Pa prostu / Па-просту

  • Płacz zwanoŭ

    23. Zabytaja tragedia kala Krynak (4)

    Syne, kab adkapać ich, paprasili Bronisia Czarnamysaho z susiednich Klabanaŭcaŭ. Toj uziaŭ z saboju jaszcze dvoch mużczyn i noczu pajechali na miesca tragedii. Kali paczali raskopvać jamu, z siaredziny trysnuła kroŭ. Pamału vyciahnuli dva trupy Sidaroviczaŭ i pa cichu pryviaźli ich da Kundziczaŭ. Myła ich…ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Po pudlaśki / По-пудляські

  • Kinoman

    13. Stan nevyznačanosti

    Orła wrona nie pokona! [Antykomunistyčne hasło v vojennum stani v Pôlščy.] Statut Białoruskiego Zrzeszenia Studentów (BAS) pisavsie mnoju miêseci dva. Odnočasno my začali vyšukuvati „našych” studentuv u akademikach raznych vyžšych škôł u Varšavi i psychologično pudhotovlati jich do toho, što budemo rejestrovati biłoruśku studenćku organizaciju… ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

RSS і Facebook

Вёска Нараўка 50 гадоў таму

Цяпер найбольшая вёска ў Нараўчанскай гміне Гайнаўскага павета Нараўка налічвае 878 жыхароў (у 2015 годзе было 894). У недалёкія мінулыя гады больш тысячы чалавек не было. Вёска-мястэчка знаходзіцца над завілістай пушчанскай ракою Нараўкай. Тут прыгожа ў кожную пару года.

Я памятаю Нараўку яшчэ перад усім з драўлянымі дамамі, такімі ж агароджамі-платамі каля іх, брамамі і веснічкамі, з вузкімі вулічкамі і са старымі могілкамі. Была яна ціхая, спакойная. Толькі на галоўных вуліцах быў пракладзены брук. Расло многа ліставых дрэў, перш за ўсё ліпаў і клёнаў. Раслі яны паабапал вуліц. Памятаю 5-кіламетровую пясчаную дарогу з Новага Ляўкова ў Нараўку і той час, калі на ёй пачалася пракладка бруку. Ездзіў фурманкай з бацькам, калі на пачатку восені трэба было везці жыта (недзе паўтоны) у вялікія склады ГС, здаваць яго ў рамках г. зв. кантыгенту. Я меў абавязак пільнаваць каня і воз.

Від на сучасную Нараўку
(фота Міры Лукшы)

Школа, прадшколле, кіно „Лес”, амбулаторыя з ізбай для парадзіх і памяшканнем для акушэркі на другім паверсе (была яна з высокім ганачкам), пошта, даволі прасторны клуб, нешматлікія крамы, гасцініца ГС з высокімі бетоннымі ўсходам ды пякарня былі ў драўляных будынках. Яны мне падабаліся, былі прыгожыя. Зараз прадаўжаюць сваё існаванне адзін школьны пры самай вуліцы (тут зараз галерэя імя Тамары Саланевіч), прадшкольны (тут святліца) і паштовы будынкі. Установы – ГРН і ГС – знаходзіліся таксама ў драўляных будынках. Дамы гэтыя і зараз стаяць. Стаіць драўляны памаляваны на шэра-сіні колер дом, у якім была кнігарня і ў ёй я купляў свае першыя школьныя падручнікі і сшыткі. Калі нават цяпер праходжу каля яго, часта ўспамінаю прыгожую і ветлівую прадаўшчыцу кніжак, школьных прыбораў ды чарніла да пісання.

Летам у самае жніво высылалі мяне бацькі ў Нараўку па буханкі хлеба. Было нас дома шэсць „душ”. Хлеб прадавалі праз акно ў пякарні, якое выходзіла на вуліцу (знаходзілася яна пры дарозе ў Гайнаўку ды недалёка ад моста цераз раку), яшчэ гарачы проста з печы. Буханкі былі круглыя, пеклі іх на вотруб’ях, зверху мелі гладзенькую скарынку карычневага колеру як грыбы-баравікі. Хлеб быў духмяны і вельмі смачны. Пякарня працавала ў дзве змены. У чэрвені і ў ліпені ў час сенакосаў і жніва перад ёй з самай раніцы стаяла чарга прыезджых людзей. Сяляне не вельмі мелі час, каб пячы хлеб. А то і мукі не мелі. Мясцовыя жыхары ведалі, калі прыйсці і хлеб ужо спякуць (у пякарні мелі сваіх знаёмых). Цяпер па гэтай пякарні няма ўжо і следу.

У Нараўцы вялікае свята 7 ліпеня, на Яна. У мястэчка прыязджалі жыхары суседніх вёсак перш-наперш у царкву. Некаторыя з іх у госці ды на танцы. Паабапал вуліцы ля царквы гандляры ставілі будкі-ларкі з цукеркамі і іншымі ласункамі, рознымі цацкамі, наручнымі каляровымі гадзіннікамі, шарыкамі, мячыкамі (былі і папяровыя з пілавіннем у сярэдзіне ды з гумкамі – мячык адбіваўся ад далоні і вяртаўся), пісталетамі на капішоны і на г. зв. коркі, люстэрачкамі з прыгожымі кіназоркамі, ветрачкамі на дроціку, бліскучымі бранзалеткамі, усялякімі грабеньчыкамі. Пад парасонамі можна было купіць марожанае. Па вуліцы шпацыравалі сюды-туды нараўчанскія дзяўчаты ды кавалеры. Некаторых прыгажунь (бландзінак і смуглянак) раней бачыў у пасляабеднюю пару і вечарам у мясцовым клубе. Яны прыходзілі там усёй кампаніяй паслухаць навейшых польскіх, рускіх і беларускіх песень з грампласцінак, выпіць каву або ліманад, пагутарыць.

Зараз Нараўка шмат памянялася, у ёй многа новых будынкаў, новыя асфальтавыя маставыя на вуліцах
(фота Міры Лукшы)

На Яна з самой раніцы на вялікай пляцоўцы круцілася карусель. Мястэчка бурліла патокам людзей і рабілася шматгалосым. Калі было сонечна і стаяў пагодлівы дзень, на вуліцах панаваў вялікі рух і гоман. Тут я сустракаў знаёмых калег з далёкіх вёсак, з якімі рэдка калі можна было ўбачыцца. Пасля поўдня людзі разыходзіліся па дамах. Праз адчыненыя вокны гучалі звонкія спевы. Бяседнікі спявалі „Падмаскоўные вечера”, „Кацюшу”, „Рабінушку”, „Роспрагайтэ хлопці коні”, „Там на грэблі шумят вэрбы” або „Касіў Ясь канюшыну” ды „Ой рэчанька, рэчанька”. Нараўчане святкавалі, весяліліся. Вечарам ішлі на танцы ў драўляным прасторным будынку кіно „Лес”. Прыязджала многа моладзі з суседніх і далёкіх вёсак.

Калі я быў вучнем у сёмым класе пачатковай школы ў Старым Ляўкове, наш клас разам з любімай выхавацелькай Марыяй Сікорскай (яна ўраджэнка Нараўкі, а зараз жыве ў Варшаве) ездзіў у нараўчанскую школу (займала яна два будынкі, адзін з іх быў двухпавярховы з цікавай архітэктурай) пазнаёміцца з тамашнімі вучнямі. У вялікім зале на першым паверху былі танцы і наша настаўніца вучыла нас, тады вельмі ж нясмелых, танцаваць. Гэта ўсім нам у далейшым жыцці прыдалося.

Прыдаецца зараз мне і іншая навука з таго часу. У Нараўцы малады тады настаўнік Міхась Зубрыцкі меў фатаграфічнае атэлье і вучыў усіх ахвотных рабіць здымкі ў той час толькі чорна-белыя, праяўляць фотаплёнкі і капіраваць на фата­графічную паперу. Я гэта вельмі палюбіў і часта ездзіў на матацыкле ў Нараўку. Здымкі раблю і цяпер. Як кажуць, навука не пайшла ў лес.

У Нараўцы цікавай ды каларытнай не толькі для мяне постаццю быў стары фельчар Лушчынскі (імя яго не памятаю). Ён хадзіў у чорным капелюшы і ў ясна-шэрым плашчы. Аднойчы летам моцна забалеў у мяне зуб і мы з мамай пешшу адправіліся ў Нараўку да адзінага тады медыка. Не было яго дома і прыйшлося нам чакаць да вечара. Фельчар часта хадзіў з вудамі на рыбалку на раку Нараўку. Калі вярнуўся дадому, яго жонка распавяла пра пацыента з балючым зубам. Гэтая ветлівая жанчына прысвяціла нам шмат увагі, распытваала адкуль мы, пра сям’ю і як нам жывецца. Фельчар вырваў зуб (быў г. зв. кутні зуб) без ніякай там наркозы. Я ажно зоркі ўбачыў у ясны дзень! Доктар пахваліў мяне за адвагу і даў парашок, які дома трэба было распусціць у вадзе і паласкаць рану. І справе быў канец. Зараз у доме таго фельчара жывуць новыя пасяленцы. Яны яго ладна аднавілі, між іншым, ашалявалі і ён прыгожы звонку.

Помняцца мне колішнія школьныя першамайскія шэсці ў Нараўцы. Па нас, вучняў (некаторыя з іх хадзілі ў гарцэрскіх і зухаўскіх мундзірках ды з галстукамі) і настаўнікаў на чале з кіраўніком стараляўкоўскай сямікласнай школы Рыгорам Каролькам, прыязджаў грузавік з высокімі бортамі. Самаход быў упрыгожаны бел-чырвонымі флажкамі ды бярозавымі галінкамі з зялёнымі лісточкамі. Мы ехалі праз вёскі і спявалі. Усім было радасна і вясела. На нараўчанскіх дамах былі сцягі. На галоўнай вуліцы стаяла трыбуна. Многа сцягоў неслі старэйшыя і моладзь у першамайскіх калонах. Іграла маршавая музыка. «Паход» суправаджаў духавы аркестр.

Нараўка… Яна дарагая майму сэрцу як мая родная вёска. Я часта ў ёй бываю. Прыязджаю ў прыгожы гмінны асяродак культуры, у школу і ў мастацка-разбярскую галерэю імя Тамары Саланевіч на розныя культурна-асветныя ды забаўляльныя мерапрыемствы. Зараз Нараўка шмат памянялася, папрыгажэла, у ёй многа новых будынкаў, новыя асфальтавыя маставыя на вуліцах, новыя жыллёвыя пасёлкі нават з г. зв. блокамі, новыя рэстараны, малыя і вялікія крамы, прыстань для байдарак і тут жа новыя цікавыя па архітэктуры начлежныя домікі.

Янка Целушэцкі

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.

Календарыюм

Гадоў таму

  • У лістападзе

    505 – 1519 г. Заканчэньне пабудовы Барысаглебскай царквы ў Навагарадку, помніка архітэктуры готыкі. 445 – 1579 г. Пераўтварэньне Віленскай Езуіцкай Акадэміі ў Віленскі Унівэрсытэт – першы унівэрсытэт ва ўсходняй Эўропе. 405 – 1619 г. Надрукаваньне „Грамматики словенския правильная синтагма” Мялеція Сматрыцкага. 325 …ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Календарыюм / Kalendarium

Сёньня

  • (456) – У 1568 г. пачала дзейнасьць заблудаўская друкарня ў маёнтку Рыгора Хадкевіча, у якой друкаваліся кірылічныя кнігі, між іншым „Евангельле вучыцельнае” (1569) і „Псалтыр з Часасловам” (1570).
  • (208) – 4.11.1816 г. у мястэчку Кублічы каля Лепеля нар. Арцём Вярыга-Дарэўскі (пам. у ссылцы ў Сібіры ў 1884 г.), паэт, драматург, публіцыст. Быў сябрам У. Сыракомлі, В. Дуніна-Марцінкевіча. Пісаў на беларускай і польскай мовах. Запачаткаваў беларускія пераклады творчасьці А. Міцкевіча, між іншым пераклаў „Конрада Валенрода”.
  • (137) – 4.11.1887 г. у Капылі, Слуцкага павету нар. Зьміцер Жылуновіч (літаратурны псэўданім Цішка Гартны, замучаны савецкай бясьпекай 11.04.1937 г.), пісьменьнік, выдатны беларускі дзяржаўны дзеяч. Пісаць пачаў у 1908 г. у „Нашай Ніве”.
  • (109) – у лістападзе 1915 г. у выніку стараньняў беларускіх нацыянальных дзеячаў (падчас нямецкай акупацыі) пачалі адкрывацца на Віленшчыне першыя беларускія школы.
  • (95) – 4.11.1929 г. у в. Таргуны каля Докшыц нар. Сяргей Карніловіч, выпускнік Гімназіі імя Янкі Купалы ў Віндышбэргэрдорфе (Нямеччына). З 1949 г. жыў у эміграцыі ў Кліўленд (ЗША). Адзін з самых актыўных арганізатараў беларускага грамадзка-рэлігійнага жыцьця ў гэтым горадзе, між іншым

Новы нумар / Novy numer

Папярэднія нумары

Усе правы абаронены; 2024 Czasopis