1 ліпеня 2022 г.
Хаця свайго часу быў я чыноўнікам мясцовага самакіравання і нават займаў там высокія пасады, то ўжо некалькі гадоў стараюся завельмі не ўнікаць ў гэтую дзялянку грамадскага жыцця. Цяпер у маім жыцці ёсць больш важныя для мяне прыярытэты, і я ўрэшце раблю тое, што мне сапраўды падабаецца. Шмат пішу, пры тым не абы-што, як у Інтэрнэце ці ў выпадку сённяшніх журналістаў, якія падымаюць найчасцей малаістотныя бягучыя тэмы. Я канцэнтруюся на сапраўды важных справах і праблемах, якія маюць звышчасовае значэнне. А штодзёншчынай, у тым ліку самаўрадавай мітуснёю, няхай ўжо займаюцца іншыя.
Аднак не магу быць абыякавым да таго, як у гмінах мясцовыя ўлады ставяцца да спадчыны і мінулага нашага незвычайнага шматкультурнага рэгіёну, перадусім прыкметаў і слядоў беларускасці ці праваслаўя. Іх мала паважлівы найчасцей падыход да гэтых каштоўнасцей, на жаль, перакладаецца на сведамасць будучых пакаленняў. Ігнаруючы нашу гістарычную памяць беспаваротна губляем сваё вялікае культурнае багацце, пагарджаючы спадчынай продкаў, нават бацькоў і дзядоў.
Хтосьці можа сказаць, што гэта ў жыцці не самае галоўнае, бо гісторыю пішуць сучасныя, якім у гміне больш патрэбныя новыя дарогі, цэх на дзвесце чалавек, камфорт і дастатак з півам пры грылі ці перад тэлевізарам, чымсьці нейкія там каштоўнасці і помнікі мінулых часоў, манаграфіі мясцовасцей, традыцыйная архітэктура і натуральны краявід. Тым часам усё гэта з сабою цесна звязанае, што відаць у багатых краінах Еўропы, дзе так любім наведваць турыстычныя славутасці.
Вось даведваюся, што ў маіх Крынках на сесіі гарадской рады быў прыняты гмінны план аховы гістарычнай спадчыны на 2022-2025 гады. Гэта заканадаўчае патрабаванне зверху. Такая праграма на практыцы – чыстая фармальнасць. Кожная гміна забавязана мець такі дакумент, а прымаюць яго, на жаль, без глыбейшага одуму. Выглядае гэта так, што гмінныя ўправы заказваюць яго – за немалыя грошы – у спецыялістычных фірмах. Тыя маюць гатовыя шаблоны, ангажуюць толькі кагосьці, каб склаў гістарычны нарыс адпаведнай гміны. Не ведаю, хто зрабіў гэта для Крынак, але даручаны заказ выканаў не надта сумленна. Для прыкладу, чытаем у гэтым раздзеле, што „ў дакументах Вялікага княства Літоўскага гэтыя землі заўсёды называліся Падляшшам, а паводле этымолагаў такая назва абазначала землі, якія належалі ляхам”. Папраўдзе Падляшша гэта тэрыторыя, якая прылягала да палякаў („ляхаў”).
Пра простую мову, старабеларускую, якая з’яўляецца надта важным кампанентам тутэйшай спадчыны, у дакуменце ўвогуле не ўспамінаецца.
У спісе гістарычных месцаў і помнікаў у Крынскай гміне пералічана нямала, бо звыш сямідзесяці аб’ектаў – у тым ліку адзін касцёл, сем цэркваў, сінагога, мячэць і шматлікія могілкі, пераважна праваслаўныя. У спіску пагроз для іх захавання нават шмат трапных заўваг і назіранняў. Акрамя фінансавых праблемаў, якія вынікаюць з недастатковых фінансаў у распараджэнні гміны ў выніку накладання на самаўрады ўсё новых задачаў без дадатковых сродкаў на гэта, у дакуменце падкрэсліваецца незацікаўленасць моладзі пазнаваць мясцовую гісторыю, фальклор і традыцыю продкаў ці фармаванне новабудоўляў у спрэчнасці з традыцыйным характарам архітэктуры і ладшафту.
Аднак супрацьдзеянняў гэтым парозам пералічана там няшмат. Як цікавыя і надзейныя можна лічыць прапановы па адлічбоўцы старых фотаздымкаў з сямейных архіваў жыхароў ці абазначэнні таблічкамі з надпісамі помнікаў даўніны. Апошняе мела б быць зроблена за кошт Сакольскага павета. Можна дадумацца, што якраз з-за гэтага планаванага дзеяння – па ініцыятыве старасты – крынскія радныя прынялі такі дакумент. Пакуль невядома, як будуць выглядаць тыя таблічкі на цэрквах ці ля могільнікаў.
Так здарылася, што падчас працы ў Гарадку і Міхалове спрычыніўся я да ўсталявання ў гэтых гмінах у гістрычных месцах такіх дошак. Дарэчы, раней некалькі падобных знакаў з’явілася і ў Крынках. Але гэта толькі часовае рашэнне. Такія дошкі хутка псуюццца, надпісы з часам робяцца цьмянымі і нечытэльнымі. Дарэчы, і так мала хто іх чытае. Таму маюць сэнс невялікія эстэтычныя таблічкі-шыльды, найлепш выгравіраваныя або адлітыя з металу.
У дакуменце прадугледжваецца таксама папулярызацыя краязнаўча-гістрычнай тэматыкі напрыклад пры нагодзе гмінных дажынак ці на старонках мясцовай газеты. Справа ў тым, што такая імпрэза ў наваколлі апошня раз адбылася яшчэ ў часы Польскай Народнай Рэспублікі. Мясцовай прэсы таксама даўно ўжо ў Крынках няма. Скончылася яна дваццаць гадоў таму, калі выдаваў я штомесячнік „Тут”, у якім, дарэчы, папулярызацыя культурнай спадчыны рэгіёну была адным з маіх прыярытэтаў.
Увесь дакумент налічвае больш чым сто старонак. На жаль, нічога ў ім не гаворыцца пра неабходнасць выдання манаграфіі гміны. Шмат дзе такія вартасныя публікацыі ўжо выйшлі. Нядаўна такое выданне з’явілася ў суседняй гміне Гарадок, да чаго нават прыклаў я сваю руку. Дзесяць гадоў таму, калі я там працаваў, заахвоціў былую дырэктарку гарадоцкай пачатковай школы, якая ўжо тады была на пенсіі, каб узялася за такую задачу. Я нават прыдбаў на гэта фінансавыя сродкі з Еўрасаюза, але выданне патрабавала яшчэ шматгадовай падрыхтоўкі. На жаль, эфект быў сапасаваны празмерным умяшаннем гаспадара гміны. Манаграфія выйшла з фотаздымкам „правадыра” на ўсю старонку, адразу на яе пачатку, як у сталінскія часы.
Такое выданне ў Крынках не патрабуе многіх гадоў падрыхтоўкі. У мясцовай энтузіясткі рэгіянальнай гісторыі Цэцыліі Бах-Шчавіньскай яно ўжо амаль гатовае. На перашкодзе яе канфлікт са спадарыняй бургомістр. Варта было б тут адкінуць асабістыя непрыязнасці. У рэшце рэшт разыходзіцца пра нешта вечнае, бо і для будучых пакаленняў.
За апошнія гады ў Крынскай гміне адрамантаваны былі м.інш. даўняя сінагога і некалькі цэркваў, у тым ліку ажно тры ў маім востраўскім прыходзе. Было гэта магчыма ў асноўным дзякуючы фінансавым сродкам з Еўрасаюза. У гэтым плане добра працуе Мясцовая група дзеяння Татарскі шлях (LGD Szlak Tatarski). Але вось даведваюся, што Сакольскі павет заснаваў асобную такую арганізацыю. Ініцыятарам быў стараста, які як прадстаўнік кіруючай дзяржавай партыі верагодна ў такі спосаб імкнецца мець яшчэ большы ўплыў на размеркаванне датацый гмінам.
Грошы на ахову помнікаў даўніны будуць патрэбныя безупынна. Тым больш, што якасць выконваных кансервацыйна-будаўнічых работ часта недастатковая. Так як у выпадку славутай царквы ў Грыбоўшчыне, дзе амаль адразу пасля рамонту фасад пачаў адвальвацца ад падмуркаў.
Узнікае штораз больш сур’ёзная праблема ўтрымання праваслаўных храмаў у абезлюднелых прыходах. Фінансавая падтрымка з боку дзяржавы тут непазбежная, інакш з часам чакае іх заняпад. У секулярызаваных краінах Заходняй Еўропы апусцелыя гістарычныя храмы ператварыліся ў дзяржаўныя музеі. У Нямеччыне выстаўляюць іх на продаж, а новыя ўласнікі ператвараюць іх у гасцініцы, рэстараны, крамы і нават жылыя кватэры са спальнымі пакоямі ў алтарных частках. У Маравах у Чэхіі нядаўна адна з гмінаў адрамантавала капліцу і ўзяла яе на сваё ўтрыманне. Па-ранейшаму цэлебруюцца ў ёй імшы, а святара аплочвае мясовае самакіраванне. Акрамя таго капліца служыць жыхарам для арганізацыі сямейных святаў.
4 жніўня 2022 г.
Цудоўны дзень у падкрынскіх Азяранах. Ад трох гадоў летам у часопісаўскай кампаніі сустракаемся ў розных кутках Беласточчыны. Спярша пабывалі мы ў Семяноўцы, а год пасля ў Ляўкове-Старым. А вось цяпер з’ехалі ў Азяраны-Малыя, што ў гміне Крынкі ля самай польска-беларускай мяжы. Тут свой рэкрэацыйны домік мае Весек Харужы і ў яго правялі мы прыгожы летні дзянёк. Быў час пагутарыць пра рэдакцыйныя і іншыя справы, прайшліся таксама па наваколлі.
Весек адгэтуль родам. Яго вёска Ямашы (па-мясцоваму Ямашэ), з якой на пачатку сямідзесятых гадоў выехаў з бацькамі ў Беласток, ужо не існуе. Калісь было там пад дваццаць гаспадарак, па якіх засталіся толькі падмуркі будынкаў, здзічэлыя сады і векавыя ўжо дрэвы.
Некалькі гадоў таму Весек з братам упарадкавалі месца, у якім стаяў вясковы крыж. Паставілі новы з надпісам – па-беларуску – „Памяці жыхароў вёскі Ямашэ” і побач змясцілі кароткую інфармацыю, ужо па-польску, пра яе гісторыю.
Весек здаўна даследуе мінулае роднай мясцовасці і наваколля. Ямашэ і суседнія Азяраны – Малыя і Вялікія – ды Лапічы, Белагорцы і Нетупа былі заснаваны яшчэ ў XVI ст. Аднак і раней жылі тут людзі, пра што сведчаць сярэднявечныя курганы ды сляды па даўніх могілках.
Веськаў домік стаіць на ўзгорку на ўскраіне Малых Азяранаў. Відаць згэтуль даліну, дзе былі Ямашэ. Стаяць там яшчэ бетонныя стаўбы яго бацькоўскай стадолы. Краявід псуе толькі бліскучы металічны плот на мяжы. Калі мы сядзелі сабе каля доміка, штораз дарожкай праязджалі памежныя патрулі ды нейкі вайсковы транспарт. Якраз пачыналася крыху спозненае ў гэтым годзе жніво, непадалёк камбайн малаціў жыта. Аказваецца, амаль усё поле навокал абрабляе тут адзін гаспадар, а і той жыве ў Крынках.
Цяпер тут сапраўды канец свету. Такой апусцелай вёскі як Азяраны хіба больш нідзе ўжо няма. Больш як палова дамоў тут цалкам пакінутыя. Дзе-недзе з’явіліся новыя ўласнікі, выпадковыя людзі нават з глыбіні Польшчы, якія тут жывуць толькі з вясны да зімы або час ад часу адпачываюць. Паяўляюцца таксама турысты, цікавыя такога дзіва.
Пасля прыемнай сустрэчы з сябрамі з Азяранаў ад’язджаў я з палёгкай. Усё-такі цягне да людзей…
6 жніўня 2022 г.
Сярэдзіна лета. Сезон беларускіх імпрэзаў у самым разгары. Вечарком гляджу інтэрнэт-трансляцыю з „Прымацкай бяседы” ў Міхалове. Са сцэны аб’явілі конкурс, пытаючы каторы ўжо раз яна адбываецца. Правільны адказ – быццам 13-ты. Але гэта не зусім так.
Першы выпуск „Прымацкай бяседы” быў у 2010 г. Такую імрэзу ініцыяваў лідэр калектыву „Прымакі” Юрка Астапчук. Тады вымушаны ён быў пакінуць працу на пасадзе дырэктара Гміннага цэнтра культуры ў Гарадку. Стаў ён інструктарам міхалоўскага ГОКа і ў тамтэйшым амфітэатры сарганізаваў гарадоцкую „Сяброўскую бяседу” на біс – надта папулярную імпрэзу, якую сам быў прыдумаў яшчэ ў 2000 г. Міхалоўскі варыянт да сёння амаль ідэнтычны, нават лагатып аднолькавы. Так як і гімн, які гучыць са сцэны – „Гэй, прымацкая бяседа!” замест „Гэй, сяброўская бяседа!”
У 2015 г. Юрка Астапчук вярнуўся на пасаду дырэктара Дома культуры ў Гарадку. Чатыры гады зноў ладзіў у Барыку „Сяброўскую бяседу”, ізноў на свой капыл, хаця ў міжчасе імпрэза стала больш прыстойнай. А ў Міхалове пры адсутнасці „Прымакоў” назву мерапрыемства памянялі на „Беларускія фольк-сустрэчы”.
У 2019 г. Юрка Астапчук прайграў конкурс на дырэктара гарадоцкага Дому культуры на чарговы тэрмін і зноў пачаў працаваць інструктарам міхалоўскага ГОКа. Разам з ім у Міхалова вярнулася і „Прымацкая бяседа” з папярэдняй формулай. Толькі яго славуты гурт цяпер хіба ў нейкім крызісе. „Прымакі” налічваюць удвая менш асоб чымсьці калісь і па-за міхалоўскай гмінай рэдка дзе ўжо выступаюць.
Нягледзячы на згаданыя закалоты „Прымацкая бяседа” дагэтуль, асабліва на пачатку, прыцягала шмат публікі. У гэтым годзе таксама ў міхалоўскім амфітэатры сабралася нямала людзей, хаця такога szału як калісь ужо не было. А сёлетняя праграма імпрэзы магла быць даволі прывабнай. На сцэне выступілі не толькі самадзейныя калектывы, але і вядомыя зоркі і прафесіяналы, у тым ліку славуты „Navi Band” і „Спадчына” з Беларусі. На жаль, публікі занадта яны не падарвалі. Бо і сама публіка не тая – ёй давай простую, жвавую музыку, а не эстрадную на вышэйшым узроўні.
На сцэне былі таксама сур’ёзныя акцэнты. Саліст „Спадчыны” выказаў словы падтрымкі ў бок Украіны. Аднак выканане „Прымакамі” вядомай польскай песні „Hej, sokoły!” трэба лічыць звычайным непаразуменнем.
Імпрэзу вёў, вядома, Юрка Астапчук, але як то ён, не заўсёды культурна, а часам нават вульгарна.
– Ляпайце мацней, – заахвочваў публіку, – бо як я да вас выйду, то так ляпну!..
Заяўляючы выканаўцаў у пэўны момант выпадкова даў дозу чорнага гумару:
– Сустракайце калектыў, які прыехаў да нас з Бельска, дзе нарадзілася Багуся, але ўжо не жыве…
– …Ale ja przecież żyję, – перапыніла яго няшлюбная другая жонка.
– Але не ў Бельску…
Дарэчы, канферанс’е з’яўляецца слабым элементам большасці нашых беларускіх фэстаў і фестываляў, паніжаючы іх узровень.
Тыдзень раней у Гарадку прайшла „Сяброўская бяседа”. Гэта быў ужо яе 22-гі выпуск. Цяпер фэст адбываецца ў амфітэатры над залівам у Зарэчанах. Шкада, што ўжо не ў Барыку. Там у часы, калі быў я дырэктарам гарадоцкага Дому культуры, на чароўнай паляне ў цяні векавых соснаў у апошнюю суботу ліпеня заўсёды збіралася некалькі тысяч чалавек. Каля 21-й гадзіны цяжка было праціснуцца не толькі перад сцэнай.
Акрамя жыхароў Гарадка і наваколля з’язджалі сюды людзі з Беластока, Бельска, Гайнаўкі і нават з далейшых гарадоў, каб прыемна пабяседаваць на свежым паветры пры свойскай беларускай і не толькі музыцы. Дзякуючы Лёніку Тарасэвічу мы далі мерапрыемству новы імпульс. Мастак распрацаваў прыгожыя дэкарацыі, заўсёды была прафесійнае канферанс’е, амаль цалкам па-беларуску (патрабаванне м.інш. датацыі з міністэрства, бо галоўная мэта мерапрыемства – захаванне культурнай тоеснасці беларускай меншасці). На сцэне выступала агулам 500-600 чалавек, бо столькі мы выдавалі картачак на пачастунак.
Менавіта ў мой час у назве фестывалю з’явіўся тэрмін „міжнародны”, бо ў такі фактычна ён ператварыўся. На сцэне сталі выступаць не толькі калектывы з Гарадка, Падляшша і Польшчы, але таксама з Беларусі ды іншых краін. Выступала і ўкраінская „Горпына”, якая была зоркай сёлетняга выпуску.
„Сяброўская бяседа” цяпер, праўда, больш сціплая як калісь, але надалей прыцягвае шмат народу. Ну і добра.
Юрка Хмялеўскі