Pa prostu / Па-просту

Po pudlaśki / По-пудляські

  • Waśkowa spowed’ (1)

    Nadworie Styczeń sioho roku buw tepły i niemorozny. W Ryhoruwciach uże po tradycji bołoto, zemla rozmerzła. W miastowych czerewykach rozmemłeny kaluży preskokowaty treba, kob bołotom botiki ne barzo pobrudyty. Abo wody w ich ne nabraty. Peredom ide mużczyna pożyły, zhorbiany, pałkoju podperajetsia i ide czerez… ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

RSS, Facebook i Telegram

Падарожжа

Жнівень у Аджарыі

Аўтамабільны рух у Грузіі не спыняецца нават позна ноччу, працуюць святлафоры, якіх у горадзе шмат. А без таго вузкія вуліцы шчыльна застаўленыя з абодвух бакоў прыпаркаванымі машынамі. Грузіны кажуць самі пра сябе з іроніяй, што ў іх невялікай краіне не хапае месца для аўтамабіляў, якія мае кожны член сям’і. Рух ускладняюць каровы. Яны ў Грузіі ходзяць вольна і могуць пераходзіць дарогу дзе ім толькі захочацца. Таму да гатэля кіроўца вёз добрых некалькі гадзін і дабраліся туды толькі калі неба пачало ўжо святлець. Рэцэпцыі ў будынку не аказалася, а ўсе дзверы былі зачыненыя. На заднім двары ўдалося спаткаць дзяўчыну, што збіралася з начной змены да дому і па-ангельску папрасіць яе паклікаць гаспадароў. Дзяўчына разбудзіла старшую напарніцу, з якой размаўлялі ўжо па-руску. Ну а тая ўрэшце паклікала гаспадара, які правёў нас да пакою. 

Каровы ў Батумі
Каровы ў Батумі

Вось так пачаўся адпачынак у Грузіі. Яшчэ трэба дадаць, што трохі пазней пачаўся дождж і ліў амаль бесперапынна ўвесь наступны дзень. Здавалася, нібы не выязджаў з Польшчы. Але потым, на шчасце, надвор’е палепшылася, хаця сонца не было відаць некалькі дзён запар. Тутэйшыя пазней расказвалі, што падобнае надвор’е ў жніўні ў іх краіне з’яўляецца рэдкасцю, бо звычайна стаіць спякота. Але я й не наракаў асабліва, бо вельмі камфортна было падарожнічаць і атрымалася наведаць шмат цікавых мясцін.

Калхідская нізіна
Калхідская нізіна

Дарэчы, паразмаўляць з грузінамі бывае цяжка. Людзі ў сталым веку амаль усе ведаюць рускую мову, але шмат якіх слоў не разумеюць. Моладзь размаўляе па-руску значна горш, некаторыя гавораць па-агельску, ну а з большасцю дамаўляліся найчасцей мовай жэстаў. Пра польскую гаварыць увогуле няма чаго. Польскіх турыстаў, кажуць, у Грузіі няшмат і адпачываюць яны перад усім у Батумі. У Кабулеці (недзе 26 км на поўнач), дзе мы спыніліся, іх не бывае. А вось з беларусамі мясцовыя знаёмыя добра. Амаль кожны мае з імі нейкія справы, ці нават бываў у Беларусі. Наш гід, пра якога раскажу трохі пазней, дык увогуле вучыўся ва ўніверсітэце ў Мінску яшчэ ў камуністычныя часы.

Батумі, сталіца Аджарыі (рэгіёну ў паўднёва-заходняй Грузіі) – даволі невялікі горад. Да пачатку вайны ва Украіне там было каля 250 тысяч сталага насельніцтва. Зараз жа Батумі з яго футурыстычнымі шматпавярховікамі ў стылі Дубаю і страшэннымі пробкамі на вуліцах здаецца сапраўдным мегаполісам. Велізарныя чэргі з соцень аўтамабіляў, якіх не пабачыш нават у Варшаве, паводле тутэйшых таксістаў, знікаюць толькі за поўнач.

Пляц Эўропы ў Батумі
Пляц Эўропы ў Батумі

Справа ў тым, што акрамя шматлікіх турыстаў пасля 2020-га і асабліва ў 2022 годзе, па словах мясцовых жыхароў, дадалося яшчэ каля 100 тысяч эмігрантаў, сярод якіх было шмат беларусаў. Яны паадчынялі свае крамы, дробныя прадпрыемствы і салоны. 

Вікторыя, адна з іх, пераехала ў Батумі разам з сям’ёй чатыры гады таму. Зараз робіць масажысткай, а яе дзеці ходзяць у мясцовую школу. Жыццё ў Грузіі ёй падабаецца, нягледзячы на даволі складаны працэс легалізацыі, бо там больш свабоды і нізкія падаткі, усяго 1 % для тых, хто пачынае ўласны бізнес. Праўда, расказвае жанчына, каб працягваць прадпрымальніцкую дзейнасць, трэба за год „пракруціць” на сваім рахунку не менш за 50 тысяч лары (каля 71 тысяч злотых), што для яе было зашмат і трэба было прасіць знаёмых, каб пералічвалі ёй грошы. Грузінскае грамадзянства можна атрымаць толькі праз дзесяць гадоў, але з’язджаць Марыя адтуль не збіраецца. Кажа, працу знайсці беларусам можна, тым больш што грузіны любяць наймаць працаўнікоў з Усходняй Еўропы, бо тыя працуюць лепш чым мясцовыя. На пытанне, што яна думае пра будучыню і пенсію жанчына адказвае, што не пераймаецца асабліва, бо нізкія падаткі дазваляюць самастойна на яе адкладваць.

Батумскія клумбы
Батумскія клумбы

Увогуле, грузінскія заробкі не надта высокія. У сферы паслуг прапаноўваюць звычайна ад 1000 да 1700 лары (прыблізна 1400 – 2400 злотых). Дачка нашага гіда Шоты робіць у школе настаўніцай і атрымлівае каля 1300 лары. Таму грузіны часта ездзяць на заробкі ў краіны Еўразвязу, у тым ліку ў Польшчу. У маладосці Шота сам скончыў педагагічны ўніверсітэт у Беларусі, але настаўнікам ніколі не працаваў. А пару гадоў таму разам з сынам і яго сям’ёй ездзіў працаваць у Польшчу пад Познань. Аднак вырашыў вярнуцца, бо, казаў, дома і сцены лечаць. Зараз працуе таксістам у Bolt (у Грузіі таксама ёсць такі сервіз) і адначасова падрабляе гідам. Спаткалі мы яго выпадкова, бо падвозіў у таксі і запрапанаваў свае паслугі. Дарэчы, ён аказаўся хіба адзіным мясцовым жыхарам, з якім удалося шмат паразмаўляць. Бо грузіны, паміж сабой гаваркія і эмацыянальныя, з іншаземцамі звычайна трымаюць ветлівую дыстанцыю.

Чорнае мора
Чорнае мора

За 200 лары (каля 280 злотых) ён паўдня вазіў нас па Аджарыі, паказваў цікавыя мясціны і распавядаў пра іх. Паглядзець у гэтым рэгіёне можна сапраўды шмат чаго. Напрыклад, праваслаўны кляштар Святой Тройцы, што знаходзіцца недалёка Батумі, на вяршыні гары. Збудаваў яго на свае сродкі мясцовы бізнесмен, які зарабіў маёнтак за мяжой і вырашыў зрабіць падарунак землякам. Праваслаўныя зараз складаюць у Аджарыі каля 80 % насельніцтва, а рэшта – мусульмане (раней Аджарыя шмат гадоў знаходзілася пад уладай Турцыі, адкуль распаўсюджваўся іслам). Раней, яшчэ ў 1990-х гадах, расказаў Шота, сітуацыя была адваротнай і іслам быў дамінуючай рэлігіяй. Але зараз шмат дзе ў мусульманскіх сем’ях дзеці пераходзяць у хрысціянства.

Тыповы аджарскі краявід
Тыповы аджарскі краявід

Па дарозе размаўлялі з ім таксама пра яго побыт у Польшчы і Беларусі. Шота хваліў польскія і беларускія прадукты, асабліва малочныя. Грузіны, казаў, больш падобныя да палякаў у плане рэлігійнасці, бо рэгулярна наведваюць царкву, а ў беларусаў, маўляў, рэлігійнасць павытраўлялі камуністы. Здзіўляўся таксама, чаму беларусы не размаўляюць на роднай мове, не разумеў, мякка кажучы, тых, хто адказваў, што беларуская мова зараз асабліва нідзе непатрэбная. Што тычыцца стаўлення да беларусаў, Шота ўпэўнены, яно такое самае як і да іншых эмігрантаў. Мо толькі да ўкраінцаў, казаў, трохі лепшае, бо ім грузіны вельмі спачуваюць.

Навакольныя вёскі пад Батумі
Навакольныя вёскі пад Батумі

Пасля таго, як наведалі кляштар, Шота паказаў яшчэ некалькі прыгожых мясцін, між іншым месца зліцця дзвюх рэк – грузінскай Аджарысцкалі і турэцкай Чарохі – дзе ў першай вада брудная, а ў другой бірузовага колеру, а таксама вадаспад у Махунцэці, які біў высока з гары і старажытны мост, збудаваны яшчэ за панавання царыцы Тамары.

Месца зліцця дзвюх рэк у Аджарыі
Месца зліцця дзвюх рэк у Аджарыі
Кляштар Святой Тройцы
Кляштар Святой Тройцы
Алтар Кляштару Святой Тройцы
Алтар Кляштару Святой Тройцы
Абраз ў Кляштары Святой Тройцы
Абраз ў Кляштары Святой Тройцы

За пару дзён да канца адпачынку давялося яшчэ трохі бліжэй пазнаёміцца з гаспадаром гатэля, Ніко. Той папрасіў нас перасяліцца ў іншы пакой, бо мусіў прыняць новых гасцей з Арменіі, якія хацелі зняць пакоі на цэлым паверху. Дарэчы, турысты з Арменіі ў Кабулеці знаходзяцца хіба на другім месцы сярод турыстаў пасля грузінаў, а беларусы дзеляць трэцяе месца з расейцамі. У падзяку за тое, што пагадзіліся змяніць пакой, Ніко бясплатна карміў нас некалькі дзён да ад’езду. Вельмі цёпла адзываўся пра беларусаў, што наведваюць Грузію, казаў, заўсёды трапляліся ветлівыя і неканфліктныя людзі. У канцы размовы пажадаў, каб хутчэй скончылася вайна, бо нават у яго краіне ўсе ад яе моцна стаміліся. Але, мяркуе ён, яшчэ мінімум з некалькі гадоў будзе гэта працягвацца.

Павел Лукашук

Фота аўтара

Календарыюм

Гадоў таму

  • у лістападзе

    685 – у 1341 г. войскі Вялікага Княства Літоўскага акружылі крыжацкую цьвердзь Баербург і прыступілі да яе здабыцьця. Падчас атакі загінуў вялікі князь Гедымін. 210 – 4.11.1816 г. у мястэчку Кублічы каля Лепеля нар. Арцём Вярыга-Дарэўскі (пам. у ссылцы ў Сібіры …ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Новы нумар / Novy numer

Папярэднія нумары / Poprzednie numery

Усе правы абаронены; 2026 Czasopis
Social Media Auto Publish Powered By : XYZScripts.com