Pa prostu / Па-просту

Po pudlaśki / По-пудляські

  • Waśkowa spowed’ (1)

    Nadworie Styczeń sioho roku buw tepły i niemorozny. W Ryhoruwciach uże po tradycji bołoto, zemla rozmerzła. W miastowych czerewykach rozmemłeny kaluży preskokowaty treba, kob bołotom botiki ne barzo pobrudyty. Abo wody w ich ne nabraty. Peredom ide mużczyna pożyły, zhorbiany, pałkoju podperajetsia i ide czerez… ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

RSS, Facebook i Telegram

Новае выданне

Кніга пра акадэміка Юрыя Астроўскага

Святлана Воцінава
Святлана Воцінава

Нядаўна быў я ў Гародні, наведаў гарадскія могілкі на праспекце Касманаўтаў. Паклаў кветкі на магілу аднаго з найвялікшых гарадзенцаў ХХ стагоддзя, Юрыя Астроўскага (1925-1991). Побач з ім ляжаць яго жонка Ірына і сын Сяргей. Сумна, бо зусім маладымі пакінулі гэты свет Юрый Міхайлавіч і Сяргей Юр’евіч. Жыць ім яшчэ было і жыць. А вось Ірыне Анатольеўне Бог адмерыў пражыць 84 гады і цяжка ёй было перажыць страту родных людзей.

Чаму я прыгадаў акадэміка Юрыя Астроўскага? Ды таму, што пра яго жыццё, навуковую дзейнасць, захапленне, сям’ю і сяброў напісала цудоўную кнігу таленавітая беларуская пісьменніца, журналістка, даследчыца і перакладчыца Святлана Воцінава. Кніга называецца „Астроўскі. Сонечны круг”. Выйшла яна з друку ў 2025 годзе ў Мінску ў выдавецтве Рамана Цымберава.

Польскаму чытачу мала знаёма прозвішча аўтаркі кнігі „Астроўскі. Сонечны круг”. Хаця, магчыма, я памыляюся, бо Святлана Воцінава плюс да ўсяго вельмі сур’ёзная перакладчыца. У 2021 годзе яна пераклала на беларускую мову раман Элізы Ажэшкі „Два полюсы”, і вярнула назву гэтага рамана „Дзікунка”. Так хацела некалі аўтарка і прасіла назву не мяняць. І вось „Дзікунка” Элізы Ажэшкі па-беларуску прыйшла да чытачоў. 

„Дзікунка”, якую выбрала да перакладу Святлана Воцінава, на беларускую мову раней не перакладалася. На рускую раман пераклалі амаль адразу па напісанні, у 1893 годзе, і апублікавалі ў часопісе „Веснік Еўропы”. Але той пераклад, як казала на прэзентацыях Святлана Воцінава, быў слабы і месцамі вельмі недакладны. На думку перакладчыцы, такі пераклад знішчыў ідэю твора, ператварыў яго ў банальны раман пра каханне. Не дзіўна, што ў ХІХ стагоддзі многія так яго і ўспрынялі. Ацанілі твор па-сапраўднаму ўжо значна пазней, у ХХ стагоддзі.

У сваім перакладзе Святлана Воцінава імкнулася захаваць гістарычную дакладнасць: „Гэта адзін з тых твораў, якія маюць дачыненне да паўстання 1863 года. Пасля перакладзеных Анатолем Бутэвічам навел цыкла „Gloria victis” і рамана „Над Нёманам”, якія прасякнуты атмасферай паўстання, „Дзікунка” заставалася апошнім такім творам, дзе таксама згадваецца паўстанне. З гэтым перакладам можна сказаць, што „прапаўстанцкае” з Ажэшкі перакладзена на беларускую цалкам”…

Гэтак я пачаў знаёмства з аўтаркай кнігі пра Юрыя Астроўскага Святланай Воцінавай, пачаў здалёк, з перакладаў. Ды і нейкае тут сугучча ёсць, шчаслівае супадзенне па часе: Эліза Ажэшка жыла ў Гародні, Юрый Астроўскі жыў і працаваў у Гародні і аўтарка Святлана Воцінава нарадзілася ў Гародні. Усе – землякі – таленавітыя, мужныя, шчырыя, вартыя самых добрых слоў. Іх і ўшаноўвае малодшая зямлячка-гарадзенка, ушаноўвае прафесійна, грунтоўна, каб ведалі, каб запомнілі назаўсёды.

Кніга Святланы Воцінавай «Астроўскі. Сонечны круг»
Кніга Святланы Воцінавай «Астроўскі. Сонечны круг». Выдавецтва Цымберава, 2025

І яшчэ. Святлана Воцінава была галоўным рэдактарам мінскага часопіса „Маладосць” з 2012 года. Дзевяць гадоў яна ўзначальвала гэта цудоўнае выданне, а пасля з ёй не працягнулі кантракт. А „Маладосць” пад рэдакцыяй Святланы Воцінавай была лёгкім, чытэльным, светлым выданнем. Рэдактарка знаходзіла новых, невядомых раней, маладых аўтараў, шмат увагі на старонках часопіса аддавала паэзіі, не шкадавала месца на публіцыстыку, асабліва для гісторыка-краязнаўчых і літаратуразнаўчых артыкулаў, друкаваліся на старонках „Маладосці” пераклады, проза беларускіх аўтараў, арыгінальным стаў дызайн выдання і г.д. Вельмі цікавае і разнастайнае выданне радавала і цешыла чытачоў, пра „Маладосць” у кулуалах пісьменнікі казалі толькі добрыя словы, а вось пра часопіс „Полымя” – наадварот. Не дацягвала „Полымя” да ўзроўню „Маладосці” Святланы Воцінавай. Тым не менш, з таленавітым рэдактарам супрацоўнічаць не захацелі…

Але мужная і цярпялівая пісьменніца не спалохалася розных „кантрактаў”, а па-ранейшаму натхнёна працуе над новымі праектамі і кнігамі. Магутным праектам стала яе кніга „Астроўскі. Сонечны круг”. Такія выданні, якое напісала і выдала пісьменніца, з’яўляюцца ў Беларусі нячаста. Напрыклад, гісторыкі, калі і персаніфікуюць мінулыя часіны, то найперш звяртаюцца да постацяў мінулых стагоддзяў альбо пішуць пра дзеячаў літаратуры, культуры, радзей – пра вучоных. І добра, калі нехта з іх паспее напісаць мемуары, успаміны пра сваё жыццё, сям’ю, працу, а калі зусім малады, то пра мемуары наогул не думаеш, а займаешся сваёй любімай працай, навуковымі адкрыццямі, адным словам – жывеш. 

Жыў і працаваў у Гародні акадэмік, доктар медыцынскіх навук, грамадска-палітычны дзеяч Юрый Астроўскі. Дарэчы, у 2025 годзе яму споўнілася 100 гадоў з дня нараджэння. Да гэтага юбілею і была напісана кніга Святланай Воцінавай. 

Юрый Астроўскі нарадзіўся ў Мінску. У часы нацысцкай акупацыі Астроўскія перабраліся ў Слонім. Пра гэта ў кнізе напісаны цэлы раздзел: „У Мінску было нельга жыць з-за голаду і праследаванняў”, – чытаю ў аўтабіяграфіі яго маці. Ад пачатку вайны і да 1942 года яна працавала  ў Першай савецкай бальніцы ў доктара Клумава, а потым немцы яе звольнілі…”.

Пасля вайны ў 1945 годзе малады Юрый паступіў у Ленінградскую вайскова-медыцынскую акадэмію, але хутка быў з яе выкінуты з-за арышту бацькі. У 1950 годзе Юрый Астроўскі закончыў у Мінску медыцынскі інстытут і ў 1959 годзе пераехаў у Гародню, дзе стварыў у Гарадзенскім медінстытуце кафедру біяхіміі, якая перарасла ў Інстытут біяхіміі Акадэміі Навук Беларусі. 

За 25-гадовую працу ў медінстытуце склалася „школа Астроўскага”: пад яго кіраўніцтвам было абаронена звыш 70 кандыдацкіх і доктарскіх дысертацый. Ім напісана звыш 500 навуковых прац, ён займаўся тэмамі вітаміналогіі, рэгуляцыі абмену рэчываў. 

Як чалавек высокай грамадзянскай пазіцыі Юрый Астроўскі выступаў заўсёды за дэмакратычныя перамены, за адраджэнне беларускай культуры і гісторыі, за ліквідацыю вынікаў чарнобыльскай аварыі. Ён першым у рэгіёне папярэдзіў аб небяспецы наступстваў трагедыі на Чарнобыльскай АЭС. Пратэставаў супраць утойвання праўдзівай інфармацыі, патрабаваў прыняцця прафілактычных захадаў для аховы здароўя людзей. Ён быў актыўным барацьбітом з п’янствам і алкагалізмам, заснаваў у 1990 годзе Гарадзенскі філіял Усесаюзнага наркалагічнага цэнтра, удзельнічаў у супрацьалкагольнай агітацыі. Таксама даследаваў шэраг біяхімічных праблемаў, наркалогію і анкалогію. Доктар Астроўскі стварыў арыгінальную канцэпцыю развіцця алкагалізму, якая дае перспектывы лячэння гэтай хваробы.

Акадэмік яшчэ быў творчай, рознабакова таленавітай асобай. Ён разумеў музыку і сам валодаў інструментам. Яго вершы і публіцыстычныя нататкі склалі зборнік „Душу раскрыўшы насцеж” (Гародня, 1998). Вершаваныя і празаічныя радкі вучонага вылучаюцца значнасцю, драматызмам думак, а некаторыя і лірычнай вытанчанасцю, натуральнасцю паэтычнага бачання свету. Вось як гучыць, напрыклад, яго верш „Не аб тым”:

Не аб тым ідзе гаворка,

Што нам соладка, што горка.

Не пра холад, не пра голад,

А пра тых, хто духам молад.

Той і слухае, і бачыць,

Калі трэба, перайначыць

Гэты вэрхал навакольны, –

Ці ён кепскі, ці ён добры…

Ці ў нязгодзе ён з законам,

З нашай праўдай, з нашым плёнам,

Ці далёка ён за светам,

Засакрэчаны сакрэтам…

Многа эпісталярных твораў вучонага засталося незакончанымі, а тыя, што былі завершаны, прысвячаліся моладзі, медыцынскай навуцы, беларускаму Адраджэнню. Сярод яго сяброў і добрых знаёмых былі Ларыса Геніюш, Зоська Верас, Васіль Быкаў, Аляксей Карпюк, Міхась Ткачоў і іншыя асобы.

Юрый Астроўскі актыўна ўдзельнічаў у працы Тварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны і займаўся вывучэннем гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі. Вынікам стала яго праца „Беларусы: генетыка, рэлігія, нацыянальнасць”. 

Пра ўсё гэта больш канкрэтна і цікава чытачы даведаюцца, калі прачытаюць кнігу Святланы Воцінавай „Астроўскі. Сонечны круг”. Як адзначана ў анатацыі да кнігі, выданне перадае атмасферу навуковага пошуку, закранае пытанні маральнага абавязку, праводзіць чытача праз эпізоды трыумфаў і паражэнняў, дае слова многім прадстаўнікам школы Юрыя Астроўскага.

Сяргей Чыгрын

Календарыюм

Гадоў таму

  • у лістападзе

    685 – у 1341 г. войскі Вялікага Княства Літоўскага акружылі крыжацкую цьвердзь Баербург і прыступілі да яе здабыцьця. Падчас атакі загінуў вялікі князь Гедымін. 210 – 4.11.1816 г. у мястэчку Кублічы каля Лепеля нар. Арцём Вярыга-Дарэўскі (пам. у ссылцы ў Сібіры …ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Новы нумар / Novy numer

Папярэднія нумары / Poprzednie numery

Усе правы абаронены; 2026 Czasopis
Social Media Auto Publish Powered By : XYZScripts.com