Pa prostu / Па-просту

  • Płacz zwanoŭ

    23. Zabytaja tragedia kala Krynak (4)

    Syne, kab adkapać ich, paprasili Bronisia Czarnamysaho z susiednich Klabanaŭcaŭ. Toj uziaŭ z saboju jaszcze dvoch mużczyn i noczu pajechali na miesca tragedii. Kali paczali raskopvać jamu, z siaredziny trysnuła kroŭ. Pamału vyciahnuli dva trupy Sidaroviczaŭ i pa cichu pryviaźli ich da Kundziczaŭ. Myła ich…ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Po pudlaśki / По-пудляські

  • Kinoman

    13. Stan nevyznačanosti

    Orła wrona nie pokona! [Antykomunistyčne hasło v vojennum stani v Pôlščy.] Statut Białoruskiego Zrzeszenia Studentów (BAS) pisavsie mnoju miêseci dva. Odnočasno my začali vyšukuvati „našych” studentuv u akademikach raznych vyžšych škôł u Varšavi i psychologično pudhotovlati jich do toho, što budemo rejestrovati biłoruśku studenćku organizaciju… ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

RSS і Facebook

Нарыс

100-гадовы юбілей Таварыства Беларускай Школы (ч. 1)

17 верасня бг. Вярхоўны суд РБ ліквідаваў Таварыства беларускай школы (ТБШ), якое адрадзілася ў 1996 г. пасля 65-ці гадоў ад заснавання. У міжваенны час ТБШ было той арганізацыяй, якая найбольш трывала ўпісалася ў беларускую сьведамасьць на Беласточчыне пасьля ІІ сусьветнай вайны, асабліва калі ў Беластоку ў 1956 г. паўстала Беларускае Грамадска-Культурнае Таварыства і „Ніва”.

У новую арганізацыю ўліліся таксама быўшыя „тэбэшоўцы”, а ў „Ніве” і ў „Беларускіх календарах” успаміналася пра іхнюю дзейнасьць у даваеннай Польшчы. Апрача Беларускай Сялянска-Рабочай Грамады (БСРГ) і Камуністычнай Партыі Заходняй Беларусі (КПЗБ), якія мелі выразна палітычны характар у міжваенны перыяд, успаміналася выключна пра ТБШ, якое быццам бы было адзінай грамадскай арганізацыяй у той час. Не чулі мы, пакаленьне народжанае ў 50-60 гг. – нават калі вучыліся беларускай мовы, ні пра Беларускую Хрысьціянскую Дэмакратыю, ні пра беларускі студэнцкі рух, ні пра ніякія часопісы і іх творцаў у міжваеннай Польшчы. Усё прыходзілася адкрываць і асвойваць самому, здзіўляючыся, якое актыўнае і багатае было тады беларускае культурнае жыццё! Толькі ў 80 і 90 гг. усё пачынала займаць належнае месца ў гісторыі Беларусі. Паўставалі кнігі і артыкулы пра ранейшыя „белыя плямы”. Але ці была высьветлена належным чынам гісторыя БСРГ, КПЗБ, ТБШ, калі перасталі абавязваць ранейшыя ідэалагічныя штампы ў Польшчы, Беларусі, Літве? Можна сумнявацца… Такія думкі прыйшлі мне ў галаву, калі Яраслаў Іванюк папрасіў мяне распавесьці пра ТБШ для Радыя Беласток з нагоды 100-годзьдзя заснаваньня Таварыства.

Сябры гуртка ТБШ у Міры, 1930 г. Вікіпедыя
Сябры гуртка ТБШ у Міры, 1930 г.
Вікіпедыя

Залажыўшы 30 гадоў таму назад папку з матэрыяламі пра ТБШ, у якую падкідвала ўсё новыя звесткі пра арганізацыю, паявіліся сумненьні наконт даты заснаваньня ТБШ. Прафесар Аляксандр Вабішчэвіч з Брэста, які дасюль напісаў найбольш грунтоўны арыкул пра ТБШ, падае на аснове архіўных зьвестак, што „на паседжаньні Беларускай цэнтральнай школьнай рады ў Вільні 26 лютага 1921 г. быў ухвалены праект статута ТБШ”. Быў ён дапрацаваны Браніславам Тарашкевічам і зацьверджаны дэпартаментам унутраных спраў Сярэдняй Літвы, ва ўрадзе якой беларускім школьніцтвам якраз ён і займаўся. У брашуры „Аб Таварыстве Беларускае Школы і яго барацьбе” (Менск 1932) яе аўтар Пётр Мятла падае дату заснаваньня 1 ліпеня 1921 г. у Вільні. 7 сьнежня 1921 г. з ініцятывы Б. Тарашкевіча ТБШ было заснавана ў Радашкавічах – так падаецца ў польскай Вікіпедыі. Мэтай Таварыства было „пашыраць і памагаць асьвеце ў беларускім нацыянальным, людзкім і хрысьціянскім духу”. А. Вабішчэвіч згадвае тых, хто побач з Б. Тарашкевічам стаялі ў вытокаў арганізацыі: Антона Луцкевіча, Францішка Аляхновіча, Аркадзя Смоліча, Сымона Рак-Міхайлоўскага, кс. Адама Станкевіча, Міхала Кахановіча. Усе яны былі звязаны з беларускім школьніцтвам, перадусім з Віленскай Беларускай Гімназіяй, існаваўшай з лютага 1919 года.

Пераглядаючы газету „Беларускі Звон”, якую рэдагаваў Ф. Аляхновіч, можна знайсьці цікавыя зьвесткі пра пачаткі ТБШ і спіс яго членаў. У „Беларускай хроніцы” 26 жніўня 1921 г. паведамлялася пра першы арганізацыйны сход ТБШ, які адбыўся 23 жніўня ў салі 1-й Віленскай Бел. Гімназіі: „Пасьля прачытаньня статуту пастаноўлена пераняць ад Беларускае Школьнае Рады ўсе справы, выбрана частка Управы Т-ва і на гэтым першы сход зачыніўся. Чарговы сход Т-ва ў нядзелю 4 верасьня а 5 г. ўдзень у салі Бел. Гімназіі (Вострабрамская, 9)”. Як паведамлялася 2 верасьня „аканчальная арганізацыя  рады і ўладу таварыства адбудзецца на чародным сходзе 4-га верасьня ў салі Беларускай Гімназіі у 5 гадз. веч. Усе беларусы на гэты сход павінны сабрацца і ўпісацца ў Таварыства”. Як праходзілі гэтыя сходы, хто на іх быў прысутны, магчыма захавалася недзе дакументацыя, але ў газэце пра гэта не пісалася. 9 верасьня адно інаармавалася, што 7 верасьня адбыўся сход Управы ТБШ, на якім „прыняты пастановы, каб вясьці змаганьне з процібеларускаю школьнаю палітыкаю на мясцох”.

На працягу верасьня і кастрычніка 1921 г. публікаваўся спісак сяброў ТБШ – 116 прозвішчаў. На першым месцы Б. Тарашкевіч, за ім – А. Абрамовіч, далей – Язэп Гаўрылік, Антон Луцкевіч, Сьвяшч. Міхал Пліс, Юльян Сасноўскі, Л. Багдановічыха, кс. Адам Станкевіч, Фэлікс Стэцкевіч, Ф. Згірскі, Міхаліна Рыхтэрыха, Генадзь Багдановіч, Ігнат Канчэўскі, Янка Станкевіч, Антон Трэпка, Міхал Кахановіч, Аркадзь Смоліч, Вечаслаў Багдановіч, Францішак Аляхновіч, Т. Сьвірыда, Макар Косьцевіч, Іван Пазьняк, Станіслаў Валэйша, Казімір Маркевіч, Міхал Грачанік, Якаў Дыліс, Сымон Рак-Міхайлоўскі, Гэрмановіч, Міхал Кберац, А. Борык, Юля Гічанянка, Станіслаў Станкевіч, Вацлаў Іваноўскі, Э. Паўкшта, Вацлаў Пупка, Леапольд Родзевіч, Др Антон Краскоўскі, Чыжэўскі, Іван Катовіч, З. Жаўрыд, Я. Гапановіч, Кл. Халасьцякоў, П. Жаўрыд, М. Катовіч, Аляксей Палікша, Сяргей Казека, Мікола Шыла, Пётра Астапкевіч, А. Карабач, П. Біндзюк, Алена Сакалова, Любоў Ганчарук, Аляксандра Смоліч, Фабіян Ярэміч, Іван Краскоўскі, У. Ластоўскі… Відаць усе гэтыя вядомыя і менш вядомыя людзі былі на сходзе ў гімназіі. Агульны вялікі сход ТБШ, які адбыўся ў другой палавіне верасьня прыняў пастанову: „І. Кожны сябра (сяброўка) Т-ва абавязаны ўсімі сіламі памагаць пашырэньню Т-ва, каб яно як найбарджэй магло ахапіць усё беларускае грамадзянства і ўвесь беларускі народ. ІІ. Даручаецца Цэнтральнай Школьнай Радзе вымагаць ад ўлады і шырыць думку ў народзе з мэтай: 1) зрабіць магчымым істнаваньне беларускіх пачатковых школ на ўсіх беларускіх землях; 2) адчыненьня зараз-жа Беларускае Вучыцельскае сэмінарыі, а цераз якісь час яшчэ некалкіх беларускіх вучыцельскіх сэмінарыяў; 3) адчыненьня ў сёлетнім школьным годзе беларускіх кароткачасовых курсаў для вучыцялёў пачатковых школ; 4) каб субсыдыяваліся беларускія сярэднія школы; 5) каб у беларускіх сярэдніх школах пераходнага тыпу з мовай выкладовай мяшанай беларуска-маскоўскай, субсыдыяваліся клясы з беларускай выкладовай мовай”.

Беларуская Школьная Рада разглядала справу пасылкі ў Чэскі Унівэрсытэт у Прагу студэнтаў-беларусаў на заснованыя там стыпэндыі.

21 кастрычніка 1921 г. адбылося пасяджэньне Прэзыдыуму Рады ТБШ. Разгледжана была справа Радашкоўскай Беларускай Гімназіі і інш. Рада падала Міністру Прасьветы Польскае Рэспублікі мэморыял. 25 кастрычніка адбыўся агульны сход Рады Т-ва. Перавыбраны Прэзыдыум. Старшынёю застаўся А. Смоліч, сэкрэтаром выбраны І. Краскоўскі. Вынікае з гэтага,  што выканаўчым органам Таварыства была Беларуская Цэнтральная Школьная Рада (БЦШР), зложаная з 12 асоб. З яе выбіраўся Прэзыдыум – 7 асоб.

Спярша ТБШ дзейнічала ў Сярэдняй Літве – у Вільні былі арганізаваны 8 беларускіх пачатковых школ, на правінцыі было адчынена больш за 200 школ. Пасьля далучэньня Сярэдняй Літвы да Польшчы, ТБШ далей дзейнічала выключна на Віленшчыне. БЦШР збірала грошы на ўтрыманьне беларускіх гімназіяў і кіравала іх працай. Утрымлівала інтэрнат для вучняў ВБГ. У 1923 г. у Прэзыдыум БЦШР былі кс. А. Стнкевіч – старшыня, С. Рак-Міхайлоўскі і Пяткевіч – віцэ-старшыні, А. Канчэўскі і П. Мятла – сэкратары, Г. Багдановіч – скарбнік і яго заступнік – М. Кахановіч. Адрас ЦБШР – Віленская 12 кватэра 6. Падчас выбараў ў польскі парламент у 1922 г. дзеячы ТБШ сталі дэпутатамі: Б. Тарашкевіч, кс. А. Станкевіч, С. Рак-Міхайлоўскі, М. Кахановіч. Беларуская школьная справа стала гучаць з парламенцкай трыбуны. Акцыя сабіраньня подпісаў за адкрыцьцё беларускіх школ стала асновай дзейнасьці ТБШ. У лютым і сакавіку 1925 г. сяляне склалі дэклярацыі на больш як 400 беларускіх школ, але ўлады ніводнае з іх не дазволі адкрыць.

У 1926 г. ТБШ абняло сваім абсягам усю Заходнюю Беларусь, што была пад Польшчай. Сталася гэта магчымым пасьля змены статуту, на аснове яго зацьвярджэньня Міністрам Унутраных Спраў 27 красавіка 1926 г.  Мэтай Таварыства паводле статуту стала „krzewienie i popieranie oświaty wśród białorusinów”. Адзначалася, што „Towarzystwo stoi poza wszystkiemi stronnictwami: jedynem jego zadaniem jest rozwój białoruskiego szkolnictwa i oświaty białoruskiej wogóle”. У 3 параграфе акрэсьлівалася дзеяньні ТБШ дзеля рэалізацыі мэтаў: „Dla urzeczywistnienia celu, w §1. oznaczonego, T-wo ma prawo zgodnie z obowiązującymi przepisami prawnymi: 1) zakładania, utrzymywania i popierania: a) szkół ludowych, b) kursów dla dorosłych analfabetów, c) ochronek, d) szkół ochroniarek i seminariów nauczycielskich, czytelni ludowych i bibliotek, e) szkół średnich i wyższych wszelkich typów; 2) zakładania domów ludowych dla celów oświatowych  i zabawy towarzyskiej; 3) urządzania odczytów i wykładów treści pouczającej z wykluczeniem tematów politycznych; 4) wydawania i rozpowszechniania białoruskich podręczników i czasopism naukowych, pedagogicznych i ludowych; 5) udzielania kształcącej się młodzieży stypendiów, zapomóg i wszelkich pomocy naukowych; 6) układania projektów budowy szkół i urządzeń szkolnych, jak i nadzór nad ich wykonaniem; 7) ogłaszania konkursów, potrzebnych do osiągnięcia celów T-wa szkoły białoruskiej”.

Пасьля зацьверджаньня статуту па ўсёй Заходняй Беларусі пачалі закладацца гурткі ТБШ, а дзеля кіраваньня імі засноўваліся Акружныя Управы. У сувязі з тым, што ў 1923 г. арганізавалася Камуністычная Партыя Заходняй Беларусі, а ў 1925 г. – БСРГ, пад іх уплывам у 1926 г. знайшлося і ТБШ. 8 верасьня 1926 г. у Галоўную Управу ТБШ, якая замяніла ЦБШР) выбраны былі: Радаслаў Астроўскі – старшыня, Аляксандр Уласаў (сэнатар) і Антон Трэпка – намесьнікі, Мітрафан Кепель – скарбнік, Мікалай Сіняўскі – яго заступнік, Язэп Шнаркевіч  сэкратар, Мікола Марцінчык – яго заступнік, Б. Тарашкевіч, Ігнат Дварчанін, Фэлікс Стэцкевіч, Уладзімір Лукашэвіч, Мар’я Шавелянка. Наглядную Раду складалі: Сымон Рак-Міхайлоўскі – старшыня, Фабіян Акінчыц і Кузьма Крук – віцэ-старшыні, Сьцяпан Астапчык – сэкратар і Уладзімір Самойла – яго заступнік.

Паводле статуту „Fundusze T-wa tworzą się: 1) ze składek członków i członkiń, 2) z dobrowolnych ofiar, 3) darowizn i zapisów, 4) z dochodów, z wykładów, odczytów i pogadanek naukowych, 5) z odsetek od kapitału żelaznego, 6) z innych nieprzewidzianych dochodów. (…) Kapitał żelazny składa się z: 1) funduszów, specjalnie na to ofiarowanych, 2) z funduszów, przeznaczonych na to przez Walne Zebranie”.

Працяг будзе

Лена Глагоўская

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.

Календарыюм

Гадоў таму

  • У лістападзе

    505 – 1519 г. Заканчэньне пабудовы Барысаглебскай царквы ў Навагарадку, помніка архітэктуры готыкі. 445 – 1579 г. Пераўтварэньне Віленскай Езуіцкай Акадэміі ў Віленскі Унівэрсытэт – першы унівэрсытэт ва ўсходняй Эўропе. 405 – 1619 г. Надрукаваньне „Грамматики словенския правильная синтагма” Мялеція Сматрыцкага. 325 …ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Календарыюм / Kalendarium

Сёньня

  • (461) – У берасьцейскай друкарні у 1563 г. была надрукавана Біблія – адно з самых поўных і лепшых тагачасных выданьняў, вядомая як „Радзівілаўская Біблія”.
  • (142) – 3.11.1882 г. у Акінчыцах нар. Якуб Колас (сапр. Канстанцін Міцкевіч, пам. 13.08.1956 г. у Мeнску), пісьменьнік, грамадзкі дзеяч, адзін з заснавальнікаў беларускай літаратуры. Друкавацца пачаў у 1906 г. у газэце „Наша Доля”, паэмы „Новая зямля” (1923), „Сымон-музыка” (1925), „Суд у лесе” (1943), „Адплата” (1946), „Рыбакова хата” (1947), аповесьці, п’есы, каля дваццаці зборнікаў вершаў, апавяданьняў, нарысаў ды іншых.
  • (114) – выданьне у 1910 г. першага зборніка вершаў Якуба Коласа „Песьні жальбы”.
  • (87) – 3.11.1937 г. расстраляны саветамі Максім Бурсевіч (нар. 9.08.1890 г. у Чамярах каля Слоніма), нацыянальны дзеяч, сакратар БСР Грамады.
  • (87) – 3.11.1937 г. расстраляны саветамі Павал Валошын (нар. 10.07.1891 г. у Гаркавічах Сакольскага павету), дзеяч БСР Грамады, дэпутат Сойма (1923-1928).

Новы нумар / Novy numer

Папярэднія нумары

Усе правы абаронены; 2024 Czasopis