Звыш году як жывем пад пагрозай каранавіруса. Статыстыкі трывожаць – быў гэта чорны перыяд. У Польшчы за гэты час памерла амаль паўмільёна грамадзян, найбольш ад другой сусветнай вайны. Вядома, што так вялікі прыток смяротнасці гэта ў значнай меры чорнае жніво каранавіруса. На пачатку красавіка Польшча была на другім месцы ў свеце – пасля Бразіліі – з найбольшым лікам памерлых, у якіх раней выяўлена COVID-19.На Падляшшы гэтыя дадзеныя, праўда, крыху меншыя. Але і ў нас няма такой сям’і, у якой хтосьці родны або знаёмы не меў каранавіруса. Цяпер уся надзея ў вакцынах-прышчэпках. Калі да лета ўдасца прышчапіць пад 80 прац. грамадзян, што прадугледжваюць улады, магчыма пандэмія спыніцца. Але пагроза і так канчаткова не знікне, паколькі вакцынацыя абараняе перад вірусам максімальна год часу, а паяўляюцца ўсё новыя і новыя мутацыі.
Затым страх перад заразай не знікне. Выглядае на тое, што звычкі санітарнага рэжыму, хаця будзе адкліканы, застануцца ў нас на доўга. Людзі асабліва будуць асцерагацца, каб не збірацца ў натоўпы, захоўваючы між сабою дыстанцыю. Культурнае жыццё, якое амаль замерла, таксама хутка не адродзіцца. Падчас беларускіх фэстаў пэўна ўжо ніколі не будзе такіх натоўпаў як калісь. Калі глянуць на здымкі, скажам, з Сяброўскай Бяседы ў Гарадку, асабліва 6-10 гадоў таму, цяжка ўявіць, каб людзі адважыліся цяпер ціснуцца перад сцэнай як напрыклад падчас канцэрту гурта „Энэй” у 2014 годзе.
Шматлюдныя забавы і культурніцкія мерапрыемствы пакуль гэта ўжо гісторыя. Беларускія арганізацыі на Падляшшы доўга не падымуцца і невядома ці наогул падымуцца, каб разгарнуць сваю дзейнасць. Таму для захавання і развіцця нашай тоеснасці павінны пераставіцца на іншыя віды дзейнасці – адрасаваныя не для масавага гледача, толькі для меншай публікі. Затое як мага часцей і ў разнастайых месцах.
Каранавірус балюча крануў і царкоўнае жыццё. На COVID-19 хварэлі некаторыя святары, магчыма хтосьці з-за гэтага і памёр, але пра тое не гаворыцца. Цэрквы апусцелі, хаця не надта. У нядзельных і святочных літургіях прысутнічае і так больш вернікаў як дазволена. Многія аднак перасталі ўдзельнічаць у набажэнствах. І не таму, што ў выніку абмежаванняў стала менш месца ў храмах. Людзі звычайна проста пабойваюцца, каб ад кагосьці на набажэнстве не заразіцца каранавірусам.
І падумаць, што ў даўніх вяках было зусім наадварот. Падчас эпідэміяў людзі ратаваліся малітвай якраз у цэрквах, ставілі крыжы як на Святой Гары Грабарцы. Ну але цяпер жывем у цалкам іншым часе, калі, як некаторыя кажуць, свянцонай вады і чорт не баіцца. А памаліцца можна і дома…
Юрка Хмялеўскі