
Валер Дранчук – адзін з таленавітых беларусаў, якім мы сёння можам ганарыцца. Ён скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, працаваў у раённых газетах Беларусі, у газеце „Звязда”, у сакратарыяце Вярхоўнага Савета і Кабінеце міністраў Беларусі, у часопісах „Беларусь” і „Родная прырода”. Выкладаў курс фотарэжысуры на факультэце журналістыкі, праводзіў пленэры, прысвечаныя маляўнічай Бацькаўшчыне, рэдагаваў экалагічную газету „Белавежская пушча” і шмат–шмат яшчэ ажыццяўляў на ніве экалогіі і прыроды. Ён – пісьменнік, журналіст, фотаграфік, дызайнер, выдавец, эколаг, вандроўнік і проста цікавы і вельмі адукаваны чалавек.
Валер Дранчук у 1999 годзе быў узнагароджаны нацыянальнай прэміяй Генры Форда „За захаванне культурнай спадчыны і навакольнага асяроддзя” і літаратурнай прэміяй імя Алеся Адамовіча ў 2001 годзе.
Сёння спадар Валер Дранчук пагадзіўся адказаць на пытанні карэспандэнта нашага „Сzasopisa”.
Спадар Валеры, давайце пачнем нашу гутарку з Астравецкай АЭС. Вы выступаеце супраць будаўніцтва і ўвядзення ў эксплуатацыю гэтай АЭС. Чаму? У Францыі АЭС шмат, і ніхто там не крычыць, не трывожыцца. Чаму мы павінны хвалявацца? Можа гэта нейкі страх пасля Чарнобыльскай АЭС?
– Мая пазіцыя – хвалявацца і трывожыцца не толькі за Астравецкую, але за ўсе да адной, дзе б яны ні стаялі. Я супраць усіх і паўсюль. Францыя альбо Польшча, Нямеччына ці Турэччына, Японія ці Расія. Гэта смяротная пастка. Пагроза і небяспека жыццю. Прорва для будучыні. Для Беларусі, якая больш, чым хто, глынула радыяцыі, – перадусім яе прыклад. Я выступаў і выступаю, каб мы заставаліся чыстымі ад АЭС, не будавалі і ніякім чынам не пашыралі экспансіі „мірнага” атаму. Ад самага пачатку спрабаваў перавесці акцэнт з „сіндрому Чарнобыля” на патрыётыку і мараль, на выбар высакародных прыярытэтаў, як стрыжнявы маральна–этычны момант дзяржаўнай постчарнобыльскай палітыкі. Я пісаў пра гэта і дзе мог даводзіў сваю пазіцыю.

Цяпер відавочна, якую Беларусь мы страцілі. Антыядзерную, антыатамную, патэнцыяльна альтэрнатыўную (што да відаў энергіі) дзяржаву ў цэнтры Еўропы. Як відавочна і тое, што ў краіне аўтакратыі гэта ўявіць немагчыма. Вядома, не толькі гэты, маральна–этычны, аспект я меў на ўвазе, матывуючы недапушчэнне АЭС у краіне. Беларусь падпісала Орхускую канвенцыю, паводле якой будаўніцтва роўню АЭС павінна шырока і шматбакова абмяркоўвацца, а гэта не абы–якая працэдура, да яе аніяк не была гатовая ўлада. Тут конь не валяўся. Больш за тое – Лукашэнка стукаў кулаком аб стол і гразіўся ўсіх нязгодных запісаць у „ворагі народа”. Мабыць, я быў першым у спісе, бо яшчэ задоўга да прыняцця рашэння аб будаўніцтве ўсяляк ствараў нагоды папярэдзіць грамадства аб нашэсці ганьбы і пошасці.
І сёння лічу, што тое рашэнне прынятае незаконна, яно супярэчыць правам чалавека – перш–наперш праву на жыццё (артыкул 6 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека ад 1948 года), не кажучы пра іншыя міжнародныя пагадненні, згодна з якімі будаўніцтва Астравецкай АЭС неправамоцнае.
І таму, як толькі заматляўся на беларускіх даляглядах прывід АЭС , я пачаў выказвацца ўголас: найперш пра асаблівую адказнасць Беларусі як найбольш пацярпелай краіны ў загульваннях з атамным лобі, а па–другое, пра абавязак перад Орхускай канвенцыяй. Пра астатняе казалі іншыя. Супрацьстаяць было немагчыма ва ўмовах аўтарытарнага антыбеларускага кіравання. Сёння мы твар у твар з ядзернай індустрыяй на сваім падворку. Пакуль гэты кацялок не запрацаваў, лічу, няпозна сумленным дасведчаным людзям рашуча агучваць пратэсты. Апошні час яны рэгулярна чуюцца толькі з боку суседняй Літвы. Мушу зрабіць своеасаблівы камплімент літоўцам: яны бачаць свой „інтарэс” і шмат робяць за нас, беларусаў. Праўда, падчас апошняй выбарчай кампаніі асобныя нашы апазіцыйныя прэтэндэнты на месца ў „парламенце” замаўлялі гэты пратэстны антыатамны пункт – супраць уводу ў эксплуатацыю БелАЭС. І гэта ўжо няблага.
Вы былі заснавальнікам газеты „Белавежская пушча”. Якую ролю сыграла газета ў нашай гісторыі, у экалагічных праблемах? Чаму газета спыніла сваё існаванне? Ці яна проста выканала сваю місію?
– Пачну з канца. Мяркую, ролю сваю газета выканала большай часткай у агучванні канцэптуальных, агульна гуманістычных, блізкіх да міжнародных, падыходаў і поглядаў, іх разумення. Гэты напрамак ані не засланяў бягучых праблем, усё сумяшчалася, дапаўняючы адно другое. Напрыклад, калі мы на пачатку нумара ставілі як вялікі клічнік Артыкул 6 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека (пра які я ўжо згадваў), далей развівалі гэтую тэму інтэрпрэтацыяй магчымага паўтарэння Чарнобыля праз будаўніцтва АЭС на сваёй, засмечанай радыяцыяй зямлі. Калі гэта былі Канвенцыі – Орхуская, Рамсарская ці Аб біялагічнай разнастайнасці, то абавязкова ўводзілі ў кантэкст і свае „мясцовыя” праблемы: удзел грамадскасці ў прыняцці экалагічна важных рашэнняў, захаванне балотаў або лясоў, стан запаведных тэрыторый.

Роля ў гісторыі, экалагічным руху? Лічу, яна досыць значная, хоць не мне пра гэта казаць. Але тут я зраблю сціплы жэст. Скразным героем газеты (у пэўным сэнсе і аўтарам) быў рэальны чалавек, і я аддаю гісторыі менавіта ягоную ролю як чалавека сумлення і праўды пушчы. Гэта карэнны пушчанец, арнітолаг, таксідэрміст, былы дырэктар музея прыроды Уладзімір Дацкевіч. Спачатку я ехаў „у пушчу”, а пасля ўжо да яго – светлай памяці Уладзіміра Апанасавіча. Ён дапамог мне ў тэме запаведнасці на прыкладзе Белавежскай пушчы. Алярмічны і разам з тым рацыянальны, дасведчаны чалавек, Дацкевіч не пакідаў даводзіць, што пушча ўгроблена і, бадай, страчана для будучыні, што ўся яе „запаведнасць”, нечапанасць і казка – гэта вялікі міф. Калі нехта думае, што ён памыляецца, няхай прачытае ягоную кніжку „Маё жыццё ў Белавежскай пушчы. Роздум, падсумаванні” (Мінск, 2010, Мон–літэра), якую я ўклаў і выдаў з дапамогай прафесара Багумілы Енджэеўскай (Польшча). А мой газетны праект, на жаль, мусіў перапыніцца з прычыны шматлікіх перашкод з боку дзяржавы. Гэта не былі нейкія адрасныя перашкоды, але была, і гэта дакладна, палітыка неспрыяння малой незалежнай прэсе. Ды што казаць пра малую, калі вялікая прэса знікала, сыходзіла цэлымі крыгамі. Зніклі ў Беларусі выданні „Свабода”, „Пагоня”, „Навіны”, „Белорусская деловая газета”, „Імя” і іншыя.
Не буду хаваць, спрычыніўся і пэўны асабісты фактар, не хапіла другога дыхання. Доўгі час я быў чалавекам–рэдакцыяй. Не таму, што меў празмерныя амбіцыі, хоць праект, несумненна, амбітны, а хутчэй таму, што мусіў гэта рабіць – было як заданне зверху, загад нябёсаў. Браў на сябе і адказнасць, і пэўную смеласць, і рызыкаваў. Гэта была надзвычай ахвярная праца. Скажу больш. Ці не з першага нумара я шукаў паплечнікаў, каб пашырыць рэдакцыю, запачаткаваць калектыў. Усе мае спробы, як не дзіўна, натыкаліся на… амбіцыі ці нерашучасць калег–экалагістаў. Большасць хацела заставацца ў сваёй нішы, не рызыкаваць, не браць на сябе зашмат. Дарэчы, толькі першыя тры нумары былі зробленыя за выйграны грант. Далей я шукаў грошы сам, займаўся прадпрымальніцтвам.
Я баюся перабольшыць ролю газеты. Але гэта было вельмі важна для мяне самога. На сваім прыкладзе я выхаваў сына, мне спрыяла сям’я. І я зрабіў тое, на што быў здольны, можа, трошачкі больш. Аднак зусім не значыць, што выданне споўніла сваю ролю. Далёка не.

І апошняе. Напрыканцы года зноў, праз дзесяць гадоў перапынку, газета ўзнаўляе выхад, рыхтуецца свежы нумар „Белавежскай пушчы”, праўда, у pdf–версіі. Эпізадычна будзем ладзіць і папяровыя прэзентацыі. Змакетаваны першыя старонкі. Сярод іншага друкуем фрагменты з будучай кнігі колішняга дырэктара запаведна–паляўнічай гаспадаркі Сцяпана Качаноўскага, бадай, самага апальнага кіраўніка, які не збаяўся супрацьстаяць машэраўскай уладзе, як мог ратаваў пушчу.
Мне здаецца сёння якраз не хапае ў Беларусі сур’ёзнага экалагічнага выдання, як Вы думаеце?
– Гэта, напраўду, так. Не стае вельмі востра. Да сораму брыдка за гэта. Задавальняцца часопісам „Родная прырода” не выпадае. Ён страціў добрыя традыцыі, бадай, памёр як экалагічнае выданне. Звязваю гэта і з той яго абразлівай рысай, што з чытачом ён размаўляе пераважна па–руску. Людзі, якія гэта робяць і не адчуваюць, што мова карэннага этнасу (жывая, добрая мова!) – арганічная частка той самай натуры, біяразнастайнасці, духоўны грунт узаемаадносін чалавека і наваколля, – у рэшце рэшт асуджаныя на марны вынік сваёй працы. Паглядзім. Нешта новае мусіць з’явіцца. Як „Наша ніва” пачала рабіць „Нашу гісторыю”, гэтаксама пачне рабіць і „Нашу прыроду”, якой будуць зачытвацца. Але гэта не больш, чым маё асабістае прадчуванне. Што да гістарычнай тэмы, тут большы даробак, большы пласт папярэдняй працы, большая школа. У экалогіі інакш, інтэрпрэтацыя, выклад сучасных праблем, дый наогул самога прадмета з мноствам складнікаў, патрабуе яшчэ і вялікага густу, нейкай трапяткой чуллівай эстэтыкі, разумення цэласці і непарушнай сувязі, дзе „ўсё звязана з усім”. Але варта пачынаць і ўсё паціху знойдзецца.
Вы з’яўляецеся стваральнікам брэнда „Маляўнічая Бацькаўшчына”. Што гэта за брэнд?
– Калі коратка, гэта каляндарная серыя. Спачатку пад такой назвай я сабраў на сваім родавым хутары першы дзіцячы экалагічны пленэр. Было гэта ў 2001 годзе. Акурат супала, што акцыянерная кампанія „Мінскводбуд” папрасіла зрабіць вялікафарматны шматстаронкавы каляндар, я даў згоду і прапанаваў экалагічны накірунак, родную мову, а неўзабаве і тэму – „Нясвіж. Водна–паркавы краявід”. Прапановы былі прынятыя. Так запачаткавалася каляндарная серыя. Час сімвалічны, стартавала ХХІ стагоддзе. Штосьці духаўздымнае было і ў гэтым часе, і ў нашай ідэі. Генеральны дырэктар Сцяпан Паўловіч выявіў сябе як прагрэсіўны і культурны кіраўнік, усё пайшло добра. Дзякуючы яму і калектыву „Мінскводбуда” я змог укласці ў каляндарныя выпускі такія тэмы як „Святыя крыніцы”, „Дубы і дубровы”, „Балоты і рэкі”, зрабіць юбілейныя календары – да 200-годдзя Напалеона Орды (2007) і 130-годдзя беларускіх песняроў Янкі Купалы і Якуба Коласа (2011, 2012), паказаць выдатную пейзажную спадчыну з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея. Па выніках 10 экалагічных пленэраў „Маляўнічая Бацькаўшчына” выйшаў каляндар–спадарожнік і першы нумар часопіса дзіцячай пленэрыстыкі з аднайменнай назвай. Апошнія тры гады ладзім выпускі календароў нясвіжскай талакой – удзельнікі, пераважна сябры Таварыства беларускай мовы, крэдытуюць даступны друк і затым атрымліваюць аплачаны асобнік. Я ахвотна назаву гэтыя календары: „Ідыліі. Самадзейны мастак Хведар Вініцкі”, „Невядомая Нясвіжчына” і „Маляванкі ў ваш дом”. На сёння серыя налічвае 17 календароў. Задум на столькі ж. Хапіла б гадоў…
Гэта добра і дзякуй Вам, спадар Валеры! А што сабой сёння ўяўляе прырода Беларусі? Чым яна адрозніваецца ад прыроды Польшчы, Літвы, Украіны, Расіі? Чым і кім мы можам ганарыцца і за што перажываць?
– На жаль, можна казаць пра тое, што засталося. Хутчэй гэта мікраўзровень, узровень вачэй. Вось я люблю травень. Сяджу на хутары, слухаю птушак, – суцэльны рай, жыві і радуйся. Але гэта не для мяне. Бо ведаю, што ў гэты час, калі я любуюся на матылькоў, адбываецца нейкая брыдота ў адносінах да прыроды, нашых ваколіц. Няспынны колазварот знішчэння і руйнавання: спусташаецца лес, руйнуецца крыніца… Праектныя інстытуты не спяць. Я наведваўся ў іхнія кабінеты. Ведаеце, што яны кажуць? „Дык там жа людзей няма, вёскі пустыя…” Дактрына, аднак! Тое, што ўжо вышэй вачэй, тое, чаго мы не бачым.

Надзвычай адчувальны ўдар па нашым архетыпе быў зроблены так званай меліярацыяй 60-х гадоў мінулага стагоддзя. Нечуваны здзек і гвалт. „Скальпаванне” ваколічнай мадэлі па ўсёй краіне, нашага першавобразу. Асушэнне і агаленне поймаў з сотнямі, тысячамі крыніц. Вялікі звод вады Беларусі. 80 адсоткаў рэчак былі каналізаваныя, спушчаныя ў каналы вышынёю ў два–тры чалавечыя росты. У 2016 годзе аўтакратыя Лукашэнкі вырашыла паўтарыць прызабытае здзерства, дала адмашку на „трэцюю меліярацыю”. Не паверыце, літаральна два месяцы таму разам з нашым „белавежскім брацтвам” баранілі ад гэтага чарговага нашэсця саму пушчу. Праект называўся „рэканструкцыя меліярацыйных сістэм 1969 года”. Ды дзе! У Белавежскай пушчы, нацыянальным прыродным парку, сусветным біясферным запаведніку!.. Дайшлі чуткі, што зноў перакапаныя ды пераараныя ўлонкі на вытоку Нёмана на тэрыторыі Уздзенскага раёна. Маўчу пра асабістае: два гады я бараніў сваю рэчку Гавязнянку на роднай Стаўпеччыне. Дык вось, я што хачу сказаць? Калі асушальна–спусташальная „меліярацыя” прыйшла ў Белавежскую пушчу з яе статусам Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА, дык чаго застаецца чакаць на астатняй нічым неахаванай тэрыторыі краіны. Яна зноў стала аб’ектам самай нялюдскай і жорсткай гаспадарчай экспансіі, якую ведаем з 1960-х гадоў.
Я праехаў на ровары часткай Польшчы, пачынаючы з прыбужскіх берагоў, дзе Цярэспаль, і далей за Віслу, дзе Пулавы. Вандроўка доўжылася больш за тыдзень, я свядома аб’язджаў гарады, каб убачыць сельскі краявід: лес, рачулкі, рэльеф. Селішчы, хутары, пакінутыя сядзібы. Як людзі ставяцца да прыроды. Дзе будуюць храмы, школы. Якія дрэвы шануюць і гд. Мне важна было параўнаць. Тым самым я лепш спазнаў Беларусь, тое, што дома. Так было, калі меў магчымасць для параўнанняў у Швецыі, Нямеччыне, Злучаных Штатах. Не раз казаў і кажу: краявід краіны, раёна, мясцовасці – гэта рынкавая каштоўнасць. Вы там лічыце залатыя запасы дзяржавы, а яны тут – як на далоні. Дарога, самотнае дрэва, прысады, рэльеф, сілуэты… Пералік можна доўжыць. Я ўжо не кажу: лес, крыніца, багна, рачулка з чысцюткай вадой. Гэта першавобразы. Каля Міра расце ліпа – сем паверхаў вышынёю. Шэдэўр, мадонна Беларусі. Пра яе, апроч мяне, ведае хіба з дзесятак чалавек, апантаных краялюбаў, – не больш. І самае драматычнае тут – што ліпу могуць лёгка прыбраць як стратны чыннік для сельгасвытворчасці. Замінае! Прыклады ўжо ёсць.

Але з усіх прыродных прэзентацый для мяне – найперш – гэта наша беларуская раўніна. Захапляюся менавіта ёю, фатаграфую, малюю, паказваю. І нарадзіўся ў такой мясціне, а гэта Стаўпецкая Панямонь, дзе за секунды часу я магу зрабіць „кругасветнае” падарожжа – мне адкрытыя ўсе бакі свету, злучаныя ў адну раўнюткую лінію гарызонта. На гэтай лініі пад сотню вёсак, з дзесятак ручаінаў–прытокаў, тры лясы, дуброва ды шмат іншага непаўторнага скарбу. Нават калі ад’едуся і бачу іншы пейзаж, за плячыма ўсё роўна мая раўніна.
Над чым сёння працуе эколаг і пісьменнік Валеры Дранчук?
– З самага апошняга – са Станіславам Суднікам распачалі серыю паштовак „Азбука экалогіі: краявід. Запомні мяне такім”. З ім жа рыхтуем трэці нумар краязнаўчага часопіса „Нясвіжскія каеты”. Пра газету „Белавежская пушча” я ўжо сказаў. А зімой сяду за некалькі кніг. Пра след знішчальнай меліярацыі ў маім лёсе, назвы пакуль няма, і пра гісторыю адной забудовы ў Нясвіжы, эсэ–расследаванне (тэкст гатовы, застаецца звярстаць і выдаць). На стале кнігі краязнаўцы Наталлі Плаксы „Кунтуш Радзівіла” (дызайн, вёрстка) і згаданая вышэй кніга Сцяпана Качаноўскага (рэдагаванне, дызайн). Ды… паціху пачну рыхтаваць чарговы „Каляндар-2021”. Гэты год у мяне юбілейны.
Гутарыў
Сяргей Чыгрын