Pa prostu / Па-просту

Po pudlaśki / По-пудляські

  • Waśkowa spowed’ (1)

    Nadworie Styczeń sioho roku buw tepły i niemorozny. W Ryhoruwciach uże po tradycji bołoto, zemla rozmerzła. W miastowych czerewykach rozmemłeny kaluży preskokowaty treba, kob bołotom botiki ne barzo pobrudyty. Abo wody w ich ne nabraty. Peredom ide mużczyna pożyły, zhorbiany, pałkoju podperajetsia i ide czerez… ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

RSS, Facebook i Telegram

Новае выданне

Кніга пра Заходнюю Беларусь (1921-1939)

У Мінскім выдавецтве „Беларуская навука” сёлета ў лютым выйшаў з друку зборнік навуковых артыкулаў пад назвай „Заходняя Беларусь (1921-1939): гісторыя, культура, літаратурны рух”. Ён падрыхтаваны па выніках правядзення Міжнароднай навуковай канферэнцыі „Заходняя Беларусь (1921-1939) – гісторыя, культура, літаратурны рух – і сучасныя праблемы развіцця”, якая адбылася ў верасні 2024 года ў Цэнтры даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (НАН). У сваіх даследаваннях аўтары аналізуюць сацыяльна-палітычныя, грамадска-культурныя, канфесійныя, літаратурныя і іншыя працэсы ў Заходняй Беларусі, ідэйныя прыярытэты і парадыгму літаратурна-мастацкага дыскурсу, асэнсоўваюць падзеі восені 1939 года у гістарычным лёсе беларускага народа, адлюстраванне заходнебеларускага жыцця ў творах прыгожага пісьменства, даследуюць традыцыі кансалідацыі грамадскіх сіл у барацьбе за аб’яднанне Беларусі міжваеннага перыяду на этапе навейшай гісторыі Беларусі і г.д.

Кніга пачынаецца артыкулам акадэміка, доктара гістарычных навук Аляксандра Кавалені, які адзначыў, што „разгорнутая польскімі ўладамі сацыяльна-эканамічная і культурна-рэлігійная палітыка выклікала незадаволенасць шырокага кола жыхароў Заходняй Беларусі. Так, у 1927-1928 гадах у Беластоцкім, Палескім, Віленскім і Навагрудскім ваяводствах адбылося 370 забастовак, у якіх удзельнічала каля 49 тысяч рабочых…”.

Праўда, у першыя гады сусветнага эканамічнага крызісу 1929-1933 гадоў забастовачная барацьба некалькі аслабла, але пасля яна зноў узмацнілася. Калі, напрыклад, у 1930-м годзе адбылася 21 забастоўка, а ў 1931 – 19, то ў 1932 годзе – 51, а ў 1933 годзе – 81. Як піша Аляксандр Каваленя, забастоўкі часта суправаджаліся антыўрадавымі дэманстрацыямі, мітынгамі, сутычкамі з паліцыяй. Шырокі водгук на вёсцы знаходзілі заклікі КПЗБ „Зямля сялянам без выкупу”, „Ні гроша падаткаў фашысцкаму ўраду”. Сяляне адмаўляліся плаціць падаткі, выконваць шарваркі (прымусовыя адпрацоўкі), праганялі каморнікаў, якія гвалтам праводзілі камасацыю і ліквідацыю сервітутаў, часам браліся і за зброю.

Заходняя Беларусь (1921-1939: Гісторыя, культура, літаратурны рух. Выдавецтва НАН РБ
Заходняя Беларусь (1921-1939): Гісторыя, культура, літаратурны рух. Выдавецтва НАН РБ

Пытанне Заходняй Беларусі адыгрывала важную ролю ў беларуска-польскіх сувязях міжваеннага часу. Пра дзейнасць прадстаўніцтва КПЗБ у Мінску па кансалідацыі нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі (1925-1938) на старонках выдання распавядае кандыдат гістарычных навук Вольга Бароўская з Мінска.

Даследчык беларускай культуры і літаратуры Анатоль Трафімчык змясціў у кнізе ажно тры матэрыялы-даследаванні. Першы артыкул пра паэтаў-беларусаў Латвіі, якія выступалі супраць рыжскага савецка-польскага падзелу, які адбыўся ў сакавіку 1921 года, калі ніводная з дзвюх улад не ўспрымалася як родная. Гэта сітуацыя падштурхоўвала многіх беларускіх інтэлігентаў да эміграцыі. Таму многія беларусы тады раз’ехаліся па Еўропе, найперш Усходняй. Некаторыя дзеячы пра падзею падзелу выказваліся нават у паэзіі. Да такіх паэтаў Анатоль Трафімчык аднёс Кастуся Езавітава, Багдана Рыка, Пятра Сакола, Віктара Вальтэра і Валянціну Казлоўскую. Напрыклад, Кастусь Езавітаў у 1926 годзе пісаў:

Абкрадаюць нас ўсе! Ташчуць кожды ў свой бок!

За нажывай да нас едзе ўсяк!

Ў гаспадарку сваю, беларус, зрабі крок!

Пакажы ўсім чужынцам кулак!

У другім артыкуле Анатоль Трафімчык распавёў пра ўцёкі „заходнікаў” у СССР як форму непрыняцця польскай улады на прыкладзе жыхароў Круговіцкай гміны Лунінецкага павета Палескага ваяводства. Апісаўшы пра такія ўцёкі, аўтар падвёў вынікі, што „незадаволенасць уладай міжваеннай Польшчы сярод насельніцтва Круговіцкай гміны шырока праяўлялася праз дробныя дзеянні. Папулярнымі, асабліва сярод моладзі, сталі ўцёкі ў Савецкі Саюз. Нелегальныя пераходы мяжы былі абумоўлены рознымі матывамі: камуністычнымі перакананнямі, ухіленствам ад прызыву ў войска, крымінальным пераследам, цікаўнасцю або юнацкім авантурызмам. Бадай, за кожным такім выпадкам стаіць пакручастая гісторыя чалавечага жыцця і нярэдка цэлай сям’і, часцей за ўсё гісторыя драматычная ці трагічная”.

Працяг гэтай тэмы, звязанай з Круговіцкай гмінай, Анатоль Трафімчык адлюстраваў і ў артыкуле пра заступніцтва на міністэрскім узроўні дэпутата Сейма (1922-1928) Антонія Кардоўскага за сваіх выбаршчыкаў Круговіцкай гміны Лунінецкага раёна.

Доктар гістарычных навук Вячаслаў Даніловіч у сваім выступленні на старонках кнігі „Заходняя Беларусь (1921-1939): гісторыя, культура, літаратурны рух” адзначыў, што ўз’яднанне Заходняй Беларусі з БССР – акт гістарычнай справядлівасці ў адносінах да беларускага народа. Ён спрыяў кансалідацыі беларускай нацыі. Найперш, як падкрэслівае аўтар, былі праведзены радыкальныя сацыяльна-эканамічныя і культурныя пераўтварэнні ў інтарэсах большасці народа, знята пагроза паланізацыі і асіміляцыі беларусаў, Беларусь стала тэрытарыяльна цэласнай дзяржавай, што з’явілася найважнейшай перадумовай для імклівага нацыянальна-дзяржаўнага развіцця, агульнага паступальнага руху беларускага народа да прагрэсу.

Вячаслаў Даніловіч у сваім артыкуле прыводзіць і статыстычныя дадзеныя. Калі ў 1938 годзе ў Заходняй Беларусі было толькі каля 80 бальніц і каля 1000 дактароў. То ў канцы 1940 года стала ўжо 243 бальніцы і радзільных дома, 207 паліклінік і амбулаторый, у медыцынскіх установах працавалі 1755 дактароў і 5585 медыцынскіх работнікаў сярэдняга звяна.

Калі ў 1937/1938 навучальным годзе дзейнічала каля 4670 школ, у якіх навучанне адбывалася на польскай мове, то ў 1940/1941 навучальным годзе ўжо працавала 5959 школ, прычым больш за 4,5 тысячы з іх вялі навучанне на беларускай мове, а астатнія – на рускай, польскай, яўрэйскай і літоўскай мовах. У пачатку 1941 года каля 170 тысяч дарослых наведвалі школы па ліквідацыі непісьменнасці. Былі адкрыты 5 вышэйшых навучальных устаноў і 25 сярэдніх спецыяльных, 5 тэатраў. Дзейнічалі 220 бібліятэк і 211 кінаўстановак, большасць газет выдавалася на беларускай мове.

Але доктар гістарычных навук не згадаў у сваім артыкуле пра рэпрэсіі ў Заходняй Беларусі. Яны актыўна пачаліся пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР ужо ў верасні 1939 года. Прыпыненыя вайною, рэпрэсіі набылі ў Заходняй Беларусі асаблівы размах у другой палове 1940-х гадоў у сувязі з правядзеннем татальнай калектывізацыі і працягваліся ажно да 1953 года.

Мікалай Мікуліч і Уладзімір Гніламёдаў у артыкуле „Сучасная беларуская паэзія: традыцыі, мастацкі вопыт, перспектывы развіцця” згадалі пра творчасць Максіма Танка, Рыгора Барадуліна, а таксама беларускіх паэтаў Беласточчыны Віктара Шведа, Алеся Барскага, Міру Лукшу, Яна Чыквіна, Юрку Баену, адзначыўшы пры тым, што „стала выглядае сузор’е паэтаў Беласточчыны. Беласточчына – старажытная беларуская зямля, вядомая сваімі даўнімі, яшчэ з часоў Ф. Скарыны, культурнымі і кніжнымі традыцыямі. На працягу 1568-1570 гг. у Заблудаве з добрым плёнам працавала славянская друкарня, заснаваная Іванам Фёдаравым і Пятром Мсціслаўцам. У іх дзейнасці, думаецца, адлюстравалася важная асаблівасць беларускага погляду на жыццё, якая заключаецца ў тым, што павага да прыроды не супярэчыць павазе і прыхільнасці да культуры. Духоўныя  традыцыі спрыялі захаванню ў мясцовым людзе пачуцця сацыянальнай справядлівасці, чалавечай і нацыянальнай годнасці. Ураджэнец Беласточчыны – Кастусь Каліноўскі, вядомы не толькі як правадыр гераічнага паўстання 1863-1864 гг.у Беларусі і Літве, але і як таленавіты публіцыст і паэт – аўтар вядомага верша „Марыська чарнаброва, галубка мая”.

Чытачы з цікавасцю прачытаюць у кнізе артыкулы Ірыны Багдановіч пра мастацкае асэнсаванне з’яў нацыянальнага быцця ў творчасці заходнебеларускіх паэтаў-святароў Андрэя Зязюлі, Казіміра Сваяка, Вінцука Адважнага, Лены Глагоўскай пра публіцыстыку Альбіна Стаповіча, Алеся Хітруна пра струны душы паэта Валянціна Таўлая, Мікалая Мікуліча пра жыццёвы і творчы лёс Паўлюка Шукайлы і пра творчую індывідуальнасць Алеся Дубровіча і г.д.

Шмат новага даведаюцца тыя, хто цікавіцца гісторыяй літаратуры Заходняй Беларусі, пра лёс і творчасць забытых паэтаў Язэпа Вількоўшчыка і Яўгена Аніську. Вядома ж, не мінула выданне і творчасць народнага паэта Беларусі Максіма Танка, творчасць Уладзіміра Жылкі, Вячаслава Адамчыка, жыццё і дзейнасць Аляксея Карпюка. 

Значнае месца ў кнізе „Заходняя Беларусь (1921-1939): гісторыя, культура, літаратурны рух” адведзена ахове здароўя ў Заходняй Беларусі. Аляксей Капліеў распавядае пра ахову здароўя ў Заходняй Беларусі і ў міжваенны перыяд, падкрэсліўшы, што „арганізацыя медыцынскага забеспячэння на тэрыторыі Заходняй Беларусі мела значныя адрозненні ад польскай мадэлі аховы здароўя. Так, ва ўмовах ліквідацыі польскага Міністэрства грамадскага здароўя і аб’яднання ваяводскіх упраўленняў здароўя з органамі сацыяльнага забеспячэння і аховы працы вядучую ролю ў адміністраванні медыцынай набылі мясцовыя ўлады, перадусім павятовыя лекары. Нізкі прамысловы патэнцыял і адпаведна малыя заробкі насельніцтва прадвызначылі слабы характар развіцця страхавой медыцыны і нязначнае распаўсюджванне прыватных клінік, што вымусіла польскія ўлады захаваць патэнцыял дзяржаўнай медыцынскай сеткі ў Заходняй Беларусі, якая была значна скарочана ў этнічна польскіх землях”.

Кандыдат гістарычных навук Аляксандр Дарковіч распавядае пра дзейнасць органаў мясцовага самаўпраўлення ў Заходняй Беларусі ў сферы аховы здароўя ў 1919-1939 гадах. Па яго падліку „ўзровень развіцця аховы здароўя на заходнебеларускіх землях значна саступаў сярэдняму па Польшчы. Напрыклад, у 1938 годзе на 10 тысяч чалавек у краіне прыходзілася 3,7 урача і 21,7 бальнічных ложкаў. Пры гэтым Польшча па дадзеных паказчыкаў займала адно з апошніх месц у Еўропе”. 

У новым выданні пра Заходнюю Беларусь друкуюцца таксама матэрыялы пра становішча дачкі ў традыцыйнай сялянскай сям’і (па матэрыялах Заходняга Палесся), пра дзейнасць Марской і каланіяльнай лігі на тэрыторыі Заходняй Беларусі, пра памешчыцкую гаспадарку на тэрыторыі Драгічынскага павета Палескага ваяводства ў 1921-1939 гадах, пра айчынных вучоных у барацьбе за Заходнюю Беларусь у 1920-1930-я гады і шэраг іншых артыкулаў.

Кніга „Заходняя Беларусь (1921-1939): гісторыя, культура, літаратурны рух” адрасуецца навуковым работнікам, выкладчыкам, настаўнікам, аспірантам і студэнтам, усім, хто цікавіцца гісторыяй беларускага народа, яго інтэлектуальна-творчай спадчынай.

Сяргей Чыгрын

Календарыюм

Гадоў таму

  • у лістападзе

    685 – у 1341 г. войскі Вялікага Княства Літоўскага акружылі крыжацкую цьвердзь Баербург і прыступілі да яе здабыцьця. Падчас атакі загінуў вялікі князь Гедымін. 210 – 4.11.1816 г. у мястэчку Кублічы каля Лепеля нар. Арцём Вярыга-Дарэўскі (пам. у ссылцы ў Сібіры …ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Новы нумар / Novy numer

Папярэднія нумары / Poprzednie numery

Усе правы абаронены; 2026 Czasopis
Social Media Auto Publish Powered By : XYZScripts.com