У 50-ыя і 60-ыя гады мінулага стагоддзя ў маёй роднай вёсцы Новае Ляўкова Нараўчанскай гміны сяляне гадавалі многа малочных кароў. А іх жа вясной, летам і восенню трэба пасвіць. Я з дзяцей убыў найстарэйшы ў сям’і і мне перш за ўсё прыйшлося быць пастухом. Мае бацькі гадавалі сем кароў.
З самой раніцы я пасвіў іх на прыдарожных равах ды за глыбокім ровам напрыканцы нашага поля. Бацькі будзілі мяне зараз пасля ўзыходу сонца. Часамі стаяў яшчэ туман, а росы яшчэ халодныя. У сонечны дзень праз дзве-тры гадзіны было ўжо цёпла. Пасвіў пару гадзін і прыганяў у хлеў. Пасля поўдня зноў на пасвішча да захаду сонца.
Помню аднаго разу мы з братам Кастусём пасвілі кароў у прыватным лесе вясковага каваля. Была ўжо восень. Каваль дазволіў нам пасвіць кароў непадалёк ад сваёй сядзібы. Дык пасвім мы на ўскраіне лесу, а ён побач парафіяльных могілак. Кастусь захацеў паглядзець на ваколіцу з высокага дрэва і давай лезці ўгару вышэй і вышэй. Раптам шугануў уніз па галінах. Я падбег і спытаў, што здарылася. Крыжы на могілках хістаюцца ў бакі, адказаў і быў перапалоханы. Хутчэй забіраем адсюль каровы. Пачакай, я палезу і пагляджу. Так сапраўды было. Мы за кароў і хутчэй дадому. На панадворку быў бацька. Ён спытаў нас, чаму рана прыгналі кароў. Толькі мы сказалі пра тое, што бачылі на могілках, а ён не паверыў і адпярэзвае раменны паясок. Пагоніце, пагоніце, сказаў. Мы без вас не пойдзем, запярэчылі мы. Пайшлі з каровамі назад, у лясок. Бацька ўзабраўся на тоўстыя галіны вольхі і паглядзеў у тым напрамку, куды мы паказалі. Злез ён з дрэва і пайшоў на могілкі. Калі вярнуўся, сказаў, хто там быў (гэта наш састарэлы сусед Лявонь). То ён выцягваў з магілаў драўляныя старыя крыжы. Мы супакоіліся.
Восенню, калі cяляне закончылі ўборку атавы, можна было ўжо пасвіць кароў на сенажатных лугах за рэчкай Баброўкай. Рэчка Баброўка – правы прыток ракі Нараўкі. Плыве яна побач даволі доўгай вёскі Новае Ляўкова і ўліваецца ў Нараўку ў канцы гэтага сяла. Баброўку відаць з акна майго дома. У далі за ёй плыве рака Нараўка і яшчэ крыху далей на гарызонце віднее Белавежская пушча. Шэсцьдзесят гадоў таму вельмі прыгожая была гэтая рэчка. Вада ў ёй была чыстая. Летам ішоў пах розных вадзяных раслін і набярэжных вербаў. Яна плыла паволі. На высокіх берагах раслі купчастья кусты чаромхі, каліны ды вялікія старыя вольхі. Месцамі раслі кусцікі чорных і чырвоньх парэчак.
Хаця Баброўка невялікая рэчка, але мела яна свае тайны. Мела глыбокія ямы і віры. Утапіліся запрэжаны да воза конь і фурман, які з усіх сіл намагаўся ратаваць каня. Між іншым вялізарнага шчупака ў глыбокай яме злавіў Анлрэй Пучынскі (ён расказаў мне пра вышэйзгаданую трагедыю чалавека і каня). У берагах з зараснікамі былі норы і ў іх хавалася вялікая рыба. Вялося ў Баброўцы сама менш сем відаў рыб. Плотак, акунёў, шчупакоў, уюноў і келбаў было процьма. А колькі было ракаў! Вясной на рацэ цвілі жоўтья гарлачыкі, а на берагах лотаць.
Летам касцы касілі лугі і ў пагодлівыя дні паветра было настоенае прыемным пахам сена. Лугі касілі летам i восенню. Кароў на сенажаці пасвілі пасля ўборкі атавы. Мы лавілі шчупакоў і ментузоў кошыкам або калыскай у якой нас – калі мы былі малечамі – калыхалі бацькі. Некаторыя вяскоўцы мелі прыхаваныя сеці або невады. Лавіць рыб імі было забаронена. Таму цягнулі сеці і сачкі падвечар ды далей ад дарогі.
Мінула пару гадоў такой аднаасобніцкай пасёнкі. Вяскоўцы пачалі кожны летні дзень ганяць сваю рагатую жывёлу на супольнае агульнае пасвішча далей ад сяла над ракой Баброўкай ды за вялікім лесам, які назвалі Плянтай. Вяскоўцы пасвілі па адным дню за кожную карову. Мы з братам цэлы тыдзень і потым па чарзе іншыя пастухі. Называлі гэта „калейкай”. Здаралася і так, што мы пасвілі і за суседзяў: за кожны дзень яны прыносілі нам кошык яблык. І наша мама тыя яблыкі сушыла. Зімой уся сям’я ела вараныя яблыкі і грушы і ўсе пілі салодкі смачны шчолак. Мама варыла кашу з сушанымі салодкімі грушамі. Смачная страва!
Летнія дні доўгія і часта спякотныя. Каровам дакучалі г. зв. бонкі і грозныя гезы. Каровы іх, а ўжо ж асабліва гезаў, баяліся і рабілі спробы ўцякаць у свой хлеў, ратавацца. Цяжка было нам іх – 50 і больш штук – утаймаваць. Нават у цяньку пад дрэвамі. Адзін раз так і ўцяклі з пасвішча пасярод дня. Узялі мы з сабой сабаку Тузіка і так ён нам дапамог. Яшчэ хутчэй пагнаў і каровы паднялі хвасты і шпарчэй паімчалі. Аднавяскоўцы былі незадаволеныя. Вось табе пастухі! Пасля поўдня зноў прыйшлося гнаць рагуль у Плянту, а гэта два кіламетры дарогі. Да ўсялякіх нягод мы прывыклі. Бывала, што засцігла нас з каровамі ў лесе навальніца. Тады кароў з лесу не выганіш, яны хаваюцца пад дрэвамі і стаяць як укапаныя. Мы не мелі пад чым схавацца ад праліўнага дажджу. Хто ў тыя гады меў парасон? Мы іх не бачылі. У грымотную буру бацька ішоў нам на дапамогу, накінуўшы на галаву саматканы салявы – так у нас называлі – мяшок. Нёс два мяшкі накрыцца і для нас.
Я і мой брат гады свайго дзяцінства часта ўспамінаем. Не былі яны бестурботныя і радасныя. Нашы бацькі цяжка працавалі, а мы былі іх памочнікамі. Жыхары нашай вёскі былі спакойнымі і мірнымі. Усе жылі дружна, калі было трэба дапамагалі адзін аднаму, між іншым, у сенакосную пару, у жніво, пры абмалотах або выкапаць бульбу. Так было.
Мы, дзеці, захапляліся навакольным светам. Гонім статак кароў у пагодлівы дзень на пасвішча, а паабапал дарогі рунеюць жытнёвыя разлогі. Лёгкі вецер паднімае і нясе жоўты туман па-над палеткамі. А ўжо і ўваходзім у лес. Тут заяц перабяжыць дарогу, а то яшчэ і вожык. Застукае дзяцел высока на дрэве. Было тады многа прыгожых старых галінастых сосен і я дагэтуль іх добра памятаю. Адна характарыстычная расла на жоўтапясчаным узгорку пры дарозе на ўскраіне лесу. Тут доўгі час ляжалі закапаныя ў ямках міны. Памятаю, як аднойчы прыехалі салдаты і іх паасобна ўзрывалі. Да міны падчаплялі кнот (lont) і хаваліся за стадолу Макара Марчука. На верхавінах высокіх елак звісаюць быццам ліхтарыкі маладзенькія чырвоныя шышкі. На палянцы поўна лясных кветак. У ліпні і жніўні ў Плянце мы збіралі жоўтыя пліскі, сыраежкі, краснюкі (чырвонагалоўцы) ды баравікі. Тады і дзень нам не доўжыўся. Якая гадзіна, мы ведалі па прыязджаючых пасажырскіх паяздах. Ездзілі яны пару разоў у дзень з Гайнаўкі ў Семяноўку і назад. Гадалі, якая гадзіна і па сонцу. Старэйшыя ляўкоўцы казалі па-руску: часы для красы, а время па солнцу.
Зараз мала хто гадуе кароў. Тыя лугі за лесам, дзе было г.зв. грамадскае пасвішча, не косяць. Там, дзе хто, бывае, скосіць, там статак зуброў пасвіцца. Эх, беззваротна прайшлі тыя гады. Асталіся толькі незабыўныя ўспаміны.
Янка Целушэцкі