Сёння на могілках у Баброўніках пахавалі матулю Лены Глагоўскай – Сафію Казлоўскую з Ярылаўкі. Соня, як яе называлі ў вёсцы, жыла доўга, памерла на 92-ім годзе жыцця. Я яе бачыў ўсяго пару разоў, калі па рэдакцыйных справах заязджаў у Ярылаўку да Лены, якая жывучы ў Гданьску надта часта бывае ў родным доме. Запамяталася мне як ветлівая і сімпатычная бабуля.
Развітацца з матуляй Лены паехаў я з Веськам Харужым і сяброўкай з „Нівы” Ганнай Кандрацюк-Свярубскай. На пахаванне зышлося даволі шмат людзей – радня, суседзі і знаёмыя з Ярылаўкі, Коматаўцаў, Гарадка, Беластока, Гданьска і нават з Беларусі. Ля труны ў хаце было многа развітальных вянкоў, мы прынеслі каляровы букет свежых свойскіх кветак. Гэта была мая думка, бо пластмасавая гурба на магіле гэта пазней толькі праблема – экалагічная і фінансавая, паколькі нашым абезлюднелым прыходам вываз смецця з могілак абыходзіцца немалым коштам. Настаяцелі павінны, замест наракаць на такія выдаткі, болей заклікаць людзей, каб абмяжоўвалі колькасць надмагільнай пластмасы. Дарэчы такая традыцыя ў нас даволі свежай даты, распаўсюдзілася толькі ў канцы мінулага стагоддзя. Так як і запальванне знічаў. На шчасце бачу, што экалагічная сведамасць ўзрастае ў народзе і ў гэтай дзялянцы. Штораз часцей сем’і просяць, каб на пахаванне не прыносіць кветак, асабліва штучных, а замест іх грошы перадаваць як ахвяру на царкоўныя трэбы. Дарэчы ля труны Ленінай мамы таксама стаяла скрыначка, у якую можна было ўкідаць грошы.
Стаяў прыгожы восеньскі дзянёк. Над Ярылаўкай, апранутай у каляровае пажаўцелае лісце, свяціла цёпленькае сонейка. Памаліўшыся ў доме нябожчыцы мастаўлянскі бацюшка правёў яе ў труне да вясковых крыжоў. Так як ад вякоў праводзяць у нас памерлых на другі свет. У Ярылаўцы гэтыя крыжы надта старадаўнія. Асабліва адзін, які нетыповы, бо ўсталяваны ў камень, магчыма яшчэ з дахрысціянскіх часоў. Нагадвае гэта і архаічная назва вёскі, якая пэўна ад язычніцкага Ярылы – вясновага бога Сонца, урадлівасці і кахання. Распаложана яна на высокім узгорку, дзе магло быць капішча, на якім даўнія тут людзі славілі свайго ідала. Каб гэта ўсё ўдакладніць неабходныя археалагічныя раскопкі і іншыя спецыялістычныя навуковыя расследаванні. Тым больш, што суседнія Коматаўцы гэта ніякія не Chomontowce, але вёска заснаваная ў трынаццатым стагоддзі ваякамі славутага яцвяжскага князя-кунігаса Комата, пра якога ўспамінаюць нават сярэднявечныя летапісы. А яшчэ калісь Лена мне казала, што ў часах яе дзяцінства людзі з Ярылаўкі і наваколля, калі хадзілі ў царкву ў Крушыняны на Юр’я, гаварылі што ідуць „на Ярылу”. Сапраўды ў нашай традыцыі і абраднасці веснавое Юр’еўскае свята, калі ўспамінаецца велікамучаніка Георгія Пабеданосца (імя святога – грэцкае і абазначае проста земляроба), мае шмат супольнага з язычніцкім культам Ярылы. Надта відавочна, што хрысціянская вера ў такі спосаб яго пераняла як і іншыя дахрысціянскія вераванні тыпу Каляды.
Пабываўшы цяпер у гэтым незвычайным месцы я ўважліва прыглядаўся паводзінам аўтахтонаў, асабліва пажылых, якія ў большасці згэтуль выбылі. У царкве падчас адпявання звярнуў я ўвагу на бабульку, якую бацюшка маліўшыся перад труной усё адсоўваў ад сябе. На канец яна зняла са свечніка тоўстую грамнічную свечку і пагасіўшы паклала ля нябожчыцы. Штосьці пад носам мармытала, магчыма нейкі язычніцкі загавор. З чымсьці такім падчас пахаванняў сустракаўся я і ў сваім востраўскім старонні, калі напрыклад хтосьці клаў у труну таксама некалькі грошыкаў…
Соня Казлоўская пражыла ў Ярылаўцы семдзесят гадоў, сама яна была з Коматаўцаў. Гэтыя вёскі пасля другой сусветная вайны апынуліся ў Савецкім Саюзе. Вярнулі іх у Польшчу толькі ў 1948 г. Канчаткова мяжа пралягла тут па рацэ Свіслачы. На другім баку, каля Цецяроўкі, засталіся аднак могілкі. Туды і цяпер ездзяць – праз пагранпераход у Баброўніках – Лена з братам наведваць магілы сваякоў. Частка іх радні да сёння там жыве, хтосьці адтуль быў і на пахаванні.
Жыхары вёсак, якія ў Польшчы засталіся без могілак, летам 1949 г. заснавалі новыя ў Баброўніках. Маці Лены лягла ў магіле побач свайго мужа, які памёр сем гадоў таму.
На гэтых могілках цяпер стаіць і царква. Была яна асвечана дванаццаць гадоў таму. Тады якраз быў я дырэктарам дома культуры ў Гарадку. Тадышні мастаўлянскі бацюшка, які быў ініцыятарам пабудовы гэтай царквы як філіялу прыходскай, ангажаваў мяне з калектывам „Хутар” для „мастацкай часткі” падчас пачастунку пасля богаслужэнняў з нагоды ўсталявання на купалах крыжоў і галоўнага – асвячэння храма.
Цяпер тут іншы бацюшка – айцец Славамір Якімюк. У прыходзе толькі крыху больш за пяцьдзясят чалавек. Тым часам старынная царква ў Мастаўлянах безупынна патрабуе рамонту. Прыходскай супольнасці гэта не пад сілу. Значным успамажэннем ёсць датацыі звонку. Аднак гэтага недастаткова. Айцец Якімюк у гэтым годзе пачаў вось рамонт даху. Паводле яго слоў слабой канструкцыі дадаткова пагражаюць верталёты, якія ў памежнай зоне часта лётаюць нізка над царквой і расхістваюць купал.
На рамонт даху бацюшка прыдбаў 95 тысяч зл. з Маршалкоўскай управы і 25 тыс. зл. з бюджэту Гарадоцкай гміны. Трэба яшчэ 75 тыс. зл. Некалькі месяцаў таму бацюшка аб’явіў збор грошай у Інтэрнэце. Дагэтуль прынесла гэта амаль 12 тыс. злотых.
Падчас пахавання, вядома, таксама былі збіраныя грошы, між іншым з думкай пра цяперашні каштоўны рамонт.
Лена цяпер будзе прыязджаць у Ярылаўку ў пустую хату. З часам прывыкне. Я таксама гэта перажыў пахаваўшы бацькоў. Пасля смерці мамы, калі ўваходзіў у дом, мне доўга здавалася, што ляжыць яна ў спальні-бакоўцы ў сваім ложку…
Яшчэ раз сяброўцы перадаю спачуванні з прычыны смерці матулі, а Ёй няхай пухам будзе родная зямелька.
Юрка Хмялеўскі