Чарговага героя рубрыкі напэўна ведаюць многія жыхары Беластока і наваколля. Васіль Калач ужо чацвёрты год жыве ў Польшчы, дзе стаў адным са стваральнікаў клубу гістарычнай рэканструкцыі «INVICTUS 1863»
Васіль, беларус з крыві і косці, як ён сябе дэкларуе, паходзіць з Гродна. Па прафесіі ён актор і рэжысёр тэатра. Кажа, што з мастацтвам звязанае ўсё яго свядомае жыццё. У Беларусі Васіль прайшоў шлях ад актора ў драматычным тэатры, праз выкладчыцкую і настаўніцкую кар’еру, да тэарта вулічнага, дзе давялося яму быць не толькі рэжысёрам і акторам, але і касцюмерам, сцэнографам, бутафорам і прадзюсерам.
– Паралельна з тэатральнай сферай я ўвайшоў у бурлівую раку гістарычнай рэканструкцыі, – успамінае Васіль Калач. – Як большасць рэканструктараў канца 1990-х гадоў пачынаў з ранняга сярэднявечча, але мяне больш цікавіла заўсёды менавіта мастацтва валодання зброяй, і рэканструкцыя менавіта тэхнік фехтавання, таму, з цягам часу перайшоў на XVI–XVII стагоддзі – самую яскравую эпоху для фехтавальшчыка і засяродзіўся менавіта на тэхніках фехтавання і іх рэканструкцыіі, тым больш, што гэта было карысным для тэатра. Лічу, што рэнесансная рапіра і шабля з’яўляюцца вяршынямі развіцця белай зброі.
Вымушаная эміграцыя ў Польшчу адкрыла для Васіля новыя магчымасці ў рэканструкцыі гістарычных падзей.
Параўноўваючы жыццё ў дзвух краінах, Васіль адзначае, што ў Беларусі пэўныя гістарычныя тэмы з’яўляюцца табу. Асабліва гэта тычыцца падзей канца XVIII-га, усяго XIX-га і пачатка XX-га стагодзяў: «У Беларусі нельга, напрыклад, публічна цікавіцца паўстаннямі (ад Касцюшкі да Каліноўскага), тэмай БНР, я не мог рэканструяваць байца арміі Булак-Балаховіча, ці стральца Слуцкага збройнага чыну, гэта было заўсёды, нібы неафіцыйна, але…»
На думку беларуса жыццё ў Польшчы адрозніваецца менавіта тым, што тут няма забароны, тут ёсць разуменне агульнай гісторыі нашых народаў. І тут гісторыкі ці дзеячы культуры не маюць абмежаванняў у праявах сваёй творчасці, а эмігранты з Беларусі не маюць таксама абмежаванняў з мовай.
У новай краіне беларус не адчуў праблемаў з адаптацыяй.

Фота Міхала Іванюка
– Ва ўсіх эмігрантаў гісторыі розныя, але калі ты актыўны, не замыкаешся ў асабістым «гетта», то і адаптавацца не праблема, – кажа Васіль, – а ў нас усе актыўныя. Мне самому, канешне было заўсёды прасцей, бо гарадзенскі, таму польская мова і культура былі побач са мной з дзяцінства. Але і хлопцы, і дзяўчаты з нашага клубу ўсе валодаюць польскай мовай і штодня стасуюцца з палякамі. Таму з адаптацыяй і інтэграцыяй усё ў поўным ладзе. Увогуле, у нас, беларусаў, з Польшчай моцныя гістарычныя сувязі, некалькі стагоддзяў агульнай дзяржаўнай і вайсковай гісторыі. Таму культурна мы бадай самыя блізкія народы. Адзінае, што ў палякаў атрымалася стварыць сваю нацыянальную дзяржаву ў пачатку 20-га стагодзя, а мы былі ў віры захопніцкай палітыкі монстра з усходу больш за два стагоддзі. І з гэтым трэба штосьці рабіць.
Васіль Калач падкрэслівае, што з малых гадоў ідэнтыфікаваў сябе як беларус і быў пагружаны менавіта ў беларускі погляд на гісторыю. Ужо ў эміграцыі абудзілася даўняя яго мара, раскрываць для суайчыннікаў Паўстанне 1863 года ці Паўстанне Каліноўскага, падзею, што стала адным з першых штуршкоў да фармавання беларускай нацыі.
Васіль успамінае, што ідэя стварэння клубу гістарычнай рэканструкцыі паўстала падчас адзначэння 160-х угодкаў выбуху Паўстання, у студзені 2023 года: «Паўгады ідэя выношвалася, і летам мы з сябрамі абвесцілі арганізацыйную сустрэчу, а ўжо ў студзені 2024-га клуб гістарычнай рэканструкцыі «INVICTUS 1863» заявіў аб сваім існаванні. Сваю дзейнасць мы пачалі з шэрагу імпрэзаў у Беластоку, прысвечаных Паўстанню: правялі прэзэнтацыю клуба, лекцыі, монаспэктакль аб Паўстанні, акцыі ўшанавання памяці Кастуся Каліноўскага ў Мастаўлянах, а таксама ўшанавання памяці паўстанцаў, пакараных смерцю расейскімі ўладамі, на мемарыяле ў Харошчы. Калі пералічваць усе падзеі, у якіх мы бралі ўдзел цягам апошніх двух гадоў – не хопіць месца ў газэтнай калонцы. Гэта і рэканструкцыі бітваў, і ганаровая варта, і праца з дзецьмі і падлеткамі».
Беларус з задаваленнем апавядае, што за два гады актыўнай дзейнасці «INVICTUS 1863» яго ўдзельнікі пасябравалі з мноствам польскіх аматараў гісторыі і клубамі гістарычнай рэканструкцыі, такімі як «Rok 1863» з Пешхніцы, мясцінаў дзе ваяваў славуты палкоўнік Кароль Каліта (Рэмбайло), «Klub Historyczny Szlakiem Narbutta» са Шчэціна, «Konna Grupa Rekonstrukcji Historycznych KRESY» з Беластока і многімі іншымі, як кажа Васіль, цікавымі і шчырымі людзьмі.

Фота Міхала Іванюка
На дадзены момант у клубе «INVICTUS 1863» дзесяць чальцоў. Гэта людзі розных прафесій ад тэхнікаў да тэлевядоўцаў. Збіраюцца яны раз на тыдзень, ладзяць трэніроўкі, абмяркоўваюць лёсы, падзеі з эпохі Паўстання. Касцюмы ўдзельнікі клубу робяць самастойна, сваімі рукамі робяць таксама частку зброі, а штосці замаўляюць у майстроў-збройнікаў, ці набываюць.
Іншая арганізатарка клубу, Кацярына Ваданосава, распрацавала і неаднойчы праводзіла інтэрактыўныя лекцыі пра моду эпохі паўстання, пра побыт і медыцыну. Васіль Калач апавядае пра тактыку і стратэгію паўстанцаў, пра падпольныя арганізацыі, пра зброю і спосабы валодання ёй. Абое з задавальненнем робяць гэта па-беларуску, але без напружання могуць апавядаць і па-польску. Таксама ўдзельнікі «INVICTUS 1863» праводзяць навуковыя даследванні, напрыклад, знайшлі вельмі моцныя сувязі Кастуся Каліноўскага і ўсёй Віленскай Арганізацыі з Беластокам і тутэйшым падполлем. Менавіта праз Беласток і яго паўстанцкага начальніка кантактавалі Нацыянальны Камітэт у Варшаве і Правінцыйны Камітэт Літвы і Беларусі.
У гэтым годзе, паводле Васіля, клуб мае вельмі шчыльную праграму. Толькі ў студзені яны ладзілі спаткання з маладымі беларусамі на зімніку «Зубровыя сцежкі» пад Белавежай, дзе распавядалі пра Паўстанне, зброю, вопратку, побыт паўстанцаў, удзельнічалі ва ўрачыстай акцыі ўшанавання памяці паўстанцаў у Харошчы і Супраслі, удзельнічалі ў круглым стале па тэме паўстання ў Цэнтры Культуры ў Харошчы і праводзілі інтэрактыўную лекцыю ў публічнай бібліятэцы Супрасля.
Пры гэтым, ні для каго з удзельнікаў рэканструкцыя не з’яўляецца галоўнай працай.
– З гістарычнай рэканструкцыяй немагчыма зрабіць бізнэс і зарабіць, гэта толькі захапленне і выдаткі, так было заўсёды і ва ўсіх краінах, – упэўнены Васіль Калач. – Але мы маем місію пашыраць цікавасць, перадусім, беларусаў, да сваёй гісторыі, над тым зараз і працуем.
Павел Лукашук











