
6. Шчаслівы выпадак Караткевіча
Першая вядомасць прыходзіць да Уладзіміра Караткевіча ў ліпені 1955 года.
І тут умяшаўся выпадак.
У гэты час наш герой яшчэ дакладна ня ведаў чым хоча займацца: настаўнічаць (неўзабаве ён стане выкладчыкам рускай мовы і літаратуры ў Оршы), пісаць гістарычныя даследванні пра Кастуся Каліноўскага, займацца літаратуразнаўствам ці чымсьці яшчэ. Праўда, у вольны час ён актыўна складае вершы, але не публікуе іх, а пасылае сваім сябрам для прыватнага, так бы мовіць, прачытання.
І вось, о цуд!
Нечакана для Караткевіча ў 7-м нумары «Полымя» з’яўляецца ягоны верш «Машэка».

Дамо слова самому аўтару: «Напісаў я за дзевяць год – горы вершаў. Нават трагедыю белым вершам, жахліва трагічную. Але друкавацца і не думаў. У канцы першага года маёй настаўніцкай работы адбылося, аднак, нечаканае. Мінскі сябра папрасіў мяне даслаць яму вершы, пачытаць. Я даслаў, як бывала і раней. А ён панёс іх у часопіс «Полымя». І раптам улетку 1955 года я атрымаў нумар часопіса са сваім вершам «Машэка». Гэта пераламіла мой лёс».
Уладзімір Караткевіч і сапраўды здзівіў.

У 1955-м ягоныя сучаснікі з большай ахвотай пісалі пра калгасы, саўгасы, подзвіг народа пад час апошняй вайны чым пра нешта старадаўня-легендарнае.
Апошні значны твор пра Машэку быў створаны, як п’еса ў сярэдзіне 1920-х галоўным рэжысёрам Беларускага Дзяржаўнага Тэатра-1 Еўсцігнеем Міровічам, і гэта была баявічная рэч, дзе галоўны герой быў падобны да Робіна Гуда.

Караткевічаў Машэка таксама паказаны змагаром з магнатамі і рознага роду багацеямі, але ў адрозненні ад больш высакароднага разбойніка са спектакля, ён знішчае ворагаў з большай садысцкай апантанасцю і радасцю: «Конскі тупат… Там… Бегма ў гушчыню…/ Затрашчаць у ноч пад нагой лаўжы./ З дзікім свістам я коні супыню,/ І спячэцца пан на маім нажы./ Ранкам на абрыў выцягну яго / І скажу рацэ, што бушуе тут: / „Ты прымі, Дняпро, ворага майго,/ Змый з маёй зямлі гэты панскі бруд”.
Упершыню ў пасляваеннай паэзіі быў паказаны брутальны, жорсткі, упэўнены ў сабе беларус, які перад ворагамі не згінаецца, а гатовы кожнага насадзіць на свой нож.
На Уладзіміра Караткевіча звярнулі ўвагу.
Маладому аўтару нават даравалі відавочныя русізмы якіх у вершы хапала: «атачон», «лісце алае», «годы стаялі».

Праз некалькі месяцаў пасля публікацыі, у верасні 1955-га нашага героя запрашаюць на Рэспубліканскую нараду маладых пісьменнікаў у Мінску, якая праходзіла з 15-га па 23-га верасня.
Сярод іншых юных талентаў тут былі Генадзь Бураўкін, Ніл Гілевіч, Рыгор Барадулін, Кастусь Цвірка. Іх сталыя калегі (Максім Лужанін, Максім Танк, Аркадзь Куляшоў) ставіліся да іх творчасці дастаткова строга, і са стомленай скрушлівасцю, што не стае рыфмаванкам гэтых маладзёнаў арыгінальнасці, нейкай адметнасці, што ўсё ў іх зліваецца ў нейкую адну шэрую масу.
Але Караткевічу і тут пашанцавала.

Паэт Анатоль Астрэйка ў адным з «ЛіМаўскіх» артыкулаў, прысвечаных рэспубліканскай нарадзе пісаў: «Прыемнае ўражанне на прысутных зрабіў малады паэт Ул. Караткевіч. Яго вершы «Машэка», «Орша» і іншыя атрымалі станоўчую ацэнку. У асобе Ул. Караткевіча мы маем здольнага паэта, які імкнецца гаварыць сваім голасам».
У верасні 1955-га наш герой канчаткова вызначыўся кім хоча быць – прафесійным пісьменнікам.
- «Заяц» – маніфест свабоды
Канчаткова свой поспех малады паэт Караткевіч замацоўвае ў сакавіку 1956-га, калі ў тым жа «Полымі» выходзіць ягоны першы паэтычны шэдэўр «Заяц варыць піва».
Гэты верш, складзены пасля знакамітай прамовы Хрушчова, y якой асуджаліся Сталінскія злачынствы, быў ува многім праграмным.

Караткевіч гэтым творам як бы гаворыць, што хопіць ужо быць такімі пафаснымі, ілжыва-прыўзнятымі, навучыцеся жыць простымі пачуццямі, не бойцеся радавацца жыццю, варыць піва, піць яго разам з зайчыхай і ўспрымаць жыццё, як свята, дзе няма паляўнічых, гвалту, дзе ніхто нікога не палохае і пачынаецца новае, на гэты раз па сапраўднаму свабоднае жыццё.
Усё пакуль y Караткевіча складваецца як мае быць, ягоныя вершы перыядычна з’яўляюцца то ў «Маладосці», то ў «Полымі», то ў «Літаратуры і мастацтве».

Яго любяць аршанскія вучні, ён рыхтуе сваю першую кнігу вершаў, а ў пятніцу, 26-га красавіка, 1957 года нашага героя прымаюць у Саюз пісьменнікаў БССР. Рэкамендацыі далі Максім Лужанін, Анатоль Вялюгін і Алесь Бялевіч.
Пачынаецца новы этап у жыцці пісьменніка Караткевіча з яго першымі расчараваннямі, болем, нечаканымі сюжэтнымі паваротамі, але пра гэта ў наступнай серыі.
Васіль Дранько-Майсюк











