Я нарадзіўся ў Новым Ляўкове – вёсцы, якая знаходзіцца непадалёк ад Белaвежскай пушчы ды ад ціхай і спакойнай ды шмат гадоў таму рыбнай ракі Нараўкі. Добра памятаю яе з часоў майго дзяцiнства.
Якая была тады рака, найлепш помню яе ў летнюю пару. Тады я з братам Кастусём хадзілі лавіць рыбу і купацца ў рэчцы. Падвечар па нядзелях на драўляны мост каля Падляўкова прыходзіла шмат моладзі з Новага Ляўкова, Лазовага, Падляўкова, Ахрымоў і Мінкоўкі.
Рэчка Нараўка была тады акаймаваная вялікімі і малымі зараснікамі вербалозу, чаромхі і парэчак. На яе берагах высіліся перш-наперш вольхі. Вада была чыстая-чыстая. У сонечны дзень відаць было жоўты пясок на яе яе дне і сям-там вадзяныя расліны. Было многа розных відаў рыб і былі ракі. У кустоўі гнездавалі птушкі і вяліся дзікія качкі. Калі над рэчкай было ціха, на сярэдзіну ракі выплывалі з-пад кустоўя малыя жоўценькія качаняты. У сонечны дзень было выразна відаць, як плоткі, акуні, келбы і іншыя рыбы статкамі плавалі па дне або на момант выплывалі на паверхню вады. Кідаліся за мухай або камаром. Найчасцей гэтак было ў пагодлівы падвечар.
Каб налавіць плотак, акунёў, шчупакоў, язяў і келбаў дастаткова было мець вуду і прынаду-чарвячка, пшытку або хлеб. Мы найчасцей хадзілі з вудамі у г. зв. ралы, дзе ў Нараўку ўплывала рачулка Баброўка. Яна плыве за клунямі сялян Новага Ляўкова. Тут у пагодлівыя дні мы праседжвалі да ночы, вечарам, калі ад ракі дыхнула холадам, распальвалі вогнішча. Мае сябры лавілі рыбу нават рукамі з-пад навіслых над вадою берагоў ды з-пад з кустоў вярбы і алешніку. Прыпомнілася мне мая першая рыбалка. Лавіць рыбу браў мяне з сабой бацька. Вуды былі пэўна найбольш прымітыўныя: доўгі лешчыновы кій, валосіны вырваныя з конскага хваста замест г. зв. жылкі, паплавок з гусінага пяра, волава і гачык (кручок). Рыба клявала. Вярталіся дадому не з пустымі рукамі.
Аднойчы бацька пахваліўся мне, што ўмее плаваць. Кінуўся ён на ваду і, узмахваючы рукамі над люстрам вады, паплыў і паплыў. Даў добры прыклад і заахвоціў, каб і я навучыўся плаваць. Мо прыдасца ў жыцці. А рэчкі тут жа: Баброўка, Нараўка і Нарва.
Што мы тады ведалі пра раку? Усяго, што плыве яна ад вёскі Нараўка, дзе быў драўляны мост і вадзяны млын. Пасля даведаліся, што Нараўка плыве цераз Белавежскую пушчу і свой пачатак бярэ за мяжой Польшчы з Беларуссю, а там недзе з балоцістых мясцін названых Дзікім Нікарам. Калі мы крыху падраслі і былі ў гарцэрскім лагеры на беразе ракі каля Кардону за Лешукамі, мы хадзілі ў тое месца, дзе Нараўка ўпадае ў Нарву, каля Бяндзюгі, якая знаходзіцца на яе правым беразе. Тут і ўрочышча Воўчае горла. Рэчка ў некаторых месцах, між іншым, каля Нараўкі, Новага Ляўкова і перад Капітаншчынай такая завілістая, што плыве наперад, то зноў паварочвае ўбок ды назад. А ўлетку на надрэчных лугах было многа буслоў.
Рака Нараўка захавалася найбольш натуральная, месцамі дзікая. Падчас вясенніх паводак яна выступала з берагоў і залівала прасторныя набярэжныя лугі і сенажаці. Калі сплывала-ўступала зноўку ў свае берагі, мы лавілі шчупакоў проста бегаючы па выгане. Падчас веснавых і асенніх паводак у пяцідзесятыя гады па Нараўцы яшчэ сплаўлялі пушчанскія бярвенні. Я бачыў, як ранняй яшчэ вясной побач Старога Ляўкова плылі арэльшчыкі на павязаных бярвеннях на г. зв. гленях.
60 гадоў таму рэкі былі маляўнічыя. Я тады рабіў фотаздымкі і дасылаў іх у „Ніву”. У нашым беларускім штотыднёвіку можна іх знайсці і палюбавацца той ранейшай прыгажосцю пушчанскай ракі. У 1959 або ў 1960 годзе ў „Зорцы” быў здымак прыгожага новаляўкоўскага става ў канцы цячэння Баброўкі, прытока Нараўкі. Побач яго знаходзіцца драўляны (цяпер прыгожа адрамантаваны) дом і стадола Яна Несцерука (зараз ягонай дачкі Марыі Харкевіч). На яго берагах раслі тоўстыя стройныя вольхі. На плыткіх месцах става, пры беразе, раслі жоўтыя гарлачыкі.
Калі хто з маіх суседзяў памятае: тут быў вадзяны млын з вялікім драўляным колам і глыбокі стаў, які здаўна называлі бухтай. Побач става быў яшчэ меншы ставок, якога глыбіні ніхто не змераў. У ім была жоўтая вада. Старажылы расказвалі мне пра тапельцаў. Былі такія, якім хацелася разгадаць тайну глыбокай ямы. Паводле легенды, у яго ляўкоўскі памешчык укінуў сундук з золатам.
Многа гадоў ніхто не адважыўся пераплысці цераз бухту. І вось – я быў сведкам – у адну ліпеньскую гарачую нядзелю сюды прыйшлі мужчыны з калёніі Новага Ляўкова з доўгай сеткай лавіць рыбу. Для большай адвагі раней крыху выпілі. Адзін з іх быў асабліва адважны. Пацягнулі сець павольна-павольна. Адзін смяльчак паплыў пры сеці і пераплыў бухту! Сець выцягнулі. У ёй затрапятала многа рыб і найбольшая плотка, якую мне ўдалося пабачыць. Колькі было радасці! Мы, дзецюкі, назвалі яе каралевай рыб. Такія прыгажуні называлі ў нас (у вёсцы і ваколіцы) плоткамі-чырванапёркамі.
У мінулым стагоддзі берагі Нараўкі былі ў купчастых зарасніках. У іх зімой хаваліся курапаткі і зайцы. Толькі вечарам зайцы скакалі да стагоў духмянага сена. Курапаткі забягалі нават на панадворкі. Сярод лугоў па кустах здалёк відаць было, дзе цячэ рэчка. Цяпер берагі „голыя”, між іншым, за справай баброў. Зараз гэта ўжо не тая рака, якая была шэсцьдзесят гадоў таму. Яна памялела. Цяпер яна з аголенымі ў многіх месцах берагамі. Над вадой амаль няма дрэў (а былі перш-наперш маладыя і старыя дупластыя вольхі ды вербы, а нават дубы на ўзгорку пасярод новаляўкоўскіх сенажацяў, няма густых кустоў вельмі пахучай у маі чаромхі, язміну і парэчак.
Раку Нараўку – на шчасце – не меліяравалі. Многае з тае ранейшай, некалі дзікай, ацалела. Дзе ж падзелася рыба?.. Няма і тых ранейшых маіх сяброў па рыбалцы. Час няспынна плыве і плыве як вада ў рацэ. Мне шкада, што так хутка праляцелі гады. Часу не вернеш назад. Нахлынулі ў галаву ўспаміны пра мінулае…
Янка Целушэцкі