На Провады на могілках у Востраве. Мінулі вось ужо чатыры гады ад смерці маці і дванаццаць, калі памёр бацька. Жылі доўга, больш як восемдзесят. Іх магілы, на якіх месцы спачываюць таксама мае дзяды і прадзеды, свянчу два разы ў год. Тыдзень пасля Вялікадня як цяпер і 28 ліпеня на свята князя Уладзіміра, што хрысціў Русь з 988 г., у якога гонар пабудаваная ў 1907 г. царква на нашых могілках.
Такі тут звычай, хаця даволі ранні. Яшчэ да сямідзясятых магілы бацюшка свянціў толькі раз у год, на Провады. Помню, няшмат тады было яшчэ памятнікаў такіх, як цяпер. Пераважна на магілах расла трава і стаялі высокія драўляныя крыжы, якія з гадамі рабіліся ніжэйшымі, бо з камля ў зямлі прагнівалі. Таму нашчадкам пасля трэба было знізу іх зрэзваць і нанава ўкопваць. Такія крыжы рэдка стаялі больш як сто гадоў, хаця зробленыя былі з масіўнага смольнага пушчанскага дрэва, якога ў сённяшніх лясах даўно няма і ўжо не будзе.
На даўніх могілках адчувалася сапраўдны супакой, належны памерлым. Густа раслі яшчэ ліпы, бярозы, сосны, якія давалі прыемны цянёчак. Дазваляла гэта засяродзіцца на малітве, задумацца.
Цяперашнія могілкі даволі штучныя – усюды падобныя і аднастайныя. Запоўнілі іх гладзенькія і бліскучыя помнікі з каменных пліт. Такі стаіць цяпер і па маёй сям’і. Адзіны з надпісамі па-беларуску, але на большасці яны ўжо польскія і дзе-недзе толькі яшчэ па-руску, прытым нярэдка з памылкамі.
Помню яшчэ той час, 40-50 гадоў таму, калі на Провады амаль не чуваць было польскай мовы. Працэс асіміляцыі пайшоў проста маланкава. Толькі бацюшкі яшчэ моляцца не па-польску, але няма гарантыі, што і гэта не зменіцца. Цікава, што польскамоўныя ўжо амаль усе вернікі ў кніжачках і на картачках „за упокой” імёны надалей часта пішуць па-руску.
Цяпер наведваюць магілы нашчадкі, якіх, вядома, у большасці я не ведаю, а іншых проста не распазнаю. Нават з майго пакалення, у тым ліку знаёмых з дзяцінства і маладосці. Цяжка кагосьці пазнаць, каго бачыш раз у год або і радзей. Мяне ведае і пазнае больш людзей (я ж таксама змяніўся з выгляду), нават калі я іх не. А гэта дзякуючы маёй актыўнасці як рэдактара, вядучага сайт Vostravo.pl і адміністратара востраўска-крынскай настальгічнай групы ў Фейсбуку.
На жаль, з кожным годам менш і менш такіх, з якімі на могілках магу паразмаўляць па-просту. Мяне, вядома, пры такой нагодзе найбольш цікавяць тутэйшыя продкі. Мае суразмоўцы аднак вельмі мала ўжо пра іх ведаюць, іх памяць і сямейныя пераказы канчаюцца не глыбей чымсьці 50-70 гадоў назад. Калі дзядоў яшчэ помняць, то ўжо пра прадзедаў мала што ведаюць. Малодшыя нават іх імён не распазнаюць на помніках.
Усё-такі пра нешта новае з мінулага наведваючы могілкі ўдаецца мне часам даведацца. Вось яшчэ перад Вялікаднем, калі прыбіраў я сямейную магілу, да суседняй падышлі дзве невядомыя мне жанчыны. Былі гэта маці з дачкою. Упарадкаваўшы сямейныя помнікі прыйшлі на свежую яшчэ магілу, у якой пахаваны мой старэйшы сябра Генё М. з нашай вёскі, што памёр у лютым ва ўзросце 70-ці гадоў. Аказалася, што жанчыны яго добра ведалі, сустракаліся з ім, калі прыязджалі наведаць суседні – апусцелы ўжо – дом, з якога паходзіць іхняя матуля-бабуля Люда. Яна выйшла замуж за Саколку, нарадзілася ў 1939 г. у сям’і таксама Хмялеўскіх, хаця з імі ўжо мы не сваячыліся.
Нябожчык Генё пра суседку Люду мне згадваў. Праз дачку, калі была ў Паўднёвым Востраве, перадаў ёй выдадзеную мною тры гады таму кніжку з успамінамі і гістарычным нарысам пра нашу вёску. Жанчыны на могілках сказалі, што быў гэта для яе цудоўны падарунак. Бабуля яшчэ, аказваецца, адчувае сябе даволі добра. Аднак, каб наведаць родны дом, прыезджае рэдка і без ахвоты. Бывала, сядзе ў Востраве на сходах перад дзвярыма і плача. Пасля амаль ужо васьмідзесяці гадоў надалей перажывае вялікую трагедыю, якая здарылася ў сакавіку 1946 г. Тады банда смяротна параніла яе бацьку.
Тая страшная падзея ў памяці вастраўлян засталася надоўга. Падрабязнасцей людзі аднак не ведалі, або баяліся пра гэта расказваць. Мне ўдалося сабраць крыху інфармацый пра жыццё і смерць майго далёкага сваяка.
Быў гэта Сцяпан Хмялеўскі, сын Піліпа. Яго дзед і мой прадзед былі роднымі братамі. Сцяпан нарадзіўся ў 1896 г. Падчас І сусветнай вайны ваяваў ён у 447-м пяхотным Белгарадскім палку. 25 чэрвеня 1917 г. пад Уралам захварэў на цынгу-шкарбут і быў шпіталізаваны. Пасля бальшавіцкага- перавароту вярнуўся з Расіі ў родную вёску. З часам завёў сям’ю. Меў трое дзяцей – двух сыноў і дачку Люду.
Сцяпан і яго сям’я перажылі наступныя бурлівыя падзеі ХХ стагоддзя, перыяд савецкай улады і пасля нямецкую акупацыю. Калі летам 1944 г. Чырвоная армія паперла гітлераўцаў на захад, пасля фронту на палях валялася шмат зброі. Дзеці з вёскі знаходзілі карабіны, пісталеты, у агонь кідалі порах і боепрыпасы. У выніку такіх небяспечных гульняў загінуў старэйшы сын Сцяпана.
Не прайшло двух гадоў, як у сям’і здарылася наступная трагедыя. На пачатку сакавіка 1946 г. у вёсцы з’явілася банда „акоўцаў”. Не былі гэта аніякія хвалёныя сёння „выклятыя жаўнеры”, а звычайныя бандыты – жыхары бліжэйшых вёсак, якія ноччу са зброяй ў руках рабавалі маёмасць мясцовых сялян. Паражнілі куфры, кралі адзенне і сала (таму часам называлі іх „сланіннікамі”). Былі яны пераважна каталікамі, а рабавалі праваслаўных.
Той няшчаснай ноччу іх правадніком у Паўднёвым Востраве быў мясцовы католік, які паказваў праваслаўныя дамы. Калі падышлі да хаты Сцяпана, той і не думаў іх упускаць, заблакаваў сабою дзверы знутры.
– Сцяпан, адчыні, бо будзе бяда! – крыкнуў праваднік.
– Не адчыню, няхай застрэляць, а не адчыню! – адказаў Сцяпан.
Тады адзін з бандытаў, доўга не чакаючы, секануў серыяй з карабіна па дзвярах. Адна ці дзве кулі дасягнулі Сцяпана, але пакуль не смяртэльна.
Паводле іншай версіі бандыты спачатку адступілі і пайшлі рабаваць наступны дом.
– Co on będzie się tu nam stawiał! – нібыта па дарозе сказаў адзін з бандытаў. – Wracajmy!
Цяжка параненага Сцяпана сям’я хутка адвезла фурманкай у шпіталь у Саколцы. Там апераваў яго хірург Мароз. Так – на простай мове – людзі ў маім Востраве запамяталі прозвішча лекара.
Пасля аперацыі пацыент пачаў павольна папраўляцца. Неўзабаве два мужыкі з Вострава паехалі ў панядзелак у Саколку на базар. Наведалі і Сцяпана ў шпіталі. Вярнуўшыся, расказалі, што ўжо нядрэнна сябе адчуваў. Распавялі, што на размову ў свой кабінет узяў іх хірург і падрабязна распытаў пра крывавае здарэнне ў вёсцы.
Праз некалькі дзён з Саколкі паведамілі сям’ю, што Сцяпан памёр.
Усяляк пазней у вёсцы людзі гаварылі. Некаторыя падазравалі, што доктар супрацоўнічаў з узброеным польскі падполлем і спрычыніўся да гібелі хворага, каб той нічога не раскрыў падчас следства.
Памёр Сцяпан Хмялеўскі 10 сакавіка 1946 г. Яму было 50 гадоў. Так напісана на помніку на могілках.
Я спрабаваў устанавіць, ці ў той час у шпіталі ў Саколцы сапраўды працаваў хірург з прозвішчам Moroz або Mróz. Але ніяк мне гэта не ўдавалася. І вось цяпер тыя жанчыны на могілках сказалі мне, што тым лекарам быў Wacław Mróz. Я яшчэ раз адчыніў інтэрнэт-пошук на старонцы Інстытута нацыянальнай памяці і ўпісаў гэтыя два словы. Урэшце натрапіў на правільны след. Сапраўды лекар з такім імем і прозвішчам пасля вайны працаваў у Саколцы. Захаваліся матэрыялы судовай справы за яго кантакты з падполлем. Абавязкова мушу іх праглянуць, хаця ведаю, што не знайду там ніякіх доказаў на акалічнасці трагічнай смерці майго далёкага сваяка. Магчыма толькі, што натраплю на нейкія прыкметы.
Юрка Хмялеўскі, Галоўны рэдактар