Pa prostu / Па-просту

  • Płacz zwanoŭ

    23. Zabytaja tragedia kala Krynak (4)

    Syne, kab adkapać ich, paprasili Bronisia Czarnamysaho z susiednich Klabanaŭcaŭ. Toj uziaŭ z saboju jaszcze dvoch mużczyn i noczu pajechali na miesca tragedii. Kali paczali raskopvać jamu, z siaredziny trysnuła kroŭ. Pamału vyciahnuli dva trupy Sidaroviczaŭ i pa cichu pryviaźli ich da Kundziczaŭ. Myła ich…ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Po pudlaśki / По-пудляські

  • Kinoman

    13. Stan nevyznačanosti

    Orła wrona nie pokona! [Antykomunistyčne hasło v vojennum stani v Pôlščy.] Statut Białoruskiego Zrzeszenia Studentów (BAS) pisavsie mnoju miêseci dva. Odnočasno my začali vyšukuvati „našych” studentuv u akademikach raznych vyžšych škôł u Varšavi i psychologično pudhotovlati jich do toho, što budemo rejestrovati biłoruśku studenćku organizaciju… ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

RSS і Facebook

З кагорты няўрымслівых

Шматбаковая дзейнасць вучонага-моваведа, літаратуразнаўцы і паэта Пятра Бузука не выклікае нават сумневу ў яго прыроджанай здольнасці, таленавітасці і мудрасці. Доўгі час ён быў невядомы шырокаму колу чытачоў, толькі невялікаму колу навукоўцаў, што працуюць у галіне мовазнаўства і на ніве літаратуры. Нават „Энцыклапедыя ЛіМ Беларусі” утрымлівае недакладныя звесткі адносна месца яго нараджэння, года і абставін смерці.

Нарадзіўся Пётр Апанасавіч Бузук 1 ліпеня 1891 года ў с. Шэрпень Бендэрскага павету Бесарабскай губерніі (Рэспубліка Малдова) у сям’і настаўніка. Маці – малдаванка, бацька –  беларус. Вучыўся ў Ціраспальскім Аляксееўскім вучылішчы, на гісторыка-філалагічным факультэце Наварасійскага універсітэту, што ў Адэсе і скончыў яго ў 1916-м годзе.

Пётр Бузук са сваёй жонкай Ганнай (17.VIII.1926 г.) Фотаздымак з сямейнага архіва іх дачкі Галіны Пятроўны Фяцісавай (г. Брэст.)
Пётр Бузук са сваёй жонкай Ганнай (17.VIII.1926 г.)
Фотаздымак з сямейнага архіва іх дачкі Галіны Пятроўны Фяцісавай (г. Брэст.)

Пасля заканчэння ўніверсітэту быў залічаны прафесарскім стыпендыятам на кафедру славянскай філалогіі. У 1920-м годзе здаў «на выдатна» магістарскія экзамены. Тут жа ў Адэсе распачаў выкладчыцкую дзейнасць ва ўніверсітэце. Праз некалькі гадоў у Балгарыі абараніў доктарскую дысертацыю.

З 1925-га стала працаваў на Беларусі. На працу ў Белдзяржуніверсітэт запрасіў рэктар БДУ Уладзімір Пічэта. Дзякуючы магчымасці самарэалізавацца Беларусь стала для Пятра Бузука другой радзімай. Аб гэтым і пісаў у сваіх вершах:

Люблю радзіму я другую,

Люблю цябе я, Беларусь.

Бузук чытаў некалькі філалагічных курсаў на літаратурна-лінгвістычным аддзяленні педфакультэта ўніверсітэта. Мноства творчых задум і аптымізму ў тыя 20-я гады, калі назіралася нацыянальна-культурнае ажыўленне робяць сваю справу –  і ў 1926-м годзе прафесар Бузук пераходзіць працаваць у Інстытут беларускай культуры, дзе з 1929 года –  ён вучоны сакратар, а з 1931-га – дырэктар Інстытута мовазнаўства Акадэміі навук Беларусі.

Адначасова па 1933 год ён загадвае кафедрай мовазнаўства Беларускага вышэйшага педінстытута, чытаў курс агульнага мовазнаўства, методыку і навуковую граматыку беларускай і рускай моў, украінскую мову і літаратуру.

Так, не варта здзіўляцца, бо Пётр Апанасавіч сапраўды быў паліглотам. Ён захапляўся стараславянскай, лацінскай, французскай, грэчаскай, нямецкай, у той ці іншай ступені валодаў малдаванскай, румынскай, італьянскай, англійскай, літоўскай, татарскай, ідзіш і некаторымі іншымі мовамі. На некаторых з іх ён чытаў лекцыі ў вышэйшых навучальных установах, пісаў навуковыя, літаратуразнаўчыя працы, бо меў фенаменальную памяць.

У чым жа каштоўнасць навуковых даследаванняў Пятра Апанасавіча?

Займаючыся вывучэннем беларускіх гаворак і дыялектаў ён падрыхтаваў шэраг грунтоўных навуковых даследаванняў па лінгвістычнай геаграфіі, якія мелі вялікае значэнне ў станаўленні гэтай галіны мовазнаўства як асобнай навуковай. Вялікае значэнне меў яго дыялектычны атлас „Спроба лінгвістычнай географіі Беларусі”, выдадзены Інбелкультам у 1928 годзе.

Міжнароднае прызнанне вучонага Бузука шырылася. Ён быў прызнаны ў славянскім свеце, як літаратуразнаўца, паэт і празаік, таленавіты вучоны-філолаг. У 1929 годзе ён – дэлегат I міжнароднага кангрэсу славістаў у Празе, дзе выступіў з дакаладам „Лінгвістычная геаграфія як дапаможны метад пры вывучэнні гісторыі мовы”. Адным з першых прапанаваў стварыць агульнаславянскі лінгвістычны атлас і быў адзіным з савецкіх вучоных-моваведаў, хто ўвайшоў у склад камісіі па яго падрыхтоўцы, разам з вучонымі Чэхаславакіі, Польшчы, Францыі, Сербіі…

За восем гадоў сталай працы ў Інбелкульце вучоны апублікаваў больш 60 даследаванняў па праблемах беларускай мовы, яе дыялекталогіі і гісторыі.

У шэрагу прац Бузука адлюстравалася агульная канцэпцыя развіцця праславянскай мовы. Так, у дакладзе „Становішча беларускай мовы сярод іншых славянскіх моваў”, падзяляючы погляд Б.М. Ляшунова, ён рашуча адмаўляе тэзіс аб дзяленні праславянскай мовы на прамовы паасобных славянскіх адгалінаванняў. На думку Пятра Бузука, недасканаласць розных спроб групавання славянскіх моў з’явілася вынікам недастатковасці ведаў аб межах моўных з’яў, якія характэрны як для асобных славянскіх моў, так і для груп гэтых моў. Строгая падпарадкаванасць прамоўных эпох – гэта гіпотэза, якая грунтуецца на апрыорнай думцы А.Шляйхера аб тым, што працэсы, якія ахапілі індаеўрапейскія мовы, адбыліся раней, чым балтаславянскія, а тыя ў сваю чаргу, раней, чым праславянскія і г. д.

Даклад Бузука, які меў праблемны характар, закранаў важныя для беларускага мовазнаўства і гісторыі беларускага народа пытанні. Звяртаючы ўвагу на тое, што ў беларускай мове ёсць з’явы, якія бяруць пачатак у далёкім мінулым і абмінаюць агульнарускую эпоху Бузук дапускаў магчымасць пэўных моўных змен, што адбыліся ў пачатку праславянскай эпохі і ахапілі толькі продкаў носьбітаў беларускай або украінскай мовы. А гэта значыць, што гісторыі гэтых моў трэба лічыць амаль з таго моманту, з якога і пачалася і праславянская мова…

Абапіраючыся на факты праславянскай фанетыкі, Бузук даследаваў гісторыю найважнейшых асаблівасцей мовы, якія ў параўнанні з асаблівасцямі іншых усходнеславянскіх беларуская мова мае агульныя рысы з суседнімі мовамі (напрыклад дзеканне і цеканне з польскай, аканне – з паўднёва-рускай, пэўныя асаблівасці – з украінскай) яе індывідуальнасць і характэрнасць не губляюцца, а наадварот, ад гэтага ўзаемадзеяння павялічваецца яшчэ больш.

Такім чынам ёсць грунтоўны доказ таго, што акаляючыя нас народы-суседзі уплываюць на асаблівасці беларускай нацыянальнай мовы.

Не менш задзірыстыя, на той час, але грунтоўныя даследаванні ён выкладае і ў іншых працах. У 1926 годзе Інбелкульт выдаў юбілейны зборнік дакументаў і матэрыялаў, прысвечаных 400-годдзю беларускага кнігадрукавання, дзе была высока ацэнена дзейнасць беларускага першадрукара Францыска Скарыны. У сувязі з гэтым Бузука і яго калег-аўтараў абвінавацілі ў тым, што яны „шукаюць беларускі рэнесанс у Сярэдневякоўі і заснавальнікам беларускай культуры лічаць манахаў „Францыска Скарыну і Кірылу Тураўскага”.

З такой жа сялянскай прастатой, але памяркоўна, як навуковец ён падыходзіць да праблем, асаблівасцяў беларускай літаратурнай мовы. У перыядычным друку, у пераважнай большасці часопісах „Полымя” і „Маладняк” за 1926, 1927, 1929 гады выступае з артыкуламі, пад псеўданім П. Росіч (дзявочае прозвішча яго маці), сам піша вершы, апавяданні, займаецца перакладамі.

Ён лічыў, што выкарыстаннем дыялектных асаблівасцяў пісьменнікі жывяць, узбагачаюць літаратурную мову. Адным з прадвеснікаў такой жывой народнасці літаратурнай мовы ён лічыў Цішку Гартнага, які „пашырыў рамкі слоўніка беларускай літаратурнай мовы, захоўваючы этнаграфічны каларыт у сваёй мове і ў мове герояў…” Арыгінальнасць і самабытнасць мовы шырока прадстаўлены ў кнізе вершаў Цішкі Гартнага „Песьні” (1913) і ў першай частцы рамана „Сокі цаліны” (Берлін,1922 г).

Даклад Пятра Бузука ў праграме канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі, якая праходзіла ў Мінску 14-21 лістапада 1926 г.
Даклад Пятра Бузука ў праграме канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі, якая праходзіла ў Мінску 14-21 лістапада 1926 г.

З увагай сачыў П.А.Бузук і за развіццём сучаснай украінскай літаратуры. Рыхтуе і выдае літаратуразнаўчыя артыкулы па надзённых праблемах сучаснасці.

З пашанай ставіцца вучоны і да культур іншых народаў. Прыроджаны талент неўтаймаванага даследчыка, яго плённая творчая дзейнасць не маглі быць не заўважаны ў свеце. Паступова рос аўтарытэт П.А. Бузука сярод навукоўцаў на міжнароднай арэне. Побач з ім ніякавата і шэра выглядалі філолагі, якія выпадкова трапілі ў кола навукоўцаў. Таму тыя, як і ён, хто меў свой пункт погляду ў навуцы, так і на сучаснае жыццё падвяргаліся пераследу.

У змрочныя трыццатыя гады (1931 г.) Пётр Бузук быў арыштаваны і абвінавачаны ў „нацдэмаўшчыне”. Зняволенне доўжылася некалькі месяцаў, але ён балюча перанёс арышт. Вярнуўшыся дамоў закрыўся на кухні, абліў сябе дэнатуратам і спрабаваў спаліць сябе.

У той жа час яго адхіляюць ад кіраўніцтва Інтытутам мовазнаўства АН БССР – перавoдзяць на пасаду радавога навуковага супрацоўніка.

Ішоў 1933 год… Пётр Апанасавіч па-ранейшаму шукае паратунку ў працы і сям’і, падоўгу гуляе з дзецьмі ў парку Прафінтэрна, займаецца з імі дома.

У лютым 1934 -га яго зноў арыштоўваюць. Два месяцы ўтрымліваюць у Мінскай турме НКУС. У красавіку 1934 года яго ссылаюць у Паўночны край на тры гады, дзе ён спачатку працаваў бібліятэкарам, а затым выкладаў нямецкую мову.

Калі скончыўся тэрмін высылкі, бацька не мог вярнуцца разам з намі, – расказвае Галіна Пятроўна Фяцісава (дачка П. А., якой тады было ўсяго дзесяць гадоў), – неабходна было прыняць экзамены ў завочнікаў. У Мінск з Волагды мы вярталіся ўчацвярых (маці і трое дзяцей).

Не паспеўшы выехаць з Волагды аддзяленнем УНКУС па Паўночнаму краю ён быў зноў арыштаваны і 7 снежня 1937 года пастановаю „тройкі” яму вынесены прысуд – на гэты раз „да вышэйшай меры пакарання – расстрэлу” за „прыналежнасць да антысавецкай арганізацыі”.

„Яго абвінавацілі ў тым, што ён як быццам бы з’яўляўся актыўным удзельнікам нелегальнай контррэвалюцыйнай фашысцкай арганізацыі, праводзіў сярод насельніцтва актыўную контррэвалюцыйную фашыскую агітацыю, так як па артыкулах 58-10, 58-11 КК РСФСР у рэдакцыі 1928 года. Гэта павінна было паслужыць дадаткам да папярэдніх яго абвінавачванняў у тым, што ён быццам бы звязаны з беларускімі „нацдэмамі” з „Саюза вызвалення Беларусі”, а таксама з удзельнікамі нацыянал-фашысцкай арганізацыі „Расійская нацыянальная партыя”, што не падцвердзілася яшчэ ў жніўні-верасні 1930 года”. („Навіны Беларускай Акадэміі” за 15.02.199 1г.)

Да гэтых дзён сям’я П.А. Бузука не ведае абставін і дакладную дату яго смерці. Катэгарычна адмаўляюць адну з версій, што ён памёр ад брушнога тыфу 7 кастрычніка 1943 года. Верагоднай лічылі і тую, што была расказана былым вучоным сакратаром Юргеленічам сыну – Уладзіміру Пятровічу, калі той працаваў дыктарам Беларускага тэлебачання. Аб сабе ён паведаміў, што таксама быў рэпрэсіраваны, адсядзеў  «належнае» і працаваў у педінстытуце. Сталая жанчына з якой ён пазнаёміўся ў вязніцы прасіла перадаць дзецям Бузука, што іх бацька не вытрымаў катаванняў і разбіў галаву. Не гады ваеннага ліхалецця з’елі яго, а жорны сталінскай махіны.

Існуе яшчэ адна версія, згодна з якой Бузук быў расстраляны 7 лютага 1938 года. Падстава так меркаваць: афіцыйны ліст з КДБ СССР (Упраўленне па Валагодскай вобласці) ад 27 снежня 1990 года №10/2-Б-70. Месца не ўказваецца.

Праўда, Упраўленнем КДБ па Валагодскай вобласці ўстаноўлена месца масавага захавання ахвяр рэпрэсіяў перыяду 30-х гадоў паблізу вёскі Чашнікава Валагодсзкага раёну, падабенства беларускіх Курапатаў.

У 1988 годзе П.А. Бузук пасмяротна рэабілітаваны. Але ці знаходзяцца там астанкі Пятра Апанасавіча Бузука?

Пытанне пакуль застаецца без адказу. Несумненна толькі адно, што сілай і воляй характару, самаахвярнасцю ён падцвердзіў сваю высакароднасць і інтэлігентнасць.

Нават потым, праз колькі год, падчас рэабілітацыі, яго дачка Кацярына Пятроўна і ўся сям’я даведаюцца з вуснаў супрацоўніка КДБ аб тым, што ён не назваў ніводнага прозвішча, не падпісаў ніводнага пратакола, ніводнай паперкі. Адным словам, не здрадзіў ні сабе, ні свайму сумленню.

Саадданая творчасць Пятра Бузука, яго навуковыя даследаванні ў галіне беларускага мовазнаўства зноў прыніжаны, як і на працягу многіх дзесяцігоддзяў.

У 90-я гады мінулага стагоддзя падчас падрыхтоўкі гэтага матэрыялу пра Бузука я звязаўся з Інстытутам мовазнаўства Акадэміі навук Рэспублікі Беларусь. Вось, што сказаў у размове са мной яго дырэктар А.І. Падлужны: „…Досыць добра друкаваліся яго работы. Большасць гэтых прац уяўляе не толькі гістарычную каштоўнасць. Адна з фундаментальных яго прац „Становішча беларускай мовы сярод іншых славянскіх моў” была надрукавана ў часопісе „Беларуская лінгвістыка” за 1992-1993 гады…”.

Пётр Апанасавіч – адзіны з кагорты тых беларусаў, хто стаяў ля вытокаў адраджэння нацыянальнай культуры і дапамагаў навуковымі поглядамі беларускай нацыянальнай мове самазацвердзіцца ў якасці сусветнай… Працы яго маюць каштоўнасць і для ўсяго славянскага мовазнаўства.

Пётр Жэбрак

г. Баранавічы

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.

Календарыюм

Гадоў таму

  • У лістападзе

    505 – 1519 г. Заканчэньне пабудовы Барысаглебскай царквы ў Навагарадку, помніка архітэктуры готыкі. 445 – 1579 г. Пераўтварэньне Віленскай Езуіцкай Акадэміі ў Віленскі Унівэрсытэт – першы унівэрсытэт ва ўсходняй Эўропе. 405 – 1619 г. Надрукаваньне „Грамматики словенския правильная синтагма” Мялеція Сматрыцкага. 325 …ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Календарыюм / Kalendarium

Сёньня

  • (121) – 2.11.1903 г. у Варшаве памёр Адам Плуг (сапраўднае Антоні Пяткевіч), пісьменьнік і журналіст. (Пра А. Плуга больш глядзі ў календарыюме за мінулы месяц – з нагоды 190-ых угодкаў нараджэньня).
  • (115) – 2.11.1909 г. у Прусах Слуцкага пав. нар. Максім Лужанін, паэт, aўтар між іншым паэмаў „Неаплачаны рахунак”, „Галасуе вясна за вясну”. Памёр 16.08.2001 г. у Менску; пахаваны ў Паперні.
  • (94) – 2.11.1930 г. у вёсцы Бандары на Беласточчыне нар. Аляксандр Баршчэўскі (Алесь Барскі) паэт, літаратуразнавец, перакладчык, вучоны. Друкуецца з 1956 г., аўтар шматлікіх зборнікаў вершаў, паэм, навуковых артыкулаў, унівэрсытэцкіх ды школьнах падручнікаў. Шматгадовы старшыня „Белавежы”, ГП БГКТ. Віншуем з юбілеем!

Новы нумар / Novy numer

Папярэднія нумары

Усе правы абаронены; 2024 Czasopis