Pa prostu / Па-просту

  • Płacz zwanoŭ

    23. Zabytaja tragedia kala Krynak (4)

    Syne, kab adkapać ich, paprasili Bronisia Czarnamysaho z susiednich Klabanaŭcaŭ. Toj uziaŭ z saboju jaszcze dvoch mużczyn i noczu pajechali na miesca tragedii. Kali paczali raskopvać jamu, z siaredziny trysnuła kroŭ. Pamału vyciahnuli dva trupy Sidaroviczaŭ i pa cichu pryviaźli ich da Kundziczaŭ. Myła ich…ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Po pudlaśki / По-пудляські

  • Kinoman

    13. Stan nevyznačanosti

    Orła wrona nie pokona! [Antykomunistyčne hasło v vojennum stani v Pôlščy.] Statut Białoruskiego Zrzeszenia Studentów (BAS) pisavsie mnoju miêseci dva. Odnočasno my začali vyšukuvati „našych” studentuv u akademikach raznych vyžšych škôł u Varšavi i psychologično pudhotovlati jich do toho, što budemo rejestrovati biłoruśku studenćku organizaciju… ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

RSS і Facebook

Дзённік рэдактара

Працуйма пільна і будзе Вільня альбо Птушынае паломніцтва ў Вострава

4 лютага 2022 г.

Ужо больш як месяц у маё Паўднёвае Вострава амаль кожны дзень прыязджаюць здалёк аўтамашыны і станавяцца за вёскай на горцы. Сёння налічыў я іх больш як дзесяць. Кіроўцы і пасажыры стаялі на ўскраіне жвіроўкі з расстаўленай фатаграфічнай тэхнікай, накіраванай на супрацьлеглы хвайнячок. Усе чакалі, калі з гушчара вылеціць рэдкі птах, які там загнездзіўся, каб зрабіць яму здымак.

Такая крыху дзівосная для мяне з’ява пачалася ў канцы мінулага года, калі хтосьці прыўважыў тут саву, якая быццам прыляцела сюды ажно з-пад палярнага кола, са Швецыі ці Нарвегіі, а мо з сібірскай тундры. Як устанавілі даследчыкі там менавіта гэты птах пражывае (таксама ў расійскай тундры, паўночнай Канадзе і на Алясцы) і часам на зіму прылятае між іншым на Падляшша.

Фотапаляванне на рэдкага птаха пад Паўднёвым Востравам каля Крынак Шулякаватая сава Фота Юркі Хмялеўскага і з Вікіпедыі
Фотапаляванне на рэдкага птаха пад Паўднёвым Востравам каля Крынак
Шулякаватая сава
Фота Юркі Хмялеўскага і з Вікіпедыі

І падумаць толькі, што тысячу гадоў таму з па-за Балтыйскага мора прыплывалі вікінгі, каб рабаваць славян і яцвягаў на сённяшнім Падляшшы, а цяпер прыляцела стуль сава, каб наесціся мышэй і іншых звярынак з зямлі, якую калісьці пераняў крынскі пэгеэр, а пасля выкупіў прыватнік і апусцелыя гектары абсадзіў кустамі абляпіхі. На іх і сядае тая сава, якая сапраўды, калі паглядзець на здымак, даволі прыгожая і крыху незвычайная. Пер’е ў яе шэра-бліскучае як у шуляка – ястраба. Таму па-польску называюць яе – sowa jarzębata.

І вось цяпер такі незвычайны птах прыбіўся ў лясочак на ўзвышшы каля Паўднёвага Вострава. Гэтае месца здаўна называюць тут Сойчынай горкай. Не думаю, аднак, што ад іншай птушкі – сойкі. Бо калісь было тут звычайнае поле, на якім расло збожжа. Вузкія палоскі на шахаўніцы абраблялі востраўскія гаспадары. Мабыць у гэтым месцы жыў якраз нейкі Сойка, бо ў нашым старонні такое прозвішча захавалася да сёння. А можа ліхую пясчаную зямлю мела тут нейкая ўдава Зоя і папраўдзе была гэта Зойчына гара.

Як жа люблю я такія загадкі. Яны дапамагаюць мне зразумець мінулае, што для мяне надта важнае. Але хтосьці скажа, што і без гэтага можна жыць як большасць людзей якіх сёння гісторыя цікавіць мала, а толькі мітусня ў фейсбуку, якая крадзе адно час, як і тэлевізар.

Кожны мае, а прынамсі павінен мець, нейкае хобі. Так як у гэтым выпадку аматары фатаграфавання цікавінак у прыродзе. Падумаў я ўрэшце да іх падысці. Такая з’ява напомніла мне крыху даваенныя паломніцтвы ў Грыбоўшчыну да прарока Іллі, перайначаную гадамі гісторыю якога пачаў я нанова складаць і ў частках публікаваць у Часопісе. Аказваецца, мая родная зямелька багатая ў розныя дзівы, – падумаў сабе шпацыруючы па Сойчынай горцы.

– І як, удалося зрабіць здымак саве? – пытаюся па-польску маладога мужчыну, каб пачаць размову.

– Do you speak english? – чую ў адказ.

– I just a little… – пробую загаварыць па-англійску. – Is the bird? – паказваю рукой дрэва, каб запытаць, ці ёсць там птах.

– Yes, yes! – упэўнена адказвае фатограф, мабыць з нейкага прэстыжнага журнала, напрыклад з Nationale Geographic.

З усмешкай на твары падыходжу да чарговага фаната шулякаватай савы. Аказваецца, прыехаў ён сюды ажно з Кракава і ўжо чатыры гадзіны тырчыць напагатове з фотаапаратам у руцэ. Паясніў мне, што гэтую саву ў Польшчы дагэтуль бачылі толькі дакладна сорак чатыры разы. Фанаты абменьваюцца здымкамі ў сацсетках і спаборнічаюць між сабою, хто сфатаграфуе найбольш рэдкіх раслін, звяроў ці менавіта птушак.

Помню, як неяк дзесяць гадоў таму ў бацькоўскай стадоле ў маім Востраве таксама зімавала сава. Я нават зрабіў ёй здымак, як сядзела высока пад кроквай. На жаль, не магу яго цяпер адшукаць. Магчыма была гэта якраз тая ж jarzębata сава.

Мой аднавясковец, калі толькі даведаўся пра такое дзіва на Сойчынай горцы, зразу ўспомніў, што ў надлясніцтве ў Пачапку, у якім паўжыцця працаваў трактарыстам, стаяць вайлеры з рознымі птушкамі. – Напэўна, тая сава адтуль і ўцякла, – сказаў ён мне…

 

16 лютага 2022 г.

Сёння ў Беластоку прэзідэнт горада Тадэвуш Трускаляскі абвясціў на адмысловай прэс-канферэнцыі, што адступае ад ініцыятывы аб’яднання прадшколля н-р 14 і суседняй пачатковай школы н-р 4 у адзін адукацыйны комплекс. Гэта доказ, што наш беларускі голас мае яшчэ немалое значэнне.

Усё пачалося на пачатку года, калі камісія Гарадской рады па справах адукацыі зацвердзіла такі праект, які найперш удараў у самастойнасць садка і пагражаў яму беларускаму абліччу. Гэта выклікала супраціў бацькоў, якія пасылаюць або пасылалі туды сваіх дзетак. Пачалася акцыя. Узняла яе моцна заангажаваная ў справу Юліта Сцепанюк, жонка Міхася – журналіста з беларускай рэдакцыі Польскага Радыё Беласток. Яны ў гэтае легендарнае ўжо беластоцкае прадшколле пасылаюць цяпер сына. Рашуча супрацівіліся зліццю садка з суседняй пачатковай школай, дзе, дарэчы вядуцца заняткі беларускай мовы як у адзінай у горадзе, што аднак не мае тут значэння. Пад петыцыяй у магістрат, якую фірмавала Юліта, у інтэрнеце падпісалася каля сямсот асоб. Пра гэта пісалі мы ў папярэднім нумары Часопіса.

У лютым была складзена яшчэ адна петыцыя з новымі аргументамі супраць намеру улад горада. На гэты раз сабрала яна на сто подпісаў больш, а фірмавалі яе амаль усе беларускія арганізацыі. Прытым уся акцыя прайшла вельмі сімпатычна і па-сучаснаму ў рамках створанай ініцыятывы #Bяłystok з прыгожым лагатыпам.

У міжчасе прайшло шэраг сустрэчаў з гарадскімі ўладамі прадстаўнікоў асяроддзя на чале з праф. Алегам Латышонкам. Спачатку бралася пад увагу стварэнне школьна-прадшкольнага комплексу з дадатковай беларускай мовай навучання. Найперш такую думку падхапіў дэпутат Яўген Чыквін, які спрабаваў ангажавацца ў справу. Да гэтага імкнуліся таксама Іаанна Місюк як старшыня камісіі па справах адукацыі ў Гарадской радзе і намеснік прэзідэнта горада Адам Мусюк. Абое яны прыкідваюцца да нашага асяроддзя, паколькі як праваслаўныя былі выбраныя ад царкоўнага Форума меншасцей Падляшша. Гэтая арганізацыя, аднак, ад іх адхілілася.

Іаанна Місюк у фейсбуку напісала, што злучэнне прадшколля ў адзін комплекс са школай абазначае адны карысці. Падлічыла, што прынясе гэта 300 тыс. зл. ашчаднасцей у год. Аказалася, аднак, што будынкі так прадшколля, як і школы патрабуюць мадэрнізацыі і новага абсталявання. Пакуль праводзіць рэарганізацыю, трэба гэта забеспечыць. Таму прадстаўнікі беларускага асяроддзя сфармавалі такі пастулат як свой асноўны варунак. Звярнулі таксама ўвагу, што ў абедзвюх установах навучанне беларускай мовы магчымае толькі для дзетак ад беларускай меншасці, на што перадаецца частка асветнай субвенцыі з бюджэту дзяржавы. Тымчасам у горадзе апошнім часам з’явілася шмат прыезжых з Беларусі, у тым ліку палітычных уцекачоў. Яны таксама хочуць мець магчымасць пасылаць дзяцей на такія заняткі. Але ўлады Беластока на гэта не дазваляюць з увагі на закон, які не прадугледжвае субвенцыі для такіх вучняў. Нічога аднак не перашкаджае, каб гэтыя грошы выдаткоўваць з гарадскога бюджэту. Тым больш, што горад аказвае фінансавую дапамогу для беларускай дыяспары. Тымчасам намеснік прэзідэнта Рафал Рудніцкі ў цынічны спосаб параіў, каб з такой просьбай звярнуліся яны ў… беларускі кансулат. Пасля жахнуўся і напісаў ліст прэм’ер-міністру Матэвушу Маравецкаму з просьбай, каб дастасаваць закон да цяперашняй сітуацыі.

Добра, што сітуацыя пакуль успакоілася, бо такі канфлікт у Беластоку нікому непатрэбны. Прэзідэнт Тадэвуш Трускаляскі добра ведае, што каб не меншасны електарат, ён і Грамадзянская кааліцыя горадам не кіравалі б. Таму не можа сабе дазволіць дзейнічаць супраць беларусаў і праваслаўных. А ў гэтай справе, як сказаў, не змог нашага асяроддзя перакагнаць да сваіх рацыяў. Але нават калі б павёў сябе заўпарта, то і так яго пастановы не падтрымала б большасць дэпутатаў у Радзе горада. Публічна гэта заявілі нават некаторыя з яго кааліцыянтаў.

Паколькі аднак Трускаляскі імкнуўся да паразумення або нейкага кампрамісу, то яго намеснік Адам Мусюк і асабліва радная Іаанна Місюк да канца паводзілі сябе даволі арагантна. Ініцыятараў петыцыяў абзывалі ашуканцамі, бо паводле іх не было ніякай пагрозы для беларускага прадшколля. Віцэ-прэзідэнт Мусюк падкрэсліваў нават, што ў гэты садок ходзіць яго сын, таму для яго без розніцы ці як цяпер у самастойную ўстанову, ці ў рамках будучаго комплексу. Пераконваў, што для дзяцей і настаўнікаў нічога не змянілася б. Узнікла даволі хворая сітуацыя, калі прадстаўнікі ад меншасці ў гарадскіх уладах яўна праігнаравалі голас гэтага асяроддзя.

Юліта і Міхась Сцеранюкі з сынам Мікалаем. Гэтыя бацькі ад усяго сэрца заангажаваліся ў абарону беларускага прадшколля, ініцыюючы прыгожую акцыю Фота з Фейсбука
Юліта і Міхась Сцеранюкі з сынам Мікалаем. Гэтыя бацькі ад усяго сэрца заангажаваліся ў абарону беларускага прадшколля, ініцыюючы прыгожую акцыю
Фота з Фейсбука

Прэзідэнт Трускаляскі як дасведчаны палітык заўважыў тое і пасля адсунуў іх ад удзелу ў сустрэчах наконт гэтай справы. На канец, калі абвяшчаў на прэс-канферэнцыі разам з праф. Алегам Латышонкам сваё канчатковае становішча, ад імя меншасных радных прысутнічаў ужо іншы іх прадстаўнік – Стэфан Нікіцюк.

Я падпісаўся пад абедзвю петыцыямі і то як адзін з першых. У беларускае прадшколле ў Беластоку – так яго і паўсюдна называюць у горадзе – хадзілі таксама мае дзеткі. Было гэта адразу тады, як у палове дзевяностых гадоў узніклі такія аддзелы. Гэты будынак у цэнтры горада ператварыўся ў свойскае беларускае месца. Таксама для нас бацькоў. Помняцца прыемныя сцэнкі і забавы, у якія гулялі мы з дзеткамі. Напрыклад юр’еўскі абрад, дзе меў я ролю пастушка і нават спяваў нейкую песню.

Неўзабаве настаўніцы стварылі там славуты калектыў Світанак, які да сёння выступае на фестывалях і канцэртах беларускай песні ва ўсім рэгіёне. А само прадшколле надалей застаецца свойскім месцам, надта спрыяючым захаванню тоеснасці нашай меншасці. І няхай такім застаецца, бо ў новай структуры разам са школай захаваць такую каштоўнасць было б напэўна складана.

 

18 лютага 2022 г.

Нядаўна ў нашу рэдакцыю на адрас электроннай пошты прыйшоў незвычайны ліст ад нейкага пісьменніка з Мінска. Пачынаецца ён так: „Паколькі ў Часопісе публікуеце тэксты на беларускай і польскай мовах, я асмеліўся напісаць Вам па-руску”. Пачытаўшы такое я адразу рассмяяўся. Пасля пашукаў у інтэрнэце звестак пра аўтара і даведаўся, што з’яўляецца ён рэдактарам выдавецтва Беларускага экзархата Рускай праваслаўнай Царквы і піша кніжкі на царкоўныя тэмы. Не мог я аднак зразумець, чаму імэйл да нас не напісаў па-беларуску. Не ўмее, ці як?

А справа была ў яго такая, што патрабаваў кантакту з нашай рэдакцыйнай сяброўкай Ленай Глагоўскай, якой я, зразумела, гэты імэйл перадаў. Пісьменніка цікавіць цяпер постаць Пётры Сергіевіча, пра якога як „беларускага Матэйку” надта класны артыкул калісь напісала менавіта Лена. Паколькі не мог ён яго знайсці, я перадаў яму інтэрнэт-спасылку.

Мабыць на самой справе не было б тут нічога надзвычайнага, калі б не тое, што той артыкул быў апублікаваны ўжо амаль дваццаць гадоў таму. Гэта, дарэчы, не першы выпадак, калі нехта дапытваецца пра нашыя даўнія публікацыі і мяне як рэдатара такое зацікаўленне цешыць. Даказвае, што наш Часопіс мае ўжо энцыклапедычную вартасць, як крыніца ведаў для даследчыкаў, журналістаў і літаратараў.

Юрка Хмялеўскі

Галоўны рэдактар

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.

Календарыюм

Гадоў таму

  • У лістападзе

    505 – 1519 г. Заканчэньне пабудовы Барысаглебскай царквы ў Навагарадку, помніка архітэктуры готыкі. 445 – 1579 г. Пераўтварэньне Віленскай Езуіцкай Акадэміі ў Віленскі Унівэрсытэт – першы унівэрсытэт ва ўсходняй Эўропе. 405 – 1619 г. Надрукаваньне „Грамматики словенския правильная синтагма” Мялеція Сматрыцкага. 325 …ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Календарыюм / Kalendarium

Сёньня

  • (456) – У 1568 г. пачала дзейнасьць заблудаўская друкарня ў маёнтку Рыгора Хадкевіча, у якой друкаваліся кірылічныя кнігі, між іншым „Евангельле вучыцельнае” (1569) і „Псалтыр з Часасловам” (1570).
  • (208) – 4.11.1816 г. у мястэчку Кублічы каля Лепеля нар. Арцём Вярыга-Дарэўскі (пам. у ссылцы ў Сібіры ў 1884 г.), паэт, драматург, публіцыст. Быў сябрам У. Сыракомлі, В. Дуніна-Марцінкевіча. Пісаў на беларускай і польскай мовах. Запачаткаваў беларускія пераклады творчасьці А. Міцкевіча, між іншым пераклаў „Конрада Валенрода”.
  • (137) – 4.11.1887 г. у Капылі, Слуцкага павету нар. Зьміцер Жылуновіч (літаратурны псэўданім Цішка Гартны, замучаны савецкай бясьпекай 11.04.1937 г.), пісьменьнік, выдатны беларускі дзяржаўны дзеяч. Пісаць пачаў у 1908 г. у „Нашай Ніве”.
  • (109) – у лістападзе 1915 г. у выніку стараньняў беларускіх нацыянальных дзеячаў (падчас нямецкай акупацыі) пачалі адкрывацца на Віленшчыне першыя беларускія школы.
  • (95) – 4.11.1929 г. у в. Таргуны каля Докшыц нар. Сяргей Карніловіч, выпускнік Гімназіі імя Янкі Купалы ў Віндышбэргэрдорфе (Нямеччына). З 1949 г. жыў у эміграцыі ў Кліўленд (ЗША). Адзін з самых актыўных арганізатараў беларускага грамадзка-рэлігійнага жыцьця ў гэтым горадзе, між іншым

Новы нумар / Novy numer

Папярэднія нумары

Усе правы абаронены; 2024 Czasopis