Pa prostu / Па-просту

  • Płacz zwanoŭ

    23. Zabytaja tragedia kala Krynak (4)

    Syne, kab adkapać ich, paprasili Bronisia Czarnamysaho z susiednich Klabanaŭcaŭ. Toj uziaŭ z saboju jaszcze dvoch mużczyn i noczu pajechali na miesca tragedii. Kali paczali raskopvać jamu, z siaredziny trysnuła kroŭ. Pamału vyciahnuli dva trupy Sidaroviczaŭ i pa cichu pryviaźli ich da Kundziczaŭ. Myła ich…ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Po pudlaśki / По-пудляські

  • Kinoman

    13. Stan nevyznačanosti

    Orła wrona nie pokona! [Antykomunistyčne hasło v vojennum stani v Pôlščy.] Statut Białoruskiego Zrzeszenia Studentów (BAS) pisavsie mnoju miêseci dva. Odnočasno my začali vyšukuvati „našych” studentuv u akademikach raznych vyžšych škôł u Varšavi i psychologično pudhotovlati jich do toho, što budemo rejestrovati biłoruśku studenćku organizaciju… ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

RSS і Facebook

Ён быў маім старэйшым сябрам і дарадцам

Сёлета 2 студзеня не стала найвыдатнейшага беларускага гісторыка з Варшавы Юры Туронка, з якім я шмат гадоў сябраваў і ліставаўся. Я абавязкова яшчэ напішу пра гэтага шчырага чалавека, які добра ведаў і многа зрабіў для нашай гістарычнай навукі. Напішу пра яго кнігі, а гэта сур’ёзныя даследаванні, прысвечаныя беларускаму школьніцтву на Беласточчыне, беларускай кнізе ў Другой Рэчы Паспалітай, беларускай кнізе пад нямецкай адукацыяй, гісторыі Рыма-Каталіцкага Касцёла і іншыя.

Юры Туронaк
Юры Туронaк

Мне заўсёды было з ім пра што гутарыць. А гутарылі мы найперш пра беларусаў у Варшаве, якія там жылі, вучыліся і працавалі ў міжваенны час і напачатку ХХ стагоддзя. Мяне цікавіла асоба майго земляка са Слонімшчыны Гальяша Леўчыка, і Юры Туронак шмат новага пра яго мне распавядаў, ды і сам ён некалі напісаў добры артыкул пра гэтага беларускага паэта, калекцыянера, мастака і музыканта, які загінуў у Варшаве ў 1944 годзе. І апублікаваў свой матэрыял у беластоцкім „Беларускім календары” за 1980 год. Ён мне не шкадаваў здымкаў, а прыслаў арыгіналы фотаздымкаў Гальяша Леўчыка ў апошнія гады жыцця ў Варшаве, у 1912-1913-х гадах, пераклады псалмоў.

З Юры Туронкам бясконца можна было гутарыць пра Беларусь пад нямецкай акупацыяй, пра Вацлава Іваноўскага, пра Саюз беларускай моладзі (СБМ). Асабліва мы шмат з ім спрачаліся, хто найбольш ведае пра СБМ, які знаходзіўся ў Альбярціне каля Слоніма ў гады вайны. Ён напісаў і выдаў добрае даследаванне пра Саюз беларускай моладзі. Я яму дапамог знайсці фота і біяграфічныя звесткі пра Ядзю Сарачынскую, лёс якую пасля вайны закінуў ажно ў Аўстралію. Здымак і звесткі ўвайшлі ў яго кнігу „Людзі СБМ” (Вільня, 2006). А колькі ён мне падказаў, напісаў, падараваў – немагчыма пералічыць. Мы з вялікім захапленнем гутарылі пра усходнюю місію айцоў езуітаў у Альбярціне ў 1924-1943 гадах. Гэту тэму Юры Туронак ведаў дасканала і распавядаў, казаў вельмі цікава і доўга. І слухаць яго можна было суткамі, ён не расказваў, а смакаваў кожную тэму і лёсы беларусаў.

З кніг Юры Туронка
З кніг Юры Туронка

Вялікім падарункам для усіх беларусаў была яго „Мадэрная гісторыя Беларусі” (Вільня, 2006). На 900 старонках апублікаваны лепшыя матэрыялы жыцця Юры Туронка. Кніга складаецца з пяці раздзелаў, каментара і іменнага паказніка. Фундаментальная праца.

Не стала Юры Туронка. І, здаецца, апусцела Польшча без яго, без ягонай усмешкі і ведаў. Дзякуй вам, спадар Юры, што вы былі, што шмат навучылі мяне, як шукаць гістарычныя матэрыялы, як іх апрацоўваць, збіраць, захоўваць.

У маім хатнім архіве захоўваецца шэраг лістоў ад Юры Туронка. Некаторыя з іх прапаную „Czasopisu”.

Сяргей Чыгрын

 

Лісты Юры Туронка

Варшава, 3 лістапада 2005 года

Шаноўны спадар Сяргей!

Дзякую за ліст ад 26 кастрычніка, за кнігу „Пакліканыя на родны парог” і за добрыя словы. З зацікаўленнем чытаю розныя Вашы артыкулы ў „Ніве” і ўжо бадай год таму збіраўся сам звяртацца да Вас з некаторымі запытаннямі, але яны неяк інакш вырашаліся або адкладваліся.

На жаль, пакуль што не магу выканаць Вашу просьбу. Апублікаванага ў 1981 годзе здымка Янука Дарашкевіча1 з сям’ёй у сябе не знаходжу. Магчыма, як гэта часта бывала, яго не вярнулі мне з рэдакцыі, а таксама магчыма, што прысабечыў яго аматар такіх здымкаў Мікола Гайдук2 і ён, здымак, знаходзіцца ў яго асабістым архіве, да якога не маю доступу. А можа ён яшчэ знойдзецца ў маіх паперах, частка якіх захоўваецца на падбеластоцкай дачы ў Трыпуцях. Але пакапацца там змагу не раней вясны. Януковых вершаў, акрамя апублікаваных у „Ніве”, я не сустракаў і не шукаў. Такія справы чвэрцьвяковай даўнасці былі толькі эпізадычным маргінэсам маіх зацікаўленняў і я да іх не вяртаўся.

Януком Д. цікавіўся яшчэ ў той час Арсень Ліс3 з Інстытута літаратуры акадэміі навук у Мінску. Бадай у 1980 годзе ён нешта пісаў пра яго ў артыкуле пра Грыневіча4, апублікаваным у зборніку „Дзень паэзіі-80”. Аднак там ён памылкова адправіў Янука Д. у лепшы свет падчас Першай сусветнай вайны. Але, магчыма, Ліс змясціў у сваім артыкуле нешта новае, а можа і здымак (нейкі іншы?), чаго я не ведаю. Якраз у 1982 годзе абарвалася наша перапіска. Пашукайце той зборнік у бібліятэцы, магчыма, нешта атрымаеце і ад Ліса, пра якога ўжо амаль 25 год нічога не чуў.

Я ўжо нейкі час пацею над Саюзам беларускай моладзі (СБМ)5. Праектуецца невялікая кніга, якую, калі дазволіць здароўе, закончу да вясны. Калі вам нешта вядома пра слонімскую акруговую кіраўнічку СБМ Ядвігу Сарачынскую6, буду ўдзячны за біяграфічныя звесткі – год і месца нараджэння, адукацыю, прафесію да лета 1943 года і пасляваенны лёс.

Гэта, пакуль што ўсё. Жадаю добрага здароўя і творчых поспехаў.

З прывітаннем Юры Туронак.

1. Янук Дарашкевіч (1890-1943) – беларускі паэт з вёскі Меляшкі, што на Беласточчыне. Загінуў падчас Другой сусветнай вайны. У Мінску ў 2014 годзе выйшаў зборнік вершаў „Маркотныя зоркі”.

2. Мікола Гайдук (1933-1998) – беларускі пісьменнік, журналіст, краязнавец, педагог.

3. Арсень Ліс (1934-2018) – беларускі літаратуразнавец, фалькларыст, доктар філалагічных навук.

4. Антон Грыневіч (1877-1937) – беларускі фалькларыст, выдавец, педагог.

5. Саюз беларускай моладзі – беларуская моладзевая арганізацыя, створаная 22 ліпеня 1943 года на акупіраванай немцамі  тэрыторыі Беларусі.

6. Ядвіга Сарачынская (1926-пачатак 1960-х) – кіраўнічка юначак СБМ  у Слонімскай акрузе падчас Другой сусветнай вайны. Памерла пры родах у Аўстраліі.

Працяг будзе.

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.

Календарыюм

Гадоў таму

  • У лістападзе

    505 – 1519 г. Заканчэньне пабудовы Барысаглебскай царквы ў Навагарадку, помніка архітэктуры готыкі. 445 – 1579 г. Пераўтварэньне Віленскай Езуіцкай Акадэміі ў Віленскі Унівэрсытэт – першы унівэрсытэт ва ўсходняй Эўропе. 405 – 1619 г. Надрукаваньне „Грамматики словенския правильная синтагма” Мялеція Сматрыцкага. 325 …ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Календарыюм / Kalendarium

Сёньня

  • (456) – У 1568 г. пачала дзейнасьць заблудаўская друкарня ў маёнтку Рыгора Хадкевіча, у якой друкаваліся кірылічныя кнігі, між іншым „Евангельле вучыцельнае” (1569) і „Псалтыр з Часасловам” (1570).
  • (208) – 4.11.1816 г. у мястэчку Кублічы каля Лепеля нар. Арцём Вярыга-Дарэўскі (пам. у ссылцы ў Сібіры ў 1884 г.), паэт, драматург, публіцыст. Быў сябрам У. Сыракомлі, В. Дуніна-Марцінкевіча. Пісаў на беларускай і польскай мовах. Запачаткаваў беларускія пераклады творчасьці А. Міцкевіча, між іншым пераклаў „Конрада Валенрода”.
  • (137) – 4.11.1887 г. у Капылі, Слуцкага павету нар. Зьміцер Жылуновіч (літаратурны псэўданім Цішка Гартны, замучаны савецкай бясьпекай 11.04.1937 г.), пісьменьнік, выдатны беларускі дзяржаўны дзеяч. Пісаць пачаў у 1908 г. у „Нашай Ніве”.
  • (109) – у лістападзе 1915 г. у выніку стараньняў беларускіх нацыянальных дзеячаў (падчас нямецкай акупацыі) пачалі адкрывацца на Віленшчыне першыя беларускія школы.
  • (95) – 4.11.1929 г. у в. Таргуны каля Докшыц нар. Сяргей Карніловіч, выпускнік Гімназіі імя Янкі Купалы ў Віндышбэргэрдорфе (Нямеччына). З 1949 г. жыў у эміграцыі ў Кліўленд (ЗША). Адзін з самых актыўных арганізатараў беларускага грамадзка-рэлігійнага жыцьця ў гэтым горадзе, між іншым

Новы нумар / Novy numer

Папярэднія нумары

Усе правы абаронены; 2024 Czasopis