Беларусам падабаюцца творы, прасякнутыя незалежнымі настроямі.
Таму былі такімі папулярнымі ў 1920-ыя гады кнігі Міхася Зарэцкага, кшталту „Голага звера”, а ў 1930-ыя прыгодніцкая аповесць пра „Міколку-паравоза” Міхася Лынькова і палемічныя артыкулы маладога (і яшчэ не пасаджанага Рыгора Бярозкіна), у 40-ыя вольналюбівыя вершы Пімена Панчанкі (напрыклад яго дзівосны цыкл „Іранскі дзённік”), а ў часы Брэжнева – раман „Каласы пад сярпом тваім” Уладзіміра Караткевіча і „Сэрца на далоні” Івана Шамякіна ці „Мёртвым не баліць” Васіля Быкава.
А якая радасць была, калі ў той жа хрушчоўска-брэжнеўскі перыяд вярталіся творы рэпрэсаваных пісьменнікаў Тодара Кляшторнага, Уладзіміра Хадыкі, Юркі Лявоннага, калі па-новаму, можна было адкрыць для сябе дзёрзкую творчасць Уладзіміра Дубоўкі, вострую прозу Максіма Гарэцкага (напрыклад, яго „Віленскіх камунараў”).
Сапраўдным адкрыццём таксама была і творчасць Міхася Стральцова з Алесем Наўроцкім.
Калі Міхась Лявонавіч напісаў апавяданне „Свет Іванавіч, былы донжуан”, то стаў сапраўднай зоркай нашай літаратуры.
З’явіўся новы герой: непрыкаяна-незалежны, незадаволены той рэчаіснасцю ў якой вымушаны быў жыць, фізічна моцны, прыгожы (падабаўся жанчынам) і разам з тым няўпэўнены ў той „шчаслівай” светлай будучыні, пра якую нястомна казала савецкая прапаганда. Яшчэ адзін вялікі плюс твора – ён заканчваўся па-галівудску шчасліва, герой знаходзіць у сабе сілы сустрэцца са сваім каханнем, забыцца на ўяўныя крыўды, мець у сабе сілы стаць шчаслівым.
Алесь Наўроцкі – майстар нязвыкла-хуліганістых, падкрэслена-анархічных вершаў. Гэты паэт як быццам жыў не ў таталітарнай краіне, а ў якой-небудзь сытай дадаістычнай Францыі ці ў сюрэалістычнай Партугаліі. Яго творы захаплялі сваёй нязвыклай, гратэскнай метафарыстыкай, яны нагадвалі танцы вясёлага фаўна, якому пляваць на ўмоўнасці і правілы.
Беларускай інтэлігенцыі вельмі падабалася чытаць згаданых аўтараў.
І гэта не дзіўна.
У падобных вершах, апавяданнях і раманах беларусы знаходзілі тое, чаго не было ў іх беднай і такой несвабоднай рэчаіснасці.
Яны знаходзілі праўдзівую ідэю незалежнасці.
Калі наш народ быў па-сапраўднаму вольным?
Нават цяжка сказаць.
Для нас незалежнасць – гэта нейкі вечны сон, заўсёдная галюцынацыя, якая ніколі не скончыцца, не абарвецца, але і не стане явай.

Фота з Вікіпедыі
Беларусы звыклі жыць „пад прыгнётам панскім”, звыклі прыстасоўвацца, і магчыма, нечакана здабытае пачуццё волі іх бы не столькі абрадавала, колькі б напалохала, бо невядома, што з гэтай воляй рабіць.
Калі ты прыстасоўваешся, то адначасова і вучышся хітрыць, абыходзіць тыя межы ў якія заганяе чарговы гаспадар.
У гэтым плане былі вельмі цікавыя артыкулы Антона Адамовіча, які напісаў на эміграцыі не адно даследаванне пра нашых літаратараў, што ў часы самага дзікага сталінскага таталітарызму маглі пісаць прыхавана-свабодалюбівыя творы.
Па сутнасці, уся наша лепшая літаратура ад Якуба Коласа да Івана Чыгрынава прасякнута менавіта гэтымі матывамі падтэкстнага супраціву. Нават такі ідэалагічна правільны пісьменнік як Алесь Савіцкі і той аднойчы здзівіў савецкую грамадскасць, напісаўшы, эратычна-разняволеную ў стылі „Карыды кахання”, аповесць.
Цікава тое, што чым горш нам жылося, чым вастрэй лютавалі рэпрэсіі – тым цікавей было чытаць беларускіх літаратараў. Бо нават такія вонкава адыёзныя крытыкі як Алесь Кучар, дазвалялі сабе алегарычныя выказванні, якія зараз успрымаюцца, як тонкі выпад супраць сістэмы.
Хаця, чаму адыёзныя? Калі зараз перачытваеш артыкулы Кучара 30-х гадоў, то здзіўляешся, што трапных, вострых заўваг, нечаканых параўнанняў, па-сапраўднаму цікавага аналізу там болей, чым трафарэтна-соцрэалістычных выразаў.
Алесь Кучар не баяўся пісаць пра тое, што сучасныя яму айчынныя літаратары пішуць без бляску і выдумкі, што сталінская літаратура патанае ў схематызме, што чытаць, па-сутнасці, няма каго. Алесь Кучар, пры ўсіх сваіх вядомых якасцях, прыслужніцтве і каварнай асцярожнасці, тым не меней, некім цудам, здолеў захаваць і незалежнасць уласнай думкі, пэўную смеласць і нават дзёрзкасць.
Яму хапала храбрасці адстойваць у 1936-м годзе творчасць Уладзіміра Хадыкі, якога праз тры гады арыштуюць… Станоўча адзначаць у 1935-м некаторыя апавяданні Барыса Мікуліча, чый лёс гэтаксама будзе заснежаны сібірскімі завеямі.
Сёння, калі да беларусаў эмігрантаў па начах не прыязджаюць варанкі і ты не ходзіш, бы тыя героі Кляшторнага „пад ГПУ”, ці маем мы такую па-сапраўднаму вострую, унутрана незалежную літаратуру.
Не, вядома што хапае вонкава цікавых тэкстаў, як празаічных так і рыфмаваных. Ёсць творы іранічна-постмадэрновыя, сацыяльна-палітычныя, палемічна-эмацыйныя, дакументальныя.
Праводзяцца літаратурныя конкурсы, узрастае лік лаўрэатаў, пісьменнікі выдаюць кнігі самыя розныя па якасці, эстэтычнаму скіраванню, але цяпер, такое адчуванне, няма патрэбы ствараць тонкія алегарычныя творы, хітраваць, пісаць эзопавай мовай. Зніклі перадумовы для напісання тэкстаў, роўных па якасці творам 20-60-х гг.
Парадокс, але відаць, для таго, каб адчуць сябе ў творчасці праўдзіва-свабоднымі, нашым літаратарам трэба жыць у краіне поўнай несвабоды. І чым цяжэй, тым пісьменніцкая думка вастрэй працуе.
Цікава, ці з’явяцца ў нашых эмігранцкіх умовах новыя дзёрзкія Дубоўкі, Гарэцкія, Стральцовы ці Шамякіны?
Паглядзім, а пакуль у чаканні „светлай будучыні” нашай літаратуры заставаймася ў цярплівым спадзяванні нечага па-сапраўднага новага і творча-незвычайнага.
Кастусь Гук











