
У лесе непадалёк майго Паўднёвага Вострава прызямліўся беспілотнік. У той дзень якраз рабіў я на сваім вясковым панадворку восеньскія парадкі. Было даволі цёпла, прыгожа свяціла сонейка. Недзе ў поўдзень, зграбаючы лісце з-пад дрэў, раптам пачуў шум на небе ад паўночнага ўсходу, недзе паміж Крынкамі і Шудзялавам. Зразу падумаў, што гэта верталёт. Ужо каторы год прыходзіцца мне часта іх бачыць, як патрулююць памежную зону, каб лавіць імігрантаў, што ўвесь час нелегальна дабіраюцца з беларускага боку. Нярэдка з Беластоку ў экстранных выпадках прылятае таксама верталёт хуткай дапамогі.
Таму я нават не глянуў на неба. Гук даходзіў ціхі, таму падумаў, што верталёт быў далёка і паляцеў у іншы бок, бо хутка цалкам сціх.
На наступны дзень раніцай захацелася мне пайсці ў лес на грыбы, але так і нічога не знайшоў. Вяртаючыся дадому напаткаў суседа, які жыве на ўскраіне нашай вёскі. Ён мне расказаў, што позна ўвечары бачыў, як памежнікі з вайскоўцамі хадзілі па лесе з ліхтарыкамі і чагосьці шукалі. Суседу спатрэбілася яшчэ пад’ехаць у Крынкі, каб нешта купіць у краме. Па дарозе дагнала яго машына памежнай службы. Сарыентаваліся, што ён мясцовы і нічога не правяралі. Сусед адважыўся спытаць, чаго яны шукаюць у лесе. Пачуў, што coś spadło.
Знайшлі тое толькі на другі дзень, а на трэці Памежная служба пра здарэнне паінфармавала ў Інтэрнэце.
Аказалася, быў гэта дрон з кантрабандай, які перакінуў праз мяжу 400 пачкаў цыгарэт з акцызнымі маркамі Беларусі. Прыляцеў найхутчэй з Гродна. Яго заўважыў жыхар Шудзялаўскай гміны і павядоміў тамашнюю Памежную заставу.

Fot. Podlaski Oddział Straży Granicznej
Калі ў гушчары ў лесе ўрэшце знайшлі ўпаўшы там самалёцік, выклікалі спярша пажарнікаў і паліцыю. Было пэўна падазрэнне, што гэта дрон з зарадам выбуховага рэчыва, як выкарыстоўваныя на вайне ў Украіне. Былі ж нядаўна выпадкі, што даляталі яны таксама ў Польшчу. Як правакацыя Расіі, так кажуць.
У гэтым выпадку знойдзена была не баявая машына, але нейкая самаробная. Тым не менш следчыя спрабавалі ўдакладніць маршрут палёту, месцы ўзлёту і пасадкі, а таксама знайсці сляды, якія маглі б давесці да аператара. Службы не выключаюць, што маем тут дачыненне з буйной кантрабанднай сеткай.
Узнікае тут аднак пытанне, на які прыбытак гэта разлічана. Бо ж такі самалёцік многа больш каштуе чымсьці знойдзеныя ў ім цыгарэты. Хіба што кантрабандысты выдаткаваліся на такую штуку, каб лётала з Гродна і вярталася назад па наступныя пачкі цыгарэт. Але ці паветраная ахова мяжы не рэгіструе такіх нізкіх пралётаў? Хіба так, бо гэта ж не птушкі, хаця і іх сучасныя прылады вылаўліваюць.
Чаму службы не прыхаваліся, каб пачакаць, калі хтосьці з’явіцца, каб забраць той самалёцік з цыгарэтамі? Некаторыя кажуць, што ў неспакойны час магло гэта быць спробай праверкі шчыльнасці мяжы з Польшчай з таго боку. Няўжо ж?
Юрка Хмялеўскі, Галоўны рэдактар












