
Мілянувак, 8 сакавіка 1967 года
Паважаная Грамадзянка!
Дзякую за прысланыя здымкі, бо я іх не бачыў ніколі. Калі зможаце, то дашліце другую адбітку Адама Бычкоўскага, бо я, магчыма, выкарыстаю ў прэсе.
Маркі атрымаў таксама, шчыры дзякуй унуку, хаця, несумненна, гэта Ваша ініцыятыва. Тут такія маркі цяжка дастаць, я маю на ўвазе цара-бацюшку. Сёння ўкладваю зноў чэхаславацкія 7 марак: кветкі, звяры, птушкі. І тры польскія: гарады.
Успаміны асоб, якія Вам патрэбныя, я падрыхтую.
Са шчырым прывітанне Вам і Вашай сямейцы.
Адданы Пятро Ластаўка.
Мілянувак, 17 сакавіка 1967 года
Паважаная Грамадзянка!
Пасылку атрымаў. А гэта „Студэнцкая думка”, Варшаўскія ўспаміны і ўспаміны пра Гурток у Гародні і дапоўненыя ўспаміны пра Адама Бычкоўскага. Вельмі, вельмі дзякую Вам за гэта. Усё надта цікавае і спатрэбіцца, а перадусім Варшаўскія ўспаміны, бо я шырэй працую над Беларускім рухам у Варшаве. Урывак быў надрукаваны ўжо ў „Ніве”.
Маркі паштовыя з Купалам і Коласам таксама атрымаў, дзякую. Толькі не крыўдуйце ўнука. Мне могуць быць абы якія, не вышуканыя, а толькі з „масоўкі” маркі ўсе могуць быць аднолькавыя, не купленыя – тады я маю пры іх найбольш занятку.
Ці атрымалі Вы здымак і некалькі слоў пра Сароку?
У сувязі з надыходзячым святам Вялікаднем дасылаю Вам і Вашай сямейцы самыя найлепшыя пажаданні. Хрыстос Уваскрос!
Пятро Ластаўка.
Мілянувак, 8 красавіка 1967 года
Паважаная Грамадзянка!
Вельмі дзякую за лісты ад 29 сакавіка і 2 красавіка 1967 года. Даруйце, што я замарудзіў з адказам. Прыкра, што адчуваеце сябе слабавата, як пішаце ў пісьме ад 2 красавіка. Трымайцеся!
За „Студэнцкую думку” і іншае прысланае 17 сакавіка найшчырэйшае дзякуй, хоць, здаецца, што я ўжо выказваў Вам падзяку падчас атрымання, але другі раз падзякаваць, гэта не пашкодзіць. А цяпер адказваю на пытанні.
Успаміны Вашы для мяне вельмі каштоўныя, а тым больш Варшаўскія, дзеля таго, што я пішу даследаванне „Беларусы ў Варшаве”. Гэта праца ахоплівае не толькі арганізаваны рух, але, наогул, калі знайшліся беларусы, першыя беларусы ў Варшаве, пачынаючы ад Люблінскай уніі. Цяжка над гэтым працаваць, бо няма матэрыялаў, а мінулыя легенды не перадаваліся.
Большае было насілле беларускага руху ў Варшаве, пачынаючы з 1905 года, але і тут толькі вусныя пераказы. Ці Вы не прыпамінаеце сабе, як былі ў Варшаве, бо была тут падобная арганізацыя ў Варшаўскім універсітэце „Зямляцтва” пад апекай вядомага вучонага і тадышняга рэктара Карскага. Ладзілі беларускія вечары ў „Даліне швейцарскай”, а пазней – тэатр Буйніцкага супольна з „Зямляцтвам” выступалі ў той жа „Даліне”, моцна падкрэсліваючы характар, што яны беларусы. Другія зноў кажуць, што былі гэта імпрэзы толькі дзеля матэрыяльнай карысці. Ці не ведаеце асоб, якія пражываюць у Варшаве і цяпер, якія можа памятаюць тую пару, калі гэта адбывалася?
Прозвішча Сталыгваў мне не чужое, але не ведаю, ці ён жыве, ці яго сям’я жыве і дзе яны. Цікавіць мяне і лёс Галубянкі і Смоліча.
Кожная вестка для мяне – жыцця і руху беларускага ў Варшаве – на вагу золата. Перакладу „Святы Божа” нідзе не сустракаў, чаго вельмі шкадую, але маю гэта на ўвазе.
Цяпер адносна нашага працэсу за Грамаду ў 1929 годзе. Быў ён у першых днях жніўня, а 5-га жніўня быў абвешчаны прысуд. Акты з гэтага працэсу знаходзяцца сёння ў Цэнтральным дзяржаўным архіве Літоўскай ССР у Вільні, вуліца Міндоўга. Там і мой акт абвінавачвання. Мяне Вы не зналі і таму не прыпамінаеце мяне. Я быў асуджаны пад нагляд паліцыі і быў якраз пакліканы на чынную вайсковую службу. Можа маеце якія-небудзь выразкі з гэтага працэсу.
Што датычыць рэгістрацыі Беларускага асветнага таварыства ў Варшаве, то адмова была на легалізацыю з камісарыяту ўрада, а Адам Бычкоўскі склаў рэкурс ў Міністэрства і туды хадзіў. Міністэрства таксама адмовіла яшчэ пры яго жыцці, але ён падрыхтаваў новыя дакументы на рэгістрацыю толькі ў межах Варшавы. Пасля яго смерці, гэта значыць у снежні 1937 года, мы самі аддалі дакументы на рэгістрацыю. Да гэтай пары працавалі нелегальна. У сваёй храналогіі працы „Беларусы ў Варшаве” будзе ўсё дакладна пададзена.
„Бэтэска” – гэта на польскай мове назоў нашага тут таварыства „Bial.Tow.Spol.Kult.”. Сярод першых літар устаўлена „э”, а „к „зменена на „ц” (у польскім) з лаціны, каб выглядала нешта з чужога, бо тут ёсць людзі па гэтых пытаннях вельмі чулыя. А з гэтым „э” выйшла „Betesca”.
Адбітка Адама Бычкоўскага добрая. За маркі найвялікшае дзякуй. Толькі не купляйце і не высылайце чыстых, не рабіце сабе клопатаў. Якраз вось добра, як апошнія прыслалі найбольш папулярныя і масавыя. Спытайце ўнука, ці яго цікавяць маркі іншых краін і якіх? Я магу выслаць. Сёння наклейваю яшчэ з серыі кветак і пару штук ўкладваю ў сярэдзіну розных краін, 12 штук.
Дасылаю здымак Сяргея Сарокі, можа там ёсць дзесь яго родныя, можна было б перадаць, мне яны непатрэбныя. Я быў на яго паховінах.
Трэба ўжо канчаць пісаць, бо надакучыць Вам чытаць.
Усяго найлепшага для Вашай сямейкі, а Вам перад усім жадаю многа, многа здароўя!
Адданы Пятро Ластаўка.
Мілянувак, 16 мая 1967 года
Паважаная Грамадзянка!
Пісьмы нашы апошнія размінуліся, хіба ў дарозе, але гэта нічога.
Дзякую вельмі за ліст, маркі, а асабліва за артыкул Новіка пра Карскага. Ці трэба яго вяртаць Вам? Як Ваша здароўе? Маё добрае, ведама, „не тое, што было калісьці”, як кажа Максім Танк у „Нарачы”, але чуюся добра.
Ад Клімовіча ліст атрымаў, рыхтую матэрыялы, якія неаднаразова трэба яшчэ спраўдзіць, каб не ўпусціць нечага непраўдзівага. Гэта ж гісторыя – павінна быць абапёртая на праўдзе – маральная адказнасць за гэта вялікая.
Пакуль што ўсё. Добрага Вам здароўя, прывітанне ў хаце.
Пятро Ластаўка.
Падрыхтаваў
Сяргей Чыгрын











