Pa prostu / Па-просту

  • Płacz zwanoŭ

    23. Zabytaja tragedia kala Krynak (4)

    Syne, kab adkapać ich, paprasili Bronisia Czarnamysaho z susiednich Klabanaŭcaŭ. Toj uziaŭ z saboju jaszcze dvoch mużczyn i noczu pajechali na miesca tragedii. Kali paczali raskopvać jamu, z siaredziny trysnuła kroŭ. Pamału vyciahnuli dva trupy Sidaroviczaŭ i pa cichu pryviaźli ich da Kundziczaŭ. Myła ich…ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Po pudlaśki / По-пудляські

  • Kinoman

    13. Stan nevyznačanosti

    Orła wrona nie pokona! [Antykomunistyčne hasło v vojennum stani v Pôlščy.] Statut Białoruskiego Zrzeszenia Studentów (BAS) pisavsie mnoju miêseci dva. Odnočasno my začali vyšukuvati „našych” studentuv u akademikach raznych vyžšych škôł u Varšavi i psychologično pudhotovlati jich do toho, što budemo rejestrovati biłoruśku studenćku organizaciju… ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

RSS і Facebook

Успамін

Памятаць пра Алеся Пушкіна

Калі набліжаецца лістапад, заўсёды згадваю тых, што адышлі ў вечнасьць, з якімі не сустрэнешся больш у гэтым жыцьці. У галаву міжволі сунуцца думкі пра недаказанае, пра нераспытанае, пра нешта таемнае…

Хаця прайшло больш чым тры месяцы (памёр з 10 на 11 ліпеня), як няма ўжо сп. Алеся Пушкіна, усё неяк не хапае сіл агарнуць словам успамін пра яго. Неяк не хочацца верыць, што скончыўся яго зямны шлях дзякуючы турме, у якую рэжымныя ўлады ўкінулі яго на пяць гадоў за творчасьць і бескампрамісную дзейнасьць на карысьць Беларусі. 

Пакуль пазнала асабіста Алеся, ужо ў сакавіку 1990 г. пабывала з Людвікай Кардзіс з Вільні і з Міколам Нікалаевым з Пецярбурга ў Доме літаратара ў Менску на выстаўцы яго прац. Выстаўка ўражвала сваёй арыгінальнасьцю. Фатаграфаваліся мы напераменна то пры беларускіх народных строях ва ўяўленьні Алеся Пушкіна, то пры карціне прысьвечанай студзеньскаму паўстаньню, то пры яго абстрактных і сімвалічных працах. Выстаўка настолькі ўражвала, што хаця былі гэта часы  галоснасьці і перабудовы, яна не пасавала да ўсё-ж яшчэ савецкага антуражу вакол. Яшчэ існаваў Савецкі Саюз, у якім Беларусь была адной з 15 рэспублік, і памаленку адраджалася і адраджала сваю гісторыю, забытых пісьменьнікаў, мастакоў і музыкаў. Здаецца, Людвіка расказала нам пра Алеся Пушкіна, што быў ён у Афганістане. Самога мастака не ўдалося спаткаць. Але яго авангардныя працы і перформенсы набывалі грамадзкую вядомасьць і славілі мастака за яго адвагу і нонканфармізм. 

Карціна Алеся Пушкіна
Карціна Алеся Пушкіна

Бліжэй прыйшлося пазнаёміцца з Алесем толькі ў пачатку ХХІ стагодзьдзя, калі ўжо быў вядомым у Беларусі мастаком. Тым не менш слава яго мабілізавала да працы на карысьць Беларусі. З жонкай Янінай (настаўніцай гісторыі ў недалёкіх Крупках) пасяліўся ў родным Бабры. 22 жніўня 2002 г. з сябрамі вандруючы па Беларусі, завіталі мы ў Бобр. Не ведалі, дзе жыве Алесь, але спыталі ў напатканых местачкоўцаў. Тыя насьцярожана на нас паглядзелі і запыталі: «А кім вы будзеце, што шукаеце Алеся?» Калі мы расталкавалі ім хто мы такія, паказалі нам дарогу да Алесевай хаты: «Вы яе лёгка пазнаеце – на ёй бел-чырвона-белы сьцяг». Там засталі яго жонку Яніну, якая нас вельмі гасьцінна прыняла. Ужо цямнела і мы ўпрасіліся да яе нанач. Супольна падрыхтавалі вячэру. Калі ўжо добра сьцямнела з’явіўся Алесь з півам «Бобр» і гарэлкай. Па дарозе яму мясцовыя сказалі, што да яго паехалі госьці. Сядзелі мы вельмі доўга, размовам не было канца. Неяк размеркаваліся да спаньня – у нас былі свае спальнікі! Мне выпала спаць на выгодным ложку. Але незабыўныя ўражаньні асталіся ад сустрэчы з Алесем і яго жонкай. На наступны дзень Алесь павёў нас да ракі Бобр, якая пераплывае побач яго хаты і аддзяляе яе ад панадворка абрывісты бераг. Расказаў нам пра Купальле, якое ладзіў для мясцовых жыхараў. Паказаў свае карціны. Мяне моцна ўразіў сімвалізм карціны «Пад маскоўскім ботам». На сьвіронку вісеў вялікі чырвоны надпіс на белым палатне: «Божа барані Беларусь», а ў туалеце партрэты класікаў марксізму-ленінізму. Пасьля купаньня ў Бабры і сьняданку Алесь завёў нас у царкву, якую сам распісваў. Уразіў нас у прытворы на столі размаляваны Ісус Хрыстос з расчыненай незапісанай кнігай. «Чаму ў ёй чыстыя карткі?» –  спыталі мы. «Не атрыаў благаслаўленьня на «Ойча наш» па беларуску, таму і чыстыя карткі», –  адказаў Алесь. Роспісы ў царкве нас таксама моцна здзівілі. Налева ад увахода размаляваны «Апошні суд» з вядомымі асобамі ў пекле. Як распавядаў нам Алесь, царква была пабудавана новая на хвалі адраджэньня рэлігіі ў 90-ыя гады. Бацюшка папрасіў яго распісаць яе. Алесь раней размалёўваў касьцёл у Міхалішках. Тады ніхто з нас нават не падумаў, што праз 21 год не будзе ўжо Алеся Пушкіна ў Бабры. Як заўсёды бывае перад ад’ездам з добрай гасьціны, развітваючыся гаспадары запрашалі нас завітаць да іх і ў будучыні. 

Алесь Пушкін з Аннай Сабэцкай перад хатай мастака ў Бобры, 23.08.2002
Алесь Пушкін з Аннай Сабэцкай перад хатай мастака ў Бобры, 23.08.2002

Пасьля з Алесем прыходзілася сустракацца пару разоў пры розных нагодах. Астравецкая суполка «Вільняр», якая вельмі актыўна дзейнічала ў пачатку двухтысячных, арганізавала ўшанаваньне памяці сваіх землякоў ксяндзоў-паэтаў Яна Семашкевіча (Янкі Быліны) – родам з Лакцянаў і Кастантага Стэповіча (Казіміра Сваяка) – родам з Бараняў. У жніўні 2003 г. у Лакцянах з нагоды 120 угодкаў нараджэньня кс. Яна Семашкевіча адбыўся мастацкі пленэр і канферэнцыя яму прысьвечаныя. Паколькі у 1933 г. ён трапіў на Беласточчыну, дзе і памёр у 1956 г., арганізатары запрасілі мяне і доктар Гражыну Харытанюк з дакладамі пра яго беластоцкі перыяд. Калі мы дабраліся ў Лакцяны 9 жніўня 2003 г., пленэр трываў ужо тыдзень і на панадворку роднай хаты Янкі Семашкевіча ў цёплую жнівеньскую раніцу сустрэў нас Алесь Пушкін у вышыванцы. Пасьля на панадворку адбываліся чытаньні не толькі навуковых рэфератаў, але і творчасьці Янкі Быліны. Алесь зрабіў сцэнаграфію, выкарыстоўваючы сялянскі воз, граблі, мятлу і іншыя гаспадарскія прылады і этнаграфічныя артэфакты (шмацяныя ходнікі, ручнікі), якія знайшоў у клуні. Усё гэта стварала своеасаблівы перформанс з удзелам Алеся Пушкіна. На чытаньні прыйшлі таксама мясцовыя старажылы, якія яшчэ памяталі Я. Быліну і маладзейшыя, якія там засталіся жыць ці прыехалі на лета. Захаваўся ў памяці такі вобраз: пад роднай хатай кс. Яна Семашкевіча на старой лаўцы сядзяць Алесь Пушкін і мясцовы мужчына сярэдняга ўзросту прозвішчам Кісель, які захацеў пазнаёміцца з мастаком. «Як вас зваць?» – запытаў Алеся, які спакойна адказаў: «Алесь Пушкін. А вас?» – «Як вы Пушкін, то я Гогаль» – адказаў той. У наступным годзе – 26 чэрвеня 2004 г. у Баранях адбылося стараньнем арганізацыі «Вільняр» (Алеся Юркойця і Ганны Чакур) ушанаваньне памяці беларускіх дзеячаў братоў Стэповічаў. Сустрэліся ў іх роднай хаце сям’я Стэповічаў з Гданьска і з Вільні, мясцовыя жыхары і дзеячы, Кірыл Насаеў са сваёй «Уніяй». Алесь Пушкін сустрэў прафесара Вітаўта Юрку Стэповіча з яго сынам Маркам у шынелі савецкай арміі, у саламяным капелюшы і з бутэлькай гарэлкі. Быў як быццам бы такі добры ахоўнік імпрэзы, назіраўшы за ўсімі і ўсім. Тады адкрылі памятную дошку на роднай хаце Стэповічаў. Сьвяткаваньне праводзілася сьпевамі «Уніі» і мясцовых жанчын. Над возерам мелася адбыцца Купальле, але праліўны дождж разагнаў усіх па хатах. 

Алесь Пушкін перад хатай Казіміра Сваяка (кс. Канстантага Стэповіча) у Баранях, 26.06.2004
Алесь Пушкін перад хатай Казіміра Сваяка (кс. Канстантага Стэповіча) у Баранях, 26.06.2004

Аднойчы Алесь прыслаў мне здымак, як ён сьвяткуе Радаўніцу на магілах сваіх бацькоў: на магіле разасланая настольніца, а на ёй пачастунак для продкаў: велікодныя яйкі, пячэньне, кілбасы, гарэлка. Гэта сьведчыла пра тое, як ён даражыць спадчыный і сваімі бацькамі. Неяк у жніўні 2004 г. сустрэўшыся з Алесем у Празе на кангрэсе беларусаў Еўропы я распытвала яго пра гэтую традыцыю, якая была для яго нечым важным у жыцьці, была часткай яго жыцьця таксама. Зараз уся яна засталася на яго карцінах і ў памяці нашчадкаў. Не забывайма Алеся Пушкіна, бо ён быў сапраўдным героем Беларусі, для яе жыў і тварыў.

Лена Глагоўская

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.

Календарыюм

Гадоў таму

  • У лістападзе

    505 – 1519 г. Заканчэньне пабудовы Барысаглебскай царквы ў Навагарадку, помніка архітэктуры готыкі. 445 – 1579 г. Пераўтварэньне Віленскай Езуіцкай Акадэміі ў Віленскі Унівэрсытэт – першы унівэрсытэт ва ўсходняй Эўропе. 405 – 1619 г. Надрукаваньне „Грамматики словенския правильная синтагма” Мялеція Сматрыцкага. 325 …ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Календарыюм / Kalendarium

Сёньня

  • (461) – У берасьцейскай друкарні у 1563 г. была надрукавана Біблія – адно з самых поўных і лепшых тагачасных выданьняў, вядомая як „Радзівілаўская Біблія”.
  • (142) – 3.11.1882 г. у Акінчыцах нар. Якуб Колас (сапр. Канстанцін Міцкевіч, пам. 13.08.1956 г. у Мeнску), пісьменьнік, грамадзкі дзеяч, адзін з заснавальнікаў беларускай літаратуры. Друкавацца пачаў у 1906 г. у газэце „Наша Доля”, паэмы „Новая зямля” (1923), „Сымон-музыка” (1925), „Суд у лесе” (1943), „Адплата” (1946), „Рыбакова хата” (1947), аповесьці, п’есы, каля дваццаці зборнікаў вершаў, апавяданьняў, нарысаў ды іншых.
  • (114) – выданьне у 1910 г. першага зборніка вершаў Якуба Коласа „Песьні жальбы”.
  • (87) – 3.11.1937 г. расстраляны саветамі Максім Бурсевіч (нар. 9.08.1890 г. у Чамярах каля Слоніма), нацыянальны дзеяч, сакратар БСР Грамады.
  • (87) – 3.11.1937 г. расстраляны саветамі Павал Валошын (нар. 10.07.1891 г. у Гаркавічах Сакольскага павету), дзеяч БСР Грамады, дэпутат Сойма (1923-1928).

Новы нумар / Novy numer

Папярэднія нумары

Усе правы абаронены; 2024 Czasopis