4 лістапада.
Наколькі не памыляюся – гадавінны дзень (вечар), калі акрэслілася на ўсё жыццё маё чуццё кахання. Кіра. Нядаўна памерла яе маці. Каханне да Кіры ненатуральнае! Я, Ада Чачуга хацелі перадаць ёй кніжкі для Яні („Зорка”), яна ў ГДР. Потым зайшлі Ніна з Рудчыкам, потым – Валодзька Паўлючук з Юркам Туронкам.
Сёння пасяджэнне Прэзідыума ГП БГКТ з удзелам Мікульскага, сакратара ВК ПАРП і сенсацыя нечуваная – Мікульскі ідзе на максімальнае развіццё выдавецкай дзейнасці БГКТ! Няўжо гэта рэакцыя на мае абвінавачванні яго ў антыбеларускай дзейнасці? Думаю, што недалёкі я праўды. А мо гэта спроба ізаляцыі мяне?

З архіва Інстытуту нацыянальнай памяці (IPN)
6 лістапада.
Дзень народзін Ярка. Учора паслаў пісьмо Варашыльскаму, трэцяе. Даў у ім далейшую характарыстыку маёй сітуацыі і адчуванняў.
Думаю, што няма сэнсу ўдзельнічаць мне ў літаратурным конкурсе на 15-годдзе БГКТ.
Учора даведаўся я (па тэлефоне) ад Ст. Казака з друкарні, што Зянюк забараніў нават датыкацца мне да будучага „Беларускага календара” на 1971 год. Загадаў разваліць друкарскі шрыфт маёй п’ескі „Старыя”. Свіння! Што вінавата дзіця маё, п’еса мая?! Спрабую цераз Валю Жэшка уратаваць хоць „адбітку” маіх „Старых”…
Сёння выпісаў на цэлы год „Полымя”, „Бярозку” і „Вясёлку”. Застаюся без работы.
7 лістапада.
Быў у друкарні, у Валі Жэшка, паглядзець, што чаўпуць з „Календаром”. Усюды маё прозвішча мае быць выкінута. Пад рэпартажам пакінуць толькі ініцыялы („Вандраванні да пяці рэк”). Зянюк ахвотна выкінуў бы ўсё маё, але ўсё такі запозна: задорага гэта каштавала б. Маё прозвішча, як рэдактара „Календара”, будзе выкінута. Валя дала мне „адбітку” „Старых”, і прасіла нікому не казаць. Зянюк прыпамінаў Валі, каб не кантактавала са мной, не дапускала мяне да работы. Валя сказала, што на маё месца ў „Ніве” думаюць запрасіць або М. Канапацкага, або М. Гайдука (з Бельска).
Атрымаў пісьмо ад Аляксея Пяткевіча з Гродна. Упамінае ў ім аб тым, што выслаў мне зборнік дакладаў, дзе між іншым скарыстаны і мае меркаванні наконт некаторых польскіх пісьменнікаў. Цікава, што гэта?
Каля 19 гадзін прыйшоў на кватэру ўчастковы міліцыянер і пісаў персанальныя дадзеныя, між іншым ці маю сваякоў на Захадзе. Здаецца, пра тое пытаў і ў суседзяў, між іншым, у Дземянюкоў, што чула мімаходзь Таня. Казаў, што робіць гэта па загадзе гарадской камендатуры міліцыі. У чым справа?..
8 лістапада.
Нядзелю, да паўночы, прасядзелі над карэктай „Беларускага календара” на 1971 год. Нават Ярак дапамагаў.
9 лістапада.
Эдвард Рэдлінскі быў дома. 18.30 гадзін. Распачаў аб сваім выступленні на сходзе SDP. Гэта быў кулак праўды паміж вачэй. Мікульскі ўзбураны, чаму дапусцілі Рэдлінскага ў праўленне SDP! Прапанаваў яго Паўлючук Валодзька. Мікульскі крычаў: „Дзе былі партыйныя!? Трэба было асадзіць Рэдлінскага! Я не дарую!”. Лаяў галоўных рэдактараў рэдакцый. У вачах мільганула апазіцыя: Рэдлінскі – я – Паўлючук (адзіны, які яшчэ на іх хлебе, ВК ПАРП).
Сёння напісаў пісьмо Аляксею Пяткевічу ў Гродна. Апісаў гісторыю даносу Амільяновіча.
10 лістапада.
Рэдлінскі лічыць, што яго знішчылі б зусім, каб маглі б, мяне – не, бо іграе тут нацыянальны момант. Мікульскі лічыць, што я абавязкова мушу мець работу.
Палітыка завастраецца – людзі думаючыя робяцца небяспечнымі ўладам. Візіт міліцыянта меў на ўвазе ўстанавіць, ці не маю сваякоў на Захадзе… Сядзеў у мяне доўга, каб дазнацца, хто да мяне заходзіць…
Сёння напісаў пісьмо Валкавыцкаму, падаючы, як павінна выглядаць апінія маёй працы. Ён баіцца пісаць што-кольвек пазітыўнае. Але мусіць! Я раіўся ў гэтай справе ў прафсаюзах.
13 лістапада.
Гутарыў з цесцям, які, звольнены з бальніцы, адразу зайшоў найперш да мяне. Чытаў усе дакументы і адобрыў. Я чытаў яму стэнаграму выступлення Аляксея Карпюка ад 13 мая 1966 года на V з’ездзе СП Беларусі.
Сёння нарэшце атрымаў ліст ад Варашыльскага! Упэўніў мяне ў тым, у чым я пераконваў сябе. Прытым, ліст бяспечны… Ствараю зацішша!!
17 лістапада.
Досыць моцна працую над „Жыццём і ўчынкамі Андрэя”. Думаю назваць іначай – „Паталогія бюракратыі” (гэта ад чытання „Фізіялогіі шлюбнага жыцця” Бальзака).
У нядзелю, 15.11. паслаў Валкавыцкаму ліст, у якім прашу вярнуць мне ўсё літаратурнае маё, што знаходзіцца ў ягоных руках. Паўлючук сказаў мне у час вядомай сустрэчы ў маім доме, што праўдападобна нічога майго не будуць друкаваць і то доўга.
Ужо тыдзень, а то і меней, як закончыў я пісаць непрэтэнцыёзную камедыйку вясковым гурткам – „Сынок”. Разам будзе тры: „Люцынка-інжынерка”, „Старыя” і „Сынок”. Дзве апошнія – неапублікаваныя.
Ад сёння пастанаўляю: публікаваць толькі з паданнем года, а то і даты напісання.
18 лістапада.
Снілася, што знішчаюць мяне згодна з усімі правіламі палітычнага глуму дарэшты (арышты, веча, і г.д.).
Напісаў дзелавое пісьмо Літвінюку (В.-А.).
19 лістапада.
У 11 гадзін прыйшоў Кастусь Майсеня – прабыў да 13 гадзін. Я пазнаёміў яго з цэлым камплектам дакументаў маёй справы ў ВКПК ПАРП (Кірылюка). Цялушэцкі замест мяне!
Да ночы чытаў успаміны маршала Жукава.
(Працяг будзе)
Падрыхтаваў Сяргей Чыгрын











