Pa prostu / Па-просту

  • Płacz zwanoŭ

    21. Samaabarona i śmierć Żyda Berszki (2)

    Savieckaje vojsko i pahraniczniki spaczatku ŭsich ludziej z hetych troch viosak vyvieźli za Śvisłacz na zborny punkt u Nieparożnicach. Zahadali im usio z saboju zabrać, szto tolko mahli ŭziać na furmanku. Pośle saviety mieli ich parassyłać dalej u Biełaruś. Raptam pryjszoŭ zahad, szto kali chto…ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Po pudlaśki / По-пудляські

  • Kinoman

    9. Miastu H. na do widzenia

    Jeszcze mi tylko spacer pozostał Wąską aleją przez zielony park Wiatr w drzewach szemrze ledwie przebudzony Tak jak wczoraj, przedwczoraj, od lat Tak dziwna ta chwila brakuje słów… (Budka Suflera, „Memu miastu na do widzenia”, 1974) Nedaleko od mojoho liceja byv neveliki park, utisnuty… ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

RSS і Facebook

Беларускія паслы польскага сейма, 1929 год

 

У сваім хатнім архіве адшукаў гэты рэдкі фотаздымак, якому ўжо 90 гадоў. Сёння ён друкуецца ўпершыню.

На здымку – сябры беларускага пасольскага клуба „Змаганне” ў парламенце Польскай Рэспублікі ў 1928-1930-х гадах. Сядзяць (злева направа) пасол сейма Іван Грэцкі з жонкай Вольгай, Ванда Гаўрылік з мужам Язэпам Гаўрылікам – паслом. Стаяць (злева направа) паслы Флягонт Валынец, Павел Крынчык і Ігнат Дварчанін. Хочацца пра гэтых беларускіх паслоў сёння трохі згадаць.

Іван Грэцкі (1898-1937(?) нарадзіўся ў мястэчку Косава недалёка ад Слоніма, цяпер гэта Івацэвіцкі раён. Быў актыўным удзельнікам нацыянальнага руху ў былой Заходняй Беларусі. У 1928 годзе яго завочна выбіраюць беларусы-выбаршчыкі дэпутатам польскага сейма. У сейме ён з’яўляўся адным з кіраўнікоў нацыянальна-вызваленчай фракцыі „Змаганне”. За дзейнасць у Грамадзе пілсудчыкі асуджаюць яго на 8 гадоў пазбаўлення волі. Праўда, у выніку палітабмену Іван Грэцкі ў 1932 годзе пераязджае ў Савецкую Беларусь, жыве ў Мінску. Але радавацца доўга былому паслу не давялося. Яго хутка арыштавалі органы НКУС і адправілі ў ГУЛАГ. Дамоў беларус не вярнуўся.

Язэп Гаўрылік (1893-1937) – беларускі грамадска-палітычны дзеяч, педагог і публіцыст нарадзіўся на Вілейшчыне. Скончыў настаўніцкую семінарыю, дапамагаў ствараць Радашковіцкую беларускую гімназію імя Францыска Скарыны. У 1928 годзе быў абраны дэпутатам польскага сейма, з’яўляўся старшынёй фракцыі „Змаганне”. У 1930 годзе польская дэфензіва асудзіла Язэпа Гаўрыліка на 9,5 года пазбаўлення волі. У польскай турме беларус адбыў два гады і ў выніку палітабмену трапіў у Мінск. У 1933 годзе Язэпа Гаўрыліка арыштавалі органы НКУС і асудзілі на 10 гадоў зняволення. Тэрмін адбываў на будаўніцтве Беламорска-Балтыйскага каналу, а восенню 1937 года яго расстралялі.

Беларускі грамадска-палітычны дзеяч, публіцыст і педагог Флягонт Валынец (1878-1937) быў родам з Вілейкі. Скончыў Свянцянскае народнае вучылішча, настаўнічаў на Вілейшчыне. Потым працаваў страхавым агентам, гарадскім  кіраўніком  Вілейкі, старшынёй гарсавета, а пры першых немцах – бургамістрам Вілейкі.

У 1920-х гадах некалькі разоў Флягонт арыштоўваўся палякамі, быў сябрам галоўнай управы ТБШ. Разам з Аляксандрам Уласавым і Рыгорам Шырмам актыўна ўдзельнічаў у працы павятовых і акруговых упраў ТБШ. Флягонт Валынец абіраўся дэпутатам польскага сейма, з’яўляўся адным з кіраўнікоў „Змагання”. Пасля роспуску сейма, беларус быў арыштаваны, але ў выніку палітабмену ў 1932 годзе трапіў у Мінск, дзе хутка быў і там арыштаваны НКУС. Потым Флягонта Валынца саслалі на Салаўкі, а восенню 1937 года расстралялі.

Дзеяч вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі, публіцыст Павел Крынчык (1898-1975) нарадзіўся на Слонімшчыне. Скончыў Екацярынаслаўскі палітэхнікум шляхоў зносін. У 1920-я гады быў актыўным удзельнікам Таварыства беларускай школы, а з мая 1929 года – сябрам Галоўнай управы ТБШ. У 1928  Паўла Крынчыка абіраюць дэпутатам польскага Сейма па спісе беларускіх арганізацый. Ён становіцца адным з арганізатараў і сябрам галоўнага сакратарыята клуба „Змаганне”. Уваходзіў у заходнебеларускі аргкамітэт па падрыхтоўцы Еўрапейскага сялянскага кангрэса ў Берліне.

У жніўні 1930 года Паўла Крынчыка арыштоўваюць польскія ўлады і асуджаюць на 10 гадоў турмы. Але ў верасні 1932 года, у выніку абмену палітвязнямі, ён трапляе ў БССР. Восенню 1935 года яго арыштоўваюць саветы і асуджаюць на 5 гадоў і этапуюць у адзін з калымскіх лагераў. Вярнуўся дамоў. Жыў у Слоніме.

Ігнат Дварчанін нарадзіўся 27 мая 1895 года ў вёсцы Погіры Слонімскага павета, цяпер гэта Дзятлаўскі раён. Нарадзіўся ён у шматдзетнай беларуская сялянскай сям’і ў якой было 11 братоў і сясцёр. Дзякуючы выпадковым акалічнасцям, ён скончыў у Дзятлаве пачатковую школу. А потым юнак паступіў у Дзятлаўскую царкоўна-настаўніцкую школу, у якой курс навучання працягваўся тры гады.

У 1915 годзе Ігната Дварчаніна забіраюць у войска, а пасля накіроўваюць у школу прапаршчыкаў. Калі адбылася лютаўскай рэвалюцыі ў Расіі, Ігнат Дварчанін трапляе ў Маскву, дзе ўладкоўваецца ў Беларускі нацыянальны камісарыят. А ў канцы ліпеня 1918 года беларус атрымаў пасведчанне аб камандзіроўцы ў Оршу. Ён шчаслівы вяртаецца на Бацькаўшчыну. А вясной 1919 года прыязджае на Дзятлаўшчыну да маці.

На радзіме ў вёсцы Пецюкі грамадскі актывіст заснаваў беларускую школу, а ў Дзятлаве – культурна-асветны гурток. Але будаваць новае жыццё на радзіме Ігнату Дварчаніну не атрымалася, бо ў 1920 годзе на Дзятлаўшчыну прыходзіць польская ўлада. На беларускіх патрыётаў хутка навальваюцца незлічоныя рэпрэсіі і пастаянныя праследаванні. І малады настаўнік нечакана аказваецца ў Беластоцкім канцэнтрацыйным лагеры.

Пасля выхаду на волю, ён едзе ў Вільню. Там здае экстэрнам экзамены на атэстат сталасці ў Віленскай беларускай гімназіі і, як адзін з найлепшых і здольных вучняў, атрымлівае магчымасць працягваць адукацыю ў Пражскім універсітэце. З восені 1921 года Ігнат Дварчанін вучыцца ў Празе.

У 1927 годзе Беларускае выдавецкае таварыства ў Вільні выпускае падручнік Ігната Дварчаніна „Хрэстаматыя новай беларускай літаратуры (ад 1905 году). Для старэйшых класаў беларускіх сярэдніх школ”. Для зручнасці карыстання выпушчаны былі пяць асобных частак-кніжак і адно цэласнае выданне аб’ёмам 498 старонак.

У 1928 годзе Ігнат Дварчанін балатуецца па 61-й Наваградскай выбарчай акрузе. І ён перамагае.

Польская паліцыя ніяк не змагла змірыцца з дзейнасцю „Змагання”. У студзені 1930 года яна арыштавала ўсіх супрацоўнікаў Цэнтральнага сакратарыята, а ў жніўні – і „недатыкальных” паслоў. Быў арыштаваны і Ігнат Дварчанін. Яго асудзілі на 8 гадоў турмы. 15 верасня 1932 года адбыўся абмен палітзняволеных. У ліку сарака шаснаццатым у спісе значыўся Ігнат Дварчанін. На мяжы, а потым і ў Мінску ўсіх сустракалі з вялікай пашанай. У хуткім часе беларусу-заходніку пранавалі добрую працу ў Камісіі па вывучэнні Заходняй Беларусі БелАН, а таксама выконваць абавязкі дырэктара Інстытута мовазнаўства. Але гэты шчаслівы час працягваўся нядоўга. 16 жніўня 1933 года беларус з Дзятлаўшчыны быў арыштаваны ДПУ БССР. Яму і іншым дзеячам-адраджэнцам выстаўлялася адно абвінавачванне: „За кантакты з нацыянал-дэмакратычным цэнтрам на карысць Польшчы”.

Паводле пастановы судовай калегіі ДПУ БССР 9 студзеня 1934 года Ігнат Дварчанін быў прыгавораны да расстрэлу, але хутка гэты прыгавор замянілі зняволеннем у лагерах тэрмінам на 10 гадоў.

Спачатку яго накіравалі на Салаўкі, а потым на будаўніцтва Беламорска-Балтыйскага канала. Паводле пастановы „тройкі” НКУС па Ленінградскай вобласці ад 25 лістапада 1937 года Ігнат Дварчанін усё ж быў прыгавораны да расстрэлу. І 8 снежня 1937 года яго расстралялі.

Рэдкі здымак беларускіх паслоў у польскі сейм нагадвае той час, калі яны былі разам і змагаліся за волю беларускага народа і за сваю Бацькаўшчыну.

Сяргей Чыгрын

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.

Календарыюм

Гадоў таму

  • ў траўні

    770 – у 1254 г. быў падпісаны мірны дагавор паміж вялікім князем Міндоўгам і галіцка-валынскім князем Данілам Раманавічам. 740 – разгром у 1284 г. войскамі літоўскага князя Рынгальда мангола-татарскіх войск каля вёскі Магільна. 530 – у 1494 г. у Гародні …ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Календарыюм / Kalendarium

Сёньня

  • (773) – у 1251 г. на землі старабеларускай дзяржавы Вялікага Княства Літоўскага напалі дружыны Галіцка-Валынскага Княства (якое тады знаходзілася ў падданстве ў ханаў Залатой Арды). Барацьба працягвалася некалькі гадоў ды закончылася паражэньнем агрэсараў.
  • (647) – у траўні 1377 г. памёр вялікі князь Аляксандар Альгерд (нар. каля 1296 г.), у манастве прыняў імя Аляксей.
  • (578) – у 1446 г. быў складзены Беларуска-літоўскі летапіс – першы агульны летапісны збор старабеларускай дзяржавы, які дайшоў да нашых дзён.
  • (409) – выданьне ў 1615 г. сацыянальна-палітычнага трактату беларускага гуманісты ды мысьліцеля Міхалона Літвіна „Аб норавах татараў, літоўцаў й масквіцян”.
  • (370) – расійскія войскі ў колькасьці 80-ці тысяч чалавек  на чале з царом Аляксеем Міхайлавічам у траўні 1654 г. пачалі знішчальны наезд на землі Вялікага Княства Літоўскага. Частка расійскіх войск дайшла да тэрыторыі Беласточчыны. Паводле

Новы нумар / Novy numer

Папярэднія нумары

Усе правы абаронены; 2024 Czasopis