Pa prostu / Па-просту

  • Płacz zwanoŭ

    Cztery miny na Niemcaŭ u Staroj Wilejcy letam 1943 r.

    Ściapanawa daczka kali staje pierad dźwiaryma rodnaj chaty, adrazu ŭspaminaje baćka, jakoho padstrelili bandyty na jaje waczach. Ja raskazaŭ, jak taja tragediu zastałasia ŭ pamiaci ludziej z wioski. Kali spomniŭ pra dochtara „Maroza”, starejszaja kabieta skazała imia i familju: Wacław Mróz. Praz paru miesiacaŭ u…ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Po pudlaśki / По-пудляські

  • Kinoman

    14. Chto vpravo, chto vliêvo, chto v błudy

    Posłuchavšy v radivi 13 hrudnia 1981 promovu generała Jaruzelśkoho razy dva-try, my z Gienikom R. i Janom G. vyryšyli, što nam u Varšavi nema sensu zmahatisie ni za socijalizm, ni proti socijalizmu, i postanovili evakuovatisie na Biłostôčynu. Zreštoju, šče pered południom toho samoho dnia administracija domów studenta ohołosiła zarządzenie, što studenty povinny pokinuti akademiki i jiêchati dochaty. ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

RSS і Facebook

Нацыянальна-патрыятычным сілам Беларусі трэба супрацьстаяць Расіі

Уладзімір Някляеў – пісьменнік і грамадска-палітычны дзеяч
Уладзімір Някляеў – пісьменнік і грамадска-палітычны дзеяч

У апошні час многія сродкі масавай інфармацыі Еўропы пішуць пра тое, што Расія хоча далучыць да сябе Беларусь. Яшчэ ў снежні мінулага года беларусы атрымалі шок ад ультыматуму Масквы, якая дэ-факта паставіла пытанне пра інкарпарацыю пад маркай выканання гэтак званай саюзнай дамовы. Што Вы на гэты конт скажаце? І ці мажліва сёння такое? Адказвае Уладзімер Някляеў.

– Пасля крамлёўскіх сустрэч Лукашэнкі з Пуціным напярэдадні 2019 года пачаліся гаданні на кісялі: што будзе з Саюзнай дзяржавай, дамову пра стварэнне якой (што азначае паглынанне Беларусі Расіяй) падпісаў Лукашэнка яшчэ 20 гадоў таму? А што тут гадаць? Калі Лукашэнка заяўляе: «Мы з прэзідэнтам Расіі вызначыліся: сёння пытанне пра аб’яднанне не стаіць», – і тут жа выказваецца за далейшае «саюзнае будаўніцтва» з аб’яднаннем мытнай службы, суда і г.д. ажно да ўвядзення адзінай валюты, – што гэта значыць? Гэта значыць, што пытанне аб’яднання расійскім бокам пастаўленае. І, мяркуючы па тым, як закруціўся ўюном на патэльні Лукашэнка, пастаўленае жорстка. «Хочаш і далей мець халяўныя грошы? Аддавай пад заклад Беларусь». Беларускія баюны, усялякія аналітыкі з палітолагамі (і не толькі лукашэнкаўскія) заспакойваюць беларусаў. Даводзяць, што інкарпарацыя Беларусі ў склад Расійскай Федэрацыі, дзе сёння процьма ўнутраных і знешніх праблем, немагчымая. Але гэтаксама апалагеты «славянскага братэрства» даводзілі, што немагчымая вайна Расіі супраць Украіны. Так, праз «крымнаш» у Расіі, вядома, з’явілася шмат праблем. Палітычных, эканамічных. І дадаваць праблему «беларусьнаша» як бы не варта. Небяспечна. Наступствы інкарпарацыі Беларусі могуць быць куды цяжэйшымі за цяперашнія санкцыі, звязаныя з расійска-ўкраінскай вайной. І кіраўніцтва ніякай іншай краіны на тое не пайшло б. Але ж гэта Расія. Гэта «духоўная скрэпы»! Гэта збіранне зямель! Гэта «крэўнае славянскае братэрства», якое мацуецца ўжо тры стагоддзі. І калі мацаваць, дык мацаваць. Каб косткі трашчалі. Дзеля гэтага Расія ніколі, нічога і нікога не шкадавала. Што мы чуем з сённяшняй Расіі? Тое самае, што з колішняй. Што беларусы (як і ўкраінцы) не народ. Частка «русского мира». Што Беларусь (як і Украіна) – не дзяржава. Гістарычная памылка, выпраўленне якой – мэта палітыкі кіраўніка цяперашняй Расіі. І ён будзе дамагацца гэтай мэты столькі, колькі буде жыць. Ва ўсякім разе ў палітыцы. Не бачыць рэальнасці, сутнасці расійскага неататалітарызму, рабіць выгляд, што небяспекі інкарпарацыі не існуе, – гэта здрадніцтва. Дзяржаўнае злачынства. Нацыянальна-патрыятычным сілам трэба супрацьстаяць гэтаму ад сёння. І найперш неабходна пазбавіцца ад самага слабога звяна ў ланцугу абароны нашай незалежнасці: яе «адзінага гаранта». Для чаго расійскае кіраўніцтва ў 1996 годзе зратавала Лукашэнку ад імпічменту? Дзеля чаго ў 2010 годзе дапамог яму застацца ва ўладзе Пуцін? Для чаго Расія, падтрымліваючы Лукашэнку, не пашкадавала для яго больш як 100 мільярдаў долараў? Усё дзеля таго, каб ён стаў гарантам незалежнасці? Нехта ўсур’ёз можа думаць, што гэтак Лукашэнка Пуціна перахітрыў?.. У напружанасці адносінаў з Расіяй для Лукашэнкі ёсць свая выгода. Як для Пуціна ёсць выгода ў эскалацыі ваенных дзеянняў ва Украіне. Гэта стварае эфект, вядомы ў паліталогіі як «яднанне вакол сцяга». Фактычна гэта патрыятычная мабілізацыя вакол асобы лідара, што ў сённяшніх варунках жыццёва неабходна абодвум дыктатарам. І гэта калі не ва ўсім, дык шмат у чым вызначае (і тлумачыць) тое, чаму мы так, а не іначай, ужо чвэрць стагоддзя жывем. Як можа адказаць на расійскі інтаграцыйны ультыматум, падставы для якога праз дамову аб Саюзнай дзяржаве сам ён стварыў, Лукашэнка? Сыйсці. Больш ніяк. Толькі іншы (хоць з улады, хоць з апазіцыі) кіраўнік дзяржавы, які не мае дачынення да згубнай палітыкі Лукашэнкі, да ягоных здрадлівых дзеянняў, да хапання траянскіх расійскіх пазыкаў, – выйсце з інтэграцыйнай пасткі.

Апытваў Сяргей Чыгрын

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.

Календарыюм

Гадоў таму

  • У красавіку

    – 9(21).04.1835 г. у Віцебску нар. Ялегі Пранціш Вуль (сапр. Элегі Францішак Карафа-Карыбут), беларускі паэт. Удзельнічаў у  студзенскім паўстаньні, за што быў сасланы ў Сібір. Апошнія гады жыцьця правёў у Варшаве, дзе з Вінцэсем Каратынскім і Адамам Плугам стварыў беларускі …ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Календарыюм / Kalendarium

Сёньня

  • (88) – 11.04.1937 г. памёр (пакончыў жыцьцё самагубствам у Магілёўскім псыхіятрычым шпіталі) Цішка Гартны (Зьміцер Жылуновіч – нар. 4.11.1887 г. у Капылі), пісьменьнік, дзяржаўны беларускі дзеяч БССР. Дэбютаваў у „Нашай Ніве” ў 1908 г. Быў членам Цэнтральнага Выканаўчага Камітэту БССР (1920-1931). 15.11.1936 г. арыштаваны.

Новы нумар / Novy numer

Папярэднія нумары

Усе правы абаронены; 2025 Czasopis