. Даруйце, што турбую такой дробяззю.

Адносна кантакту з БГКТ у Беластоку, то я зусім блізкі. Увесь час быў у Галоўным праўленні, а апошнія гады з’яўляўся сябрам Прэзідыума. Думаю, што „Ніву” атрымліваеце і чытаеце. Адначасова Вам перасылаю.

Усяго Вам найлепшага – здзяйснення ўсіх намераў і шмат, шмат здароўя ў Новым 1967 годзе. Здымак Бычкоўскага на днях дашлю, аддаў зрабіць адбітак.

З пашанай Пятро Ластаўка.

 

Мілянувак, 15 студзеня 1967 года

Паважаная Грамадзянка Л. Войцікава!

Услед за пісьмом-успамінамі пра адваката Адама Бычкоўскага, дасылаю ў далучэнне два адбіткі яго здымкаў, якія захавайце сабе.

Адносна яго рукапісу сцэнічнага твора „У сваты”, арыгіналу здымкаў, ды іншых памятак, перашлю хіба ў архіў Гродна, дзе фактычна ён дзейнічаў у маладосці. Калі б друкаваныя Вашы ўспаміны Вы даслалі б мне, было б вельмі добра.

Ад шчырага сэрца ўсяго Вам найлепшага.

Адданы Пятро Ластаўка.

 

Мілянувак, 18 лютага 1967 года

Паважаная Грамадзянка!

Пісьмы ад 30 студзеня і 8 лютага 1967 года атрымаў. Маркі ў канверце таксама, дзякую шчыра. Шкада, што не пішаце, якія маркі цікавяць ці, якія патрэбныя – канкрэтна з якой серыі, але пасылаю пару штук.

Яшчэ раз адносна жаніцьбы. Вось жа ўсе маладыя, як калісь і мы, не бяруць гэтага пад увагу, але пазней гэта адгукнецца, хіба што зусім асоба асімілюецца, што часта здараецца на Бацькаўшчыне, а тым больш на эміграцыі. Жонкам і дочкам былых нашых дзеячаў я не здзіўляюся, бо беларускі надта схільныя да асіміляцыі. Не ведаю, ці ёсць сярод жанчын славянскіх народаў такія падатныя, як нашы? Можа я памыляюся, хацеў бы, каб так было. Найбольш адпорныя, то полькі. У іх нацыяналізм ператвараецца ў шавінізм. І гэта бяда. Ну, але на гэта няма рады. Наогул, сёння ёсць імкненні да дэнацыяналізацыі – чаму я анічуць не праціўны. Толькі ў тым бяда, што гэта дзеіцца ізноў коштам меншых і слабейшых народаў. І гэта баліць!..

Патрэбныя матэрыялы падрыхтую і буду перасылаць. Адбіткі Бычкоўскага і Леўчыка будзеце хутка мець.

Усяго добрага жадаю, асабліва многа, многа здароўя.

Пятро Ластаўка.

 

Мілянувак, 25 лютага 1967 года

Паважаная Грамадзянка Войцікава!

Перасылаю некалькі слоў пра Сяргея Сароку. Адначасова далучаю яго здымак з паховінаў у адкрытай труне. У нагах стаіць яго жонка з маленькім дзіцём на руцэ, а побач стаіць двое старэйшых: сын і дачка.

Калі казаць пра ўспаміны, то цікавяць мяне моцна „10 месяцаў у Варшаве”, бо я сістэматычна вяду хроніку беларускага руху ў Варшаве, як арганізацыйнага, так і паасобных асобаў, звязаных з рухам беларускім. Частку ўжо надрукаваў, а цяпер ізноў сёе-тое падрыхтаваў да друку.

Пакуль што скончу. Усяго найлепшага, прывітанне філатэлісту-ўнуку.

Пятро Ластаўка.

 

Мілянувак, 30 лютага 1967 года

Паважаная Грамадзянка!

Дзякую за пісьмо ад 15 і 24 студзеня гэтага года. Апошняе атрымаў сёння і зараз адпісваю. Цешуся, што мог хоць маленькім прычыніцца. Больш не мог пісаць, але, калі Вы ўжо так асабіста напісалі, то я дадам яшчэ, што жаніцьба Адама Бычкоўскага была няўдачная з боку нацыянальнага пытання, толькі што ён быў так высока інтэлігентны і не пазваў гэтага вонкі, але ўнутры моцна за ўсё перажываў. Хто ведае, і гэта пэўна прычынілася да смерці ў такіх маладых гадах. Зрэшты, 99% беларусаў ажэнены не з беларускамі – нешчаслівыя. Таксама і з жанчынамі…

Што ведалі Леўчыка і іншых, я не сумняваюся, але тэрміну і абставінаў смерці то хіба не знаеце. Пастараюся Вам ці інжынеру Клімовічу, хоць коратка, пераслаць, можа Вам спатрэбіцца.

Што датычыць Беластока. Гэта сёння з’явішча сустракаецца часта: знячуліца, неабавязковасць, зматэрыялізаванне, асэкуранства, а некаторыя стараюцца быць як найдалей тых людзей, якія за санацыямі жылі і працавалі ў адраджэнскім беларускім руху. Гэта сумнае з’явішча. Тычыцца гэта не толькі Вас, але ўсіх нас, старэйшых. Дзеля гэтага я Вас добра разумею.

Адносна майго здароўя. Вось жа я маю далёка заавансаваную „невыдольнасць кружэння”, а пры гэтым і страўнік дакучае. Але яшчэ не заламліваюся, берагуся. Восеньскія месяцы для мяне надта цяжкія, дзеля таго ляжаў. І так добра, бо два гады то вельмі цяжка хварэў. Цяпер ёсць паправа. Пачаў нават штодня па дзве-тры гадзіны працаваць у хаце, ведама, пішу. Рэшту часу прысвячаю паштовым маркам, якія даюць мне шмат задавальнення, адпачынку і не дазваляюць думаць пра хваробу і нягоднасці свету і людзей. Маркі паштовыя, штампаваныя можна перасылаць у канвертах разам з пісьмамі, вядома ж, не сотнямі і тысячамі. Маю тут знаёмых, якія атрымліваюць маркі з Савецкага Саюза. Для ўнука Вашага перасылаю ў пісьме 6 штук. Не ведаю, што яго цікавіць. Мікалаеўскіх царскіх марак я не маю, а толькі сучасныя, бо я нядаўна захапіўся філатэлістыкай. І то ў часе маёй хваробы па прапанове лекара, бо гэта мяне лечыць як лекі.

Перадавайце прывітанні, хто мяне ведае. Вам асабіста добрага здароўя і поспехаў, а ўнуку – шмат марак.

З беларускім прывітаннем Пятро Ластаўка.

Календарыюм

Гадоў таму

  • у лістападзе

    685 – у 1341 г. войскі Вялікага Княства Літоўскага акружылі крыжацкую цьвердзь Баербург і прыступілі да яе здабыцьця. Падчас атакі загінуў вялікі князь Гедымін. 210 – 4.11.1816 г. у мястэчку Кублічы каля Лепеля нар. Арцём Вярыга-Дарэўскі (пам. у ссылцы ў Сібіры …ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Новы нумар / Novy numer

Папярэднія нумары / Poprzednie numery

Усе правы абаронены; 2026 Czasopis
Social Media Auto Publish Powered By : XYZScripts.com