Pa prostu / Па-просту

  • Płacz zwanoŭ

    21. Samaabarona i śmierć Żyda Berszki (2)

    Savieckaje vojsko i pahraniczniki spaczatku ŭsich ludziej z hetych troch viosak vyvieźli za Śvisłacz na zborny punkt u Nieparożnicach. Zahadali im usio z saboju zabrać, szto tolko mahli ŭziać na furmanku. Pośle saviety mieli ich parassyłać dalej u Biełaruś. Raptam pryjszoŭ zahad, szto kali chto…ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Po pudlaśki / По-пудляські

  • Kinoman

    9. Miastu H. na do widzenia

    Jeszcze mi tylko spacer pozostał Wąską aleją przez zielony park Wiatr w drzewach szemrze ledwie przebudzony Tak jak wczoraj, przedwczoraj, od lat Tak dziwna ta chwila brakuje słów… (Budka Suflera, „Memu miastu na do widzenia”, 1974) Nedaleko od mojoho liceja byv neveliki park, utisnuty… ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

RSS і Facebook

Фельетон

Калі яшчэ не позна…

Гэты фельетон з’яўляецца скарочанай версіяй доўгага допісу аўтара ў Фейсбуку. Выклікаў ён пэўную дыскусію чытачоў. Напрыканцы прыводзім некаторыя каментары.

Я выслухаў з запісу перадачу «Пад знакам Пагоні» на Радыё Беласток, у якой журналіст Міхал Сьцепанюк размаўляе з дырэктарам ліцэя Андрэем Сьцепанюком пра незвычайнае здарэньне ў школе. Аказваецца, у верасьні 48 вучняў чацьвёртай клясы ў бельскім ліцэі выпісаліся з урокаў беларускай мовы. Гэта аўтаматычна азначае, што яны ня будуць здаваць экзамэну зь беларускай мовы ў рамках завяршальных экзамэнаў на атэстат сталасьці. Такое здарылася ўпершыню за ўсю амаль 80-гадовую гісторыю школы. Калі я добра разабраўся ў гэтай бельскай арытмэтыцы, працягваюць вывучаць беларускую мову ў чацьвёртай клясе ліцэя ўсё яшчэ 20 вучняў.

Я перакананы, што мы можам утрымаць беларускасьць на Падляшшы, толькі моцна прывязаўшы яе да сваёй мясцовай культуры, традыцыі і мовы...
Я перакананы, што мы можам утрымаць беларускасьць на Падляшшы, толькі моцна прывязаўшы яе да сваёй мясцовай культуры, традыцыі і мовы…

Дырэктар Сьцепанюк насамрэч ня ведае, чаму так здарылася. Але ён сказаў журналісту, што рашэньне вучняў пакінуць урокі беларускай мовы падтрымалі і некаторыя настаўнікі – гэты факт, зразумела, толькі паглыбіў яго адчуваньне паразы як пэдагога і настаўніка беларускай мовы (Андрэй вывучаў беларусістыку ў Варшаўскім унівэрсытэце больш-менш у тым часе, калі і я быў студэнтам гэтага ўнівэрсытэту). Андрэй баіцца, што сёлетні сыход ягоных вучняў з урокаў беларускай мовы – гэта першы сьнежны ком, які, раз пакаціўшыся з гары, можа выклікаць лявіну адмоваў ад вывучэньня беларускай мовы ў школах на Падляшшы ў будучыні…

Перш чым прыдумаць, што канкрэтна рабіць, каб такая лявіна не пакацілася, трэба, па-мойму, адказаць сабе сумленна і шчыра на пытаньне, чаму так здарылася ў бельскім ліцэі. Ёсьць спакуса, каб адказаць «дзяжурна»: вучні проста хочуць мець больш вольнага часу для сябе і сваіх тэлефончыкаў. Калі б, маўляў, матэматыка або геаграфія вывучаліся добраахвотна, яны выпісаліся б і з гэтых прадметаў… Але нават калі б у такім адказе была нейкая доля праўды, то ён, усё ж, не закранае сутнасьці праблемы. Беларускую мову на Падляшшы перавялі ў статус добраахвотнага навучаньня 50 гадоў таму, але колькасьць навучэнцаў (у базавых школах і двух ліцэях) стабілізавалася на працягу некалькіх апошніх дзесяцігодзьдзяў недзе на адзнацы 3 тысячы (актуальная інфармацыя з аддзяленьня (кураторыі) асьветы ў Беластоку кажа нам, што беларускай мове ў Падляскім ваяводзтве навучаюць 2729 дзяцей). Інакш кажучы, амаль ніхто (акрамя мяне, адшчапенца) не паддаваў і не паддае пад сумнеў тэзіс, што бацькі гэтых трох тысяч – гэта і ёсьць той асноўны стрыжань «сьвядомых беларусаў» у Польшчы: як той казаў, гэтыя бацькі лічаць сябе беларусамі і пасылаюць дзяцей на ўрокі беларускай мовы, каб настаўнікі і пэдагогі дапамаглі выхаваць іх таксама на беларусаў. Сапраўдная сытуацыя, на жаль, не такая аптымістычная і адназначная.

У падляскіх беларусаў польскі пашпарт, і для пераважнай іх большасці якраз ён вызначае нацыянальнасьць. Таму на Падляшшы мы маем перш за ўсё «праваслаўных палякаў».

Для «праваслаўных палякаў» карэнна польская культура і сьветабачаньне – рэчы насамрэч духоўна чужыя і няўтульныя, таму большасьць зь іх шукае сабе нейкага «свойскага» знаку адрозьненьня ў адаптаванай польскасьці – і знаходзіць яго ў праваслаўным веравызнаньні без гістарычных «рускіх» каранёў (так-так, якраз у тым, што пакрывае нядаўна запушчанае ў Беластоку шумаваньне ў мазгах пад хэштэгам prawosławnynieruski). І толькі невялікая частка этнічных падляскіх беларусаў спрабуе эманцыпаваць сябе ў духу мадэрновага нацыяналізму, які прынамсі ў тэорыі далучае этнічна-рэлігійную меншасьць да тэрыторыі агульнай нацыянальнай гісторыі і культуры з Купалам, Коласам і маральным імпэрытывам «людзьмі звацца» пад этыкеткай беларусаў без дадатковых азначэньняў і двукосьсяў.

Беларуская мова (яе дыялектныя варыянты) – гэта ня родная (не сямейная) мова як мінімум 70% людзей на Падляшшы, якія афіцыйна (у перапісе насельніцтва) залічылі сябе да беларусаў. Гэтыя 70% гавораць у сям’і на падляскіх гаворках, у якіх фанэтычныя і марфалягічныя рысы значна бліжэйшыя да ўкраінскай літаратурнай мовы, чым да беларускай. На Падляшшы беларусы пераважна падляска-польска-моўныя (беларуска-польска-моўных усяго 14% ад агульнага ліку). Прытым, практычна 100% маладых этнічных беларусаў на Падляшшы ўжо ня мае навыку чытаньня кірыліцы, нават калі ў школе іх вучылі гэтай азбуцы.

Родная (першая) мова пераважнай большасьці падляскіх беларусаў татальна занядбаная і не выкарыстоўваецца нашымі журналістамі ня толькі як галоўны аргумэнт за тым, каб заставацца беларусамі ў Польшчы, але і як хоць бы сымбалічная падзяка продкам за тое, што яны данесьлі гэтую сарамлівую мову да нашага часу. Усё ідзе на беларускай літаратурнай мове, якая не выклікае ніякіх сямейных (эмацыянальных) асацыяцый у як мінімум 70% беларусаў – і ў «Ніве», і ў беларускай праграме рэгіянальнай беластоцкай TV, і на Радыё Рацыя. Некалі, востра аблаяўшы ў сацсетках згаданага радыйнага журналіста Міхала Сьцепанюка за тое, што яны там не гавораць у перадачах па-падляску, я, відаць, закрануў нейкую чульлівую струну ў ягонай душы, бо ён, пагаварыўшы з кіраўніцтвам Радыё, дабіўся, што з 2015 году зьявілася перадача «па-свойму», то бок па-падляску, – раз на месяц. І беластоцкі месячнік «Часопіс» пачаў друкаваць мае і жончыны тэксты па-падляску. Але іншыя журналісты – ні ху-ху, як быццам падляская мова гэта выдумка марсіянаў, а з Падляшшам і беларусамі яна нічога агульнага ня мае…

Я перакананы, што мы можам утрымаць беларускасьць на Падляшшы, толькі моцна прывязаўшы яе да сваёй мясцовай культуры, традыцыі і мовы. Кажучы, усім беларусам на Падляшшы (за выняткам сотні ці дзьвюх чалавек, зьвязаных з арганізацыйнымі і фінансаванымі дзяржавай формамі падтрымліваньня беларускасьці ў Польшчы; ну і мяне з жонкай у прыватнасьці) зусім да лямпачкі, хто кіруе Беларусьсю і якая там культурна-моўная палітыка. Сытуацыя ў Беларусі ніякім істотным чынам не ўплывае на этнічнае здароўе беларусаў-падляшукоў ні на дату іх сьмерці як этнічнай меншасьці. Мы нарадзіліся без павітухаў з савецкай Беларусі і памрэм без бацюшкаў з РБ, якая б там царква ні махала кадзіламі.

Карацей, нам ня варта саромецца таго, што мы не такія беларусы, як тыя ў Менску ці Гомлі, і нам ня варта саромецца свае падляскае мовы. Наадварот, насамрэч толькі яна адна нам засталася як галоўны аргумэнт у змаганьні за этнічнае выжываньне і супраць пераўвасабленьня ў палякаў праз такую мутанцкую форму, як «праваслаўны-ня-рускі».

Незалежна ад матывацыі тых пяці дзясяткаў маладых людзей, якія выпісаліся зь беларускай мовы ў бельскім ліцэі, я не знаходжу слоў шчырага асуджэньня для іх паводзін. Калі ў іхніх сем’ях і гаварылася яшчэ не па-польску, то, зразумела, была гэта падляская гаворка, а не беларуская (Бельск і навакольныя вёскі – суцэльна падляскамоўная тэрыторыя). Ніякай эмацыянальнай матывацыі – маўляў, мы вучымся мове нашых бацькоў і дзядоў – не было ў гэтых маладых людзей і сьледу. Ну а сам бельскі ліцэй ніколі не сьвяціў прыкладам – у адрозьненьне ад гайнаўскага – школы, якая дбае пра тое, каб сваю дзейнасьць прывязаць да мясцовай культуры, традыцыі і мовы. Мая жонка закончыла якраз гэты, намінальна «беларускі» ліцэй у Бельску. У адным з інтэрвію Радыё Свабода, пасьля выданьня сваёй кніжкі апавяданьняў па-падляску, яна расказала гісторыю, якой я сёньня закончу гэтую непрыемшчыну:

«А школа, безумоўна, палянізавала наймацней. І я кажу ня толькі пра сваю базавую адукацыю (клясы 1-8), але і пра гэтак званы «беларускі ліцэй» імя Браніслава Тарашкевіча ў Бельску. Там мы мелі ўрокі беларускай мовы, але на перапынках як вучні між сабою, так і настаўнікі з вучнямі гаварылі выключна па-польску. Я толькі з адной сяброўкай з клясы гаварыла па-падляску. Іншыя ўжо гаварылі са мною па-польску. Дый настаўнікі не заахвочвалі захоўваць нашу падляскую мову.

Мне помніцца, як адна настаўніца беларускай мовы закаціла галасісты скандал, калі адзін з нашых калегаў адазваўся да яе на перапынку па-свойму. «Jak śmiesz, – крычала, – mówić do mnie w tym języku?!» Вось так прыблізна выглядала наша нацыянальная адукацыя ў намінальна беларускім ліцэі пад канец 1970-х і ў пачатку 1980-х гадоў. Нейкі непрыемны асадак ад гэтага ліцэя застаўся ў мяне на ўсё жыцьцё. І мяне ня надта зьдзіўляе, што пры такім падыходзе да падляскай мовы якраз з гэтага ліцэя выйшла пазьнейшае ядро ўкраінскага руху на Падляшшы – тыя хлопцы пераарыентаваліся зь беларусаў (ці хутчэй з палякаў, на якіх выхоўваў іх наш ліцэй) на ўкраінцаў. Маўляў, украінская сьвядомасьць дапаможа ім захаваць хатнюю мову, якой грэбуе школа. Хацелі нібыта добра, а скончылі як усе – плюнулі на падляскую мову і пайшлі пісаць на ўкраінскай літаратурнай».

Ян Максімюк

Сумны тэкст. Але-ж у праўдзівасьці яму не адкажаш. Па-мойму, калі беларусы у РБ, маючы сваю дзяржаву, у сваёй пераважнай большасьці адмовіліся ад роднай мовы, дык у польскіх рэаліях адмаўленьне ад мовы меншасьці – больш зразумелае. І непазьбежнае. Як асыміляцыя. (Кастусь Бандарук)

 

Дзеці і падлеткі размаўляюць амаль выключна на польскай мове, гэта прыкрая, але праўда. Я перакананы, што праблема з навучаньнем ляжыць не ў плашчыні літаратурная – гаворка, а ў плашчыні дзяржаўная – меншасная. Праблема датычыць гэтак жа беларусаў Падляшша, як і лэмкаў, кашубаў ды ў пэўным сэнсе ўкраінцаў. (Зміцер Косцін)

 

Калі ў хаце няма роднай мовы іншай за польскую, медыя тут „ніпрычым”. Няма ўжо амаль носьбітаў таксама падляскай мовы, яна знікае, бо бацькі не гавораць на ёй з дзяцьмі. І Тваё пісанне, прабач за шчырасць, нічога не мяняе, нічога. Мы гінем як нацыя, знікае наша мова. (…) Вяртайся, жыві тут, з намі, на нашай роднай зямельцы і дапамагай. Школы, радыё, тэлебачанне і мы чакаем. (Аліна Ваўранюк)

 

Каб паспрабаваць запаволіць наша сасьлізгваньне ў магілу, трэба як мінімум тры рэчы адначасова:

  1. увесьці падляскую мову ва ўзгодненай (нармалізаванай) правапісна-граматычнай форме ў поўнафарматнае карыстаньне ў СМІ;
  2. адмовіцца часткова або і поўнасьцю ад папяровых пэрыёдыкаў як устарэлага, неэфэктыўнага і працаёмкага спосабу узьдзеяньня на аўдыторыю, якая такое ўзьдзеяньне проста перастала заўважаць, і перайсьці з інфармацыйна-культурнай прапановай у інтэрнэт, куды пайшлі ўсе маладыя;
  3. паступова адмовіцца ад кірыліцы як азбукі, якой практычна НІХТО з маладых ня чытае, хоць некаторыя могуць яшчэ назваць некаторыя літары.

Я, зразумела, вярнуся на Падляшша, але не пайду нікога выручаць і працаваць за яго ў рэдакцыях. Я буду рабіць сваё. І час ад часу нагадваць пра страчаны шанец. (Ян Максімюк)

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.

Календарыюм

Гадоў таму

  • ў траўні

    770 – у 1254 г. быў падпісаны мірны дагавор паміж вялікім князем Міндоўгам і галіцка-валынскім князем Данілам Раманавічам. 740 – разгром у 1284 г. войскамі літоўскага князя Рынгальда мангола-татарскіх войск каля вёскі Магільна. 530 – у 1494 г. у Гародні …ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Календарыюм / Kalendarium

Сёньня

  • (939) – у 1085 г. дружыны Полацкага княства на чале з князем Усяславам Чарадзеем абаранілі беларускія землі ад захопніцкага нашэсьця князя кіеўскага Усяслава Манамаха. Захопнікі зьнішчылі Менск. Як пісаў кіеўскі летапісец „Не засталося ні чалавека, ні жывёлы”.
  • (908) – у 1116 г. нашэсьце на землі Дрыгавічоў і Крывічоў дружын кіеўскага князя Уладзіміра Манамаха. Захопнікі здабылі ды разбурылі, між іншым, Друцак, дзе усё насельніцтва захапілі ў няволю і загналі на заселеньне паўднёвай Кіеўшчыны.
  • (530) – у 1494 г. у Гародні быў пабудаваны кляштар бернардзінцаў.

Новы нумар / Novy numer

Папярэднія нумары

Усе правы абаронены; 2024 Czasopis