Pa prostu / Па-просту

  • Płacz zwanoŭ

    21. Samaabarona i śmierć Żyda Berszki (2)

    Savieckaje vojsko i pahraniczniki spaczatku ŭsich ludziej z hetych troch viosak vyvieźli za Śvisłacz na zborny punkt u Nieparożnicach. Zahadali im usio z saboju zabrać, szto tolko mahli ŭziać na furmanku. Pośle saviety mieli ich parassyłać dalej u Biełaruś. Raptam pryjszoŭ zahad, szto kali chto…ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Po pudlaśki / По-пудляські

  • Kinoman

    8. Kuneć sielanki

    Nocami z pod ramion krzyżów na rozdrogach sypie się gwiazd błękitne próchno chmurki siedzą przed progiem w murawie to kule białego puchu dmuchawiec Księżyc idzie srebrne chusty prać świerszczyki świergocą w stogach czegóż się bać (Józef Czechowicz, „Na wsi”, 1927) Jak mniê diś dumajetsie, dekada… ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

RSS і Facebook

Гутарка

Сяргей Панізьнік: „І свеціцца ў лагодзе сяброўскае аблічча…”

Светлага і шчырага чалавека, таленавітага і мудрага літаратара Сяргея Панізьніка ведаю даўно. Нават і не памятаю, калі і дзе з ім пазнаёміліся. Але добра запомніў той дзень, калі ўпершыню трымаў у руках ад яго падарунак –  цудоўны зборнік гістарычнай літаратуры „Бацькаўшчына” (Мінск. „Юнацтва”, 2000), які ўклаў Сяргей Сцяпанавіч.

Гэты зборнік ён даслаў мне ў Слонім. Прытым нічога не кажучы і не папярэдзіўшы. А прысвячалася выданне беларускай духоўнай літаратуры. Па творах, якія былі надрукаваныя ў зборніку, можна прасачыць, як на працягу стагоддзяў наша Роднае Слова набывала ўзнёсласць, адухоўленасць, умацоўвалася Боскімі Верай, Надзеяй і Любоўю. Кніга налічвала 382 старонкі. У ёй укладальнік сабраў самыя лепшыя духоўныя творы нашай літаратуры і ўключыў мой верш „Касцёл Святога Андрэя ў Слоніме”. Такі салідны альманах і шмат вялікіх аўтараў надрукавана ў ім, і я – сярод іх. Прыемна мне было.

Потым шмат разоў з Сяргеем Панізьнікам сустракаўся на розных імпрэзах, да сённяшніх дзён атрымліваю ад яго кнігі з аўтографамі, вядзем перапіску, гутарым, разважаем. Ён мне дапамагаў у пошуках звестак пра беларусаў Латвіі, Чэхіі, Украіны. І цяпер, калі ўзнікаюць пытанні, звязаныя з гісторыяй нашай культуры і яе асобамі, звяртаюся да Сяргея Сцяпанавіча. І ён заўсёды дапамагаў і дапамагае, падказвае, раіць, накіроўвае на правільную сцяжыну пошукаў.

Сяргей Панізьнік – энцыклапедыя нашага жыцця, нашай літаратуры. Такіх у Беларусі сёння асобаў засталося мала. А нядаўна ж жылі і Генадзь Кісялёў, і Генадзь Каханоўскі, і Алег Лойка, і Янка Саламевіч, і Арсень Ліс, і Сцяпан Александровіч… І ўсіх іх ведаў, і любіў з імі гутарыць, разважаць, слухаць іх парады. Побач з гэтымі асобамі можна паставіць сёння і Сяргея Панізьніка – няўрымслівага чалавека, з якім гутарыць можна бясконца. Што я ў апошні час і раблю. Сёе-тое з нашай гутаркі занатаваў і для „Czasopisа”.

Спадар Сяргей, як так сталася, што Вы скончылі Магілёўскае медвучылішча і паступілі не ў медыцынскую акадэмію, а ў Львоўскае вышэйшае ваенна-палітычнае вучылішча на факультэт журналістыкі?

– Каб з новай патрэбай жыць

І шчыраму сэрцу парадзіць

Самога сябе адкрыць

Веку, Радзіме, праўдзе.

А сталася так, што паводле народнага звычаю маім хросным бацькам стаў фельчар Лявонпальскай бальніцы Леў Іванавіч Кураш. Яго першым напаткаў мой родны бацька Сцяпан, калі вёз мяне ў царкву правесці хрышчэнне сына. Гэта было ў 1942-м, а ў 1969-м, каля я заканчваў Лявонпальскую дзесяцігодку, уся акруга прыдзвінская ведала, што Леў Кураш – знакаміты лекар, які толькі чуйнай душой і слухаўкай вызначаў дыягназ, надзейна лекаваў людзей. І я, выпускнік школы, які ўжо друкаваў вершы ў раённай газеце, вырашыў, што таксама буду фельчарам, бо мой хросны бацька – прыклад служэння людзям.

Пазней я сам, будучы фельчарам, пісаў пра фельчара Льва Іванавіча Кураша (1894 –1973), перасылаў здымкі славутага лекара ў райгазету. Невялікі раздзел пра майго хроснага бацьку прысутнічаў і ў створаным мною ў 1999 годзе Музеі Радзімазнаўства.

Пасля Лявонпаля – мястэчка графа Лапацінскага, пасля Мёраў, Дзісны, Дрысы і Друі на Дзвіне-Рубоне, Магілёў на Дняпры стаў для маіх юнацкіх гадоў пазнавальным экватарам. Адкрыццё Падніколля, а ў закінутых мурах – алтароў – хрыбетнікаў былых бажніц, начаванне ў манаскіх келлях побач будынка тэатра, куды часцяком пры безграшоўі  прыходзілася прабірацца на другое аддзяленне спектакля…

Сяргей Панізьнік
Сяргей Панізьнік

А медвучылішча, дзе ў даўнія часы вучылі на павітух, стала ў некаторым сэнсе мёдвучылішчам. Бо навучалі не толькі фельчарскім абавязкам, пакутным рэцэптурным дозам на лаціне. Я звыкся выступаць на сцэне, маляваць, фатаграфаваць…

І яшчэ адным хросным бацькам, толькі ў лірыцы, стаў для мяне старшыня літаб’яднання пры газеце „Магілёўская праўда” Аляксей Васільевіч Пысін. Былы франтавы сувязіст акрамя заняткаў з пачынальнікамі-вершатворцамі арганізоўваў у горадзе цікавыя сустрэчы са славутымі пісьменнікамі. О, як трымцеў юнак, атрымаўшы першыя дарчыя надпісы на зборніках Максіма Лужаніна, Янкі Брыля, Янкі Скрыгана, Васіля Матэвушава… Справядліва адзначыў Аляксей Пысін (20.03.1020 – 7.08.1981): „Усё, што пройдзена, усё, што прапета, – у вітку застанецца зямным”. І ў памяці ўдзячных нашчадкаў.

Спадар Сяргей, калі я вучыўся ў Магілёўскім культасветвучылішчы, Аляксей Пысін і мае вершы друкаваў у „Магілёўскай праўдзе”. Найвыдатнейшы быў чалавек, паэт, настаўнік творчай моладзі. Часта яго прыгадваю. Але давайце вернемся да медвучылішча…

– Пасля вучобы ў медвучылішчы (1959 – 1962), нядоўгай працы фельчарам у Княжыцах пад Магілёвам, я летам 1962 года быў прызваны  служыць – зноў жа фельчарам – у 310-ы артполк 120-й гвардзейскай дывізіі. Полк стаяў на ўскрайку горада Мінска. І там часта наладжваліся сустрэчы з цікавымі людзьмі. У сакавіку 1963 года, да прыкладу, артылерысты былі на прадстаўленні Лідзіяй Арабей яе кнігі „Мера времени”.

Кожны тыдзень я пасылаў заметкі ў рэдакцыю дывізійнай газеты. Аднаго разу рэдактар маёр Грыншпун пры сустрэчы заіскрыў мяне навіною, што ёсць вучылішча, куды прымаюць воінаў для набыцця журналістскай адукацыі. „Дзе?” – „У Львове…”. Пасля Рыгі, Вільні мне Львоў прагучаў назвай неадкрытай планеты.

І Вы паехалі ў Львоў?..

– І вось у верасні 1963 года я атрымаў дазвол ехаць у Львоў для падрыхтоўкі ўступных экзаменаў. Магу дакладна сказаць, што ў Львоўскім вышэйшым ваенна-палітычным вучылішчы Савецкай Арміі і Ваенна-Марскога Флоту я правучыўся да жніўня 1967 года, атрымаўшы накірунак для афіцэрскай службы зноў жа ў 120-ю гвардзейскую Рагачоўскую дывізію. Але галоўным дыпломам, з якім адправіўся , я лічу творчы: гэта зборнік „Кастры Купалля”, які пераслаў у Львоў стваральнік кніжачкі Рыгор Барадулін.

І чаму навучыла Вас ваеннае вучылішча ў Львове? Чым яно запомнілася? Ці не лепш было б паступіць у БДУ у Мінск?

– Не жыў бы ў сэрцы сум па Беларусі, –

Я Украіну б роднаю назваў…

Было такое: прыкмеціў у Львоўскім музеі вязьмо слуцкіх паясоў з меткай: „Me fecit Slucie” (Мяне стварыў Слуцак”). Уразіла! Бо і мяне стварыў горад, дзе

…і ў галінкі ўрастае бяссмерце,

 і ў карэньчыках Памяць жыве.

Гэта радкі з верша 1963 года. „З Шаўчэнкам каля вярбы ў Стрыйскім парку”. А праз багатыя гады львоўскіх узбагачэнняў мой верш „Песня Украіне”, напісаны ў 1966 годзе, заканчваўся такімі радкамі:

Не жыў бы ў сэрцы сум па Беларусі, –

Я Украіну б роднай называў.

Так, я ўпоўніцу насычаўся незвычайнай творчай атмасферай Львова – Альбова (найменне Альбоў знайшоў у тэкстах гістарычных беларускіх баладаў). Спрыялі гэтаму сардэчныя адносіны львавянаў да курсанта-беларуса. І вось я запрошаны на нараду маладых пісьменнікаў Львоўшчыны (Драгобыч, 1964 г.). Знаёмствы з Міхайлам Шалатам, Яраславай Паўчычка, Міколам Пятрэнкам, Аксанай Сенатовіч і Уладзімірам Лучуком, Іванам Гнацюком, Раманам Лубкіўскім, Рыгорам Нудзьгой, выкладчыкамі ўніверсітэта Іванам Дзенісюком і Міколам Ільніцкім (усіх не пералічыць) прынеслі мне неверагодныя ўзбагачэнні. З’явіліся і першыя пераклады маіх вершаў на ўкраінскую мову. А ў вучылішчы ўглядаліся ў мае вершаваныя радкі курсанты-паэты Анатоль Таран і Антон Міхайлеўскі.

Сяргей Панізьнік і беларускі паэт Пятро Сакол з Латвіі, 1978 г.
Сяргей Панізьнік і беларускі паэт Пятро Сакол з Латвіі, 1978 г.

Курсанты мелі магчымасць наведваць многія творчыя мерапрыемствы.  Запомніліся выступленні Васіля Аксёнава і яго маці Яўгеніі Гінзбург.  У верасні 1965 года ў Доме афіцэраў слухаў гутаркі Г. Глазава, У. Кастрова, С. Куняева, А. Вазнясенскага. Прачытаў свае вершы на той сустрэчы і Алесь Ставер, у тым ліку і прысвячэнне Андрэю Вазнясенскаму. У розных канцэртных залах выступалі Эдзіта П’еха, Святаслаў Рыхтэр, ансамбль „Галічына”, Марыя Пархоменка (родам з Магілёва)… „Пакутавалі” курсанты ад мяне, культорга .

У Львове вучылася наша вялікая паэтка Цётка?

– Дарэчы, неяк начальству вучылішча я напісаў заяву на дазвол вывучаць творчасць паэтэсы-рэвалюцыянеркі Цёткі. Паперка на звальненне перад адбоем вяртала мяне ў казарму да скарынкі з цукрам. А дзе я дабываў звесткі? У Львоўскай навуковай бібліятэцы АН Украіны імя Васіля Стэфаніка (у аддзеле рукапісаў – найперш). Існаваў так званы Беларускі аддзел у Львоўскім музеі Украінскага мастацтва. Праз імя Цёткі можна выявіць адзнакі беларускай прысутнасці ў свеце. Нездарма Пімен Панчанка так выказаўся пра дыфузію культураў: „Мы для братніх народаў бяздонныя верныя донары”. Ну, а калі „мяне стварыў Львоў”, то ён і натхніў мяне на вось такія радкі:

На акварэльнай любаце

бузок у Стрыйскім парку цвіў.

А ў Алаізіным куце

свяцілася: „Мэ фэцыт Львіў”.

Дык якія ж знаходкі тады парадавалі Вас „у Алаізіным куце”?

– У 1906 годзе Пашкевіч Алойза (так імя Цёткі пазначана ў львоўскіх дакументах) пісала Б. Эпімах-Шыпілу, што яна ў Львове з украінцамі-русінамі і ўніятамі заводзіць знаёмствы: „Шмат нам спрыяюць, памогуць у чом сіла”. І найбольшага спрыяння паэтка атрымала ад свайго ратаўніка і апекуна Іларыёна Сямёнавіча Свянціцкага (1876 –1916). Ён падпісваўся і як Свяціцкі, каб узгадаць свае беларускія карані. Гэта ён дапамог „Гаўрылу з Полацка” выдаць у Жоўкве (зараз – Несцераў) чатыры кніжачкі. Яго жонка Анісся Мацвееўна, паказала мне тыя зборнікі Цёткі, таксама даверыла перафатаграфаваць скарбы былога Беларускага аддзела пры Царкоўным, а пазней Нацыянальным музеі ўкраінскага мастацтва. Мы падлічвалі гады яго ўзмужнення. У 1904 годзе Ян Луцкевіч сустрэўся ў Львове з мітрапалітам грэка-каталіцкай царквы Андрэем Шэптыцкім і натхніў яго на стварэнне беларускага музея з набытых Іларыёнам Свянціцкім скарбаў: 100 асобнікаў кніг з 20 даўніх беларускіх друкарняў у Вільні, Еўі, Заблудаве, Магілёве, Супраслі… Былі набыты 23 слуцкія паясы, 12 выданняў Францыска Скарыны і іншыя каштоўнасці беларускай нацыянальнай старадаўняй культуры.

Гэта, сапраўды, цікавыя факты, спадар Сяргей…

– Але вернемся да Алойзы. Каб дапамагчы мне вывучаць дакументы Пашкевічанкі, адна супрацоўніца архіва згадзілася перакласці  з нямецкай мовы некаторыя дакументы слухачкі філасофскага факультэта Львоўскага ўніверсітэта ў 1905 – 1906 гадах. А ў дэканацкай карце на 1907– 1908 навучальныя гады было пазначана абавязковае: „Прысутнасць на лекцыях „Паэзія эліністычная”, „Чытанне і вытлумачэнне гістарычных твораў”, „Сучасная польская літаратура”… А ў каталогу на 1909 год былі пазначаны вось такія тэмы: лекцыі па італьянскім мастацтве, грэчаскай гатычнай архітэктуры, па гісторыі ўкраінскай літаратуры і філасофіі, па агульнай біялогіі.

А што вывучала ва ўніверсітэце Цётка?

– Алойза Пашкевіч вывучала ва ўніверсітэце параўнальную граматыку славянскіх моваў, гісторыю еўрапейскай драмы, гісторыю чэшскага пісьменства. Для атрыманння навуковага звання  трэба было прадставіць даследванні па беларускай батлейцы. Знойдзены былі і такія звесткі, што ў 1908 – 1909 гадах Пашкевіч вучылася на гуманітарным факультэце Ягелонскага ўніверсітэта ў Кракаве. І пакуль у 1911 годзе не выйшла замуж за С. Кайрыса, яна паспела наведаць Італію, Германію, Фінляндыю, Швецыю. Апошнія выезды са Львова-Лемберга ў 1911 годзе – у Вену і ў Закапанэ на лячэнне. А прысутнасць Алаізы Пашкевіч у Львове навідоку: на вуліцы Грушэўскага ўстаноўлены барэльеф у яе гонар. Падымаўся па ступеньках былога будынку ўніверсітэта. Абышоў усе дамы, дзе яна мела прытулак пад час львоўскага побыту. Дзякуючы Пашкевічанцы і Свянціцкаму-Свяціцкаму Львоў стаў родным і мне. Развітваючыся пасля вучобы ў ВВПВ, гаварыў у 1967 годзе Уладзіміру Лучуку, што я ў Львове адчуў духоўную прысутнасць змагаркі Цёткі, а ва ўкраінцах – пачуццё ўзнёслай любові да сваіх шчырых суседзяў-беларусаў. Дарэчы, не так даўно адгукнуўся сын Уладзіміра Лучука і Аксаны Сенатовіч – Іван, народжаны ў 1965 годзе. Ён – доктар філалагічных навук, навуковы супрацоўнік Нацыянальнай Акадэмі Навук Украіны. Гучыць на паўсвету як паэт, перакладчык, паліндраманіст. Стварыў творчыя партрэты Л. Геніюш, Д. Бічэль, У. Караткевіча, Н. Гілевіча, В. Зуёнка, Я. Сіпакова, П. Панчанкі, Я. Брыля…

Гутарыў

Сяргей Чыгрын

(Другая частка размовы праз месяц)

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.

Календарыюм

Гадоў таму

  • ў красавіку

    980 – у 1044 г. пачаў княжаньне ў Полацку Усяслаў Брачыслававіч, званы Чарадзеем. Яго славутая дзейнасьць была апісана ў паэме „Слова аб паходзе Ігаравым”. 920 – у 1104 г. адбыўся вялікі паход кааліцыі князёў Кіеўскай Русі, арганізаваны Уладзімірам Манамахам на …ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Календарыюм / Kalendarium

Сёньня

  • (249) – 24.04.1775 г. у Будлеве Бельскага пав. Гродзенскай губ. (зараз гміна Вышкі, Бельскага пав. Падляшскага ваяв.) нар. кс. Якуб Забядэвуш Фалькоўскі, адзін з пачынальнікаў навучаньня глуханямых мове жэстаў, быў рэктарам піярскай школы ў Шчучыне, у 1817 г. адкрыў у Варшаве першую польскую школу для глуханямых. У 1826-1837 гг. быў першым пробашчам касьцёла сьв. Аляксандра ў Варшаве на Пляцы Трох Крыжоў, у якога падзямельлях пахаваны пасля сьмерці. Памёр у Варшаве 2.09.1848 г.
  • (139) – 24.04.1885 г. у Гродзенскай губ. (у Гродне або ў Кузьніцы) нар. Анна Саланка, настаўніца, якая ў 1909 г. разам з сястрой Марыяй і кс. Францішкам Грынкевічам заснавалі Гродзенскі гурток беларускай моладзі, першую беларускую арганізацыю на Гарадзеншчыне. У 1906 г. закончыла Гродзенскую жаночую гімназію і выехала на навуку ў Інсбрук, дзе з кс. кс. Ф. Грынкевічам і Адамам Лісоўскім заснавала беларускі гурток. У 1911 г. выйшла замуж за гімназіяльнага настаўніка Алексея Селівачова. Памерла ў Вільні 2.02.1915 г. Пахавана на могілках Росы.
  • (135) – 24.04.1889 г. у Стоўпцах нар. Юры Сабалеўскі, беларускі палітычны і нацыянальны дзеяч, пасол у польскі сойм у 1926-1928 гг. Арыштаваны НКВД пасьля 1939 г., уцёк з савецкай турмы ў канцы чэрвеня 1941 г. Актыўна ўдзельнічаў
  • (80) – 24.04.1944 г. у Суботніках каля Іўя нар. Зянон Пазьняк, археоляг і палітычны беларускі дзеяч. Зараз у эміграцыі. Жадаем шмат сілаў і нягаснучай надзеі на сапраўдную Беларусь!

Новы нумар / Novy numer

Папярэднія нумары

Усе правы абаронены; 2024 Czasopis