Амаль год таму адной з вуліц у Беластоку тагачасная рада горада галасамі радных ПіС прысвоіла імя маёра Зыгмунта Шэндзеляжа „Лупашкі”. Такое рашэнне выклікала абурэнне беластачан, найбольш праваслаўных і беларусаў. Як удакладнілі гісторыкі, „Лупашка” адказны за пацыфікацыю ў траўні 1945 г. дзвюх беларускіх вёсак, Патокі ў гміне Міхалова і Вілюкоў у гміне Дубічы-Царкоўныя. Ён і яго брыгада забілі па меншай меры 81 асобу – мірных жыхароў, у тым ліку дзяцей, жанчын і старых.
Таму перад кастрычніцкімі самаўрадавымі выбарамі кандыдаты на радных Беластока ад Форума меншасцей Падляшша заявілі, што калі будуць абраныя, падымуць ініцыятыву скасаваць гэтую балючую назву вуліцы. Падтрымліваў іх тады прэзідэнт горада Тадэвуш Трускаляскі, які кандыдаваў на чарговы тэрмін.
Пасля выбараў уладу ў Беластоку пераняла Грамадзянская кааліцыя, у якой апынулася пяцёра праваслаўных радных. Таксама Тадэвуш Трускаляскі зноў быў абраны прэзідэнтам горада. А ўказальнікі з назвай вуліцы „Лупашкі” няспынна былі замалёўваныя ананімнымі асобамі. З’явіліся там надпісы тыпу „Лупашка – злачынца” (па-польску).
І вось на пачатку сакавіка падляшскі дэпутат Сейма Кшыштаф Трускаляскі выступіў з заклікам да гарадскіх радных, каб урэшце памянялі кантраверсійную назву вуліцы. Даў ім на гэта час да канца красавіка, у іншым выпадку пачне эбор подпісаў жыхароў.
З падобнай ініцыятывай, прымеркаванай да Міжнароднага дня жанчын, выступілі беластоцкія актывісткі Агульнапольскага страйку жанчын. Сабралі яны звыш 400 подпісаў, каб перайменаваць вуліцу „Лупашкі” ў 100-годдзя правоў жанчын.
У адказ польскія нацыяналісты сабралі звыш тысячы подпісаў, каб назву вуліцы „Лупашкі” не мяняць. Падтрымалі іх у гэтым старшыня ПіС на Падляшшы дэпутат Сеяма Дарыюш Пянткоўскі і намеснік міністра цыфрызацыі Адам Андрушкевіч, таксама дэпутат Сейма, які раней узначальваў на Падляшшы нацыяналістычную арганізацыю Усяпольскую Моладзь, якая арганізуе м.інш. славутыя маршы „выклятых жаўнераў” у Гайнаўцы.
Да гэтага 16 сакавіка ў ваяводскай управе ў Беластоку прайшла сустрэча „Маёр Зыгмунт Шэндзеляж, псеўданім „Лупашка” – гісторыя праўдзівая”. Патранажам абняў яе ваявода Багдан Пашкоўскі. З дакладамі выступіла двух гісторыкаў з Інстытуту нацыянальнай памяці ў Варшаве, якія даказвалі, што „рэпрэсіўныя дзеянні „Лупашкі” ў траўні 1945 г. у Беластоку ў дачыненні да беларусаў на Беласточчыне гэта форма барацьбы за незалежны быт Польшчы”.
Ад запрашэння да ўдзелу ў сустрэчы дэманстратыўна адмовіліся дэпутат Сейма Кшыштаф Трускаляскі ды старшыня Беларускага гістарычнага таварыства праф. Алег Латышонак.
Як сказаў журналістам гарадскі радны Беластока Стэфан Нікіцюк, які прадстаўляе Форум меншасцей Падляшша, пытанне змены назвы вуліцы „Лупашкі” ёсць у плане працы рады горада, але канкрэтнага тэрміну яшчэ няма.
Юрка Хмялеўскі