Незвычайныя артэфакты былі выстаўлены літоўскім аукцыённым домам ONEBID у сярэдзіне сакавіка. Мова пра фотаздымкі аўтарства Яна Булгака, зробленых майстрам у канцы 1930-х гадоў.


Ян Булгак – знакаміты майстар мастацкай краязнаўчай фатаграфіі, яго творчая спадчына лічыцца супольнай часткай культурнай спадчыны Польшчы, Літвы і Беларусі. Усяго на аўкцыі было прадстаўлена пятнаццаць ягоных фатаздымкаў з выявамі Вільні і акаліц, а таксама Гародні, Пінска, палескіх краявідаў і возера Свіцязь. Апрача сваёй мастацкай каштоўнасці здымкі вылучаліся тым, што апрача пячатак змяшчалі напісы на беларускай мове. Беларускай лацінкай пазначаны назвы аб’ектаў на фатаграфіях. Таксама на адваротным баку можна ўбачыць пазнаку „Ranica”, што пралівае свет на магчымае паходжанне артэфактаў. Такую назву мела газета, што выдавалася ў гады Другой сусветнай вайны пры Беларускім прадстаўніцтве ў Берліне. Гэтая арганізацыя была створана ў канцы 1939 года і пачаткова займалася аказаннем дапамогі трапіўшым у нямецкі палон і перакваліфікаваным у працаўнікоў вайскоўцам Войска Польскага беларускага паходжання. Вядома, што Беларускае прадстаўніцтва замовіла Булгаку серыю паштовак, якія, праўдападобна, былі апублікаваныя ў газеце. Паводле некаторых успамінаў, падчас нямецкай акупацыі Булгак, які працягваў у Вільні актыўную творчую дзейнасць, таксама супрацоўнічаў з беларускімі культурна-асветніцкімі арганізацыямі, а беларускія дзеячы Вітаўт Тумаш і Мікола Абрамчык купілі ад яго шмат фатаздымкаў, якія зараз з’яўляюцца ўласнасцю Беларускага Інстытуту Навукі і Мастацтва ў ЗША.


Усе выстаўленыя на аўкцыі фотаздымкі знайшлі новых гаспадароў, іх агульны кошта склаў амаль 3700 еўра.
Сяргей Александровіч











