Pa prostu / Па-просту

  • Płacz zwanoŭ

    23. Zabytaja tragedia kala Krynak (4)

    Syne, kab adkapać ich, paprasili Bronisia Czarnamysaho z susiednich Klabanaŭcaŭ. Toj uziaŭ z saboju jaszcze dvoch mużczyn i noczu pajechali na miesca tragedii. Kali paczali raskopvać jamu, z siaredziny trysnuła kroŭ. Pamału vyciahnuli dva trupy Sidaroviczaŭ i pa cichu pryviaźli ich da Kundziczaŭ. Myła ich…ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Po pudlaśki / По-пудляські

  • Kinoman

    13. Stan nevyznačanosti

    Orła wrona nie pokona! [Antykomunistyčne hasło v vojennum stani v Pôlščy.] Statut Białoruskiego Zrzeszenia Studentów (BAS) pisavsie mnoju miêseci dva. Odnočasno my začali vyšukuvati „našych” studentuv u akademikach raznych vyžšych škôł u Varšavi i psychologično pudhotovlati jich do toho, što budemo rejestrovati biłoruśku studenćku organizaciju… ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

RSS і Facebook

Любімыя жанчыны Валянціна Таўлая

Беларускага паэта, грамадска-палітычнага і культурнага дзеяча Валянціна Таўлая (1914-1947) сваім земляком лічаць жыхары Баранавіч, Слоніма, Ліды і Навагрудка.

У Баранавічах паэт нарадзіўся. У вёсцы Рудаўка Слонімскага павета прайшло яго маленства. У Слоніме Валянцін вясной 1925 года стаў вучнем Слонімскай польскай дзяржаўнай настаўніцкай семінарыі. Але за тое, што не адмовіўся ад беларускай нацыянальнасці, быў пазбаўлены стыпендыі і пакінуў вучобу, вярнуўся ў Рудаўку. У роднай вёсцы рыхтаваўся да паступлення ў Віленскую беларускую гімназію. А калі паступіў у гімназію і вучыўся, часта прыязджаў у Рудаўку і дапамагаў у суседняй вёсцы Вялікая Кракотка ствараць сельскую бібліятэку імя Янкі Купалы, якую вясковая моладзь адкрыла ў 1927 годзе. Гэта была першая ўстанова культуры ў Беларусі, якой упершыню надалі імя народнага Песняра беларускага народа.

Валянцін Таўлай у час працы ў газеце „Звязда”, 1932 г.
Валянцін Таўлай у час працы ў газеце „Звязда”, 1932 г.

Перад Другой сусветнай вайной Валянцін Таўлай жыў у Лідзе і працаваў у раённай газеце „Уперад”. Там сустракаўся з Янкам Купалам. А падчас вайны сядзеў у Лідскай турме, скуль яго дапамог вызваліць кіраўнік Беларускай самапомачы ў Навагрудку Якуцэвіч. Пасля вайны ў Навагрудку пэўны час працаваў адказным сакратаром навагрудскай раённай газеты „Звязда”. А ў апошнія гады жыцця жыў у Мінску.

І ўсё ж роднай для Валянціна Таўлая заўсёды была Слонімшчына. З 10 гадоў ён там жыў, сябраваў, пачынаў свой шлях у літаратуру і ў самастойнае жыццё. З маленства хлопчык Валік рос вельмі прыгожым, хацеў вучыцца, шмат чытаў, ведаў. Моладзь да яго цягнулася, любіла, калі ён прыязджаў да землякоў, юнакі і дзяўчаты актыўна прымалі ўдзел ва ўсіх мерапрыемствах, якія арганізоўваў Валік Таўлай. Ды і закахаўся вясковы хлопчык упершыню, калі яму было 15 гадоў. Наогул, жанчын у лёсе Валянціна Таўлая, які пражыў усяго 33 гады, было нямала. Пра ўзаемаадносіны іх з паэтам шмат загадак, ды і звестак захавалася не так і многа. Тым не менш, жанчыны ў жыцці Валянціна Таўлая заўсёды прысутнічалі. Без іх яму жылося няпроста, а інакш у паэта і быць не магло, маючы такую шчадралюбнасць. Але ўсё па парадку.

Тоня Кулак

Антаніна Кулак – першае каханне Валянціна Таўлая. 1930-я гады
Антаніна Кулак – першае каханне Валянціна Таўлая. 1930-я гады

Некалькі гадоў таму сланімчанка Вера Кузьмінічна Кулак перадала мне фотаздымачак. На ім адлюстраваны партрэт юнага Валянціна Таўлая. На адваротным баку здымка напісана: „На добрую памятку Тоні К. ад Валянціна Таўлая. Рудаўка. 19.VIII.1929 г.”. Сам па сабе здымачак арыгінальны. Але ж паўстае пытанне: хто ж гэта такая Тоня К.? Што за прыгажуня, якой, ужо вядомы на той час паэт, дараваў свой фотаздымак і прысвячаў вершы, напісаныя ў Рудаўцы і ў Слоніме:

Не гаруй – надарвеш толькі грудзі,

Без пары жаўрука не кляні:

Серабром аб замерзлыя груды

Жаўруковае сэрца звініць…

Тоня К. – гэта дзяўчына з вёскі Рудаўка Слонімскага павета – Антаніна Кулак. Яна на 3 гады была старэйшая за Валянціна. У Рудаўцы прайшлі дзіцячыя і юнацкія гады Валянціна Таўлая. Там прыйшло да яго і першае каханне – Тоня Кулак. Чым жа ён запомніўся Антаніне Кулак? Чаму яна выбрала менавіта яго, Валю? Валя, так у вёсцы ўсе называлі Валянціна Таўлая, быў прыгожы, гаваркі, адукаваны. Ён вучыўся ў Віленскай беларускай гімназіі, а калі прыязджаў у Рудаўку, то прывозіў шмат навінаў, кніг, сябрам чытаў свае вершы. Валя быў завадатарам і арганізатарам моладзі. Яго слухалі, любілі, ішлі за ім.

Хлопцы і дзяўчаты з Рудаўкі і суседняй Вялікай Кракоткі, падахвочаныя Валянцінам Таўлаем, змагаліся за сваю беларускую школу, пісалі дэкларацыі, складалі заявы, а ў 1927 годзе заснавалі Вялікакракоцкую беларускую бібліятэку – асяродак нацыянальнага руху.

Антаніне Кулак свой фотаздымак Валянцін Таўлай падараваў 19 жніўня 1929 года. А 29 жніўня 1929 года ў слонімскай дэфензіве з’явіўся фотаздымак паэта з ганебнай арыштанцкай дошкай на грудзях. Валянцін, напэўна, прадчуваў арышт, таму і напісаў каханай дзяўчыне: „На памятку…” Але ў турме ён думаў пра каханую:

Кожную ноч салавейка пяяў,

Зоры глядзелі у вочы.

Дзе ж ты сягодня, дзяўчына мая?

Дзе ж вы, шчаслівыя ночы?..

А вось як напісаў Мікола Арочка ў сваёй кнізе „Валянцін Таўлай” (Мн., 1969): „На мулкіх астрожных нарах малады паэт не знаходзіў сабе месца ад успамінаў пра „салаўіныя ночы” і дзявочыя рукі. Як шчасліва яму мроілася, калі ён зноў бачыў сябе з ёй, зграбнай, усмешлівай, самай прыгожай з усіх рудаўскіх дзяўчат – з Тоняй Кулак. Там, на волі, дзе, здавалася, яго ўсяго забірала праца падполля, усё ж хапала начэй і на „сцежкі ў жытным”, на пяшчотную радасць быць поруч з ёй…”.

Тоня кахала Валянціна. Але аднойчы так здарылася, што сям’я Антаніны Кулак пераехала ў вёску Вішава Слонімскага павета. Бацька яе Кузьма Андрэевіч Кулак працаваў на чыгунцы брыгадзірам будаўнікоў, таму прыходзілася мяняць месца жыхарства. Вёска Вішава даволі далёка знаходзілася ад вёскі Рудаўка, зусім у іншым канцы павета. Там, у Вішаве, да Тоні пасватаўся мясцовы юнак Віктар Бараноўскі. Бацькі пачалі рыхтавацца да вяселля і нават купілі дачцэ вэлюм. І раптам Тоня атрымлівае пісьмо ад Валянціна Таўлая, які прасіў яе не выходзіць замуж за Віктара. Прачытаўшы ліст ад свайго былога сябра, Тоня заявіла бацькам, што вяселля не будзе, што яна паедзе ў Рудаўку. І бацькі не пярэчылі дачцэ, а Кузьма Андрэевіч на возе неяк адвёз дзяўчыну ў Рудаўку…

Але пазней, лёсы Антаніны Кулак і Валянціна Таўлая разышліся. У снежні 1932 года паэта з Савецкай Беларусі, куды ён перабег ратуючыся ад чарговага арышту, накіроўваюць у Варшаву для падпольнай работы. У дарозе Валянціна заўважылі шпікі, але яму ўдалося на хаду саскочыць з цягніка і да канца зімы хавацца ў гумне ў Рудаўцы. Тоні перадалі сябры, што Валянцін у Рудаўцы. Яна яго вельмі чакала, але каханы да яе чамусьці не прыйшоў. Чаму – застаецца загадкай: ці то баяўся арышту, ці то не хацеў падстаўляць дзяўчыну, ці была нейкая іншая прычына.

У 1933 годзе Антаніна Кулак выйшла замуж за Браніслава Гародку, які тады працаваў настаўнікам у Рудаўцы. Браніслава хутка мабілізавалі ў Войска Польскае. Ён ваяваў з немцамі, нават трапіў да іх у палон. З палону яго вызвалілі англічане. Але пасля вайны Браніслаў Гародка на Слонімшчыну ўжо не вярнуўся, ён застаўся жыць у Польшчы ў горадзе Чэнстахова. У 1946 годзе да яго пераехала і жонка Антаніна Кулак.

Малодшая родная сястра Антаніны Кулак Вера, якая жыве ў Слоніме, сказала, што апошні раз яна наведала сястру ў Польшчы ў 1999 годзе. Як толькі  ўвайшла ў яе кватэру, Тоня адразу спытала: „А ці прывезла ты кнігу вершаў Валі Таўлая?”…

Антаніна Кулак пражыла 89 гадоў. Яна ўсё жыццё кахала Валянціна і помніла пра яго. А ў сямейным альбоме захоўвала і фотаздымачак юнага Таўлая з аўтографам. І калі Валянціна ад’язджала на Беларусь, Тоня дастала з альбома здымак і перадала яго сястры: „Вазьмі, Вера, гэты фотаздымак. Няхай ён вяртаецца на Беларусь, на бацькоўскую зямлю. Я яго тут берагла, няхай цяпер ён зберагаецца дома. Там ён не прападзе”. Вера абняла Тоню на развітанне і заўважыла, як з вачэй старэйшай сястры паліліся слёзы.

Першае каханне Валянціна Таўлая Антаніна Кулак памерла ў 2000 годзе і пахавана побач з мужам Браніславам Гародкам на могілках у Лодзі.

Таварыш маёй вясны

У Лукішскай турме ў Вільні ў 1936 годзе Валянцін Таўлай напісаў верш „Таварышу маёй вясны”. У ім другая страфа верша гучыць так:

Без мяне, маладая, ідзі, —  хай бярозы над шляхам не плачуць

І на сэрца тваё не страсаюць вякамі навеяны сум,

Бо ці ж варта тужыць, што шляхі прабягаюць іначай,

Калі боль, папалам падзяліўшы, ў прасторы нясуць?..

Пра маладую сяброўку Кацярыну, якой Валянцін Таўлай прысвяціў свой верш, вядома вельмі мала. Справа ў тым, што восенню 1930 года па рашэнні Кампартыі Заходняй Беларусі Валянцін Таўлай быў перапраўлены ў БССР. Ён жыве ў Мінску. Едзе на папраўку здароўя ў Крым. А позняй восенню вяртаецца зноў у Мінск, працуе ў газеце „Звязда”, актыўна супрацоўнічае з газетай „Чырвоная змена” і займаецца літаратурнай творчасцю.

Валянцін Таўлай з сяброўкай Кацярынай, якой прысвяціў верш „Таварышу маёй вясны”. Мінск, 1932 г.
Валянцін Таўлай з сяброўкай Кацярынай, якой прысвяціў верш „Таварышу маёй вясны”. Мінск, 1932 г.

У Мінску Валянцін Таўлай знаёміцца з „таварышам маёй вясны” – маладой дзяўчынай Кацярынай, якая працавала на Мінскай абутковай фабрыцы. Пасля працы яны дваіх праводзяць свой вольны час. Ён паказваў ёй перанесеную праз польска-савецкую мяжу газету „Сіла працы” са сваім першым надрукаваным вершам. Ён чытаў ёй гэты верш, а Кацярына нават вывучыла яго на памяць. Юнак з Заходняй Беларусі шмат распавядаў дзяўчыне пра сваё жыццё, пра тое, як яго, непаўнагадовага, асудзілі на шэсць месяцаў турмы. Але пракурор тады не пагадзіўся, і хлопцу далі два гады зняволення.

У Мінску Кацярыне і Валянціну разам было добра і радасна. Яны хадзілі на спектаклі ў беларускі тэатр, наведвалі кіно, асабліва падабаліся тыя фільмы, якія дэманстраваліся на беларускай мове і былі знятыя на кінафабрыцы „Савецкая Беларусь”. Аднойчы Валянцін і Кацярына нават разам сфатаграфаваліся на памяць. І Валянцін, паказваючы ўсім гэты здымак казаў: „А вось я за сваёй каханай Кацяй”.

Але быць разам маладым людзям было не суджана. У снежні 1932 года Валянціна Таўлая прымаюць у члены КПЗБ і ён пераходзіць у распараджэнне ЦК КПЗБ, а потым накіроўваецца на падпольную работу ў Заходнюю Беларусь. З Кацярынай Валянцін развітваецца з надзеяй, што хутка вернецца і яны пажэняцца. Праз год і адзін месяц ён разам з Якубам Міско са Слонімшчыны вырашыў вярнуцца ў БССР. Але каля вёскі Валодзькі Радашковіцкай гміны, пры пераходзе мяжы, іх арыштоўваюць і адпраўляюць у маладзечанскую дэфензіву, а адтуль ў турму ў Лукішкі ў Вільню. Там да суда Валянцін прасядзеў 28 месяцаў пад следствам. І менавіта там ён напісаў верш „Таварышу маёй вясны”. Толькі больш ніколі з Кацярынай ён не сустрэўся. Хто яна і як склаўся яе лёс – невядома. А на памяць засталіся толькі фотаздымак, дзе Валянцін разам з Кацярынай і верш „Таварышу маёй вясны”:

Будзе песня звінець жаўруком, пралятаючы далеч,

Да цябе даляціць – ты хоць раз сірату прытулі…

Цёплай, сейбіцкай жменяй мы шчыра жыццё раскідалі,

Каб вясна расцвіла для людзей і на гэтай зямлі.

Кіра Брандт

У канцы кастрычніка 1936 года Валянцін Таўлай з Лукішкаў быў пераведзены ў гродзенскую турму. А 22 верасня 1939 года паэт вызвалілі, дзякуючы таму, што ў Заходнюю Беларусь прыйшла савецкая ўлада.

Пасля выхаду з турмы Таўлай прыязджае ў Ліду і працуе ў лідскай газеце „Уперад”. Сустрэчы з роднымі людзьмі, любімая праца ў газеце, знаёмствы – усё гэта спрыяла творчаму росту літаратара і натхняла яго на жыццё.

У Лідзе Валянцін Таўлай знаёміцца з яўрэйкай Кірай Брандт, якая працавала адвакатам. Адначасова яму падабалася і паэтка Ніна Тарас, якая разам з Таўлаем выконвала ў газеце абавязкі карэспандэнткі. Але больш настырнай была Кіра. Яна не адпускала ні на крок ад сябе Валянціна. А хутка, пасля знаёмства, паэт пасяляецца ў яе доме, што каля Лідскага замка (вуліца Замкавая, 7) і жыве з Кірай да пачатку вайны.

Валянцін з першай жонкай Кірай
Валянцін з першай жонкай Кірай

Дзяцей у Валянціна з Кірай не было. Ды і адносіны складваліся ў іх з цягам часу не вельмі добра. Ёсць версія, што Кіру Брандт завербавала НКУС, каб сачыць за кожным крокам Таўлая і дакладваць куды трэба. А калі пачалася вайна, жанчына, знерваваная, што паэт так беражліва і пільна, а таму вельмі марудна перабірае розныя паперы – рукапісы сваіх твораў, а не ўцякае з Ліды, схапіла іх і выкінула ў выграбную яму. А гэта, аказваецца было яго найдаражэйшае, сутнаснае, захаванае падчас на газетных абрыўках сябрамі з турмы.

Валянцін Таўлай падаўся на Навагрудчыну, а Кіра Брандт уцякла ў Вільню. Але там яе схапілі немцы і кінулі ў Віленскае гета. З гета я цудам выратавала цешча Максіма Танка Ганна Асаевіч (1874-1957), якая жыла ў Вільні, а пасля вайны ў Мінску. Калі ў Ганны суседзі пыталіся, хто ў яе жыве, яна адказвала ўсім, што гэта незаконнанароджаная яе дачка, якая толькі пасля смерці мужа прыехала да яе.

Кіра Брандт па падробленаму пашпарту пражыла вайну ў Вільні ў Ганны Асаевіч. Максім Танк у сваіх „Дзённіках (1941-1959)” згадвае: „Хоць гэта Кіра – чалавек і адукаваны, культурны, мне не спадабалася: абсалютна не арыентуецца ні ў палітыцы, ні ў жыццёвых справах. Не ведаю, як з ёю Таўлай сышоўся. Што магло быць супольнага ў іх? Мне асабліва не спадабалася пасля расказаў старой, згараванай Любашынай маці (Люба – жонка Максіма Танка, дачка Ганны Асаевіч. – С.Ч.), як гэта Кіра сябе паводзіла з ёю. Напалохаўшы старую, што немцы могуць арыштаваць яе за падораныя ёй некалі сваячніцай дзве дарагія, з цудоўным сярэбраным акладам іконы, прадала іх некаму. Або як угаворвала сваіх сяброў Федэцкіх, што выпадкова маці, каб яны прыносілі старой мыць сваю бялізну. І гэта тады, калі гэта старая пакутавала з пераломанай рукой. Зараз хоча, каб я памог уладкавацца на нейкую работу, каб я пазнаёміў яе з літоўскімі пісьменнікамі, бо яна збіраецца выдаваць зборнік вершаў В. Таўлая і ўжо дамовілася з нейкім мастаком-афарміцелям.” (Максім Танк. Збор твораў у трынаццаці тамах. Том 9.С.381).

Зборнік вершаў Валянціна Таўлая ў Літве так і не выйшаў з друку. Відаць, больш Валянцін і Кіра не сустракаліся.

Ніна Тарас

У Лідзе Валянцін Таўлай пазнаёміўся з журналісткай і паэткай Нінай Тарас (1916-2006). Яны разам працавалі ў лідскай райгазеце „Уперад”. Валянцін часта запрашаў Ніну да сябе ў госці, пазнаёміў са сваёй сям’ёй. Яны разам праводзілі вольны час. Чыталі адзін аднаму вершы. Гэтыя літаратурныя чытанні трывала ўваходзілі ў іх жыццё і паўтараліся амаль кожны дзень – то ў яго на кватэры, то ў Ніны Тарас. Дзяўчына была ў захапленні ад Валянціна, падабалася яна і Валянціну.

Ніна Тарас
Ніна Тарас

Валянцін Таўлай быў чалавекам з гумарам. Дужа трапныя былі яго рэплікі пры чытанні твораў або пры характарыстыцы асобных людзей. Яго расказы пра мінулае, пра сустрэчы з людзьмі былі заўсёды цікавыя, жывыя, вясёлыя. І Ніна гэта любіла слухаць. І гэтым найперш ён усё больш і больш прыцягваў яе да сябе.

У Лідзе Ніну Тарас выбіраюць дэпутатам Лідскага гарадскога Савета. Яна часта выступае перад выбаршчыкамі, перад чытачамі. І ўсюды разам з ёю быў Валянцін Таўлай.

Але на ўсё жыццё яны засталіся толькі сябрамі, хаця пачуццяў у дваіх было значна больш. І найперш у гэтым была віна ўсё той жа Кіры Брандт. А таксама былі вінаваты і ўсе тыя падзеі, якія адбываліся напярэдадні вайны і падчас вайны.

Пасля смерці Валянціна Таўлая, у 1949 годзе Ніна Тарас напісала верш „Памяці Валянціна Таўлая”. Ён пачынаўся такімі радкамі:

Калі па звычцы прывядзе сама

У дом твой сцежка, ціха рыпнуць дзверы,

Мне скажа ўсё, што ўжо цябе няма.

Цябе няма… А я ўсё не веру…

Лідзія Казлоўская

Лідзія Казлоўская родам была не з Беларусі, а з Расіі. Яны вучылася ў Ленінградскім інстытуце кінаінжынераў. Да пачатку вайны дзяўчына прыехала на вытворчую практыку ў Беластоцкае ўпраўленне кінафікацыі. Яе група займалася ў клубе чыгуначнай станцыі Валілы абсталяваннем кіназалы. Якраз тады гітлераўскія самалёты пачалі бамбіць цягнікі на станцыі. І дзяўчына з іншымі равеснікамі пачалі ўцякаць на ўсход. Праз некалькі дзён Лідзія Пятрова апынулася на Навагрудчыне ў вёсцы Рутка I. Менавіта там, у сям’і настаўніка Юзіка Пратасевіча, яна ўпершыню ўбачыла Валянціна Таўлая. Сакратар гміны Таўлай здаўся не такім страшным, як спадзяваліся вяскоўцы яго ўбачыць, хаця былі вельмі асцярожнымі. І Лідзія з вялікай асцярогай аднеслася да прадстаўніка „новай улады”. Але сціпласць і непрыкметнасць, якіх трымаўся сакратар гміны, уразілі кабету. Праўда, праз пэўны час Лідзія Казлоўская перабралася ў вёску Ваўкавічы ў сям’ю настаўніцы Нюшы Гардзейчык. Але і туды час ад часу заглядваў Валянцін Таўлай. А потым пад вечар стаў забягаць часцей. І 18 снежня 1941 года адзінокія сэрцы пажаніліся.

Валянцін Таўлай з жонкай Лідай, Мінск, 1946 г.
Валянцін Таўлай з жонкай Лідай, Мінск, 1946 г.

Да спаткання з Валянцінам Таўлаем Лідзія Казлоўская была замужам. І мела дзве дачкі – Ірыну і Алену. Калі ў 1941 годзе яна паехала на практыку ў Беласток, то сваіх дзяўчынак адвезла да сваякоў на Волгу. А маці засталася ў Ленінградзе і памерла падчас блакады. І толькі пасля вайны Лідзія Сяргееўна прывезла ў Навагрудак дачок, супраць якіх Таўлай нічога не меў.

У 1945 годзе жонка Янкі Купалы Уладзіслава Францаўна Луцэвіч прапанавала Валянціну Таўлаю пераехаць у Мінск і прыняць удзел у арганізацыі музея народнага песняра. Пісьменнік вельмі ўзрадаваўся і пераехаў у сталіцу, а сям’я засталася жыць у Навагрудку. А праз пэўны час, недалёка ад Акадэміі Навук БССР, ён атрымаў невялікае жыллё і перавёз сям’ю.

22 верасня 1946 года ў сям’і Таўлаяў нарадзілася дачка Галінка. Ён быў самы шчаслівы бацька і муж. Але гэта сямейнае шчасце аказалася нядоўгім: 27 красавіка 1947 года Валянціна Таўлая не стала. Яму было толькі 33 гады.

Сяргей Чыгрын

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.

Календарыюм

Гадоў таму

  • У лістападзе

    505 – 1519 г. Заканчэньне пабудовы Барысаглебскай царквы ў Навагарадку, помніка архітэктуры готыкі. 445 – 1579 г. Пераўтварэньне Віленскай Езуіцкай Акадэміі ў Віленскі Унівэрсытэт – першы унівэрсытэт ва ўсходняй Эўропе. 405 – 1619 г. Надрукаваньне „Грамматики словенския правильная синтагма” Мялеція Сматрыцкага. 325 …ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Календарыюм / Kalendarium

Сёньня

  • (461) – У берасьцейскай друкарні у 1563 г. была надрукавана Біблія – адно з самых поўных і лепшых тагачасных выданьняў, вядомая як „Радзівілаўская Біблія”.
  • (142) – 3.11.1882 г. у Акінчыцах нар. Якуб Колас (сапр. Канстанцін Міцкевіч, пам. 13.08.1956 г. у Мeнску), пісьменьнік, грамадзкі дзеяч, адзін з заснавальнікаў беларускай літаратуры. Друкавацца пачаў у 1906 г. у газэце „Наша Доля”, паэмы „Новая зямля” (1923), „Сымон-музыка” (1925), „Суд у лесе” (1943), „Адплата” (1946), „Рыбакова хата” (1947), аповесьці, п’есы, каля дваццаці зборнікаў вершаў, апавяданьняў, нарысаў ды іншых.
  • (114) – выданьне у 1910 г. першага зборніка вершаў Якуба Коласа „Песьні жальбы”.
  • (87) – 3.11.1937 г. расстраляны саветамі Максім Бурсевіч (нар. 9.08.1890 г. у Чамярах каля Слоніма), нацыянальны дзеяч, сакратар БСР Грамады.
  • (87) – 3.11.1937 г. расстраляны саветамі Павал Валошын (нар. 10.07.1891 г. у Гаркавічах Сакольскага павету), дзеяч БСР Грамады, дэпутат Сойма (1923-1928).

Новы нумар / Novy numer

Папярэднія нумары

Усе правы абаронены; 2024 Czasopis