Pa prostu / Па-просту

Po pudlaśki / По-пудляські

  • Waśkowa spowed’ (1)

    Nadworie Styczeń sioho roku buw tepły i niemorozny. W Ryhoruwciach uże po tradycji bołoto, zemla rozmerzła. W miastowych czerewykach rozmemłeny kaluży preskokowaty treba, kob bołotom botiki ne barzo pobrudyty. Abo wody w ich ne nabraty. Peredom ide mużczyna pożyły, zhorbiany, pałkoju podperajetsia i ide czerez… ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

RSS, Facebook i Telegram

Дзённік рэдактара

У абарону Яраслава Іванюка

15 кастрычніка 2026 г.

Меў я гонар сустрэцца з Падляшскім ваяводам Яцэкам Бжазоўскім у яго кабінеце. Пайшлі мы ўтраіх, яшчэ Алег Латышонак і Генік Вапа, каб перадаць ліст прэм’ер-міністру Дональду Туску, які накіравалі ад імя нашых беларускіх арганізацый у справе Ярка Іванюка. Ён апынуўся ў даволі трывожнай сітуацыі. Ужо чатыры гады таму нечакана пацікавіліся ім прапагандысты з Мінска. Як стваральніка і каардынатара маштабнай інтэрнэт-бібліятэкі палічылі яго сур’ёзным ворагам рэжыму Лукашэнкі. Справа ў тым, што ў гэтых рэсурсах, накіраваных перш за ўсё да чытачоў з Беларусі, сабрана каля ста тысяч выданняў. Многія з іх у цяперашняй Беларусі пад цэнзурай, значыць – забароненыя. Таму з 2023 г. доступ да сайта на тэрыторыі беларускай дзяржавы немагчымы.

Яраслаў аднак надалей муляў рэжым, бо заснаваў яшчэ выдавецтва Камунікат і пачаў штогод выпускаць па некалькі загалоўкаў кніг на паперы. У Беларусі яны таксама забаронены, паколькі аўтары – Уладзімір Арлоў, Уладзімір Някляеў ды іншыя – як апаненты Лукашэнкі вымушаны былі з’ехаць за мяжу. Цяпер жывуць пераважна ў Польшчы і за мяжой працягваюць сваю літаратурную творчасць і апазіцыйную дзейнасць.

У верасні 2025 года сайт Kamunikat.org і яго каналы ў сацыяльных сетках КДБ у Мінску ўключыў у спісак „экстрэмісцкіх матэрыялаў”. Для карыстальнікаў унутры Беларусі стварае гэта рызыку рэпрэсій. 

У канцы 2025 года выдадзеную Камунікатам кнігу на польскай мове „Białoruska Republika Ludowa 1918–1920: u podstaw białoruskiej państwowości”, якую напісала прафесар Дарота Міхалюк з Універсітэта Мікалая Каперніка ў Торуні, у Мінску ўключылі ў спіс выданняў, распаўсюджванне якіх, як мяркуецца, „можа нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь”.

На пачатку сакавіка 2026 года выдавецтва Камунікат і аднайменны фонд лукашэнкаўскія органы прызналі „экстрэмісцкім фармаваннем” як звяно прыдуманай „кааліцыі” з дзейнічаючымі таксама ў эміграцыі Lohvinau Publishing House і Andrei Yanushkevich Publishing і іншымі асобамі – выдаўцамі. Яраслаў Іванюк згадваецца там як адна з асоб з ёю звязаных.

Паслядоўнасцю стала маштабная кібератака на сайт Kamunikat.org, здзейсненая ў ноч з 6 на 7 траўня. Былі ачышчаныя серверы, а доступ да архіваў пасля перазагрузкі з запасных копіяў стаў магчымым толькі пасля некалькіх тыдняў.

Урэшце 8 кастрычніка па патрабаванні праўлення ўнутраных спраў у Мінску „поляк Ярослав Иванюк” на падставе нейкага артыкула Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь трапіў у базу пошуку (розыска) Міністэрства ўнутраных спраў Расійскай Федэрацыі. Тым самым выдадзены міжнародны ордэр на яго арышт. Услед Масква і Мінск могуць выдаць ордэр Інтэрпола – інакш кажучы выдаўца і кнігара з Беластока ўнесці ў спіс міжнародных злачынцаў. 

Гэта ўсё выглядае абсурдна, але і страшна. Таму справа, з якой пайшоў я з сябрамі да падляшскага ваяводы, сапраўды сур’ёзная. Разыходзілася нам, каб польскі ўрад і падлягаючыя яму адпаведныя ўстановы разабраліся ў гэтым, паколькі праблема датычыць ні ў чым невінаватага грамадзяніна Польшчы пры тым з аўтахтоннай беларускай меншасці. Мы ў лісце прэм’ер-міністру Туску і ў размове з ваяводам выказалі затрывожанасць свайго асяроддзя, паколькі пад магчымай пагрозай з боку рэжыму ў Мінску пры садзеянні з Расіяй апынуўся не толькі наш сябра. Бо гэта ёсць праява ціску з-за мяжы на ўсе асобы, арганізацыі і ўстановы, што легальна дзейнічаюць у Польшчы і ставяць сваёй мэтай абарону і развіццё беларускай мовы, культуры і нацыянальнай спадчыны.

Ваявода Яцэк Бжазоўскі выказаў поўнае зразуменне па поваду неспакойных адчуванняў нашага асяроддзя ў сувязі з узніклай нечаканай сітуацыяй. Адбылі мы мерытарычную сустрэчу ў сардэчнай атмасферы. Ваявода запэўніў, што ён ёсць з намі, значыць з беларускай меншасцю. Распытваўся ў нас, чаму якраз наш сябра папаў пад пераслед рэжыму Лукашэнкі, чаму стаў яму нявыгадным, а нават небяспечным.

Я як прадстаўнік журналісцкага асяроддзя падкрэсліў, што ўлады ў Мінску асабліва пабойваюцца незалежных СМІ, якіх у сябе цалкам ліквідавалі. Тым часам Яраслаў не толькі распаўсюджвае ў Інтэрнэце і выдае друкам непадлягаючыя ніякай цэнзуры беларускія кнігі, але з’яўляецца таксама радыёжурналістам рэдакцыі праграм для беларускай меншасці ў Польскім Радыё Беласток. Да таго ў яго шырокія кантакты з беларускімі апазіцыйнымі СМІ і наогул з беларускай апазіцыяй, якая вымушана цяпер дзейнічаць у замежжы. Службы з Мінска пра гэта дасканала ведаюць. Прыатакавалі яго, каб адначасова запалохаць яго калег журналістаў.

Генік Вапа згадаў, што наша беларуская меншасць у Польшчы стала для Лукашэнкі варожай яшчэ з 1996 г., калі падчас дэманстрацыі перад консульствам у Беластоку ўдзельнікі спалілі яго партрэт. Спантанна, не было гэта планавана. У такі яркі спосаб польскія беларусы не пагаджаліся з новым палітычным курсам Беларусі пасля рэферэндуму, які ў практыцы панізіў беларускасць у беларускай дзяржаве. 

Генік таксама распавёў пра пераслед журналістаў на прыкладзе Беларускага Радыё Рацыя, якое ўзначальвае. Прыгадаў, што і яно падверглася кібератакам, з-за чаго доўгі час не працаваў як трэба сайт. Генік у гэтым плане прасіў нейкай дапамогі з боку польскай дзяржавы для ўсіх рэдакцый і арганізацый беларускай меншасці.

Алег Латышонак звярнуў увагу, што рэпрэсіі, якія ажыццяўляе апарат рэжыму ў Мінску, усё часцей выходзяць за межы Беларусі. На яго думку гэта патрабуе асаблівых супрацьдзеянняў з боку адпаведных службаў і ўстаноў у Польшчы. 

Алег на развітанне падарыў ваяводу сваю навейшую кніжку „Białoruś. Zderzenie cywilizacji”. Яцэк Бжазоўскі запэўніў нас, што ліст, з якім да яго прыйшлі, перадасць адрасату і ў нашай справе сустрэнецца з кіраўнікамі падлягаючых яму службаў.

У сваю чаргу Яраслаў Іванюк пра сітуацыю, у якой апынуўся, паведаміў Упаўнаважанага па правах чалавека, Канцылярыю Прэзідэнта Польшчы, Міністэрства замежных спраў, Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі, Агенцтва ўнутранай бяспекі, міністра-каардынатара спецыяльных службаў, Галоўнае ўпраўленне паліцыі і пракуратуру.

Прызнаюся, што я спачатку не верыў, што Ярэк сапраўды трапіў пад „розыск” Масквы. Хацелася самому пабачыць той спісак. Аднак увайсці на сайт Міністэрства ўнутраных спраў РФ аказалася немагчымым. Хаця база з’яўляецца адкрытай, то доступ наўмысна абаронены ад масавых пошукаў (патрабуюцца спецыяльныя коды, а адказы на запыты займаюць шмат часу).

Існуе аднак копіі, якія пастаянна абнаўляюцца. Гэта праекты Mediazona Rozysk і Sota, вядуць іх за мяжой незалежныя расійскія грамадскія дзеячы і журналісты. Працуюць там таксама беларусы. Гэтыя праекты выявілі, што Расія пераследуе па палітычных матывах тысячы людзей ва ўсім свеце. 

Пад адрасам https://mvd.sotaproject.com/ у спіску пабачыў я свайго сябра. Апрача яго з Польшчы Расія паставіла ў поўшук нават цяперашняга прэзідэнта Кароля Наўроцкага. Трапіў ён у спісак яшчэ тады, калі быў дырэктарам Інстытута нацыянальнай памяці – за дэмантаж савецкіх помнікаў. 

„Медыязона” публікуе таксама інфармацыю аб беларусах, якіх шукае МУС РФ ў след за рэжымам у Мінску. Цікава, што ў гэтым спіску няма пражываючага ў Польшчы Паўла Латушкі, якога ў 2023 годзе Мінскі гарадскі суд завочна прысудзіў да 18 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Юрка Хмялеўскі, Галоўны рэдактар

 

Календарыюм

Гадоў таму

  • у лістападзе

    685 – у 1341 г. войскі Вялікага Княства Літоўскага акружылі крыжацкую цьвердзь Баербург і прыступілі да яе здабыцьця. Падчас атакі загінуў вялікі князь Гедымін. 210 – 4.11.1816 г. у мястэчку Кублічы каля Лепеля нар. Арцём Вярыга-Дарэўскі (пам. у ссылцы ў Сібіры …ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Новы нумар / Novy numer

Папярэднія нумары / Poprzednie numery

Усе правы абаронены; 2026 Czasopis
Social Media Auto Publish Powered By : XYZScripts.com