Першы Дзень Волі другога стагоддзя ад абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі беларусы Беласточчыны ўрачыста адзначылі ў клубе Zmiana Klimatu ў Беластоку. Мерапрыемства, праўда, не было такім маштабным як год таму ў шчыльна запоўненай канцэртнай зале беластоцкай філармоніі падчас юбілейных святкаванняў, але прайшло не менш годна і патрыятычна.
Звыш трыццацігадовая ўжо традыцыя гэтых угодкаў, якія былі запачаткаваныя яшчэ ў палове 1980-х гадоў у падпольных умовах тагачаснай Польшчы, даказвае, што свята 25 Сакавіка немагчыма ўжо выкінуць з нашай гісторыі. Яно прыпамінае, што ў межах абвешчанай у 1918 г. Беларускай Народнай Рэспублікі знайшлася таксама Беласточчына.
Старшыня Беларускага гістарычнага таварыства праф. Алег Латышонак падчас святкаванняў распавёў на гэты раз пра падзеі 1919 г. Падкрэсліў, што тады землі на ўсход ад Беластока лічыліся расійскімі. Так бачылі іх таксама нямецкія ўлады, якія адміністравалі імі з сярэдзіны лета 1915 г. Але жыхароў гэтых зямель лічылі не так рускімі, як менавіта беларусамі. Доказ гэтага як ні дзіўна знайшоў я нядаўна ў… сваёй роднай вёсцы. На развалінах аднаго дому выпадкова згледзеў кучу звязаных шнурочкам квітоў. Былі гэта рахункі за паслугі СКРу з 1970-80-ых гадоў за opryski, koszenie trawy, usługi snopowiązałką, kombajnowanie… Але з гэтых квітоў выставала яшчэ тоненькая кніжачка з цёмнай вокладкай і надпісам „Pašpart”. Я быў проста ашарашаны, калі прачытаў у дакуменце, што выдала яго ў 1917 г. „Niamieckaja Administracija ŭwakruzi Hłaŭnakamanujučaho na ŭschodzi”. Усе рубрыкі і паясненні ў ім на дзвюх мовах – нямецкай і беларускай, прытым класічнай лацінкай. Яшчэ мацней пачало біць маё сэрца ад уражання, калі ўбачыў сваё прозвішча ў рубрыцы „prozwišče”. Аказалася, што дакумент выдадзены быў дваюраднаму брату майго дзеда Мікалая. Я, вядома, збярог яго і захоўваю як каштоўны скарб. Ён цяпер для мяне як талісман ці амулет. Таму меў яго з сабою і на святкаванні БНР-101.
Для мяне гэта проста сенсацыя, бо думаю што ніхто на Беласточчыне, улічваючы гісторыкаў, не ведае, што ўпершыню афіцыйны статус беларускай мове быў нададзены яшчэ год да абвяшчэння Акту 25 Сакавіка. „Pašparty” на нямецкай і беларускай мовах нямецкімі ўладамі выдаваліся ў 1917 г. на Беласточчыне, Віленшчыне і ва ўсёй Заходняй Беларусі, якую падчас І сусветнай вайны на амаль чатыры гады занялі былі нямецкія войскі. БНР таксама ўвяла такія дзяржаўныя дакументы (з выявай Пагоні на вокладцы), а напаміналі яны якраз тыя нямецкія, але ўжо вядома былі толькі на беларускай мове. Яны з’явіліся ў 1918 г. і выкарыстоўваліся да канца 1920-х гадоў.
Перыяд І сусветнай вайны і кароткі час БНР у памяці беларусаў Беласточчыны амаль не захаваўся з простай прычыны – таму, што амаль усё тутэйшае беларускае насельніцтва было тады ў бежанстве. Нашы продкі пачалі вяртацца з глыбіні Расіі, праўда, ужо ў 1918-19 гадах, але ім не да думання было тады пра ніякую дзяржаўнасць, бо змагаліся каб проста выжыць. Жылі часта ў скляпах, зямлянках. Дзерлі і церлі кару з дрэў, якую варылі, каб не памерці ад голаду…
Таму нашых практычна і не было ў структурах БНР, па-за Язэпам Варонкам родам з Кузніцы на Сакольшчыне, які быў адным з ініцыятараў Акту 25 Сакавіка, а потым некалькі месяцаў узначальваў нават фармальна ўрад як прэм’ер-міністр. На жаль, сёння яго землякі і чуць пра тое не хочуць. Кажуць, быццам у Кузніцы Варонкі ніхто не ведаў і пра яго ніколі не чуў…
З беластоцкіх святкаванняў угодкаў БНР асабліва запамятаўся мне канцэрт Андрэя Мельнікава, барда з Мінска, інтэрв’ю з якім было апублікаванае ў снежаньскім нумары Часопіса. Праспяваў ён больш за дваццаць песняў, якіх паэтычныя словы, у тым ліку на вершы беларускіх паэтаў, захаплялі і краналі душы слухачоў. Да кожнага твора бард дадаваў свой уступ, прытым таксама з паэтычным смакам і глыбокім сэнсам. У пэўны момант сказаў, што „мы астаемся захоўнікамі таго, што адыходзіць, а наша задача – захаваць праўду пра ісціну”. Гэты заклік дасканала ўпісваецца ў патрыятычныя ідэалы БНР і сёння ён для нас вельмі актуальны. Вось у Польшчы пашыраецца цяпер балючая для нас ідэалогія апраўдвання злачынстваў на мірным насельніцтве ў другой палове 1940-х гадоў м.інш. на Беласточчыне. Быццам не было бандытаў, толькі адны святыя героі. У сакавіку зараз пасля „Свята выклятых жаўнераў” у прымітыўны спосаб была зроблена спроба такой гістарычнай карэкты ў адносінах да Рамуальда Райса „Бурага”, адказнага за спаленне ўзімку 1946 г. некалькіх беларускіх вёсак і жудасныя забойствы іх жыхароў. Спярша ў спакойны панядзелкавы поранак на інтэрнэт-старонцы Інстытута нацыянальнай памяці з’явіўся кароткі камунікат, што пракурорскае следства з пачатку 2000-х гадоў у справе гэтых злачынстваў нібыта „прыйшло да няслушных высноваў”. А ўжо вечарам у праграме „Warto rozmawiać” на дзяржаўным тэлеканале TVP Info некалькіх дзядзькоў даказвалі, што нельга абвінавачваць Бурага ў генацыдзе, як сцвердзіў пракурор спыняючы ў 2005 г. следства. Чаму? А таму нібыта, што цяпер з’явіліся новыя акалічнасці. Якія? А такія, што нейкі публіцыст наведаў месцы збройных акцыяў Бурага каля Бельска і Гайнаўкі і даведаўся, што… меў ён магчымасць спаліць не пяць, але значна болей беларускіх вёсак – значыць, забіваючы 79 праваслаўных і беларусаў і адпускаючы пры тым католікаў не кіраваўся нацыянальнасцю і веравызнаннем ахвяр. Што за цынізм! На шчасце кіраўніцтва ІНП прызнала, што заява на інтэрнэт-старонцы не мае юрыдычнай сілы ў адрозненні ад вынікаў ранейшага расследавання, якія надалей з’яўляюцца афіцыйнай пазіцыяй у гэтай справе.
На гэтым, вядома, не скончыцца. Я згодны з праф. Алегам Латышонкам, які лічыць, што нам у такую дыскусію перад тэлекамерамі ці на фейсбуку няма чаго ўваходзіць. Трэба самім захоўваць сапраўдную памяць пра нашу гісторыю, дакументаваць яе і перадаваць наступным пакаленням. Веру, што гэтай праўды як Старадаўняй Літоўскай Пагоні са славутага верша-гімна Максіма Багдановіча – ужо не разбіць, не спыніць, не стрымаць!
Юрка Хмялеўскі
Галоўны рэдактар