
Калісь, каб паехаць да царквы ці па тэрміновых справах, каня запрагалі ў шыкоўны вазок. Такі бачыў я аднойчы ў пэўнай вёсцы ў Брэсцкай вобласці. Калісьці ён быў, напэўна, прадметам і паказнікам дастатку ўласніка. А зараз, на жаль, стаіць пакінуты пад адкрытым небам. Як гэта не прыкра, але пад сонцам і атмасфернымі ападкамі ён хутка зусім разваліцца.
У даўнія часы неабходныя прадукты, такія як хлеб ці масла, вяскоўцы выгатаўлялі самастойна. Сенцы ў хаце часта былі падзеленыя на дзве часткі дашчаной перагародкай. Адна частка, з якой быў выхад надвор і ўваход у хату, так і называлася „сенцы”. Уваход у другую частку быў з сенцаў праз дзверы ў перагародцы. Там захоўваліся дзежкі, бойка (для збівання масла), кубелец, на паліцах стаялі слоікі і ляжала рознае начынне.
Такую, амаль стогадовую бойку, а таксама драўляную пасудзіну, у якой яшчэ да вайны трымалі паляндвіцу, паказаў аднойчы знаёмы з Гарадзеншчыны. Гэтыя прадметы дасталіся яму ад бабулі і ён іх збіраецца рэстаўраваць, але ніяк рукі не даходзяць. Пра пасудзіну для мяса – капаньку – ён кажа, што ў такіх нават дзяцей купалі, бо людзі тады былі не надта грэблівыя. А ці ў вашых вёсках таксама так было?
Сяргей Александровіч











