Пабываў у Гарадку як пачэсны госць на юбілеі XX-годдзя калектыву „Хутар”. Атрымаў я афіцыйнае запрашэнне з гарадоцкага Дому культуры, паколькі свайго часу быў яго дырэктарам. Юбіляры – дагэтуль мае добрыя сябры. Асабліва цесны кантакт трымаю з галоўным музыкам, Янам Карповічам.
Імпрэза прайшла паспяхова. У канцэртнай зале сабралася шмат народу. Практычна ўся публіка была мясцовая. Юбілейная праграма прайшла паводле сцэнарыя нязменнага яшчэ з камуністычных часоў. Не хапала да гэтага толькі прадстаўнікоў улад і ўстаноў з суседніх гмінаў, павету і ваяводства, якія калісь на такіх мерапрыемствах абавязкова заўсёды былі прысутныя, каб перадаць віншаванні і падаркі і, бывала, дыпломы і ордэны.
Усё прайшло як трэба і найважнейшае – па-беларуску. „Хутар” у двух канцэртных частках праспяваў свае вядомыя песні. Таксама новыя, якія калектыў апрацаваў нядаўна. Ужо некалькі гадоў працуе ён без інструктара, музыканты самі з усім спраўляюцца. Апошнім часам запісалі нават альбом „З народнай крыніцы”, які на канец вечарыны атрымаў у падарунку кожны прысутны.
Была, вядома, прэзентацыя дзейнасці калектыву з моманту яго заснавання і ўспаміны музыкантаў. Мне асабліва стала цёпла на душы, калі Ян Карповіч сказаў, што „найбольшы разгар у капэлы „Хутар” быў пры дырэктару Юрку Хмялеўскім”.
Сапраўды падчас сваёй працы на гэтай пасадзе я ангажаваўся з усяго сэрца. Колькі мог стараўся дапамагчы калектывам і наогул культуры ў гміне. Маё дырэктарства пачалося аднак у даволі складаных абставінах. Будынак Дому культуры з даўна патрабаваў капітальнага рамонту. Гміне ўдалося ўрэшце прыдбаць на гэта грошы і першыя два гады прыйшлося працаваць нам (тады адным са штатных інструктараў быў яшчэ Ян Карповіч) у грукаце бетонамяшалкі, дрылёў, электрапілаў і іншых гучных інструментаў. Я, помню, апрача культурніцкіх абавязкаў пільнаваў майстроў як на пабудове ўласнага дому. Загадаў нават памяняць у некаторых месцах будаўляны праект, паколькі архітэкт напрыклад не выдзеліў асобных туалетаў для мужчын і жанчын. Канцэртная зала і сцэна таксама ў шмат чым канцэптуальна майго аўтарства пры кансультацыі з супрацоўнікамі і калектывамі.
Пасля рамонту, каб працаваць у поўным камфорце, патрэбнае было яшчэ новае абсталяванне, мэбля, камп’ютарная тэхніка і сцэнічная апаратура. На гэта ўжо грошай ў бюджэце гміны не хапала. Але якраз з’явілася магчымасць атрымаць на такія менш-больш патрэбы фінансавыя сродкі з Еўрасаюза пры пасрэдніцтве Мясцовай групы дзеяння Кнышынская пушча. Прыйшлося самому навучыцца запаўняць тоўстыя фармуляры і перадольваць ўсю складаную працэдуру. Але найважнейшае, што паспяхова.
Аднойчы ў мой кабінет прыйшлі музыканты з „Хутара” і кажуць, што „бяда, пане дырэктар!”. Пытаюся, што сталася. – Не маем на чым іграць, – чую, – нашы гармонікі так зношаныя, што рамантаваць ужо не надаюцца.
Давай тады пісаць праект яшчэ пад два акардэоны, а ўслед за тым на новыя сцэнічныя касцюмы ўсім ужо калектывам. Удалося. Пасля кожны год паспяхова пісаў я іншыя такога кшталту праекты. На канец удалося мне прыдбаць знешнія фінансавыя сродкі на некалькі летніх канцэртаў у гміне з удзелам між іншым „Хутара” ў сувязі з выхадам Яна Карповіча на пенсію. Гэта так спадабалася жыхарам, што па сёння Гмінны цэнтр культуры кожны год ладзіць у паасобных вёсках летнія забавы з беларускай музыкай. Я адкрыў шлях іх фінансавання Міністэрствам унутраных спраў і адміністрацыі.
Усё гэта стаяла мне ў вачах, калі ехаў на юбілей калектыву. Віншуючы са сцэны юбіляраў сказаў, што я ўдзячны лёсу за тое, што мог прысвяціць Гарадоцкай зямлі дваццаць гадоў сваёй прафесійнай актыўнасці, апрача кіравання домам культуры яшчэ як рэдактар „Гарадоцкіх навін”. Адзначыў, што асабліва цёпла ўспамінаю супрацоўніцтва і сяброўства з капэлай „Хутар”. Перадусім таму, што яны – аўтэнтычныя музыканты, якія граюць і спяваюць ужывую. Гэта цяпер рэдкасць, паколькі жывем у свеце поўным імітацый не толькі ў музыцы.
У сваім выступленні ўспомніў яшчэ супольныя цудоўныя паездкі на канцэрты. Дзе ж мы толькі не бывалі… З’ездзілі ўсю Беласточчыну, завіталі ў розныя гарады Польшчы. Разам былі таксама ў Беларусі – у Слоніме і ў Кобрыне. Усюды славілі Гарадоцкую зямлю і беларускую культуру.
Як падарунак уручыў я юбілярам па кніжцы „Echa ostoi utraconej” пра маё Востраво, якое калісь было цэнтрам гміны, ахапляючай таксама частку сённяшняй Гарадоцкай. Пры нагодзе пахваліўся, што як яе рэдактар упершыню склаў і змясціў там невялікі слоўнік характэрных слоў простай мовы, карэннай на гэтым абшары і далёка па-за яго межамі. А Ян Карповіч нарадзіўся таксама ў Востраве, толькі іншым, за Гроднам. Хлапчуком вярнуўся на радзіму бацькі ў Меляшкі.
Так як іншыя, пажадаў я поспехаў і далейшай плённай дзейнасці. Але гэта толькі з ветлівасці. У капэлы „Хутар” амаль усе даўно на пенсіі, ім пераважна ўжо за семдзесят гадоў. Яшчэ восенню, калі планаваўся юбілей, Ян Карповіч мне сказаў, што калектыў памаленьку будзе спыняць сваю дзейнасць. Бо пераемнікаў на гарызонце не відаць.
Прафесар Лявон Тарасэвіч як свой падарак перадаў музыкантам тры скрынкі (картонныя пакеты) гарэлкі. У яго проста такая жартоўная сімпатычная звычка. Яшчэ ў дзевяностыя на юбілей славутага „Расспяванага Гарадка” ён таксама прынёс скрынку гарэлкі. Баюся, што наўрад ці такія нагоды яшчэ будуць. Многія гады Гарадоцкая зямля славілася шматлікімі беларускімі калектывамі. Столькі іх не было нават у гмінах на Бельшчыне і Гайнаўшчыне. Гэтая цудоўная з’ява рэзка цяпер вось скарачаецца. „Расспяваны Гарадок”, які налічваў калісь нават пад дваццаць жанчын, падчас сёлетняга фестывалю „Беларуская песня’2023” выступіў толькі ўжо ў чатыры асобы…
Сапраўдны Гарадок і для мяне адыходзіць у гісторыю. Усе тыя энтузіясты, якіх я пазнаў асабіста (былі іх сотні), або ўжо паўміралі, або дажываюць сваіх лет. Маланкава адыходзяць на пенсію ўсе тыя актыўныя людзі, чыноўнікі, радныя… З часам новае пакаленне іх забудзе, так як забыты даўнія тутэйшыя дзеячы, начальнікі і войты гміны. Гэта паўсюдная з’ява не толькі на Беласточчыне. Але мне жаль тадышняга Гарадка, у якім і я быў актыўны на працягу ажно дваццаці гадоў. Добра, што прынамсі пакінуў па ім пісаны след. У „Гарадоцкіх навінах” і ў „Часопісе”. Дзякуючы таму гэта ўжо напэўна застанецца ў гісторыі.
Юрка Хмялеўскі