У Польшчы гэтай восенню нарадзіўся тэатр – „Літаратурны вір”.
Яго стваральнікі Алена Баярава і Васіль Дранько-Майсюк (вядомыя па спектаклях „Шчаслівы муж”, „Васіль Быкаў і ягоны д’яблы”, якія ставілі для тэатральнай прасторы „Дзея Другая”) робяць арыгінальныя, вострасюжэтна-займальныя сцэнічныя творы, дзе галоўнымі героямі з’яўляюцца вядомыя дзеячы беларускай культуры.
Першым такім спектаклем для каманды „Літаратурнага віру” сталі дакументальна-паэтычна-лялечныя „Жарсці Караткевіча”.
Пастаноўка створана да 95-годдзя са дня нараджэння аўтара „Каласоў пад сярпом тваім”.
У лістападзе-снежні Васіль і Алена паказалі сваю работу ў Бруселі, Гданьску, а таксама зладзілі анлайн-паказы для беларусаў ЗША, Канады, Нідэрландаў.
Завяршальны акорд гэтых гастроляў адбыўся ў Варшаве ў Музеі Вольнай Беларусі 17-га снежня, 2025 года.
Поўная зала (больш за пяцьдзясят чалавек) прыемна ўсцешыла. Было радасна, што Караткевіч па-ранейшаму з’яўляецца адным з самых вядомых і папулярных беларускіх пісьменнікаў. Цудоўна, што гэтае імя прыцягвае.
Сам жа спектакль ўразіў сваёй экспрэсіяй ды мастацкай вынаходлівасцю.
Перад публікай стаяў аскетычны стол, накрыты чырвонай тканінай, на якой ляжалі паперы, капелюшы, часопісы, газеты. На заднім плане віселі фотаздымкі Караткевіча, яго малюнкі, аўтографы вершаў, розныя дакументы. Было такое ўражанне, што мы трапілі ў архіў.
І гэтае ўражанне не падманула.
Неўзабаве перад намі з’явіліся два архівісты Цыбусь (Алена Баярава) і Сымонка (Васіль Дранько-Майсюк). На аснове знойдзеных імі дакументаў, успамінаў, сведчанняў, урыўкаў з рэцэнзій і непасрэдна твораў Караткевіча, яны пачалі разыгрываць перад намі дзіўную фантасмагарычную гісторыю, дзе галоўны герой прадстае гэтакім бунтоўным, смелым, хуліганістым творцам, які пляваць хацеў на правілы і каноны соцрэалізму, не жадаў быць паслухмяным вінцікам сістэмы.
Назіраць за гэтым было цікава.
Асабліва чапляла тое, што архівісты не пяялі банальныя хваласпевы класіку, яны то пагражалі ад імя Хрушчова спыніць вальнадумства і вярнуць сталінскі змрок. То, пераўвасабляліся ў сяброў Гервасія Вылівахі і разам з ім выпраўляліся ў авантурныя падарожжы па рэках Беларусі. То раптам Алена Баярава ператваралася ў каралеву Бону і пачынала ладзіць суд над згаданым Вылівахай.
Дарэчы, прыхільнікі творчасці спадарыні Алены ведаюць як яна ўмее па-майстэрску пераканаўча іграць дыяметральна супрацьлеглыя вобразы і адначасова быць на пляцоўцы то тым, то іншым героем (дастаткова прыгадаць яе работы са спектакля „Шчаслівы муж”). Тут яна дэманструе яшчэ большае, віртуознае валоданне мастацтвам пераўвасаблення. Пасля каралевы Боны яна іграе ролю зайздрослівай студэнткі (лялька), затым становіцца каханай Караткевіча, псіхолагам, уедлівым крытыкам, а сапраўдным апагеем з’яўляецца яе нестандартны вобраз Смерці.
Смерць у спектаклі па-дзіцячы капрызная, выпешчана-самаўпэўненая, бы якая сучасная гламурная модніца. Падобнай трактоўкі я яшчэ не сустракаў.
Мне вельмі спадабалася, як у спектаклі акцёры абыгрываюць розныя прадметы. Напрыклад, капелюшы. Тут гэта не толькі частка гардэробу ў нашых неадназначных крытыкаў. Капелюшы становяцца печкай, дзе хаваецца рэпа з казкі „Чортаў скарб”, вялікімі філіжанкамі з кавай, якую Караткевіч варыў па адмысловым старадаўнім рэцэпце, чаўнамі, на якіх сябры Гервасія плылі па Дняпру, рыцарскімі шчытамі.
Нягледзячы на тое, што артысты фактычна ўвесь час (спектакль ідзе каля гадзіны) праводзілі за сталом, не адчувалася статыкі: з’яўляліся лялькі (якія стварыла Алена Баярава), лёталі бы дзікія чайкі ігральныя карты, архівісты за сталом спявалі, танцавалі, цалаваліся, біліся, чаравалі.
„Жарсці Караткевіча” і сапраўды выпраменьвалі непадманную вострую энергію, якая была ўласціва прыгодніцкім, дэтэктыўным, гістарычным, казачным творам Караткевіча.
У спектаклі хапала і мінорных нотак (архівісты напрыклад, па-медыцынску бязлітасна цытуюць дакументы, дзе пералічваліся хваробы пісьменніка, зачытваюць ўрыўкі, прысвечаныя смерці яго жонкі і мамы), але, тым не меней, агульны настрой спектакля заставаўся нязменна светлы.
Нейкім чароўным вобразам рэальны Караткевіч тут ператвараецца ў самога Гервасія Выліваху, перамагае ў шахматы Смерць, вяртаецца з пякельнага нябыту сам і вяртае многіх беларусаў, а самае важнае вяртае да нацыянальнай свядомасці многіх сваіх суайчыннікаў, якія і думаць не думалі станавіцца праўдзівымі беларусамі.
Асобна хочацца сказаць пра драматургію.
Аўтар спектакля Васіль Дранько-Майсюк напісаў п’есу, дзе смела манціруюцца разгромныя рэцэнзіі Якава Герцовіча і класічныя творы Караткевіча, вусныя, пісьмовыя ўспаміны сяброў і цудоўныя вершы Леаніда Дранько-Майсюка (прысвечаныя акурат Гервасію і ягонаму змаганню са Смерцю). Няма адчування эклектыкі, але выдатна паказаны тыя настроі, пачуцці і думкі, што былі ўласцівыя таму часу.
Рэальны Караткевіч пісаў свае творы пра тое, як мы перамагаем, ён даваў надзею, вяртаў самапавагу і веру ва ўласныя сілы.
Нешта падобнае робяць Алена Баярава і Васіль Дранько-Майсюк.
У творчых планах маладога тэатральнага калектыву „Літаратурны вір” пастаноўка казак Караткевіча „Лебядзіны скіт”, „Мужык і дзіва аднавокае”, а таксама падрыхтоўка вялікага спектакля, прысвечанага Алаізе Пашкевіч, якой наступным летам будзе 150 гадоў са дня нараджэння.
Вельмі добра, што ў нашай культурніцкай прасторы з’явіўся новы тэатр, дзе ў цудоўным сінтэзе драмы, танца, песні, лялечнага дзейства ствараюцца жыццярадасныя, дынамічныя рэчы ў якіх нашы класікі паказаны некананічна, а самае галоўнае, яны выяўлены, як праўдзівыя пераможцы, якія даюць надзею і нам не заставацца ў палоне смутнаглядства.
Кастусь Гук
Фота Наталлі Жданок
























