У выдавецтве „Логвінаў” адначасова выйшлі тры электронныя выданьні беларускага перакладу знакамітай кнігі клясыка літоўскай новай літаратуры Рычарда Гавяліса „Віленскі Покер”. Кніга цяпер даступная ў афіцыйным правапісе, тарашкевіцы ды лацінкай. Наколькі вядома, гэта першы гэткага кшталту эксперымент на беларускім кніжным рынку.
Беларуская лацінка шырока карысталася на працягу 19-га стагодзя – ёй быў зьвяртаўся да грамады Кастусь Каліноўскі, ёй запісьваў фальклёр Міхал Федароўскі, ёй выходзіла безліч выданьняў ад часопісаў „Наша Ніва” і „Сьветач” да паэматаў Купалы. Пасля выданьня лацінкай лемантараў Тарашкевіча (1918), Луцкевіча ды Станкевіча (1918), Станкевіча ды Абіхта (1918), Б. Пачобкі (1918), Станкевіча (1920), зноў Яна Станкевіча (Менск, 1942 і 1943) лацінка атрымала поўную кадыфікацыю, то бок пасьлядоўную унутраную лёгіку й устойлівы правапіс – праз што „тарашкевіцкая” лацінка стала асноўнай у пераданьні беларускай мовы ў заходніх навуковых выданьнях (напрыклад, у амерыканскім Journal of Belarusian Studies).
Хаця лацінка й ня зрабілася з працягам часу асноўным альфабэтам, але прадоўжвае карыстацца й пасюль. Нікуды ня знікаюць яе відавочныя прывілеі – дыстанцаванасьць ад расейскай, далучэньне да больш развітай у лацінцы тыпаграфікі ды зарзумеласьць для той большасьці славянскіх народаў, якія ня звыклі да кірыліцы – Палякаў, Чэхаў, Славакаў, Кашубаў, Лужычанаў, Харватаў, Чорнагорцаў, Славенцаў, Башнякоў.
Дзьве іншыя беларускія азбукі карыстаюцца пасюль значна шырэй і вельмі канкурэнтна. Гэта можна ўбачыць ужо з таго, што беларуская Вікіпедыя існуе ў двох правапісах – тарашкевіцкім ды афіцыйным, прычым зьмест артыкулаў значна адрозьніваецца. Кожны з двох правапісаў мае свае плюсы.
Так, наркамаўка або „афіцыйны правапіс”, як сыстэма безумоўна нясе ў сябе здаровае ядро спрошчанага (у сураўненьні з тарашкевіцай) напісаньня, якое пазьбаўляе ад неабходнасьці адзначаць пазіцыйнае памягчэньне зычных ды іншыя рысы артыкуляцыйнага ўзроўня. Распаўсюджнае мяркаваньне, нібы пазьбаўленьне ад мяккіх знакаў зьмяніла й самае вымаўленьне, цяжка лічыць чымсьці апрача міта – усё-ткі кожная мова ўсвойваецца раней, чым чалавек пачынае пісаць. Суседская Беларусам літоўская мова мае гэткую ж звычку да зьмягчэньня шэрэга зычных перад „i” ды „е”, што не адзначаецца й ніколі не адзначалася на пісьме, але ж спосаб запісу ніколі ня ўплываў на літоўскае вымаўленьне.
Але, як часта адбываецца, па часах і спосабах насаджэньня, гэтая артаграфія адразу атрымала ідэалягічную афарбоўку, з-за якой і набыла у новыя часы мянушку „наркамаўкі”, – тым больш, што ў камплекце з рацыяналізацыяй правапісу, савецкі правапіс (як гэта было й з украінскай артаграфіяй) зьмяніў напісаньне з заходна-эўрапейскага на тое, што ўспрыймаецца як русіфікаванае: лампа, эфір, пафас – так ці інакш, гэткія напісаньні набліжалі беларускую мову да расейскай, а адначасовая пераарыентацыя нормы да выбару „мая” замест „траўня” ставіла новую артаграфію ў рамы чыста русіфікацыйнай кампаніі, узмоцненай рэпрэсыямі супраць беларускай лінгвістыкі ды літаратуры.
Разам з тым, наркамаўка, ня гледзячы на моцную стыгматызацію, засталася азбукай, якой карыстаецца сучасная беларуская школа, афіцыйныя выданьні, беларускае заканадаўства – што ў нейкай меры ставіць яе неўтральнай у вачох шматлікіх карыстачоў.
Тарашкевіца, якой шырока карыстаўся беларускі эмігранскі друк, так і не атрымала пасюль афіцыйнага статусу ў Беларусі, што не перашкаджае шматлікім выдавецтвам (або асобна аўтарам) друкавацца тарашкевіцай як у самой Беларусі, так і ў Польшчы, Літве, Амэрыцы.
Так, папяровае выданьне „Віленскага Покера” была выдадзенае тарашкевіцкім правапісам, што здаецца натуральным выбарам для віленскага выданьня аб віленскіх справах і з адбіткам віленскай гаворкі. Але ж для электроннага выданьня быў выбраны іншы падыход – падрыхтаваць выданьне ўсімі трымя правапісамі. Асноўнай мэтай гэткага вырашэньня было прадэманстраваць – ня так і шмат раздзяляе тых, хто абірае адзіны правапіс ды тых, хто абірае другі ці трэці. Больш за тое сучасныя тэхнічныя сродкі дазваляюць зьдзейсніць гэткую ўсёальфабэтнасьць цалкам лемантарнымі сродкамі. Для зыходнага тэкста, набранага тарашкевіцай, было напісана два трывіяльных скрыпты: скрыпт для лацінкі большасьцю адбываецца праз простую падстаноўку лацінскіх літараў на месцы кірылічных (з улікам таго, што ў лацінскім правапісе адрозьніваюцца мяккія й цьвёрдыя зычныя – l/ł, n/ń, c/ć, s/ś, – там дзе ў тарашкевіцы розніца перадаецца дапамогай мяккіх знакаў ды ятызаваных літараў, адлюстроўваючых галосныя пярэдняга раду: е, я, і, ю).
У выпадку наркамаўкі канверсыя запатрабавала ня толькі пазбавіцца ад мяккіх знакаў, але таксама ўлічыць і зьмены напісаньня кшталту „кабінэт”, „пэйзаж”, „лёгіка” на больш засвоенныя „кабінет”, „пейзаж”, „логіка” ды таксама улічыць вылучэньні, ў якіх якраз застаецца адзнака змякчэньня (васьмі, пісьма і г.д.), – але й гэта было справай некалькіх хвілін.
Калі б было вядома, што знойдзецца хаця б тузін чытачоў, для якіх зручней беларуская арабіца – была б падрыхтаваная й чацьвёртая версыя.
Беларуская культура, як здаецца, дарасла да таго узросту, у якім прываблівае й складанасьць, шматслойнасьць, камплекснасьць, а ня толькі простасьць й адсутнасьць выбару, – яна можа насалоджвацца сваёй варыятыўнасьцю. Выдаючы гэткую кнігу хочацца мець надзею, што яна не застанецца кур’ёзам, рэдакцыйным дзівацтвам, але будзе заўважаная выдавецкай грамадай ды аўдыторыяй чытачоў як нейкі першы крок у кірунку новых і цудоўных прастораў.
„Віленскі покер” Рычарда Гавяліса – пераклад праграмнага раману літоўскай літаратуры, адной з найбольш тыражаваных літоўскіх кнігаў – і адной з самых неадназначных.
Крымінальны сюжэт – гібель джазавага піяніста й матэматыка ў дзіўнай дарожнай аварыі – прэцызыйна ўпісаны ў савецкую рэчаіснасьць з яе стукачамі, службовымі раманамі, КГБістамі, нелегальнымі канцэртамі, радыёкропкамі, лютым сэксам, крамай кружэлак на галоўным прашпэкце, танным алькаголем, помнікамі Леніну й свабодай паленьня паўсюды. Дэтэктыўнае дасьледаваньне грае ў рамане ролю й рухавіка сюжэту, і – у той жа час – інструмэнта дэканструкцыі савецкай рэчаіснасьці. Дасягнуўшы канца кнігі, чытач прымушаны чытаць яе зноў, каб раскрыць забойцу ў коле дысыдэнтаў, палкоўніцкіх дачок, былых лягернікаў, мінакоў, тутэйшых, трамбаністаў, палякаў, дарожных рабочых, наркаманаў. І гэтак слой за слоем, як цяпер праходзяць гульні кшталту Automata.
Ня менш рэалістычная й дакумэнтальная сама структура „Віленскага покеру”. Раман будуецца з чатырох частак, кожную з каторых распавядае адзін з трох з паловай асноўных герояў. Кожны па свойму яны бачаць сусьвет у самым літаральным сэнсе выразу. Даты, людзі ды падзеі складаюцца ў адно несупадзеньне за другім у тэксьце, аўтар каторага ня мае боскага кантролю над сюжэтам. Праўда, як пісаў пазьней Гавяліс, асноўваючыся на прынцыпах тапалёгіі, не бывае такой або гэткай, але і такой, і гэткай, і яшчэ іншай адначасова.
З моманту зьяўленьня „Покер” аднадушна абвяшчаецца адной з галоўных кнігаў пра Вільню. „Віленскі покер” зьяўляецца літоўскім „Улісам”. Дэфініцыя мае сэнс, калі ўсьведамляць, што „Уліс” тут адзначае не канкрэтны раман Джойса, а тып тэксту, нейкі відавочны жанр буйнай гарадзкой аповесьці, абавязкова ўключаючай у сабе: раку, новыя тэхнічныя прыёмы пісаньня і, галоўнае, усю гарадзкую тапаніміку, падрабязныя маршруты з сапраўднымі назвамі вуліц, прашпектаў, завулкаў, пляцаў, кантораў, узвышшаў, бараў, гатэляў, помнікаў і г.д. Менавіта гэткую кнігу быў квапіўся скласьці Андрэй Белы аб Пецярбургу, і роўна так напісаныя: першая частка „Ўдалага ваякі Швейка”, „Мадэль для зборкі” Картасара, „Адам Буэнасайрэс” Леапольда Марэшаля ды „Бэрлін Аляксандарпляц” Дёбліна. Але большасьць вялікіх гарадоў яшчэ чакае свайго раману.
Як яно выглядае сапраўды? Вось параўнальны фрагмэнт:
„Асабліва важнымі сталі дрэвы – як людзі, кожнае ўсё іншае. […] Мы глядзім на дрэвы зусім па-іншаму, чым калісь. Калісьці яны былі толькі раслінамі, маглі даваць цень ці дарыць плады. Мы не адчувалі, што любое дрэва можа быць адным з нас. Не адчувалі, што кожны з нас трохі з’яўляецца дрэвам. Цяпер адчуваем, глядзім на іх як на сваіх. Нічога не здарылася, толькі людзі трохі здзервянелі, толькі дрэвы трохі злюднелі. А так…”
„Asabliva važnymi stali drevy – jak ludzi, kožnaje ŭsio inšaje. […] My hladzim na drevy zusim pa-inšamu, čym kaliś. Kaliści jany byli tolki raślinami, mahli davać cień ci daryć płady. My nie adčuvali, što luboje dreva moža być adnym z nas. Nie adčuvali, što kožny z nas trochi źjaŭlajecca drevam. Ciapier adčuvajem, hladzim na ich jak na svaich. Ničoha nia zdaryłasia, tolki ludzi trochi ździervianieli, tolki drevy trochi źludnieli. A tak…”
„Асабліва важнымі сталі дрэвы – як людзі, кожнае ўсё іншае. […] Мы глядзім на дрэвы зусім па-іншаму, чым кaлісь. Калісьці яны былі толькі расьлінамі, маглі даваць цень ці дарыць плады. Мы не адчувалі, што любое дрэва можа быць адным з нас. Не адчувалі, што кожны з нас трохі зьяўляецца дрэвам. Цяпер адчуваем, глядзім на іх як на сваіх. Нічога ня здарылася, толькі людзі трохі зьдзервянелі, толькі дрэвы трохі зьлюднелі. А так…”
Паўліна Вітушчанка