Pa prostu / Па-просту

  • Płacz zwanoŭ

    23. Zabytaja tragedia kala Krynak (3)

    Na UB u Sakołcy i pośle ŭ sudzie ŭ Biełastoku abvinavaczanych i śviedkaŭ asablivo szczacielno raspytvali pra sąd doraźny, jaki Niemcy pierad rasstrełam zrabili ŭ vadzianym mlinie ŭ Nietupie. Hety dzieravianny budynak staić i dziś nad reczkaj pry szasie da Kruszynianaŭ nidaloko vioski Biełahorcy. Daŭno…ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Po pudlaśki / По-пудляські

  • „Ja choču byti bliźka ludiam”

    Rozhovôr Jana i Haliny Maksimjukov z poetkoju Zojoj Sačko

    Jan: Čy pomniš, koli v tebe zjavivsie impuls, kob napisati peršy viêrš? I na jakôj movi tobiê napisałosie? Zoja: O, ja dumała, što ty tak i načneš… Ja učyłaś u školi v Parcievi, de była prykładnoju učenicieju. Pan od pôlśkoji movy skazav prynesti viêršyki pud… ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

RSS і Facebook

Родам з Беласточчыны

Наш Аляксей Карпюк

З нагоды 100-годдзя з дня нараджэння

Аляксей Карпюк
Аляксей Карпюк

Бліжэй з лаўрэатам літаратурнай прэміі Саюза пісьменнікаў Беларусі імя Івана Мележа, заслужаным работнікам культуры Беларусі, пісьменнікам Аляксеем Карпюком (1920-1992) я пазнаёміўся 15 траўня 1987 года ў Слоніме. Тады ён узначальваў Гродзенскае абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі і з групай гродзенскіх літаратараў прыехаў у горад над Шчарай віншаваць з 75-годдзем старэйшага заходнебеларускага паэта Анатоля Іверса (1912-1999). Вечарына адбылася ў раённым Доме культуры. Я вёў вечарыну і неяк трохі хваляваўся. Учарашні студэнт і раптам такая адказная місія. Перад пачаткам вечарыны Аляксей Нічыпаравіч падышоў да мяне і кажа:

– Не хвалюйся, Сяргей, вядзі сябе спакойна і проста. Тут няма перад кім хвалявацца…

З бацькамі, 1930-я гады
З бацькамі, 1930-я гады

Хвалявацца было перад кім: прыехалі пісьменнікі з Мінска, Гродна і з іншых гарадоў і мястэчак. Аляксей Карпюк сеў побач са мною і сяды-тады гаварыў вясёлыя рэплікі. Відаць, каб падтрымаць мяне. Пасля я даў яму слова. Ён выступаў цікава, проста і з гумарам, амаль так, як заўсёды выступаў яго сябра Янка Брыль. Яны нечым падобныя. Аляксей Карпюк падараваў Анатолю Іверсу прыгожы і дарагі партфель і пажадаў напісаць і выдаць столькі кніг, колькі ўлезла б у гэты партфель.

Ішоў час, сяды-тады я яму званіў, пісаў. Ён абяцаў мне дапамагчы выдаць асобным зборнікам вершы слонімскіх літаратараў. На вялікі жаль, наша задумка засталася нерэалізаванай. Праз пяць гадоў пасля нашай першай сустрэчы Аляксея Карпюка не стала: 14 ліпеня 1992 года. І нешта адразу страцілася, згубілася на літаратурнай ніве Гродзеншчыны. І сёння часам нам не хапае Аляксея Карпюка – мужнага, смелага, разважлівага і таленавітага чалавека, пра якога часта ўспамінаю.

Паштоўка
Паштоўка

Нарадзіўся Аляксей Карпюк 14 красавіка 1920 года на Беласточчыне ў вёсцы Страшава ў сялянскай сям’і. Скончыўшы ў 1934 годзе мясцовую сямігодку, вучыўся ў польскай гімназіі ў Вільні. У 1939 годзе ён паступіў у Навагрудскае педвучылішча. „Было нас пяць хлопцаў з Наднямоння, з-пад Налібоцкай пушчы і адзін Карпюк з-пад Беластока, – успамінае ва ўступным слове да двухтомніка Аляксея Карпюка (Мінск. 1991) Уладзімір Калеснік. – Мы прывозілі „сідары” ледзь не кожны тыдзень, а Карпюк разы два на год, пасля зімовых і летніх канікулаў, затое валок гару смакаты: цэлага кумпяка, паляндвіцу, каўбасы, пару апольцаў сала таўшчынёю на ўсе пяць пальцаў”…

У гады вайны Аляксей Карпюк пайшоў у партызаны, а ў час выканання дыверсіі на чыгунцы каля Ваўкавыска, трапіў у палон. Спачатку яго трымалі ў Беластоцкай турме, а пасля ў лагеры Штутгоф (Прусія). З першага дня арышту беларуса займала толькі адна думка – як уцячы адтуль. Была магчымасць выскачыць з вагона, калі палонных везлі з Беластока ў лагер. Тым больш, што цягнік ахоўвалі беларусы з Гарадка, пераапранутыя ў нямецкія мундзіры. Некаторых канваіраў Карпюк ведаў, з імі вучыўся ў „паўшэхнай” школе. Але Карпюк чакаў больш удалага выпадку. Таму не рызыкнуў і яго прывезлі ў Штутгофскі лагер.

Аднойчы гітлераўцы адбіралі добраахвотнікаў на станцыю нешта залатаць. Трапілі туды і Аляксей Карпюк з братам. Ад’ехалі каля дваццаці кіламетраў на станцыю Тызенгоф. Сталі там грузіць дошкі ў вагоны. Дваім братам рызыкаваць на ўцёкі было небяспечна. Вырашылі, што паспрабуе ўцячы адзін Аляксей. І ён паспрабаваў. Стаў на буфер між вагонамі і нырнуў пад вагон, а потым выскачыў у цёмнае месца і знік. Усю ноч ішоў па палях, а раніцай залез да аднаго баўэра ў гумно і да вечара праспаў. Потым з рознымі прыгодамі зноў пайшоў далей. Сеў на цягнік і даехаў да Беластока, дабраўся да роднай вёскі. А там бацька яго перадаў партызанам. Пачалася лясная эпапея.

У шпіталі Познані, 1945 год
У шпіталі Познані, 1945 год

У 1944 годзе Аляксей Карпюк стаў камандзірам партызанскага атрада імя Кастуся Каліноўскага на Гродзеншчыне. У 1944-1945 гадах служыў у Савецкай Арміі шэранговым наводчыкам 756 стралковага палка 150 Берлінскай дывізіі 79 стралковага корпуса. Быў наводчыкам 76-міліметровай гарматы. Асабліва вызначыўся падчас Вісла-Одэрскай аперацыі, калі агнём гарматы знішчыў дзесяткі фашыстаў і некалькі самаходных гармат праціўніка. Двойчы быў паранены.

У баях за Берлін беларус так ваяваў, што камбат Іван Кучэрын прадставіў яго на званне Героя Савецкага Саюза. І нават пра гэта паведаміў бацькам Аляксея ў вёску Страшава на Беласточчыну. Але Героя Карпюку не далі, паколькі ён быў „заходнікам” і палонным у канцлагеры Штутгоф. Вось як пра гэта згадвае сам Карпюк у сваім „Дзённіку” (Аляксей Карпюк. Развітанне з ілюзіямі”. Гародня-Wroclaw. 2008. С.3890): „Выклікае камбат. Мяне прадставілі да звання Героя Савецкага Саюза (і на яго пакінула ўражанне сцэнка, як я клаў снарады ў гушчу немцаў, калі перасякалі паляны!). А мне не верыцца, каб з прадстаўлення гэтага нешта выйшла. „Заходнік”, Штутгоф. Апавядаю камбату пра выпадак з начальнікам разведкі дывізіі – капітанам Бойчанкам. Кучэрын супакойвае. У душы з ім усё не згаджаюся. Ды і мала маю яшчэ заслуг. У батарэі я, напрыклад, у параўнанні з сяржантам Марозавым – навабранец, без году тыдзень”.

Героя Аляксей Карпюк, сапраўды, не атрымаў. Але быў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны II ступені. Пазней Аляксея Нічыпаравіча ўзнагародзяць і ордэнам Айчыннай вайны І ступені, і ордэнам Чырвонага Сцяга, медалямі. А палякі ўганаруюць яго залатым крыжам ордэна „Віртуці Мілітары”.

Хата Аляксея Карпюка на Беласточчыне
Хата Аляксея Карпюка на Беласточчыне

Аляксей Карпюк 30 красавіка 1945 года, падчас ўзяцця Рэйхстага, атрымаў вельмі цяжкае асколачнае раненне. Асколак трапіў у лёгкае, і да канца лета беларус знаходзіўся на лячэнні ў вайсковым шпіталі ў Познані. Ён страціў частку лёгкага, а некалькі асколкаў дактары дасталі з яго лёгкага толькі ў канцы 1940-х гадоў, калі па рэкамендацыі былога старшыні Гродзенскага абкама партыі Сяргея Прытыцкага, Аляксея Карпюка паклалі ў шпіталь ў Маскве імя Скліфасоўскага і правялі там аперацыю.

Пасля вайны Аляксей Карпюк паступае на факультэт замежных моў Гродзенскага педінстытута. Студэнтам ён пачынае пісаць прозу. У часопісе „Полымя” ў 1953 годзе студэнт Карпюк дэбютуе аповесцю „У адным інстытуце”. А праз пяць гадоў выдае сваю першую кнігу апавяданняў і аповесцей „Дзве сасны”.

Працоўная дзейнасць пісьменніка была даволі разнастайнай і нялёгкай. Працаваў загадчыкам райана ў м. Сапоцкіна, дырэктарам школы на Ваўкавышчыне, у Гродзенскім педінстытуце, у рэдакцыях газет, загадчыкам агенцтва „Інтурыст” у Гродне, дырэктарам музея атэізму і гісторыі рэлігіі ў Гродна, а з 1978 года ўзначальваў Гродзенскае аддзяленне Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Дзе б не працаваў Аляксей Карпюк, заўсёды пісаў. „Пісанне стала маім лёсам. Я знайшоў спосаб, як найбольш быць карысным людзям. Я спазнаў шчасце, я ведаю, як мне жыць!”, – згадваў аўтабіяграфіі „Мая Джамалунгма”. Дарэчы, пра гэты выдатны твор пісала нават газета „Бацькаўшчына”, якая выдавалася ў Мюнхене.

Янка Брыль і Аляксей Карпюк
Янка Брыль і Аляксей Карпюк

Жылося Аляксею Нічыпаравічу нялёгка. Ён быў адкрытым і смелым, а камуністы не любілі тады такіх. Аляксей Карпюк на V З’ездзе пісьменнікаў Беларусі ў Мінску, які адбыўся 13 мая 1966 года, адкрыта выступіў па тых праблемах, якія набалелі, якія хвалявалі пісьменнікаў. У сваім выступленні ён абараніў і гонар беларускіх літаратараў, а таксама паэта са Слоніма Анатоля Іверса і празаіка з Гродна Васіля Быкава за наезды з боку мясцовых чыноўнікаў і КДБ.

Самым знаным і папулярным творам Аляксея Карпюка застаецца аповесць „Данута”, якая перакладзена на многія мовы свету. Калі сумна мне – перачытваю яго „Дануту”, адключаюся ад сённяшніх нялёгкіх праблем і вяртаюся ў Вільню, у нашу беларускую сталіцу, дзе жыла прыгожая і шчырая Данута. Найвыдатнейшы твор! Магчыма гэта самы лепшы твор пра каханне, напісаны па-беларуску. Гродзенская пісьменніца Ала Петрушкевіч лічыць, што „Дануту” Аляксея Карпюка можна паставіць поруч з „Альпійскай баладай” Васіля Быкава, „І той дзень надышоў” Масея Сяднёва, „Чазенія” і „Нельга забыць” Уладзіміра Караткевіча, „У палескай глушы” Якуба Коласа. У аповесці „Данута” няма нейкіх трафарэтных рашэнняў сацыяльных і псіхалагічных праблем. Сацыяльныя канфлікты яе заснаваны не проста на барацьбе бедных супраць багатых ці добрых супраць дрэнных. Распавядаючы гісторыю першага кахання вясковага хлопца–беларуса да дачкі польскага генерала, Аляксей Карпюк раскрыў глыбокі драматызм душэўнай барацьбы герояў і правёў іх праз самыя розныя жорсткія выпрабаванні часу. „Данута” Аляксея Карпюка – гэта твор, прасякнуты самым глыбокім лірызмам, ён пра юнацтва і рамантычнае каханне. І калі хто яшчэ не чытаў „Дануту”, раю абавязкова пачытаць, каб адчуць той даваенны час нашай беларускай Вільні.

Пакінуў пасля сябе нашчадкам Аляксей Карпюк і раман „Карані”.  Пісьменніца Данута Бічэль, назвала гэты раман самай вялікай удачай аўтара, бо раман атрымаўся глыбоканародным і шматпланавым, сацыяльным і вострасюжэтным, псіхалагічным і багаты на філасофскія разважанні. А Уладзімір Калеснік у „Каранях” высока адзначаў моўны бок твора. Моўную працу „Каранёў” ён паставіў на адзін узровень з мовай Івана Мележа і Янкі Брыля.

З-пад пяра Аляксея Карпюка выйшлі таксама дзесяткі іншых цікавых і разнастайных твораў. Гэта аповесці, казкі, нарысы, прысвечаныя роднай Гродзеншчыне і яе людзям.

На вялікі жаль, беларусы яшчэ не ўсвядомілі, які таленавіты і цікавы празаік жыў на нашай зямлі. Але яго землякі шчыра памятаюць пра Аляксея Карпюка. Адна з вуліц Гродна носіць яго імя. А год таму на будынку № 49 па вуліцы Элізы Ажэшка ў Гродне пісьменніку была ўсталявана мемарыяльная шыльда.

Сяргей Чыгрын

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.

Календарыюм

Гадоў таму

  • ў кастрычніку

    1005 – 1019 г. першая згадка ў летапісах пра Бярэсьце. 710 – 1314 г. князь Давыд Гарадзенскі разбіў вялікі паход крыжакоў на Наваградак. 625 – 1399 г. паражэньне ад татараў арміі Вялікага Княства Літоўскага на чале зь князём Вітаўтам на …ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Календарыюм / Kalendarium

Сёньня

  • (241) – 10.10.1783 г. памёр Людвік Грынцэвіч (нар. 29.01.1717 г.), архітэктар, прадстаўнік віленскага барока. Праектаваў касьцёл аўгусьцінцаў у Валынцы каля Верхнедзьвінска, касьцёл дамініканцаў у Друі, дамініканскі кляштар у Несьвіжы. 
  • (228) – 10.10.1796 г. у Барсукаўцах Ушацкага пав. Падольскай губ. нар. Міхал Без-Карніловіч (пам. 19.01.1862 г. у Пецярбургу), выдатны беларускі гісторык, краязнавец, этнограф, вайсковы тапограф. Апублікаваў шэраг артыкулаў па гісторыі Беларусі (даказаў між іншым паходжaньне вялікага князя літоўскага Віценя з роду полацкіх князёў). Стварыў карту Беласточчыны. Пахаваны на Ваўкавыскіх лютэранскіх могілках у Пецярбургу.
  • (107) – 7-10.10.1917 г. у Маскве адбыўся Першы Усерасійскі Зьезд бежанцаў-беларусаў, скліканы па ініцыятыве Беларускай Народнай Грамады.
  • (86) – 10.10.1938 г. у лягэрнай бальніцы ў п. Княж-Пагост (Комі АССР) памёр Адам Бабарэка (нар. 14.10.1899 г. у в. Слабада-Кучынка каля Копыля), беларускі пісьменнік і крытык. У 1927 г. закончыў Беларускі Дзяржаўны Унівэрсытэт у Менску, працаваў выкладчыкам беларускай мовы і літаратуры ў Камуністычным унівэрсытэце Беларусі і ў БДУ. У 1930 г. рэпрэсіраваны, засуджаны на 5 гадоў высылкі. У 1937 г. арыштаваны паўторна. Друкаваўся з 1919 г., быў адным з арганізатараў літаратурных аб'яд’аньняў „Маладняк” і „Узвышша”.
  • (85) – 10.10.1939 г. перадача Літве Вільні і часткі былога Віленскага ваяводзтва (якія пасьля 17.09.1939 г. далучаны былі да БССР) на аснове дагавору паміж СССР і Літвой.

Новы нумар / Novy numer

Папярэднія нумары

Усе правы абаронены; 2024 Czasopis