Pa prostu / Па-просту

  • Płacz zwanoŭ

    Za rasstreł kaniec kancoŭ nikoho nie abwinawacili

    Potym Jurczeniu na UB dapytwali jaszcze czatery razy. Na kaniec pry prysustwi prakuratara. Jurczenia szczacielno raskazwaŭ, jak zaŭdawaŭ Niemcam ludziej, jakich pośle rasstralali. Nadto nie piareczyŭ toża, kali pytali jaho, ci heto praŭda, szto świedczyli ludzi. Na kaniec 15 stycznia 1953 r. pryznaŭso da winy,…ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Po pudlaśki / По-пудляські

  • Kinoman

    14. Chto vpravo, chto vliêvo, chto v błudy

    Posłuchavšy v radivi 13 hrudnia 1981 promovu generała Jaruzelśkoho razy dva-try, my z Gienikom R. i Janom G. vyryšyli, što nam u Varšavi nema sensu zmahatisie ni za socijalizm, ni proti socijalizmu, i postanovili evakuovatisie na Biłostôčynu. Zreštoju, šče pered południom toho samoho dnia administracija domów studenta ohołosiła zarządzenie, što studenty povinny pokinuti akademiki i jiêchati dochaty. ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

RSS і Facebook

Асоба

Аляксандра Бэргман (1906-2005)

15 гадоў таму 20 чэрвеня ў Варшаве памерла Аляксандрa Бэргман, вядомая даследчыца гісторыі беларускага нацыянальнага руху І паловы ХХ стагоддзя. Пахавалі яе на яўрэйскіх могілках.

Нарадзілася яна 1 мая 1906 г. у Гродне, у мяшчанскай яўрэйскай сям’і. Бацька Рыгор (Гірш) Мойжэш Кучкоўскі 30 гадоў працаваў у тытуневай фабрыцы Шарашэўскага – быў загадчыкам складу. Маці Цына, калі дзеці падрасьлі, купіла і вяла краму з аптэчнымі таварамі. Дзьве старэйшыя сёстры Аляксандры (Голда і Цыля) працавалі таксама ў фабрыцы Шарашэўскага пры скручваньні папяросаў.

З чацьвярых дзяцей у сям’і Кучкоўскіх толькі наймалодшая Аляксандра (Хава) атрымала сярэднюю адукацыю. У 1923 г. закончыла 8 класаў у класічнай гімназіі Вальдмана. Заняткі вяліся там на рускай мове, а з 1921 г. – на польскай.

У 1923 г. Аляксандра пачала працу як вучаніца ў кравецкай майстэрні. Яшчэ ў гімназіі ўступіла ў Камуністычны Саюз Моладзі (КСМ), дзякуючы падтрымцы Жэні Сэгал (пазьней па мужу Паповай) і Рахэлі Штуц (загінула ў мінскім гетце ў вайну).

У 1924 г. на гарадзкой канферэнцыі КСМ у Гродне Аляксандру выбралі ў гарадзкі камітэт КСМ, а на акруговай канферэнцыі – у Гродзенскі акруговы камітэт. Да вясны 1925 г. была сакратаром камітэту. Тады ў КПЗБ паявілася раскольніцкая група „Сэцэсыя”. На канферэнцыі ў 1924 г. гэтая група прыняла рашэньне пра падрыхтоўку збройнага паўстаньня з мэтай адарваньня Заходняй Беларусі ад Польшчы і прылучэньня яе да БССР. Група гэтая выступала супраць дамінацыі КПП над КПЗБ. Кіраўнік „сэцэсыі” Міхал Гурын (Маразоўскі) быў арыштаваны. Стаў тады супрацоўнікам польскай разведкі і сьведкам абвінавачаньня ў працэсе „Грамады”. Аднак быў забіты як правакатар. Многія члены гродзенскай арганізацыі былі пад уплывамі „сэцэсыі”. Аляксандра не супрацоўнічала з „сэцэсыяй”, але паддалася яе ўплывам. За гэта, што не змагла справіцца з раскольніцкімі ўплывамі ў КСМ, была знятая з пасады сакратара. Разгледзеўшы яе справу і прызнаўшы, што не мела нічога супольнага з „сэцэсыяй” ЦК КСМ ЗБ у ліпені 1925 г. выслаў Аляксандру ў Вільню, як сакратара віленскага акруговага камітэту КСМ. У Вільні ўступіла ў КПЗБ. Акруговым сакратаром партыі быў там Міхал Арэхва – „Пётр”, з якім Аляксандра вельмі блізка супрацоўнічала.

У Вільні жыла нелегальна. Шукала яе паліцыя. У гадах 1925-1926 працавала сакратаром акруговага камітэту КСМ у Брэсьце, пазьней да лютага 1927 г. – у Баранавічах. Адтуль была напраўлена на год у партыйную школу ЦК КПЗБ у Менску. Пасьля школы вярнулася як інструктар ЦК КСМ ЗБ. У 1928 г. удзельнічала ў І З’езьдзе КПЗБ. Пасьля з’езду працавала сакратаром камітэту Варшава-Падмейска, пазьней – у сакратарыяце ЦК КСМ ЗБ. У тым жа годзе пазнаёмілася з віленскім дзеячам КПЗБ Бэніямінам (Біняй) Эпштайнам, які быў сакратаром Гродзенскага камітэта КПЗБ, а  ў 1930 г. памяняў імя і прозвішча на Стэфан Бэргман. 21 лістапада 1931 г. Аляксандра выйшла за яго замуж.

У 1929 г. Аляксандру адправілі ў Маскву. Там па ўласнай просьбе працавала зваршчыцай у фабрыцы „Электразавод”. Была перадавіком працы, агітатарам калектыву і рэдактарам насьценнай газэты. Уступіла ва Усерасійскую камуністычную партыю бальшавікоў – УКП(б).

У канцы 1930 г. адправілі яе на 9-ці месячны курс у міжнародную ленінскую школу ў Маскву. Аднак вясной 1931 г. яе адклікалі з Масквы і паслалі на партыйную працу ў віленскую і беластоцкую акругі. З ліпеня да сьнежня 1931 г. была членам краёвага сакратарыяту ЦК КПЗБ. У лістападзе 1931 г. езьдзіла ў Берлін на пасяджэньне Бюро ЦК КПЗБ са справаздачай з дзейнасьці краёвага сакратарыяту. У пачатку 1932 г. удзельнічала як прадстаўнік краю ў партыйнай нарадзе ў Савецкай Беларусі. Да канца 1932 г. працавала ў Менску ў кіраўніцтве партыйнай школы КПЗБ. У 1933 г. вярнулася ў Польшчу і як інструктар Краёвага сакратарыяту ЦК КПЗБ езьдзіла па акругах. У сакавіку, з увагі на цяжарнасьць, паслалі яе ў Менск, дзе працавала выкладчыцай ў партыйнай школе КПЗБ. 3 ліпеня 1934 г. нарадзіла там дачку Зору (Зоф’ю). Пару месяцаў пазьней гарадзкі камітэт КП(б)Б у Мінску накіраваў Аляксандру на працу ў абутковую фабрыку. Была там рэдактаркай фабрычнай газеты і выкладчыкам на партыйных курсах. У студзені 1935 г. выехала ў Гомель, дзе працаваў яе муж. Была другім сакратаром партыйнай арганізацыі ў фабрыцы сельскагаспадарчых машын „Гомсельмаш”.

19 сьнежня 1935 г. савецкія ўлады арыштавалі Аляксандру. Зорай апекавалася бабуля Паўліна (Пэся) Эпштэйн. Раней, напярэдадні угодкаў кастрычніцкай рэвалюцыі, 6 лістапада арыштавалі яе мужа. Сьледства вялося падазраваючы Аляксандру ў правакацыі. Хаця канкрэтных абвінавачанняў ёй не паставілі, „Особое Совешчание” прысудзіла 3 гады працоўных лагераў і выслала ў Чыб’ю (Ухт-Печорскія лагеры). У маі 1938 г. прывязьлі яе ў Менск на перагляд справы. Дадатковае сьледства цягнулася 9 месяцаў. Прысуд пабольшылі да 5 гадоў і выслалі Аляксандру ў Сіб-Лаг.

Па 5 гадах турмы ў розных лагерах Сібіры ў лістападзе 1940 г. выйшаў на волю муж Аляксандры. Дзякуючы яго стараньням у 1943 г. была звольнена і Аляксандра, але атрымала наказ працы ў шахце Анджэро-Суджэнск каля Новасібірска. Працавала там да канца вайны. Летам 1945 г. атрымала згоду на вяртаньне ў Польшчу. 12 кастрычніка 1945 г. з дачушкай прыехала ў Лодзь, дзе ўжо ў партыйным выдавецтве „Książka” працаваў яе муж Стэфан, які прыехаў туды ў красавіку.

Аляксандра пачала працаваць у тым-жа выдавецтве загадчыцай складу. Уступіла ў ПРП (Польская Работніцкая Партыя). У кастрычніку 1947 г. нарадзіла другую дачку – Элеанору.

У студзені 1948 г. у сувязі з перасяленьнем выдавецтва сям’я Бергманаў таксама пераехала ў Варшаву. Ад сакавіка 1948 г. да канца 1949 г. Аляксандра працавала рэферэнткай, а пазьней кіраўнічкай аддзелу просьбаў, прашэньняў, памілаваньняў і датэрміновых вызваленьняў ў выканаўчым бюро Спецыяльнай Камісіі Змаганьня са Злоўжываньнямі (Komisja Specjalna do Walki z Nadużyciami). У 1950-1955 гадах у Цэнтральным Асяродку Партыйнага Абучэньня ў Варшаве вяла заняткі на курсах для павятовых сакратароў Польскай Аб’яднанай Рабочай Партыі (ПАРП). У 1952 г. завочна закончыла Партыйную Школу пры ЦК ПАРП.

У гадах 1956-1957 працавала ў рэдкалегіі „Życie Partii” і ў рэдакцыі яўрэйскай газеты „Fołks Sztyme”. У 1958 г. перайшла на пенсію і пачала  самастойна займацца навукова-дасьледчыцкай дзейнасьцю – спярша ў галіне гісторыі работніцкага руху, а пазьней – беларускага нацыянальнага руху. Напісала звыш 100 артыкулаў (у тым шмат у «Ніве») і дзьве фундаментальныя працы – кніжкі: „Rzecz o Bronisławie Taraszkiewiczu” (Warszawa 1977) i „Sprawy białoruskie w II Rzeczypospolitej” (Warszawa 1984), якія да сёньня захапляюць чытачоў. Супрацоўнічала з навуковым гуртком пры Галоўным Праўленьні Беларускага Грамадзка-Культурнага Таварыства ў Беластоку.

Займаючыся гісторыяй Беларусі ХХ ст. немагчыма абмінуць навуковых дасягненьняў Аляксандры Бергман і яе лёсу – так моцна звязанага з беларускай гісторыяй. Як напісала яе дачка Зося 30 сьнежня 2011 г.: «Dziesięcioletni pobyt w łagrach i wielokrotne rozmyślania o niesprawiedliwych zarzutach, jakie spotkały ją, męża i tylu ich przyjaciół, zaowocowały pasją w próbie odpowiedzi na pytania: dlaczego z taką zaciekłością niszczono białoruską Hromadę, dlaczego rozwiązano KPP, a jej członków skazano na wytępienie. I chociaż nie znalazła pełnej odpowiedzi na te pytania, to rozpoczęła pionierskie poszukiwania, które wyznaczyły kierunek dalszych badań».

Лена Глагоўская

Подпісы пад фота – Элеаноры Бэргман

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.

Календарыюм

Гадоў таму

  • У сакавіку

    – забойства язычнікамі ў 1250 г. ігумена Лаўрышаўскага манастыра, прападобнага Елісія, кананізаванага як сьвяты Беларусі. – 31.03.1785 г. у Варшаве памёр Антоні Тызэнгаўз (нар. у 1733 г. у Новаельні на Гродзеншчыне), палітычны і грамадзкі дзеяч ВКЛ, асьветнік, з 1765 г. …ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Календарыюм / Kalendarium

Сёньня

  • (79) – у сакавіку 1946 г. быў надрукаваны ў Ватэнштаце (Нямеччына) першы нумар выданьня Згуртаваньня Крывіцкіх Скаўтаў на Чыжыне „Скаўт”. Рэдагаваў Вацлаў Пануцэвіч (Папуцэвіч).
  • (46) – 14.03.1979 г. у Несьвіжы памёр Міхал Сеўрук, беларускі мастак. Нар. 27.02.1905 г. у Варшаве, закончыў Мастацкі факультэт Віленскага ўнівэрсытэта, быў вучнем Ф. Рушчыца і Л. Слендзінскага (1932), з 1939 г. жыў у Несьвіжы; зараз у яго доме дзейнічае музэй.
  • (36) – былі заснаваныя акадэміцкія гурткі Беларускага Аб’яднаньня Студэнтаў: 14.03.1989 г. ва Унівэрсытэце Марыі Кюры-Складоўскай і Сельскагаспадарчай Акадэміі ў Любліне (старшыня – Яраслаў Іванюк), 16.03.1989 г. на Беластоцкай Палітэхніцы (старшыня – Міраслаў Пякарскі), 18.03.1989 г. у Варшаўскім Унівэрсытэце (старшыня – Мікола Ваўранюк).

Новы нумар / Novy numer

Папярэднія нумары

Усе правы абаронены; 2025 Czasopis