1 верасня Аляксандр Лукашэнка інаўгураваў новы навучальны год у Палацы Рэспублікі ў Мінску. Запрасіў туды некалькі сотняў вучняў і студэнтаў – лаўрэатаў рэспубліканскіх конкурсаў, валанцёраў, актывістаў студэнцкага руху. Зачытаў ім урок на тэму „Гістарычная памяць – дарога ў будучыню”. На відэасувязі ўдзельнічалі ў ім студэнты пяці вядучых вышэйшых навучальных устаноў. Жывая трансляцыя вялася ва ўсіх школах Беларусі.
Выступленне Лукашэнкі працягвалася амаль чатыры гадзіны. Падкрэсліў у ім, што тэма ўрока „актуальная і ў кантэксце Года гістарычнай памяці, і ў кантэксце апошніх падзей у Беларусі, Украіне, Расіі, у свеце ў цэлым”.
Гэта быў ідэалагічны спектакль, поўнасцю рэжысіраваны. Але не ўсё пайшло згодна з планам. „Мы – пакаленне адыходзячае і мая задача як прэзідэнта – дастойна перадаць вам палачку” – сказаў Лукашэнка. „Возмеце?” – запытаў. У адказ – цішыня.
У пэўны момант нейкі хлопец паказаў у відэакамеру паперку з надпісам на рускай мове „Спасите”. Нечаканасцю асабліва стала выказванне кадэта ваеннага вучылішча ў Віцебску Захара Аўчыннікава. Будучы афіцэр падняў руку, каб сказаць – па-беларуску – чым ён ганарыцца ў сваёй краіне. Выслухаўшы яго Лукашэнка задаў яму два дадатковыя пытанні, адно пра Вялікую Айчынную вайну, другое пра ацэнку Савецкага Саюза. Хлопец адказаў спакойна і сэнсоўна, хаця крыху хваляваўся. Лукашэнка, выразна збянтэжаны, пару слоў сказаў таксама па-беларуску.
Захару 16 гадоў, ён з сям’ёй жыве ў вёсцы Дрыгучы Міёрскага раёна, у Віцебску вучыцца ў адзінаццатым класе. Безумоўна, гэта быў яго вялікі адважны ўчынак. Хлопец мусіў быць свядомы, што для рэжыму беларуская мова гэта сінонім апазіцыі і ў арміі яна непажаданая.
Некаторыя з іншых дэлегацый пасля „ўрока” падыходзілі і Захара віншавалі. У Інтэрнэце пра яго распісваліся ва ўсім свеце, у сацсетках сталі пісаць яму знаёмыя і таксама невядомыя людзі. Былі пад уражаннем, што смела выступіў на беларускай мове. Хваляваліся за яго, што могуць быць нейкія непрыемныя наступствы з боку рэжыму. Ён аднак гэтым не пераймаўся, яго гэта нават крыху накручвала. Запэўніваў усіх, што па іншаму не паступіў бы і стараўся захоўваць вытрымку.