16 снежня мінулага года беларускі паэт Зьніч, які жыве ў Жыровічах на Слонімшчыне, адзначыў сваё 80-годдзе. У свецкім асяроддзі ён яшчэ паэт Алег Бембель, які потым стаў яшчэ інакам Мікалаем, а цяпер – манах Іаан.Амаль чвэрць стагоддзя айцец Іаан (паэт Зьніч) жыве ў Жыровічах, пакінуўшы родны Мінск, дзе нарадзіўся ў сям’і вядомага беларускага скульптара Андрэя Бембеля.
За 80 гадоў сталічны творца перажыў шмат. Ён у свой час атрымаў добрую адукацыю. Скончыў Мінскае музычнае вучылішча і Беларускую дзяржаўную кансерваторыю па спецыяльнасці фартэпіяна. Працаваў выкладчыкам музыкі ў Глыбокім, Мінску, у Расіі. Вучыўся ў Інстытуце філасофіі і права АН БССР, працаваў навуковым супрацоўнікам гэтага ж інстытута.
У 1985 годзе ў Лондане ён выдаў кнігу „Роднае слова і маральна-эстэтычны прагрэс”. За гэта Алега Бембеля звольнілі з Інстытута філасофіі і права. У 1990-х гадах ён становіцца актыўным удзельнікам беларускага нацыянальнага руху, друкуе свае вершы ў ЗША і Польшчы. Становіцца сябрам Саюза пісьменнікаў Беларусі, працуе ў Нацыянальным навукова-даследчым цэнтры імя Францыска Скарыны.
З 1996 года манах Іаан жыве ў Жыровічах. Па-ранейшаму піша вершы, выдае багаслоўска-літаратурна-мастацкі лісток „Жыровіцкая абіцель”, прымае ўдзел у грамадска-культурным жыцці Беларусі.
З друку выходзяць яго кнігі вершаў „Саната ростані”, „Рэха малітвы”, „Малітвы за Беларусь”, „Між тэктанічных пліт…”, „За мурам”, „Крэсіва” і іншыя. Разам з паэтам Алесям Клышкам свет пабачылі кнігі сумоўяў „Жыровіцкія камяні”, „Шлях да Жыровічаў”, „Жыровіцкая пастараль” і „Званіца”, якія былі прысвечаны духоўнаму адраджэнню Беларусі.
Пра святыя праваслаўныя Жыровічы, якія вядомыя ўсяму свету, паэт Зьніч прысвяціў шмат паэтычных радкоў і нават малітваў. А адна „Малітва Жыровіцкіх старцаў” гучыць так:
Госпадзі Іісусе Хрысце, Сыне Божы, Новы Адаме,
Ты можаш – усё, што захочаш. Ты распяўся і ўваскрос –
Дзеля ўратавання нас грэшных…
Госпадзі Іісусе Хрысце, Сыне Божы, Новы Адаме,
Калі хочаш – зрабі, як мы просім…
Госпадзі Іісусе Хрысце, Сыне Божы, Новы Адаме,
Па-над усімі нашымі – не дзеля ўратавання душы –
Прашэннямі… памкненнямі… натхненнямі…
Летуценнямі… – хай будзе воля Твая Святая.
Амінь.
З айцом Іаанам я вырашыў зрабіць інтэрв’ю, пагутарыць пра наш час, гісторыю, літаратуру, палітыку. Загадзя падрыхтаваў пытанні, уключыў дыктафон і… пачуў яго паэтычныя радкі. На ўсе мае пытанні айцец Іаан-паэт Зьніч адказаў вершамі. Такой і атрымалася незвычайнай наша гутарка. З ёй і знаёмлю нашых чытачоў Czasopisu.
Айцец Іаан, амаль чвэрць стагоддзя Вы жывeце ў Жыровічах. Як Вас сустрэлі Жыровічы, як Вас прынялі Жыровічы за гэты час? Я маю на ўвазе – мясцовыя людзі, святары, чыноўнікі?
– …Сустрэў мяне – сам Старац Мітрафан…
благаславіў… і ўзяў… – …сваім келейнікам…
… стаў сімвалам… – …Жыровіцкіх насельнікаў…
……………………………………………………….
…чытанні пра … юродаў… – першы(!) план…
– Старчэ, у час усясветнага скоцтва –
што – і сівых спакусіла… –
ці унаявіцца подзвіг юродзіва?..
…………………………………………………………..
– …чадо, ён – нам – не па сілах…
Што значыць для Вас Жыровіцкая абіцель? І сама абіцель і багаслоўска-літаратурна-мастацкі лісток „Жыровіцкая абіцель”, які Вы шмат гадоў рыхтуеце?
– …калі ты і плоццю, й душой нездароў –
і боль твой суняцца не можв –
успомні, што ёсць жыватворны Пакроў
Жыровіцкай Маці Божай.
…калі абязкрыльвае бедстваў цяжар
І скрусе гатовы скарыцца –
Ідзі і вазьмі сапраўды Божы Дар
Жыровіцкай цуда-крыніцы…
…калі не адбіцца ад духаў ліхіх
і з процьмы грахоў не падняцца –
малітваў прасі невядомых Святых –
з сузор’яў Жыровіцкіх Старцаў…
…і сэрца тваё – лёгкакрылае йзноў…
Сусвет – трапяткі і прыгожы…
бо вечна над ім – жыватворны Пакроў
Жыровіцкай Маці Божай…
Колькі нумароў „Жыровіцкай абіцелі”выйшла з друку?
– …нумараваных – болей сотні…
Агулам – болей ад трохсот…
…………………………………
…цяпер самотнік – не самотны:
„лісток” бярэ – Божы народ…
Ці не сумуеце па Мінску?
– … – …у Кіеве… ў Берліне… ў Маскве… –
Еўропа Хрысціянская… – Жыве!..
…уваскрасае пакрысе… …а покуль… –
У Менску… – …хай ЖЫВЕ!.. –
Канстантынопаль…
Нядаўна ў Вільні перахавалі парэшткі Кастуся Каліноўскага і яго паплечнікаў? Што значыць Каліноўскі ў Вашым жыцці і творчасці?
– … Хрысціянскае падвіжніцтва…
Інтэлігенцкі гераізм…
…жахлівы генія капрыз…
…шмат што… – …за гэтым… – мысліцца…
…укусіўшы жахі рэвалюцый,
Гаротны паспаліты люд, —
Ад горшых зберажы пакут –
Сённяшніх
юных
Беларусаў…
Вы называеце часта сябе Боганатхнёным рыфмаром. Чаму? Натхняць можа не толькі Бог, але і жанчыны, святы, падзеі? Як Вы лічыце?
– …па-за зямнымі багаццямі…
за ўзнагародай і карай… –
шэпчуцца рыфмы з паняццямі… –
там… – …дзе адвольныя мары…
……………………………………
…каб ведаў свет – з якога , часам, смецця
ўзрастаюць жыццядайныя радкі… –
… не ў німбе славы Ты б блукаў, паэце, –
а там… – дзе літасць просяць жабракі…
А ў апошні час Вы сябе называеце і „элітным грэшнікам”? А што – бывае грэшнік і не элітны? Чым адрозніваюцца элітны грэшнік ад не элітнага грэшніка? Ці грэшнік і ёсць грэшнік?.. Хаця, які Вы грэшнік? Смешна нават…
– …грэшнікі… – „простыя”… і … „элітныя”…
кожнага Збаўца гукае: — …прыходзь!..
…ды нераскаяных – сустрэнуць „мытнікі”:
З „элітных” – болей спытае Гасподзь…
Вас называюць паэтам-філосафам, што сёння паэтызуецца філосафам і філасофствуецца рыфмаю?
– …пад аховаю зорак і сонца
асыпаліся — за векам век…
…і, здавалася, будзе б я с к о н ц а
…але … — варта было пахіснуцца… –
і… да бесаў зрабіць паварот… –
як – на нашых вачах – с а м а г у б ц а м
чалавечы становіцца род…
–І філасофскае пытанне: 80 гадоў – гэта шмат?
– … – … як сон… як золкавы туман… –
жыццё зямное прамільгнула…
…але … даў Бог: душа адчула,
што смерць душы… бясоўскі зман…
Якая тэма Вам у жыцці заўсёды была непрыемнай? Пра што Вы ніколі не хочаце чуць і слухаць?
– ПАКАРАННЕ СМЕРЦЮ…
…БЕЗ СУДА і СЛЕДСТВА…
…БЕЗ ПРАВА НА АПЕЛЯЦЫЮ…
…не ўбачыць ІМ – зямлю і сонца…
не чуюць праваабаронцы
іх немы крык – як ручкі… ножкі… –
ў матуліным утульным ложку – ім аддзірае лекар-кат…
… мільёны нашых немаўлят… – а мільёнаў пяцьдзесят
за пяцьдзесят гадоў апошніх – пасечаны на нашай пожні…
…………………………………………………………………
…як зваў наш Збаўца – фарысеяў –
Ад нас лягчэйшых ліхадзеяў…
Віноўцаў меньшае віны?..
Успомнім:… д’яблавы сыны..
……………………………………………………………………..
…брат-Беларус, Гасподзь гукае:
дай жменьку дзетак свайму Краю…
…Бог нам дае… мы – забіваем…
………………………………………………………………………..
…гукае апусцелы край: брат-Беларус, не забівай…
Ці ёсць у Вас у літаратурным жыцці, у рэлігійным асяроддзі і ў звычайным жыцці сябры, з якімі Вы можаце пасядзець сёння, пагутарыць, паразважаць на самыя розныя тэмы?
– На чарговай сустрэчы з выпускнікамі 1956 года 13-й сярэдняй школы г.Мінска
… –… 10А… нас – толькі жменька …–
Нібы вяртаемся з вайны… –
У ДОМ БАЦЬКОЎСКІ… – памаленьку… –
Псіхагісторыі сыны… –
… ды я – гіст-мату-перамату… –
і культу ідалаў… – аратых… –
на ніве шчасця ўсіх людзей… –
пад сцягам класавых ідэй…
……………………………………………………
…што прынясем – Творцу сусветаў…
вякоў… і Вечнасці… …і… – душ?…
…бязвер’е…, …шанец наш… – … не руш…
не дай згубіць нам – сэнс і мэту
зямной сцяжыны…
…………………………………………………..
…грэшным – дай
спазнаць Краіну… з назвай … Рай…
У снежні мінулага года ў Вас быў юбілей. Дазвольце Вас павіншаваць і спытаць, з якім настроем Вы гэты юбілей сустрэлі? І ці любіце юбілеі?
– …МАТЫЎ СТАРЦА МІТРАФАНА…
… –… каб Ангелы радасна нас віталі –
ўсе крыўды – з сэрца – выкінем вонкі:
усё – забылі… ўсё – даравалі… –
і пачынаем дзень… – … з чыстай старонкі…
Вершы-адказы слухаў і запісаў
Сяргей Чыгрын
Фота з архіва аўтара